Але i мiнулае ўсё не перакажаш, нават тое, якое ахоплiвае абрыс майго акна...

Па дарозе, што насупраць, маленькай дзяўчынкай бегала мая мама. Па гэтай жа дарозе яна ад'ехала да апошняга прытулку. Праз тры з паловай гады за ёй падаўся i тата.

Вось тры друкаваныя радкi, а ў iх - цэлы чалавечы век...

На гэтай дарозе пачынаўся i мой жыццёвы шлях. Па ёй я шмат гадоў хадзiў i на вечарынкi, i на працу. Адсюль, па гэтай дарозе, паеду i я да сваiх бацькоў, да аднавяскоўцаў.

Шмат чаго можна было б 'убачыць' з акна, але каму гэта цiкава?

Я наўмысна прапусцiў самую галоўную i трагiчную падзею, калi нямецкiя кулямёты 'прыцiснулi' карпiлаўцаў памiж вёскай i ратавальным лесам. Тут, насупраць акна, многiя загiнулi, тут была паранена мая мама, якая прыцiскала мяне i паўзла разам з астатнiмi дзецьмi. Пашанцавала: выжылi, уцяклi...

Другiм разам немцы наскочылi на досвiтку, калi вёска яшчэ спала, але пра гэта я пiсаў у другiм творы...

Можна было б расказаць пра тое, як колiсь ваенны чатырохматорны самалёт вымушаны быў па нейкай прычыне сесцi 'на бруха', пассякаўшы пры гэтым вяршынi дубоў. Тады ўсе ў самалёце засталiся жывымi, а Карпiлаўка, пакуль самалёт разбiралi ды вывозiлi, зрабiлася пупам зямлi. Цi ж гэта не падзея?!

Мог бы я падрабязна распiсаць, як нашу падслепаватую суседку ўкусiла за нагу гадзюка, а я, дасцiпны, хацеў разрэзаць тое месца i выцiснуць яд. Не дазволiлi...

Расце за маiм карпiлаўскiм акном вiшнячок, якi пакiнула мама, зацвiтаюць ружы i iншыя кветкi, пасаджаныя яе рукой. Сярод iх - яблынька, якую выкапаў я на сядзiбе Антона Iванавiча Лявiцкага. Там яна б загiнула, а тут будзе жыць, як жыве памяць пра майго аднавяскоўца - Ядвiгiна Ш.

Прабачце, зачыняю акно...

ЛЯ АПОШНЯЙ РЫСЫ

Цi ёсць на свеце чалавек, якi б не баяўся смерцi? Якiх-небудзь дваццаць гадоў назад я адназначна адказаў бы: 'Не!'

Сёння, а мне ўсяго пяцьдзесят сем, я задумваюся над гэтым пытаннем i схiльны згадзiцца, што шмат людзей сустракаюць свой непазбежны вынiк даволi спакойна.

Размова не iдзе пра тых, хто ў росквiце гадоў, не рэалiзаваўшы сваiх мараў i задумак, вымушаны з-за хваробы цi iншай недарэчнасцi спынiць свой жыццёвы шлях. Гэта страшна i несправядлiва.

Размова пра тых, хто рэалiзаваў сябе, калi было што рэалiзоўваць, i выкарыстаў свой жыццёвы рэсурс.

Бог мудры, ён падводзiць чалавека да апошняй рысы непрыкметна, паступова, асцярожна, даючы магчымасць чалавеку пераасэнсоўваць, пераацэньваць, нешта прымаць, штосьцi адвяргаць.

Цяпер, азiрнуўшыся назад, бачу сябе ва ўсiх узростах - ад маленства да сiвой сталасцi...

Сумна заўважаю, што ўспрыняцце iншых рэчаў у жыццi прытупляецца: што раней выклiкала захапленне, з узростам страчвае сваю цiкавасць.

Напрыклад, раней ад аднаго толькi слова 'паляванне' мог дрыжаць i цягацца з ружжом па лесе i дзень i ноч. Цяпер да ружжа не дакранаюся, шкадую кожную жывую iстоту.

Раней мог не выпускаць з рук суткамi гармонiк цi гiтару. Пеў сам сабе гадзiнамi, як той глушэц. Цяпер - цiшыня.

Раней верыў кожнаму газетнаму радку, кожнаму тэлерадыёслову. Сёння, пасля шматгадовага палiтычнага працверазення ў Вярхоўным Савеце, даверу паўбавiлася.

Раней мог цешыцца перспектывай жыцця на Зямлi. Сёння бачу, што такой перспектывы няма i самагубства чалавецтва непазбежнае.

Калi дадаць да гэтага тое, што не стала самых дарагiх мне людзей - мамы i таты, што з кроўнай раднi не засталося нiкога, можна зрабiць вынiк, што я амаль 'даспеў' i хутка далучуся да тых, каго такое паняцце, як 'смерць', не пужае зусiм...

Бог аднёсся да мяне не толькi мудра, але i шчодра, бо, каб не мае кнiгi, карцiны i не галоўнае тварэнне - дачка, цяжка было б мне зразумець ля апошняй рысы - цi жыў я ўвогуле...

ДЗIВОСНЫ СОН

Бывае, за ноч наснiш такога, што, прачнуўшыся, не можаш надзiвiцца нiколi пра такое нават не думаў, а яно з'явiлася ў сне. Загадка! Дзiва!

Бываюць сны, якiя ранiцай лёгка i да дробязей усплываюць у памяцi, а iншы сон - закручаны, заблытаны, затуманены - ловiш яго ранiцай 'за хвост' i не можаш злавiць.

