Леанiд Дайнека

Чалавек з брыльянтавым сэрцам

ВЯЛIКI ЖАХ ПРЫХОДЗIЦЬ ТОЛЬКI ЎНАЧЫ

Можам шмат небылiц расказаць,

Як чысцейшую праўду,

Ды, калi схочам,

I праўду расказваць мы можам.

Гесiёд, VIII ст. да н. э.

Жывуць Сонца i Кiсларод!

Воклiч грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму

I

Зазванiў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькi што прарэзалiся рожкi. Гай Дубровiч узяў трубку.

— Спадар Гай, — прыглушана сказалi на тым канцы, — табе тэлефануе Радзiвiл Сiротка. Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?

Такой была форма вiтання на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму — замест 'добры дзень', або 'добрай ранiцы' адразу ж цiкавiлiся крывяным цiскам i апошнiм сном суразмоўнiка.

'Хто такi гэты Радзiвiл Сiротка? — напружыў памяць Гай Дубровiч. — З Iндаэўрапейскага тэлебачання? З Лiгi барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?

Можна было нацiснуць зялёную кнопку на слухаўцы i адразу ж убачыць твар таго, хто званiў, але не хацелася гэта рабiць. У жыццi i ў прыродзе амаль не засталося таямнiцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мiкраскапiчная.

— Цiск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнiм сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колiшняй аднакласнiцай, — прыглушыў голас Гай Дубровiч i азiрнуўся — цi няма побач жонкi: — Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?

— Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, — паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi.

'Што ён вярзе? — здзiвiўся Гай Дубровiч. — Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў'.

Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя.

— Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, — бубнiла мiж тым тэлефонная трубка.

Гай Дубровiч аж цiхенька скрыгатнуў зубамi. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнiк? Так добра пачынаўся дзень, i вось недарэчны званок… Мацi Гая Пушча Дубровiч некалi казала: 'Маўчы, а то язык iголкаю накалю'. Узяць бы зараз доўгую вострую iголку, прыпалiць яе на полымi, ды…

— Што ж ты бачыў аба мне? — амаль крыкнуў Гай.

— Бачыў, што на рагу Зялёнай i Сiняй вулiц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабiль. I ты развалiўся, прабач, на тры часткi. У цябе чамусьцi была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотацi, што расце ў Апошнiм Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, i ўсё…

— Чаму ж я развалiўся менавiта на тры часткi? — толькi i прамовiў агаломшаны Гай Дубровiч.

— А гэтак цябе пераехалi. Вось я i пазванiў табе, каб, як iсцiнны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, папярэдзiць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пi вiно i снежную ваду з памiрскiх ледавiкоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзiвiл Сiротка зрабiў нацiск на слове «такога», i тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калi не асцерагацца, прыйсцi Вялiкi Жах. А Вялiкi Жах прыходзiць уначы.

Выгукнуўшы: 'Жывуць Сонца i Кiсларод!' (так, па традыцыi, заканчвалi свае прамовы людзi Вялiкай Эры Плюралiзму), Радзiвiл паклаў трубку. А Гай Дубровiч застыў у глыбокiм одуме. Зрабiлася так тужлiва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыi, якая мясцiлася на ярка-чырвонай насценнай панелi. Адшукаў кнопку з надпiсам «эмоцыi», нацiснуў. Адразу на панелi ўспыхнуў невялiкi срабрысты экран, ланцужком пабеглi словы «радасць», 'гнеў', 'здзiўленне', «гордасць», 'крыўда'… На слове «жах» ланцужок спынiўся. Гай Дубровiч цiскануў кнопку два разы, i экран перарэзаў чорны надпiс 'вялiкi жах'. Потым ён размыўся, экран зрабiўся зялёным — энцыклапедыя пачала тлумачыць слова «жах». У адно iмгненне перад прыцiхлым Гаем Дубровiчам пранеслiся аскаленыя чарапы, агiдныя, шэрыя ад часу шкiлеты, гiганцкiя шматлапыя павукi з вогненна- чырвонымi вачыма, падзямеллi-катавальнi, дзе на плячах i галовах вязняў густа варушылiся, мярзотна пiшчалi тлустыя пацукi. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбiўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскi ўказ. Словы, як пякучыя iголкi, лезлi ў вушы: 'Паколькi вы, сэр Рэлi, прызнаны вiнаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзiцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вулiцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлi, аголяць цела, вырвуць сэрца, кiшкi, палавыя органы i спаляць iх на агнi на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткi, каб прынесцi задавальненне каралю. Ды даруе Бог вашу душу. Лондан. У год ад увасаблення Хрыстовага 1603-цi'.

Гай Дубровiч, як амаль усе людзi Вялiкай Эры Плюралiзму, быў добрасардэчны, чуллiвы, i таму ён хуценька выключыў энцыклапедыю i зноў пачаў ламаць галаву: думаць — хто ж званiў яму. Мяркуючы па прозвiшчу Радзiвiл Сiротка — нехта з тых, хто помнiць, ведае i любiць беларускую гiсторыю. Такiх людзей цяпер нямала, не тое што раней. Ведаць свой радавод да дзесятага калена павiнен кожны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Тое ж самае i ў Арабскай Канфедэрацыi, i ў Кiтайскай. Можна пазванiць у Бюро 'Усё аб усiх', i праз лiчаныя хвiлiны будзеш ведаць, колькi ў гэтага Радзiвiла Сiроткi радзiмак на скуры. Але правiлы Штодзённага Этыкету не дазваляюць рабiць такое. Шхто не мае права парушаць Таямнiцу Чалавечай Душы. Толькi следчыя ў час аварый i катастроф могуць (i то на нейкае iмгненне) зазiрнуць у святая святых. А катастроф i аварый на Зямлi хапае. Яшчэ непадуладны людзям землятрусы вышэй сямi балаў, маланкi, метэарыты. Са смерчамi ж навучылiся змагацца — гарматным стрэлам адсякаецца ад мацярынскага воблака хобат смерчу, i дзiкая сiла стыхii пралiваецца хвосткiм, але нястрашным

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×