Разумная прадбачлiвасць гэтага чалавека спадабалася мне. Я ўбачыў, што ён i сапраўды клапоцiцца пра мой дабрабыт i адданы мне ўсiм сэрцам.

Патрэбна было яго параду прывесцi ў выкананне.

I ўсе чацвёра мы ўзялiся ўзорваць новае поле. Мы старанна рыхлiлi глебу (наколькi гэта магчыма з драўлянымi прыладамi), i праз месяц, калi настаў час пасеву, у нас была вялiкая дзялянка старанна ўзаранай зямлi, на якой мы пасеялi дваццаць два бушалi ячменю i шаснаццаць бушалёў рысу, гэта значыць усё збожжа, якое я змог даць на сяўбу.

Цяпер, калi нас было чацвёра, дзiкуны маглi б напалохаць нас толькi тады, калi б яны нечакана напалi на нас у вельмi вялiкай колькасцi. Мы не баялiся дзiкуноў i вольна хадзiлi па ўсёй выспе. А паколькi ўсе мы марылi толькi пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейснiць гэту мару. У час сваiх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гiшпанец i Пятнiца з бацькам узялiся секчы гэтыя дрэвы.

Я паказаў iм, якiя неверагодныя цяжкасцi давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, i мы пачалi ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалi iх каля тузiна. Гэта былi моцныя дубовыя дошкi каля трыццацi пяцi футаў у даўжыню, двух футаў шырынi i ад двух да чатырох дзюймаў таўшчынi. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.

У той жа час я iмкнуўся па магчымасцi павялiчыць свой маленькi статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзiлi лавiць дзiкiх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццацi галоў.

Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапацiцца пра нарыхтоўку разынак, бо вiнаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбiралi i насушылi яго велiзарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкi складалi аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмi любiлi разынкi. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай i спажыўнай ежы.

Надышоў час жнiва. Ураджай ячменю i рысу быў някепскi. Праўда, мы чакалi, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нiшто сабе, i цяпер мы здолелi б пракармiць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такiм запасам правiянту мы смела маглi рушыць у плаванне i дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкi.

Куды ж ссыпаць увесь рыс i ячмень? Для гэтага патрэбны былi вялiкiя карзiны, i мы адразу ж узялiся плесцi iх.

Гiшпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы.

Цяпер, калi ў мяне было дастаткова мяса i хлеба, каб пракармiць гасцей, я дазволiў гiшпанцу ўзяць лодку i ехаць па iх. Я строга загадаў яму не прывозiць нiводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягi, што ён не толькi не зробiць мне нiякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе баранiць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павiнны будуць напiсаць на паперы, i кожны павiнен будзе распiсацца пад ёю.

У той момант я неяк забыў, што гiшпанцы, якiя пацярпелi крушэнне, не мелi нi паперы, нi чарнiла.

З гэтымi павучаннямi гiшпанец i стары дзiкун рушылi ў дарогу на той самай пiрозе, на якой iх прывезлi на маю выспу.

Як весела было мне збiраць iх у гэту дарогу! За ўсе дваццаць сем год майго зняволення на выспе я ўпершыню мог спадзявацца на тое, што вырвуся адсюль на волю. Я даў гэтым людзям вялiкi запас хлеба i разынак, каб хапiла iм i нашым будучым гасцям.

Нарэшце я пасадзiў iх у пiрогу i пажадаў iм добрай дарогi. Развiтваючыся, я дамовiўся з iмi, што калi яны будуць везцi ў сваёй пiрозе гiшпанцаў, яны ўзнiмуць сцяг у адкрытым моры, каб я мог здалёк пазнаць iх пiрогу.

Адчалiлi яны пры свежым ветры ў дзень поўнi, у кастрычнiку.

На жаль, я не магу назваць больш дакладную дату, бо, аднойчы згубiўшы правiльны падлiк дзён i тыдняў, я потым ужо не здолеў аднавiць яго.

Мiнула даволi многа часу з моманту ад'езду маiх вандроўнiкаў. Я чакаў iх з дня на дзень. Мне здавалася, што яны позняцца, што ўжо дзён восем назад павiнны былi яны вярнуцца на выспу. Раптам адбыўся адзiн зусiм не прадбачны выпадак, якога яшчэ нiколi не здаралася за ўсе гады майго жыцця на выспе.

Неяк на досвiтку, калi я яшчэ спаў моцным сном, прыбягае да мяне Пятнiца i моцна крычыць:

- Едуць! Едуць!

Я падхапiўся, у момант апрануўся, пералез цераз агароджу i выбег у гай (ён да гэтага часу так разросся, што яго смела можна было ўжо зваць лесам).

Я да такой ступенi забыўся пра небяспеку, што, насуперак звычаю, не ўзяў з сабою нiякай зброi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што гэта вяртаецца гiшпанец са сваiмi сябрамi.

