за спiнкай майго крэсла пачулiся гучныя ўздыхi. I ўздыхi гэтыя былi вельмi падобныя на тыя ўздыхi майго нябожчыка бацькi, калi яго мучылi старэчыя недамаганнi. Мне нават падалося, што ён стаiць у мяне за спiной. I я падхапiўся з месца. Зразумела, нiкога i нiчога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзiцца за стол, i я прасядзеў тут увесь наступны час у адзiноце, разважаючы аб гэтай справе. I мне вельмi хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхi аб украдзеным скарбе, якiя я чуў... Цi быў гэта мой нябожчык бацька? Калi б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугi з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзiў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусцiў, каб ён хоць адзiн мiг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхi.

- Другi раз даводзiцца мне сягоння адказваць на пытанне, цi смуткуе яшчэ нябожчык генерал па сваiм страчаным пярсцёнку i хоча атрымаць яго назад, - сказаў пастар. - Але перш чым адказаць, я, з вашага дазволу, высокапаважаны брат мой, раскажу сваю гiсторыю, а потым мы разам паразважаем аб гэтым.

Расказаўшы пра сягонняшняе здарэнне з iм, пастар зразумеў, што яму не варта было баяцца, што ротмiстр з недастатковай стараннасцю будзе падтрымлiваць iнтарэсы свайго бацькi. Пастар не падумаў аб тым, што ў характары нават самага мiралюбiвага чалавека ёсць нешта ад сыноў Лодбрака*. Бо нярэдка бывае i так: парасяты пачынаюць вiшчаць, даведаўшыся, якiя пакуты выцерпеў стары парсюк. I пастар убачыў, як на лбе ў ротмiстра ўспухлi жылы, а кулакi так моцна сцiснулiся, што нават збялелi ў суставах. Нястрымны гнеў авалодаў ротмiстрам.

* Рагнар Лодбрак, цi Рагнар Скураныя Штаны - герой вядомай iсландскай сагi i хронiкi Саксона Граматыка. Здзейснiўшы мноства подзвiгаў, Лодбрак трапiў у палон да англiйскага караля Эле, быў кiнуты ў змяiную яму i загiнуў. Яго сыны адпомсцiлi за яго, уварваўшыся ў Англiю i забiўшы караля Элу. Прататыпам Лодбрака паслужыў дацкi важак вiкiнгаў, якi жыў у сярэдзiне IX ст. У яго было пяць сыноў, якiя ўзначалiлi паход вiкiнгаў у Англiю.

Вядома, пастар перадаў усю гэту справу па-свойму. Ён расказаў, як гнеў божы пакараў злодзеяў, але нiякiм чынам не пажадаў прызнаць, што тут мог быць замешаны мярцвяк.

Ротмiстр жа зразумеў усё гэта зусiм iнакш. Ён зрабiў вывад адсюль, што бацька яго не знайшоў вечнага спакою ў магiле, бо пярсцёнак з яго ўказальнага пальца быў зняты. Ротмiстра мучылi страх i згрызоты сумлення, паколькi да гэтага часу ён надта бесклапотна адносiўся да гэтай справы. Здавалася, у сэрцы ягоным ныла рана.

Пастар, заўважыўшы, як усхваляваўся ротмiстр, ад страху ледзь рашыўся расказаць яму, што пярсцёнак у яго аднялi зноўку. Але гэта было ўспрынята з нейкiм змрочным задавальненнем.

- Добра, што хоць адзiн з гэтага зладзейскага зброду ўцалеў i што ён такi ж мярзотнiк, як i iншыя, - сказаў ротмiстр Лёвеншольд. - Генерал расправiўся з бацькамi Iнгiльберта, i расправiўся сурова. Цяпер настала мая чарга!

Пастар улавiў жорсткую рашучасць у голасе ротмiстра. Ён хваляваўся ўсё мацней i мацней, баючыся, каб ротмiстр не задушыў Iнгiльберта ўласнымi рукамi цi не засек яго да смерцi.

- Я палiчыў сваiм абавязкам быць пасланцом ад нябожчыка Борда да вас, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар, - але я спадзяюся, што вы не пачнеце нiякiх неабдуманых дзеянняў. Я ж маю намер паведамiць цяпер ленсману аб тым, што мяне абакралi.

- Вы, брат мой, можаце паступаць як палiчыце патрэбным, - заўважыў ротмiстр. - Я хацеў толькi сказаць, што ўсё гэта - марныя турботы, паколькi справу я бяру на сябе.

Пастар пераканаўся, што ў Хедэбю ён больш нiчога не вырашыць. I паспяшаўся з маёнтка, каб паспець завiдна паведамiць аб усiм ленсману.

А ротмiстр Лёвеншольд паклiкаў усiх сваiх чалядзiцаў, расказаў, што здарылася, i запытаўся, цi хочуць яны заўтра ранiцай накiравацца разам з iм у пагоню за злодзеем. Нiхто не адмовiўся ад такой паслугi свайму гаспадару i нябожчыку генералу. Канец вечара пайшоў на пошукi ўсемагчымай зброi старадаўнiх мушкетаў, кароткiх мядзведжых рагацiн, доўгiх шпаг, а таксама палiц i кос.

VI

Не менш за пятнаццаць чалавек суправаджалi ротмiстра, калi назаўтра ў чатыры гадзiны ранiцы ён выйшаў з дому паляваць на злодзея. I ўсе яны былi ў самым ваяўнiчым настроi. Праўда была на iхнiм баку, да таго ж яны спадзявалiся на генерала. Калi ўжо нябожчык умяшаўся ў гэту справу, дык абавязкова давядзе яе да канца.