Калi мне было ўсяго гады тры-чатыры, чамусьцi часта снiлiся ваўкi. Яны вялiкай зграяй гналiся за мной i калi былi гатовыя схапiць мяне, я адштурхоўваўся нагамi ад зямлi i ўзлятаў у паветра - ратаваўся. Гэты сон даволi часта паўтараўся, магчыма, таму што дзiцячая псiхiка была моцна паранена вайной. Страшны быў сон, непрыемны - вось i помнiцца ён мне ўсё жыццё.

Былi i iншыя сны, якiя заселi ў памяцi назаўсёды.

А вось нядаўна прыснiлася, быццам злавiў я ў карпiлаўскай рачулцы, у якой, акрамя апалонiкаў, нiчога не водзiцца, залатую рыбку. Злавiў яе пад карчом рукамi, навобмацак. Рыбка блiшчыць, пералiваецца рознымi колерамi, апякае мне далонi, а я цярплю, сцiскаю яе. Далонi гараць, як ад вуголля, а я яшчэ мацней трымаю здабычу.

Тады рыбка стала прасiцца:

- Любыя тры жаданнi выканаю, толькi хутчэй адпусцi мяне!

Я, не задумваючыся, бо далонi гарэлi агнём, пралепятаў:

- Прытулак для бяздомных сабак i катоў, каталог маiх мастацкiх карцiн i царкву ў Карпiлаўцы...

Пасля гэтага я адпусцiў рыбку ў рэчку i - прачнуўся.

Спаў я на палку, за напаленай грубкай, i ў сне рука дахiнулася да гарачай цэглы. Руку прыпякло, i, напэўна, ад гэтага нарадзiўся мой сон.

Сеў я на палок i моцна паскроб патылiцу... Чаму менавiта гэтыя тры жаданнi, без ваганняў, нарадзiла мая падсвядомасць? Чаму не папрасiў я грошай, якiх не хапае на самае неабходнае? Чаму не выкарыстаў магчымасцi рыбкi, каб памаладзець цi зусiм зрабiцца бессмяротным? Ды мала чаго можна было 'нагарадзiць'!

Адказы на першыя два жаданнi знайшлiся хутка.

Бяздомныя сабакi i каты - адзiн з самых пякучых боляў маёй душы. Бяздомны цi галодны чалавек менш няшчасны, чым бяздомная жывёлiна. Чалавек мае магчымасць папрасiць, загаварыць, разжалiць - i знойдзецца добрая душа, дасць на хлеб цi часова прытулiць. У сабакi, акрамя бязгучнага погляду, няма iншай магчымасцi папрасiць. Але хто з нас глядзiць у сабачыя вочы цi прыслухоўваецца да кацiных жаласлiвых скаргаў? Адзiнкi! А бяздомнiкаў - сотнi, тысячы. Вось i разгадка майго першага жадання, тым больш што жонцы я надакучыў сваiмi пустымi марамi:

- Эх, быў бы я багатым! Набудаваў бы для бяздомнiкаў-гаротнiкаў утульных прытулкаў!

Другое маё жаданне тлумачыцца яшчэ лягчэй. Якi мастак не марыць аб каталогу сваiх мастацкiх твораў?!

А вось трэцяе жаданне - загадка! Я нiколi не думаў пра царкву ў Карпiлаўцы. Тут i прыхаджан амаль няма - дзве-тры хаты ды дзве-тры дачнiцкiя сядзiбы. Вось i ўвесь прыход.

Пра музей свайго земляка Ядвiгiна Ш. я мару даўно, але чамусьцi не яго я папрасiў у залатой рыбкi...

I ўсё ж, паразважаўшы, пачухаўшы патылiцу за грубкай, я згадзiўся з трэцiм жаданнем.

А чаму б не царкву! Месца бойкае, дачнiкi на сваiх машынах гойсаюць туды-сюды, аж у вачах рэжа. Няхай бы прыпынiлiся на хвiлiнку ды ўспомнiлi хто мы, адкуль i для чаго на гэтым свеце? Няхай бы перад светлым боскiм лiкам ачысцiлi душу ад куродыму сучаснай рэчаiснасцi i духоўнага кураслепства...

Эх, разбагацець бы мне - была б i царква ў Карпiлаўцы, i музей Ядвiгiна Ш.!

Што ж, дурань думкай багацее... i за гэта дзякуй Богу!

ПАВАЛЕНЫ ВОЛАТ

Кожны чалавек, якi пакiдае свой дом, родных цi блiзкiя сэрцу мясцiны, хвалюецца, перажывае - хаця б усё было добра, толькi б чаго дрэннага не здарылася ў яго адсутнасць. Прылятае дамоў на крылах надзеi i з палёгкай уздыхае, убачыўшы ўсiх i ўсё ў тым выглядзе, у якiм пакiнуў.

Гэткiя ж пачуццi - хваляваннi, перажываннi адчуваю i я, ад'язджаючы з менскага дому ў Карпiлаўку i наадварот, - з роднай вёскi ў Менск. Асаблiва калi надоўга разлучаюся з Карпiлаўкай - шчымiць сэрца, балiць душа за безабароннае наваколле, якое за апошнiя дзесяцiгоддзi моцна пакалечана бязлiтаснымi, бесчалавечнымi людзьмi.

Вось i сёння вяртаюся з Менска ў сваю вёсачку з трывогай, з прадчуваннем нейкай бяды.

Колькi разоў такое прадчуванне збывалася, няўжо i сёння...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×