Якое ж было маё здзiўленне, калi я ўбачыў у моры, мiляў за пяць ад берага, незнаёмую лодку з трыкутным ветразем! Лодка трымала курс прама на выспу, яе падганяў моцны спадарожны вецер, i яна хутка наблiжалася. Iшла яна не з боку мацярыка, а з паўднёвага канца выспы.

Адным словам, гэта была зусiм не тая лодка, якую мы чакалi.

На ўсякi выпадак трэба было падрыхтавацца да абароны.

Я прапанаваў Пятнiцу схавацца ў гаi i ўважлiва сачыць за людзьмi, якiя знаходзiлiся ў лодцы, таму што нам невядома было, сябры гэта цi ворагi. Затым я вярнуўся дадому, прыхапiў падзорную трубу i пры дапамозе лесак узлез на вяршыню гары, каб, не будучы бачны сам, агледзець усю мясцовасць; так рабiў я заўсёды, калi баяўся нападу ворагаў.

Не паспеў я падняцца на гару, як адразу ж убачыў карабель.

Ён стаяў на якары каля паўднёва-ўсходняга берага выспы, мiляў за восем ад майго жытла. Ад берага да яго было не больш пяцi мiляў.

Карабель, несумненна, быў ангельскi, ды i лодка, як я цяпер мог упэўнiцца, аказалася ангельскiм баркасам.

Не магу выказаць, якiя разнастайныя пачуццi выклiкала ў мяне гэтае адкрыццё.

Маю радасць ад таго, што я ўбачыў карабель, прытым ангельскi, радасць ад чакання сустрэчы з маiмi суайчыннiкамi (значыць, з сябрамi) немагчыма апiсаць.

Разам з тым нейкая патаемная трывога, якую я не мог растлумачыць, вымушала мяне паводзiць сябе асцярожна.

Перш за ўсё я задаў сабе пытанне: навошта спатрэбiлася ангельскаму купецкаму судну заходзiць у гэтыя мясцiны, якiя ляжалi, як мне было вядома, у баку ад усiх гандлёвых шляхоў ангельцаў? Я ведаў, што яго не магла прыгнаць бура, таму што апошнiм часам на моры буры не было. Калi нават на караблi сапраўды знаходзiлiся ангельцы, мне ўсё роўна няварта да пары да часу паказвацца iм на вочы, бо зусiм верагодна, што з'явiлiся яны сюды не з добрым намерам. Лепей ужо мне i надалей заставацца на выспе, чым даверыцца падазроным людзям i аказацца ў руках якiх-небудзь бандытаў цi забойцаў.

Стоячы на гары, я не пераставаў сачыць за лодкай, якая наблiжалася да выспы.

Раптам яна зрабiла круты паварот i пайшла ўздоўж берага ў напрамку да бухтачкi, дзе я калiсьцi прычальваў з плытамi. Вiдаць, тыя, што сядзелi ў лодцы, выглядалi, дзе б лепей прычалiць. Яны не заўважылi бухтачкi i прычалiлi ў другiм месцы, за паўмiлi ад яе.

Я быў шчаслiвы, што яны высадзiлiся менавiта там, бо, калi б яны зайшлi ў бухтачку, яны апынулiся б, можна сказаць, у мяне на парозе i - хто ведае! магчыма, выгналi б мяне з мае крэпасцi i абрабавалi б да нiткi.

Людзi выйшлi на бераг, i я мог упэўнiцца, што гэта сапраўды ангельцы, ва ўсякiм разе большасць з iх. Аднаго цi двух, праўда, я палiчыў за галандцаў, але я памылiўся, як потым выявiлася. Усiх было адзiнаццаць чалавек.

Трое з iх, вiдаць, былi прывезены сюды ў якасцi палонных, таму што пры iх я не заўважыў нiякай зброi i мне здалося, што ў iх звязаны ногi. Я бачыў, як пяць чалавек, што першыя выскачылi на бераг, выцягвалi iх з лодкi.

Адзiн з палонных, вiдаць, нечага прасiў: рухi яго рук выказвалi i пакуту, i мальбу i роспач. Вiдаць, ён быў у адчаi. Двое другiх таксама аб нечым упрошвалi, працягвалi наперад рукi, але ўвогуле яны як быццам былi спакайнейшыя i не так яскрава выказвалi сваё гора.

Я глядзеў на iх i нiчога не разумеў. Раптам Пятнiца крыкнуў мне:

- О, Робiн Круза! Глядзi: белыя чалавекi таксама ядуць чалавекаў, як дзiкiя!

- Ты звар'яцеў, Пятнiца! - сказаў я яму. - Няўжо ты думаеш, што яны iх з'ядуць?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×