Аднак дзiкi гушчар, якi падыходзiў для аблавы, пачынаўся толькi за мiлю ад Хедэбю. У пачатку дарогi ротмiстру з чалядзiнцамi давялося перасячы лагчыну: дзе-нiдзе яна была апрацавана i ўсеяна дробнымi пабудовамi. То тут, то там на пагорках вiднелiся даволi вялiкiя вёскi. Адна з iх i была Ольсбю, дзе раней знаходзiлася сядзiба Борда Бордсана - пакуль яе не спалiў генерал.

За ўсiм гэтым, нiбы разасланая на зямлi тоўстая звярыная шкура, цягнуўся дрымучы бор, адно дрэва да аднаго. Але нават тут не скончылася ўлада чалавека: у лесе вiдаць былi вузкiя сцяжынкi, якiя вялi да летнiх сэтараў i вугальных ям.

Калi ротмiстр з чалядзiнцамi ўвайшоў у дрымучы лес, усiх iх быццам падмянiлi: яны набылi зусiм iншы выгляд, iншую паставу. Iм i раней здаралася прыходзiць сюды паляваць на буйную дзiчыну, i iх ахапiў паляўнiчы запал. Пiльна ўзiраючыся ў густы хмызняк, яны i перамяшчацца пачалi зусiм па-iншаму - лёгкай хадой i нiбы крадком.

- Давайце дамовiмся наперад, - сказаў iм ротмiстр. - Нiхто з вас не павiнен наклiкаць на сябе бяду з-за гэтага злодзея, i таму пакiньце яго мне. Глядзiце толькi, каб яго не ўпусцiць!

Але чалядзiнцы i не думалi падпарадкоўвацца гэтаму распараджэнню. Усе тыя, хто яшчэ напярэдаднi мiрна расхаджваў, развешваючы сена на сушылы, гарэлi цяпер жаданнем як мага больш жорстка правучыць гэтага зладзюгу Iнгiльберта.

Ледзь толькi яны паглыбiлiся ў лес, як векавыя сосны, што стаялi тут з даўнiх часоў, сталi такiмi частымi, што раскiнулi над iмi суцэльныя шаты; падлесак скончыўся, i толькi iмхi пакрывалi зямлю. I тут яны ўбачылi, што насустрач iм iдуць тры чалавекi з насiлкамi з галiн, на якiх ляжыць чацвёрты.

Ротмiстр са сваiм дазорам паспяшаўся iм насустрач, але, убачыўшы столькi народу, насiльшчыкi спынiлiся. Твар чалавека, якi ляжаў на насiлках, быў прыкрыты вялiзнымi лiстамi папарацi, таму нельга было разгледзець, хто гэта. Але жыхары Хедэбю, здавалася, усё ж пазналi яго, i мароз прабег у iх па скуры.

Iм не падалося, што побач з насiлкамi стары генерал. Зусiм не. Iм не падаўся нават ягоны цень. Але ўсё роўна, яны ведалi: ён - тут. Ён выйшаў з лесу разам з мерцвяком. Ён стаяў, паказваючы на яго пальцам.

Тры мужчыны, якiя неслi насiлкi, былi людзi добра вядомыя ў акрузе i паважаныя. Гэта быў Эрык Iварсан, гаспадар вялiкага хутара ў Ольсбю, i яго брат Iвар Iварсан, якi так нiколi i не ажанiўся i застаўся дажываць у брата на бацькоўскiм хутары. Абодва яны былi ўжо ў гадах; затое трэцi ў iх кампанii быў чалавек малады. Яго таксама ўсе ведалi. Звалi яго Паўль Элiясан, i быў ён прыёмышам братоў Iварсанаў.

Ротмiстр падышоў прама да Iварсанаў, а тыя апусцiлi на зямлю насiлкi, каб прывiтацца з iм за руку. Але ротмiстр, здавалася, не бачыў працягнутых яму рук. Ён не мог адвесцi вачэй ад лiстоў папарацi, якiя прыкрывалi твар таго, хто ляжаў на насiлках.

- Хто гэта тут ляжыць? Ужо цi не Iнгiльберт Бордсан? - запытаўся ён нейкiм дзiўна суровым голасам. Здавалася, быццам ён гаворыць насуперак сваёй волi.

- Ён самы, - адказаў Эрык Iварсан. - Але адкуль вы яго ведаеце, пан ротмiстр? Па адзеннi пазналi?

- Не, - адказаў ротмiстр, - я пазнаў яго не па адзеннi. Я не бачыў яго цэлых пяць гадоў.

I ягоная чэлядзь i прышэльцы здзiўлена глядзелi на ротмiстра. Iм усiм падумалася, што сягоння ранiцай у iм з'явiлася нешта не падобнае на яго, штосьцi зласлiвае. Ён не быў самiм сабой. Ён ужо не быў пачцiвы i ветлiвы, як раней.

Ротмiстр пачаў распытваць сялян, што яны рабiлi ў лесе так рана i дзе знайшлi Iнгiльберта. Iварсаны жылi заможна, i iм было не па душы, што ў iх так гэта выпытваюць, але самае галоўнае ротмiстру ўсё ж удалося выведаць.

За дзень да гэтага з мукой i харчаваннем для работнiкаў яны паднялiся на свой сэтар, размешчаны за некалькi мiль адсюль, у глыбiнi лесу, ды там i заначавалi. На досвiтку накiравалiся назад. Iвар Iварсан неўзабаве абагнаў сваiх спадарожнiкаў. Ён жа былы салдат, майстар хадзiць, i нялёгка было паспяваць за iм.

Намнога апярэдзiўшы сваiх спадарожнiкаў, Iвар Iварсан раптам убачыў, што насустрач яму па сцяжынцы iдзе нейкi чалавек. А лес там быў даволi рэдкi. Нiякiх кустоў, адны толькi магутныя ствалы, i Iвар яшчэ здалёк

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×