яго цяперашняй паставе i аблiччы баец не бачыў нiчога варожага, нiчога недаверлiва хiтраватага, немец быў просты, рухавы i нават, адчувалася па нечым, - чулы i шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок i, зусiм зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў:

- Як цябе зваць?

Немец спынiў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання.

- Завуць як? - гучней, бы глухога, запытаў Валока. - Мяне - Iван, а цябе? Ганс? Фрыц?

- Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, - нiбы ўзрадаваўшыся сваей здагадлiвасцi, ахвотна абвясцiў немец i засмяяўся. - Iх - Фрыц, ду - Iван. Гут! - I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкi сабраўшы свой немалады ўжо твар.

- Гут-то гут, - разважна, але паддаючыся яго лёгкасцi, сказаў Валока. Толькi не дужа. Вось вылезем, а тады што?

Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабiў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзiраў з груды наваленыя сюды кавалкi нейкае разбуранай сцяны i кiдаў iх унiз. Баец прымасцiўся побач i, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабiць тое ж.

4

Невядома, колькi мiнула часу. Яны ўжо багата перакiдалi ўнiз друзу, пад столлю можна было стаць - там, у змроку i пыле, сапраўды была праломiна некуды ўгору i ўбок, толькi яе моцна завалiла. Праменьчык са шчылiны знiк, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькi маленькая плямка знадворнага святла, i ў сутарэннi панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохi бачылi паблiзу, i людзi працавалi. Абодва яны наскрозь прапылiлiся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавiчна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалi выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы i складанейшы клопат усе настойлiвей пачаў агартаць яго.

Якi нячысцiк звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былi тут i разам выкарасквалiся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзiцца на гэтае iх сяброўства. Але што рабiць, калi яны вылезуць? I хто там наверсе - свае цi немцы? Калi свае, то гэта яго клопат - яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калi немцы? Зноў бiцца? Дык цi не лепш забiць яго тут?

Але Валока толькi думаў так, адчуваючы, што застрэлiць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калi мiж iмi рушылася галоўнае для таго - узаемная нянавiсць, калi раптам у варожым мундзiры з'явiўся перад iм зважлiвы, рупны, працавiты, самы звычайны чалавек, якi i да Валокi ставiўся не як вораг- фашыст, а як супольнiк i сябра. Здаецца, гэта быў зусiм неблагi немец, i недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмi нават магло стацца, што i ён забiў бы Валоку. Незвычайна гэта было i дзiўна - адчуваць яго тут, побач з сабой; хвiлiнамi нават забывалася, што яны ворагi. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесцi, пакурыць, мiрна i па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае iх разважнае добразычлiвасцi адкрыецца нешта значнае i цiкавае.

Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагi чалавек, працавiты, - пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як iхнi санiнструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забiтыя, але хто тады нарабiў такога гора людзям, хто столькi пазабiваў, папалiў, абрабаваў, перавешаў, хто залiў крывёю ўвесь свет? Ды i што скажуць хлопцы i начальства, калi даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калi дазнаецца капiтан Воранаў, маўклiвы загадкавы чалавек са схаванымi пад бровы вачмi, як ён паставiцца да такой суполкi? Валока мог меркаваць - што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.

Пакутна было i складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай i такой нечаканай бядзе.

Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселi на цэглу ў куце i пачалi адплёўвацца. Валока дастаў кiсет, насыпаў у паперку махоркi i, прытрымлiваючы яе пальцамi, перадаў кiсет немцу. Той ахвотна пераняў. Калi Валока саслюнiў цыгарку, ён услужлiва пстрыкнуў запальнiчкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мiльготкi, маленькi, як iскрынка, агеньчык запальнiчкi трохi разагнаў змрок, асвяцiў пакарэжаную столь, выварацiны цаглiн у сцяне i два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнiчку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе i пачаў прыладжваць у вышчарбiне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, i Валока падняў з долу кавалак цаглiны. .

