i прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.

Яны знялi свае абручы, урок скончыўся, пачалi спрачацца. А тут i мой транскамунiкатар паспеў астыць, i я ўключыў яго i зноў пачаў разумець iх размову.

Гасцей, як высветлiлася, цiкавiла разумная iстота гэтай планеты, якую яны, мiж iншым, называлi 'Хi', што ў перакладзе з iх мовы азначае 'яйка'. Такое было яго заданне - яны жадалi неадкладна ўбачыць гэту разумную iстоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлiчыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзiвосным з iх дзiвоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнiк, узнаўляльнiк чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта 'што-небудзь' пачалося нават мiльён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнiк, якi паскараў працэс, а таксама - амнiвiзар, з дапамогай якога ёсць мажлiвасць усё выразна назiраць - прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былi казачна, i не цярпелася iм сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнiк прасiў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору i фаўну гэтай вось паляны. I яны да часу пакiнулi свае грозныя апараты i разбрылiся, а выкладчык iх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.

А мне было цiкаўна назiраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялiкiя скачкi (гэту асаблiвасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з iмi васемнаццаць гадоў таму назад), якiм пазайздросцiлi б самыя славутыя нашы спартсмены.

I вось адзiн з iх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць 'Першы', наткнуўся на адзiнокi пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся i здзiўлена вымавiў:

- Лон!

- Так, - сказаў Настаўнiк - Па-мясцоваму будзе 'дафнiя'.

- Як тут апынуўся наш лон? I такi дробненькi! I чаму ён плавае?

- Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якiя скачуць, - адгукнуўся Настаўнiк. - Яны таксама дробныя. I паразiтуюць на жывых.

- I разумных? - спытаўся Другi, якi падышоў.

- I разумных.

- Нашы ў сто адзiн раз больш.

- У сто адзiн i шаснаццаць сотых, - паправiў Настаўнiк. - I нашы на нас не паразiтуюць.

- Гэта i немагчыма, - засмяяўся Другi.

- Ты верыш у той стары прымiтыў? - насупiўся Першы.

- Тэорыя Спiу не прымiтыў, - з лагоднай усмешкай вымавiў Настаўнiк. - Яна была стройная.

I яны зноў пачалi спрачацца, i з iх спрэчак я зрабiў вывад, што нейкi iх мудрэц Спiу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзiлася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад iх дафнiяў: сведчаннем таму некаторыя iх старыя эмблемы, статуэткi, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя iх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай i аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, i гэта цяпер лiчылася настолькi аксiёматычным, што, нават маючы на ўзбраеннi такiя разумныя машыны, як эвальвентар, амнiвiзар i iншыя, з дапамогай якiх можна было б за самы кароткi час аднавiць i прасачыць на экране iх эвалюцыю, яны адмаўлялiся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкi, а то i амаральны, а таму правесцi такi дослед проста нiкому i ў галаву не прыходзiла. Ноблы паходзяць ад ноблаў - гэта зразумела i дзiцяцi, гэта быў абсалют.

Аднак на Зямлi, удалечынi ад сваiх, яны дазвалялi сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якiя не маглi гутарыць дома, i нават спрачалiся. Першы нешта ўжо вельмi ўпарта паўтараў аб прымiтыўнасцi i лжэнавуковасцi старой тэорыi, а другi, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нiбы пацяшаючыся яго ўпартасцю i ўпэўненасцю. Настаўнiк зноў жа ветлiва i тонка наводзiў на думку, што ўсякi пункт гледжання правiльна было б, увогуле, паважаць, - вядома, без шкоды для дамiнуючага, - таму што калi ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланiў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны i развязваў шмат якiя вузлы. Ён нагадаў маладым iншапланецянам, што мiсiя iх пакуль што выключна вучэбная i ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступiць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесцi некалькi падрыхтоўчых, i чаму, напрыклад, не заняцца тымi ж дафнiямi: такi вось вопыт мог быць павучальны.

- Настаўнiк! - прамовiў Першы. - Мы нiколi не эксперыментавалi над лонамi. Гэта лiчыцца...

- Глупствам, - перапынiў весела Другi. - Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хi i пазаймацца глупствам.

- Гэта не мае сэнсу, - сказаў Першы.

- Хто сказаў, што лоны i дафнii - аднаго роду iстоты? - спытаўся Настаўнiк. - Хiба вас не вучылi, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?

Так, ён пераканаў iх! Яны пачалi рыхтавацца да эксперыменту i правялi яго - эксперымент небывалы, якi нельга ўявiць, i я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.

Яны настроiлi сваю апаратуру. Каля пня былi ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнiвiзар i iншыя апараты, якiм пакуль што i назвы няма на чалавечай мове. I калi ўсё было гатова, Настаўнiк сказаў:

- Не забудзьцеся пра стымулятар, разлiчыце час падключэння.

О, гэта ўжо не былi ранейшыя спрытныя, дураслiвыя юнакi, энергiя якiх рабiла iх такiмi падобнымi на нашых зямных; гэта былi суровыя, сталыя iстоты з засяроджанымi тварамi.

- Абскуратам кiрую я, - сказаў Настаўнiк.

I эксперымент пачаўся...

* * *

Як тут яе пазайздросцiць Пасвячонаму, якi ўбачыў такое? I шкада, што 'Запiскам' не стае падрабязнасцяў. Цi ведаў гэты Настаўнiк аб прысутнасцi нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават i ўявiць, што не ведаў, калi ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут - усяго толькi метраў сто. Але ж хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кiруе эвальвентарамi... Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзi вось, дапусцiў прысутнасць чужынца, дазволiў яму, праўда, з купюрамi - не ўсё. Значыць, лiчыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такi адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць...

А чортавы ноблы, вiдаць, i сапраўды далёка абагналi нас, калi на такую аперацыю юнакоў паслалi i называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у iх тады 'не практыка', што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявiць!

Але дадзiм далейшы ход дзеянню i як можам перакажам 'Запiскi' Пасвячонага, каб карацей было.

Значыцца, яны пачалi сваю справу.

4

Пасярод лесу ў маленькiм балотцы жыла Маленькая Дафнiя. Гэта было ўжо i не балотца, а ўсяго толькi маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялiчкi вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла i зарасло. Пад пнём вось i жыла тая Дафнiя.

Сонца туды амаль не пранiкала, толькi тоненькiя праменьчыкi прарывалiся часам праз карэннi i зараснiкi, i тады каля пня рабiлася светла i прыемна, усё ажывала i пачынала рухацца. Маленькая Дафнiя нiколi не прамiнала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замiрала i грэлася. Яна нават ненадоўга засынала - так ёй было добра. Вакол у тым промнi вiселi i драмалi iншыя дафнii i таксама рухалiся ўслед за сонцам. Не спалi толькi вартаўнiкi; яны размяшчалiся наўкола i сачылi, цi не з'явiцца раптам небяспека.

Моладзь здзiўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкi пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце...

Потым прамень знiкаў, рабiлася змрочна. I тады дафнii амаль не сустракалiся адна з адной, бо кожная жыла ў сваiм куточку, а калi нехта некаму i трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кiдаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся цi вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафнii свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы i хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: нiхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра - што ж! - праменьчык хутка зноў прыйдзе, i святла будзе ўволю.

Адным пахмурным днём пад коранем з'явiўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна i павольна, як страшэнна стомленая iстота цi драпежны рабаўнiк. Маленькая Дафнiя спачатку спалохалася i стаiлася ў шчылiне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец i не рабаўнiк, а ўсяго толькi вялiкая Старая Дафнiя, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная i трухлявая.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×