У канцы сакавiка, апошнiмi маразамi, у вёску прыехаў дзiўны, доўгi, як жэрдка, чалавек у блiскучай хромавай скуранцы. Быў ён калючы, як ажынавы куст. Нiзка прыгiнаючы галаву на парозе школьных дзвярэй, ён укулiўся ў клас на апошнiм, чацвертым уроку. Мы, як i належыць, гулка загрукалi вечкамi парт - усталi. Даўгалыгi махнуў рукой.

Такога цiкавага, трохi страшнаватага дзядзьку мы бачылi ўпершыню. Ён дыбаў па класе, смешна прысядаючы ў каленях, кудлацiў чорныя пакручастыя валасы i ўвесь час дудзеў, быццам гаварыў у пустую бочку. Нам здавалася, што ад гэтага гучнага голасу пачала глухнуць Вера Мiкалаеўна: яна, абапёршыся падбародкам на далонi, пальцамi закрыла вушы.

З усёй крыклiвай размовы мы зразумелi не багата: наша Вера Мiкалаеўна - гнiлая iнтэлiгентка. Яна мiндальнiчае, баязлiва нечага чакае, а не ўзрывае знутры сялянскую абыякавасць, а гэта пахне правым ухiлам.

Вера Мiкалаеўна ўвесь час апраўдвалася.

- Вы - дзiвак, Маркаў, - казала Вера Мiкалаеўна. - Вялiкiя справы так не робяцца... Вы, Маркаў, забываецеся, што Ленiн вучыў цярплiвасцi... Царкву няхай людзi закрываюць, а не мы з вамi... Ды баюся, Маркаў, iншага, што гэта перашкодзiць галоўнай задачы... Слухайце, Маркаў, камунiзм ад вашай паспешлiвасцi не наблiзiцца хутчэй... I вось што, Маркаў, вы мяне на левы загiб не збiвайце... Я гатова, вядома, выконваць указаннi, толькi баюся, што на гэта не партыя, а вы, павятовыя кiраўнiкi, скiроўваеце...

Нарэшце яна змоўкла. Нас распусцiлi, загадаўшы аб'явiць бацькам, каб прыходзiлi ў школу на сход.

Вёска трывожна гула, бо людзi пачулi, што прыезджы збiраецца закрываць стараверскую царкву. Яшчэ нядаўна, калi стварыўся калгас, у вёсцы было шумна. Спрэчкi паступова ацiхлi. I вось цяпер яны ўзгарэлiся зноў.

У Гнiлавостраве рабiлася нешта недарэчнае. У стараверскай царкве з васьмiканечным крыжам на вiльчыку малiлiся жанчыны i старыя дзяды. Гарэлi свяцiльнiкi i васковыя свечкi. Цяжкi лампадны дух быў чуцён за вярсту. Епафрадзiт Таркайла чытаў дванаццаць апосталаў - жахi пра пакуты Хрыста, i хворыя жанчыны падалi ў непрытомнасцi на земляную падлогу. Быў чысты чацвер.

Позна ўвечары, калi мацi вымятала памялом печку, а бацька рыхтаваў снасцi для рыбалкi, у нас паявiўся Яўпраксiн Цiмох.

- Куды ты? - здзiвiлася мацi, калi на Цiмохаў клiч я сабраўся ўцячы з хаты.

Давялося схлусiць. Мы выскачылi на вулiцу. Яркiя, на мароз, зоркi мiгцелi ў небе, як свечкi ў царкве. З поўначы, з-за Талыняў, дзьмуў марозны сiвер, апякаў твар. Недзе на тым канцы вёскi вылi сабакi, як галодныя ваўкi.

- Слухай, царкву патрашыць будуць...

- Хто? - напалохаўся я.

- Маркаў i настаўнiца. Яна не хацела, але ён прымусiў яе. А Епафрадзiт, помнiш, казаў, што царква - святое месца, калi хто дакранецца, дык яго адразу заб'е... Давай паглядзiм.

Мы баялiся падыходзiць блiзка. Прытулiлiся пад плотам, але i адсюль былi добра вiдаць невыразныя постацi. Яны нешта выносiлi з царквы i зноў знiкалi ў ёй. Iх было больш як двое. Цiмох сказаў, што Маркаву памагаюць пiльшчыкi Мiнiны, якiя i раней не вельмi паважалi бога i нават пацiху курылi. Бог не адважыўся пакараць бязбожнiкаў, можа ён спаў у той час. Назаўтра ўся вёска была ўзрушана тым, што з царквы знiклi старыя абразы i бронзавыя падсвечнiкi. Знiк некуды i даўгалыгi Маркаў, пакiнуўшы Веру Мiкалаеўну сам- насам з разгневанымi жанчынамi-багамолкамi.

Нават на цяперашнi розум цяжка зразумець, чаму такi сур'ёзны, сталы чалавек, як Вера Мiкалаеўна, пайшла ўночы 'патрашыць' царкву. Чалавек, падуладны свайму часу, бывае, робiць зусiм не тое, што хацеў бы рабiць, што трэба было рабiць. Чаму яна паддалася тады на ўгаворы Маркава? Яна хацела дабра, а наклiкала бяду, i хтосьцi, можа той самы Епафрадзiт Таркайла, выкарыстаў яе адзiную памылку. Мiрная вайна аказалася зусiм не мiрнай. Помню той адлiжны вясновы дзень. Звонкiя капяжы са стрэх будзiлi вясну, i раннiя жаўрукi ўжо весела i радасна вызвоньвалi гiмны сонцу. Мы iшлi па расквашанай, чорнай ад смецця дарозе ўслед за санямi, на якiх стаяла белая труна. Было вельмi цiха, як перад навальнiцай, бо невядомае прымушала задумвацца. Сярод людзей крочыў за труной i стараверскi поп Епафрадзiт Таркайла. Мне здавалася, што па яго твары блукае пераможная ўсмешка. Я чамусьцi верыў i веру, што наша настаўнiца загiнула праз яго, хоць i да сённяшняга дня нiхто не ведае, чыiх рук была тая крывавая справа.

А пасля вось што адбылося ў нашай вёсцы. Царкву зачынiлi, i не ўночы, а ўдзень. I хоць багамолкi лямантавалi, iх нiхто не хацеў слухаць. Казалi яшчэ, што Маркаў аказаўся ворагам народа, i яго след назаўсёды згубiўся.

У той пагодлiвы вясновы дзень мёрзлыя камякi, што гулка бухалi аб труну, як бы адкрылi людзям вочы: мiрных войнаў не бывае. Яшчэ трыццаць чатыры сям'i парашылi тады жыць па-новаму, разам. Так хацела Вера Мiкалаеўна.

1963 г.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×