- На вось прыпры.

Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўганулiся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў - наверсе, над самымi iх галовамi, пачулiся крокi - туп... туп... туп... Праз бетон данёсся блiзкi, аднак глухi, невыразны голас, недзе над прыступкамi штось грукнула i сцiхла: чалавек, пэўна, спынiўся цi мо адышоўся далей. Баец ускочыў - першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавiў на сабе напружана ўмольны позiрк немца i сам схамянуўся.

Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасцi абодвух,i, вядома, абодва яны прагнулi рознага. Гэтая хвiлiнная iх раз'яднанасць зноў застарэлай варожасцю захлiснула Валокава нутро, але толькi на кароткi час. Адразу, як сцiхлi крокi, сцiхла i нясцерпнае жаданне азвацца - цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць i выбiрацца з падзямелля самiм.

Яны яшчэ паўслухоўвалiся, мярцвеючы ад празмернае ўвагi, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела i пачаў паволi прыладжваць у сцяне запальнiчку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямi. Крокаў болей не было чуваць.

- От папалi, дык папалi, - не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесiў з калень цяжкiя натруджаныя рукi i ўздыхнуў. Яго нядаўнi, трохi бесклапотна-бадзёры настрой вiдавочна прыхмурэў, - пэўна, ад працы цi мо ад гэтага трывожнага клопату.

- Вайна нiкс гут! - раптам прыцiшана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, i баец ажно здзiвiўся ад гэтае перамены ў настроi ворага. - Вайна - шайзэ!

Немец сказаў гэта з нейкiм трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохi разявiўшы рот, недаўменна, з прыхаванай iронiяй паглядзеў на яго.

- Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?

- Фюрэр - шайзэ! - строга абвясцiў немец, вiдаць, толькi адно гэтае слова i зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. - Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нiкс нада, - сказаў ён i стукнуў сябе кулаком у грудзi. - Фрыц Хагеман нiкс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кiндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.

Валока зразумеў не ўсё, але ўцямiў прычыну абурэння гэтага немца, толькi спачуваць яму ён не збiраўся. Немец жа, мусiць, вылiў свой даўнi гнеў i на хвiлiну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку i ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоiла яго, сказаў:

- Слухай, Фрыц. Вылезем туды, - ён паказаў пальцам угору, - давай палон. Рус плен - i вайна капут. Га?

Немец уважлiва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруцiў галавой.

- Нiкс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч - Сiбiр. Пуф-пуф дойч.

- Нiхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баiшся? - загарачыўся Валока. - Ты ведаеш, колькi у нас вашых камарадаў плен?

Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнiчкi ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла i атулiла ўвесь твар туга чалавека, якi колькi нi прыкiдваецца сам сабе, як нi абнадзейвае сябе, а ўсё ж нiяк не можа пазбыцца вялiкага i нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкi памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпiлiў кiшэнь мундзiра i дастаў нейкiя паперы. Перабраўшы iх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымi краямi i дастаў адтуль картку.

- Майн фрау ўнд кiндэр. Дрэздэн, - сказаў ён i падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлiвасцю да чужога, але зразумелага i па-чалавечы дарагога наблiзiў картку да слабенькага святла запальнiчкi.

З фатаграфii на яго пазiралi жанчына i трое малых. Старэйшы - галаногi хлапец у кароткiх штонiках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у мацi, сярэднi - хлопчык год дзесяцi - стаяў ля старэйшага i трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду вiднеўся невялiчкi, але ладна адбудаваны i дагледжаны домiк з верандаю, высокi чарапiчны дах, у прасценках густая лiстота вiнаграднiку. На хвiлiну баец ажно ўпiўся ў гэта вачмi.

- Ладная дамоўка, нiчога не скажаш, - уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы цiхенькi самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мiрнаму, гаспадарчаму жыццю, цi мо ад успамiнаў аб

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×