Я лiчу, што ў ёй ёсць нешта жорсткае...

- Але яна з тых жанчын, - сказаў Арман, - на якiх глядзяць, а не кахаюць. Жанчыны, якiх кахаюць, зусiм iншыя.

У гэты момант ён успомнiў, што гiд распавядаў, як замежныя турысты забаўлялiся некалькi гадоў таму ў гроце Мiтраманiя, аднаўляючы рытуалы пакланення Мiтры.

У кампанii двух тыпаў Марыя Паска накiравалася да бара, размешчанага пад руiнамi балкона, з якога Тыберый кiдаў рабоў мурэнам. Арман зiрнуў на Лору. Прышч на носе вырас. Вада i вецер раскудлацiлi ёй валасы, i яе чырвоны твар абрамляў чорны, нiбы драцяны, парык.

- Ты не павiнна так сушыць валасы. Ты iх сапсуеш.

Лора не адказала.

У бары Марыя Паска моцна смяялася з тымi двума тыпамi ў белым.

- А што, калi мы тут паабедаем? - спытаўся Арман.

- Гэта будзе вельмi дорага, а ў гатэлi з нас усё роўна вылiчаць за абед...

- Так, сапраўды. У сутнасцi, гэтая сiстэма арганiзаваных падарожжаў iдыёцкая...

- Але ўсё ж, любы, мы можам тое-сёе ўбачыць. I паколькi мы ўсё гэта бачым разам, то, як па мне, нiчога больш i не трэба.

- Дарагая... - сказаў ён.

- Аднак я не ведаю, што з табой. Мне здаецца, што ты не рады.

- Ды не, я рады. Якая ты дурненькая, мая Лора. Чаму табе такое ўбiлася ў галаву? Ты лiчыш, што я шмат гляджу на жанчын? - Ён засмяяўся: - Уявi сабе такое: 'Выкладчык Каэнскага лiцэя кiнуў маладую жонку пад час вясельнага падарожжа i збег са славутай iталiйскай актрысай Марыяй Паскай!'

Яна засмяялася.

- Ты не хочаш пайсцi выпiць чындзанiна ў рэстаране, перад тым як вярнуцца ў гатэль?

- О не, не, я хачу вярнуцца ў гатэль... Вось i катэр.

- У наш шмат часу, мы можам сесцi на другi катэр.

- Мой любы, я крыху стамiлася.

Яна раптам уся збялела пад сваiмi драцянымi валасамi. Ад гэтага прышч на носе стаў асаблiва яркiм.

- Прабач мне, я стала такой страшнай.

Арман прыклаў шчаку да яе спатнелага лба.

- Гэта як у аўтобусе пад Рымам, - сказаў ён, - нiчога, пройдзе. Качанятка маё. Дарагая... дарагая...

Яна не расплюшчвала вачэй.

- Я думаю, - сказала яна, - цi я... цi я не цяжарная.

Арман глянуў на мора.

Ён глядзеў на мора i раптам падумаў, што гэта мора - каб смяяцца, усе людзi, што сабралiся тут, - каб смяяцца.

- А ты ўпэўненая?

- Не, але гэта магчыма.

Ён узяў яе за руку, потым раптоўна нахiлiўся i пацалаваў яе ў вусны, дакранаючыся да прышча на носе i адчуваючы яго гарачыню. Ён таксама заплюшчыў вочы.

- Ты быў бы рады? - спыталася яна. - Ведаеш, я добра разумею, што гэта не палегчыць нам жыццё, але ўбачыш, усё ўладзiцца. Галоўнае, каб ты змог спакойна падрыхтавацца да конкурсу на месца выкладчыка. Мне ўжо лепш, - сказала яна, Гэта як прыходзiць, так i праходзiць.

- Не хочаш пайсцi выпiць?

Яна не адказала. Да самага рэстарана ён не адпускаў яе руку. Ён пасадзiў яе i спытаўся, што яна будзе пiць. Яна адказала, што выпiла б чындзанiна.

- А ты ўпэўненая, што табе можна алкаголь?

Яна засмяялася.

- Вядома, мой дарагi, калi крышачку, то гэта не страшна.

Ён паглядзеў на Марыю Паску, якая сядзела на высокiм табурэце каля стойкi бара. Белы купальнiк так шчыльна аблягаў цела маладой жанчыны, што яна была нiбы голая, блiскучая, як статуя Палiны Банапарт з вiлы Баргезэ. Маркотныя хвоi з усiх бакоў вянчаюць пагоркi Вечнага Горада.

- Мне непрыемна, што гэта здарылася пад час нашага падарожжа, - сказала Лора, - але мы яшчэ вернемся.

- О не, - сказаў Арман, - толькi не ў Iталiю.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×