Акула К

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)

Кастусь Акула

Гараватка

КНIГА I

ДЗЯРЛIВАЯ ПТУШКА

Ад Аўтара

Сёлета мiнае трыццаць гадоў ад часу масавага нiшчэньня беларускiх кнiжкаў у БССР. Зьнiшчана каля 2000 назоваў накладам звыш за 10 мiльёнаў. Сказаў-бы хто, што чужак-калянiзатар, высяляючы беларускi творчы й кiруючы элемэнт у Сiбiр, разбураючы культурныя асновы паняволенага народу, пераняў прыклад ад свайго блiзьняка-пачвары 20-га стагодзьдзя - гiтлераўскае Нямеччыны. Гэта не зусiм так. Беларускi навуковец С.Брага ў сваёй працы 'Доктар Скарына ў Маскве' грунтоўна даводзiць, што Маскалi спалiлi Скарынавы кнiгi ў Маскве, калi слаўны сын зямлi беларускае, выдатны навуковец i першадрукар завёз iх туды для пашырэньня.

Улада маскоўскiх цароў, баяраў i царкоўнiкаў абапiралася тады на гвалце й народнай цемнаце. Яны пiльна сьцераглi, каб нiякi сьветач звонку не разагнаў цемры - асновы iхнага панаваньня. Усё, што бязь iхнага дабраславенства пранiкала ў Маскоўшчыну, падганялi пад агульны назоўнiк 'хулы' i 'ерасi'. Баялiся, каб сьвятло навукi й праўды не дайшло да простых людзей. А Скарына-ж якраз i перакладаў на беларускую мову й друкаваў кнiгi Сьвятога Пiсаньня 'для пажытку й дабра люду паспалiтага'.

Ёсьць выразная паралель мiж лёсам Скарынавых кнiгаў у Маскве й тых, што амаль чатыры стагодзьдзi пазьней маскоўскiя калянiзатары спалiлi ў Менску. Тут i там Маскалi нiшчылi беларускiя навуковыя й культурныя каштоўнасьцi, бо баялiся, каб народ не пазнаў праўды й ня стаўся вольным.

Што-ж супольнага маюць гэтта прыгаданыя барбарскiя ўчынкi Маскалёў iз творам 'Гараватка'?

Канкрэтную творчую працу над 'Гараваткай' папярэдзiлi доўгiя роздумы. Творчая йдэя мусiла дасьпець, трэба было яе вынасiць у сэрцы. Падчас гэтага выношваньня цi раз даводзiлася шкадаваць, што няма пад рукою сырца - значыцца, розных гiстарычных i мэмуарных матар'ялаў, што памаглi-б зазiрнуць у народную мiнуўшчыну. Чужакi-акупанты стагодзьдзямi забаранялi народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нiшчылi ў цяжкiх умовах створанае, зацiралi-замяталi сьляды нашых продкаў, каб нашчадкi былi сьляпыя.

I на зьмену прыходзiлi iншыя думкi. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых i культурных iнстытуцыяў, арганiзацыяў, даведзены да жахлiвае рабскае галiты, зусiм бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьцi з гэтага жахлiвага бяздоньня, мусiў насамперш дамагацца 'людзьмi звацца'; як-жа народ гэты ня толькi ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлiвасьцi?

Адказу давялося шукаць мiж жывых, намi знаных людзей. Гэтыя людзi жылi з намi й побач нас. Трэба было адно ўмець iх бачыць, да iх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалi простымi, звычайнымi. Адылi яны розьнiлiся ад iншых тым, што тварылi, вялi як умелi, ды безаглядна змагалiся з чужнiкамi за свой быт i правы. Прыгадайце непiсьменных, можна сказаць, вусных паэтаў i казачнiкаў, вясковых мудрацоў, таленавiтых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якiм чужнiкамi былi пазачыняныя ўсе дарогi ў людзi. Народны фальклёр гэта-ж ня што iншае, як вялiкi багаж народнага мастацтва й мудрасьцi, якраз во створаны гэтымi людзьмi. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзi вялi-б за сабой народ, былi-б ягонай славай. Колькi-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнiкамi-калянiзатарамi, пасьля сталася красой i славай чужых дзяжаваў i культураў!

Гэтыя народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз i былi тымi жыцьцядайнымi клеткамi, празь якiя ў чужой няволi пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былi тыя ўстойлiвыя каранi, якiх ня мог падсячы чужы барбар-прыблуда. Падчас народных паўстаньняў яны выходзiлi на перадавыя пазыцыi, вялi за сабою народныя масы.

