шаноўнага даручэння. Подпiс Ф.'.

Нiводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь iншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або пiў; у яго нiколi не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш iнтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел i недапалак на дне папяльнiчкi давалi ёй пэўную ўцеху: прынамсi, гэта былi нейкiя адкiды; яны даводзiлi, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пiсьмовыя сталы iх нагадвалi камандзiрскiя масткi, аблiччы якiх будзiлi сполах; але нават гэтыя вялiкiя людзi калi-нiкалi выпiвалi кубак гарбаты або фiлiжанку кавы цi з'ядалi якi бутэрброд; яе моцна ўражвала, калi яна бачыла, што гэткiя магутныя людзi ядуць або п'юць: на стале заставалiся хлебныя крошкi, каўбасныя шкуркi цi рэшткi тлушчу ад з'едзенай вяндлiны; гэтыя вялiкiя людзi мусiлi мыць рукi, выцягваць з кiшэняў насоўкi. Штосьцi дэмакратычна- прымiрэнчае выглядала з-пад гранiтных iлбоў тых, што камандавалi цэлымi армiямi; яны выцiралi сабе губы, што былi часткай тых аблiччаў, якiя калi-небудзь, адлiтыя ў бронзе i ўстаноўленыя на п'едэсталах, будуць сведчыць пра iх велiч перад будучымi пакаленнямi. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, нiколi не даваў падстаў заўважыць, што ён толькi што паснедаў; ён нiводнага разу не быў нi занадта нервовы, нi занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такiх людзей; яго подпiс, нават калi ён саракавы раз ставiў яго пад словамi 'з глыбокай павагай...', быў аднолькава чытэльны i акуратны. Фэмель курыў, падпiсваў паперы, вельмi рэдка зазiраючы ў планы праектаў, i дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў 'ну, да заўтрага' i выходзiў. Памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю яго можна было знайсцi ў гатэлi 'Прынц Генрых', з адзiнаццацi да дванаццацi - у Цонавай кавярнi, iнфармацыя тычылася толькi яго 'маткi, бацькi, дачкi, сына i пана Шрэлы'; пасля дванаццацi ён выходзiў на шпацыр, а першай гадзiне ён прыходзiў у рэстаран 'Пад iльвом' - каб папалуднаваць разам з дачкой.

Яна не ведала, як ён праводзiў увесь астатнi час пасля абеду i ўвечары; ёй было вядома толькi, што кожнае ранiцы a сёмай ён ходзiць слухаць iмшу, ад паловы восьмай да васьмi сядзiць з дачкой, з васьмi да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вулiцу, узiраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўлялiся кветкi, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасцi ў яго чырванеў рубчык на пераноссi; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын- прыбiральшчыц, яны збiралi парожнiя пляшкi з-пад вiна i выстаўлялi iх у калiдоры - для гандляра старызнаю; бутэлек тых збiралася ўсё болей; спачатку iх ставiлi ў радкi па пяць, потым - па дзесяць штук, бо даўжынi калiдора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнiк, вяршынi якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цiкаўнасцi, пералiчыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня - больш як адна штодня.

Ад Фэмеля нiколi не пахла алкаголем, рукi ў яго анi не дрыжалi. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабiўся нерэальны... Цi яна сапраўды яго бачыла альбо ён iснаваў толькi ў яе снах? Яна нiколi на свае вочы не бачыла нi Шрыта, нi Гохбрэта, нi Кандэрса; усе яны жылi паасобку, далёка адзiн ад аднаго, у невялiкiх каморках. За ўвесь час толькi два разы здарылася, што адзiн з iх знайшоў памылку ў другога: калi Шрыт няправiльна разлiчыў падмурак гарадскога басейна i Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмi ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасiў яе вызначыць, якiя лiчбы з пазначаных на палях чырвоным алоўкам - былi напiсаныя Шрытавай рукой, а якiя - Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядомiла, што Фэмель - таксама добры спецыялiст у гэтай галiне: паўгадзiны ён праседзеў за сталом з лагарыфмiчнай лiнейкай i навостранымi алоўкамi, а пасля сказаў: 'Гохбрэт мае рацыю, басейн абвалiўся б самае позняе праз тры месяцы'. I - нi словам не папракнуў Шрыта, нi словам не пахвалiў Гохбрэта. Падпiсваючы ўласнаручна - гэты адзiн-адзiны раз - дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, i ад смеху гэтага ёй зрабiлася гэтаксама несамавiта, як i ад яго штодзённай ветлiвасцi.

Другi раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калi ён рабiў разлiкi статычных нагрузак вiядука над чыгункай каля Вiльгельмавага рова, i памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другi раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схiлiўся над паперамi за пiсьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося iдэнтыфiкаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы i Кандэрсавы лiчбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву iдэя прызначыць кожнаму супрацоўнiку свой колер алоўка: Кандэрсу - чырвоны, Гохбрэту - зялёны,Шрыту - жоўты.

Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпiсвала: 'Дача кiнаактрысы', смокчучы другi кавалачак - 'Пераробка будынка грамадскага прызначэння 'Сас'етас'. Як бы там нi было, клiенты рознiлiся прозвiшчамi i адрасамi, а атрыманыя планы праектаў будзiлi ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнiчае ў чымсьцi сапраўдным: цэглу, плiты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькi, клiнкер, мяшкi з цэментам - гэта ўсё можна было сабе ўявiць, але аблiччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта - хоць яна штодня пiсала iх адрасы на канвертах заставалiся для яе нерэальныя. Яна нiколi не бачыла гэтых людзей у бюро, яны нiводнага разу не тэлефанавалi, не пiсалi. Пры разлiках i рысунках, што яны дасылалi ў бюро, не было нiякiх каментараў. 'Навошта нам лiсты? - сказаў неяк Фэмель. - Hе будзем жа мы тут займацца збiраннем споведзяў'.

Часам яна брала з палiцы энцыклапедыю i шукала назвы мясцовасцей, якiя кожны дзень пiсала на канвертах: 'Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым лiку 83 катол., парафiяльная царква XII ст. са знакамiтым алтаром'. У Шыльгенаўэлi жыў Кандэрс, звесткi пра яго асобу яна ведала з страхавой карткi: '37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.'. Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: '1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, мiсiянерская школа'. Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно - ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыi: ён кватараваў у прадмесцi Блесэнфэльд - адгэтуль усяго 35 хвiлiн аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзiла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўнiцца ў ягоным iснаваннi, пачуць голас, пацiснуць руку. Зрабiць гэткi нахабны ўчынак ёй не даваў толькi яго малады ўзрост - яму было толькi трыццаць два - i тая акалiчнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасцi, дзе жылi Кандэрс i Шрыт, былi апiсаныя ў энцыклапедыi гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткi пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, нягледзячы на гэта, нiводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькi-небудзь рэальна ўявiць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзiлася пераводзiць за iх страхавыя ўзносы, рабiць розныя паштовыя аперацыi, перасылаць iм часопiсы i таблiцы; яны заставалiся такiя самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвiшча якога стаяла на чырвонай картцы, i якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, i якi, аднак, за апошнiя чатыры гады не зрабiў нiякай спробы з iм сустрэцца.

Яна пакiнула на пiсьмовым стале чырвоную картку, што стала прычынай першай грубасцi з шэфавага боку. Як гэта было прозвiшча таго пана, якi каля дзесяцi прыйшоў у бюро i сказаў, што яму трэба бачыць Фэмеля ў вельмi, вельмi пiльнай справе? Ён быў высокi, меў светлаватыя валасы i трохi пачырванелы твар, ад яго iшоў пах самых дарагiх рэстарацыйных далiкатэсаў, а надчвычайна высокая якасць гарнiтура адчувалася проста носам; уладарнасць, годнасць, прыцягальнасць моцнага спалучалiся ў iм гэткiм чынам, што яму немагчыма было ў чым-небудзь адмовiць; тытул, якi госць з усмешкай прамармытаў, меў нешта агульнае з мiнiстрам - мiнiстэрскi радца, кiраўнiк спраў цi намеснiк мiнiстра; калi ж яна рашуча была адмовiлася гаварыць пра шэфава месца побыту, ён нечакана пайшоў проста на штурм, спытаўшыся адразу: 'Ну, цудоўная паненка, скажыце мне тады, калi ласка, дзе яго можна знайсцi', i яна... здрадзiла, сама не ведаючы, як гэта магло здарыцца, бо таямнiцу, што так прыцягвала яе цiкаўнасць, яна хавала глыбока на дне сваёй свядомасцi: 'Гатэль 'Прынц Генрых'. Тут госць прамармытаў нешта наконт 'былога школьнага таварыша', штосьцi пра 'пiльную, вельмi, вельмi пiльную справу', пра 'iнтарэсы абароны', пра зброю; а пасля таго як ён пайшоў, у прыёмнай застаўся пах дыму ад цыгары, да якога гадзiну пазней з захапленнем прынюхваўся Фэмелеў бацька.

- Божа ж мой, божа, якi гэта, вiдаць, быў гатунак!

Стары Фэмель абнюхаў сцены, амаль даткнуўся носам да стала, потым насунуў на галаву капялюш. Праз некалькi хвiлiн ён вярнуўся разам з кiраўнiком тытунёвай крамы, у якой вось ужо пяцьдзесят год ён купляў цыгары; яны абодва стаялi якую хвiлiну ў дзвярах, уцягваючы носам паветра; пасля хадзiлi ўзад i ўперад па пакоi, нiбы патрывожаныя сабакi; крамнiк залез пад стол, дзе вiдавочна вiсела яшчэ цэлая хмара дыму; нарэшце ён падняўся, абцёр адна аб адну рукi, пераможна ўсмiхнуўся i сказаў:

- Ну, пане радца, гэта былi 'Партагас-Эмiнэнтэс'.

- I Вы б маглi знайсцi такiя мне?

- Вядома ж, у мяне на складзе яны ёсць.

- Гора Вам, калi ў iх будзе iншы пах, чым той, што я тут сёння ўнюхаў.

Крамнiк яшчэ раз прынюхаўся i сказаў:

- 'Партагас-Эмiнэнтэс'. Даю галаву на адсячэнне, калi памыляюся, пане радца. Чатыры маркi за штуку -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×