Народныя асiлкi-волаты, трывалкiя й устойлiвыя ў штодзённай злыбядзе, сьцiплыя й гэройскiя ў змаганьнi, мудрыя й непрымiральныя да народных ворагаў, ёсьць славай i натхненьнем наступных пакаленьняў. Цi-ж ня варты яны таго, каб знайсьцi ў нашай лiтаратуры другое нараджэньне?

Працэс падсяканьня чужнiкамi нашых народных карэньняў, устойлiвасьць i рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалой - тэма вялiкая, удзячная й цiкавая. Яна даўно клiча да працоўнага варштату тварцоў беларускае культуры.

'Гараватка' - гэта сьцiплая спроба адлюстраваньня кароткага, але як-жа бурлiва-жахлiвага адрэзку нашае гiсторыi. Твор разплянаваны на тры кнiгi. У 'Дзярлiвай птушцы' мо дарма нехта спадзяваўся-б знайсьцi поўнае мастацкае й жыцьцёвае завяршэньне асобаў i дзеяў.

Дарэчы, колькi словаў аб адмоўных пэрсанажах.

Вырадкi, што ёсьць у кожным грамадзтве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынiчнай вадзе, засьмечваюць народны арганiзм. Калi-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганiзм шляхам разкладаньня, нiкчэмнiкi гэтыя стаюцца шкоднымi й ненажэрнымi бацыламi - упiваюцца ў жывы мякiш народнага цела, iдуць на здраду сваiм i на службу ворагам. Калi прыгадаеш, што за панаваньне над нашым народам вось ужо даўно змагалiся дзьве цi тры варожыя сiлы, усьведамiш латва, чаму гэтыя вырадкi- нiкчэмнiкi былi ў вялiкiм попыце.

У 'Дзярлiвай птушцы' яны адно пачынаюць расьцi. Выплывуць яны наверх i ўзбуйнеюць цi, як кажа народ - вырастуць iм рогi - калi працавiтыя й богалюбiвыя нашыя людзi апынуцца пад 'роднапартыйнай' уладай цi пазьней яшчэ пад ботам 'гэрэнфольку'.

Наапошку, ад iмя выдавецкае супалкi 'Пагоня' я многа забавязаны тым нашым суродзiчам на выгнаньнi, каторыя фiнанасава памаглi выдаць гэтую кнiгу. Усiх гэтта не магу прыгадаць, дый некаторыя з розных меркаваньняў не жадаюць публiчнае падзякi.

У першую чаргу выданьне кнiгi грашова падтрымалi наступныя асобы, каторым належыцца вялiкая ўдзячнасьць: А.Протас, iнж. В.Станкевiч, С.Карнiловiч, К.Каранеўскi, ген. Ф.Кушал:, д-р Б.Рагуля, А.Субота, Б.Данiловiч, В.Стома, Н.Сiльвановiч, д-р Я.Сажыч, iнж. Ч.Ханяўка, мгр. П.Манькоўскi, А.Монiд, А.Маркевiч, д-р Л.Трусэвiч, В.Касьцюкевiч, М.Нiкан, д-р В.Васiлеўскi, д-р Ул.Бакуновiч, Ч.Будзька, мгр. В.Навiцкi, С.Гутырчык, Л.Стагановiч, П.Кажура i Ўл.Курыла. Вельмi дзякую Брату ў Хрысьце а.Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлiвымi парадамi дый борздым i добрым выкананьнем друкарскае працы цi не найбольш спрычынiўся да хуткага выхаду першае кнiгi 'Гараваткi' ў сьвет.

К.Акула

Сьвятой памяцi бацькоў

О, БЕЛАРУСЬ!

Тваё мiнулае ў мармурах не застыла

I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.

Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,

Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.

Яно пахавана ў глыбокiя курганы,

Крывёй-бальзамам гоiць сны.

Твой гэнiй, у мiнулым паруганы,

Да славы ўзьнiмуць вольныя сыны.

Ты сiлы трацiла свае дазваньня;

Цябе абплакаў на кургане клён.

Штогод тваё спраўлялi ўкрыжаваньне,

Штогод гiсторыi праклён.

Таму й мiнулае ў мармурах не застыла

I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.

Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,

Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.

Язэп Пушча

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, - як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, - то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.

Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, - мяркаваў Янук, - варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць - адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×