найбольшым гушчары, яна сказала яму прысесцi паблiзу ручаiны i прамовiла: 'Ты, Дафнiс, кахаеш Хлою; гэта я ўведала ўночы ад нiмфаў. У сне яны расказалi мне i пра твае ўчарашнiя слёзы i загадалi дапамагчы табе i навучыць цябе, што трэба рабiць. Але ж гэта не пацалункi, не абдымкi i не тое, што робяць бараны i казлы; iншыя гэта скачкi i нашмат саладзейшыя, чым у iх, i даўжэйшы час трывае асалода. Дык калi хочаш пазбавiцца свае бяды i зазнаць тыя ўцехi, якiх ты шукаеш, то хадзi, аддайся мне, будзь мiлым вучнем; я ж, каб дагадзiць тым нiмфам, навучу цябе гэтаму'.

18

Дафнiс не мог утрымацца ад радасцi, праставаты казапас, да таго ж закаханы i малады, упаў ён да ног Лiкэнiён, молячы як мага хутчэй навучыць яго ўмельству зрабiць з Хлояю тое, што ён так хоча; i як бы яна мела навучыць яго нечаму вялiкаму i сапраўды ад бога спасланаму, ён абяцае ёй маладзенькае казляня, далiкатнага сыру з аднае смятанкi i нават казу. Знайшоўшы ў iм такую пастушыную шчодрасць, якой яна анi не чакала, Лiкэнiён пачала навучаць такiм спосабам: яна сказала, каб падсеў блiжэй да яе i цалаваў яе так часта i палка, як ён гэта звычайна робiць, i, цалуючы, заадно абняў яе i лёг долу. Калi ж ён прысеў, пацалаваў, прылёг да яе i яна адчула, што ён поўны сiлы для работы i гарыць жаданнем, яна прыпадняла яго, бо ён ляжаў на баку, спрытна падставiлася пад яго i навяла яго на дарогу, якую ён так доўга расшукваў; а там не спатрэбiлася мудраваць, сама прырода навучыла, што рабiць далей.

19

Як толькi Дафнiс закончыў навуку кахання, ён, усё яшчэ па-пастухоўску прастадушны, хацеў бегчы да Хлоi, каб тут жа зрабiць з ёю тое, чаму навучыўся, як быццам баяўся забыцца, калi прамарудзiць; але Лiкэнiён, затрымаўшы яго, сказала так: 'Яшчэ вось што павiнен ты давучыць, Дафнiс. Я ж жанчына i нiякага болю цяпер не адчувала, бо даўно ўжо навучыў мяне гэтаму iншы мужчына, узяўшы ва ўзнагароду маё дзявоцтва. Хлоя ж, змагаючыся з табою ў гэтай сутычцы, будзе крычаць i плакаць i будзе ляжаць у крывi, нiбы забiтая. Але ты не бойся крывi, а, угаварыўшы яе аддацца табе, прывядзi яе на гэтае месца, дзе, калi яна i закрычыць, нiхто не пачуе i дзе, калi яна i заплача, нiхто не ўбачыць, а калi давядзецца ёй у кроў абрабiцца, то зможа ў гэтай ручаiне памыцца. I помнi, што я раней за Хлою мужчынам цябе зрабiла'.

20

Пасля такiх павучанняў Лiкэнiён падалася ў другi бок лесу, нiбы ўсё яшчэ шукаючы гусака; а Дафнiс, абдумваючы яе словы, стрымаў сваё першае парыванне, баючыся вымагаць ад Хлоi нечага большага, чым пацалункi ды абдымкi, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нiбы ад ворага, плакала ад болю i сплывала крывёю, нiбы яе забiваюць. Толькi ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крывi i думаў, што толькi з раны кроў можа лiцца. I рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафнiс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фiялак вянок, ён схлусiў ёй, што вырваў гусака з арлiных кiпцюроў, i, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабiў з Лiкэнiён, бо гэта ж была дазволеная i бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву i цалавала яго валасы, якiя здалiся ёй прыгажэйшымi за фiялкi. I дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавiны i некалькi скiбак хлеба, дала яму падсiлкавацца; i калi ён еў, яна выхоплiвала ў яго з рота кавалачкi i глытала, як маленькае птушаня.

21

Калi яны так елi, а яшчэ больш цалавалiся, чым елi, то ўбачылi рыбацкi човен, што праплываў паўз iх. Ветру не было, мора было спакойнае, i даводзiлася веславаць. I рыбакi з усiх сiл працавалi вёсламi, бо спяшалiся прывезцi ў горад аднаму багацею толькi што злоўленую рыбу. I як гэта заўсёды робяць маракi, каб забыць пра стому, так рабiлi, вяслуючы, тыя. Адзiн з iх, задаючы тэмп, запяваў марскiя песнi, а рэшта, як хор, усе разам i ў лад падхоплiвала iх.

Пакуль яны так рабiлi ў адкрытым моры, песня замiрала, бо тоны яе гублялiся ў далёкай прасторы; але калi яны, аб'ехаўшы мыс, увайшлi ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, iх усклiкi чулiся мацней i бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цяснiна прылягала да раўнiны i, нiбы поласць флейты, прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам - выразна чулiся i плёскат вёслаў, i галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, i доўга, пасля таго, як ён замiраў, гучаў толькi водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькi пазней, наколькi ён i пазней пачынаўся.

22

Дафнiс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькi за морам i любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўнiну, i стараўся нешта запомнiць з песень, каб сыграць пасля на сiрынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракi ў такт вёслам спявалi, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж iм адгукаецца. I калi тыя праплылi паўз яе i ў цяснiне запанавала цiша, яна спыталася ў Дафнiса, цi ёсць за мысам яшчэ мора, i цi праплыў там другi карабель, i цi не спявалi другiя маракi тую самую песню i ўсе ў адзiн час замоўклi. Усмiхнуўся пяшчотна Дафнiс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою i, усклаўшы на яе вянок з фiялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасiўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.

23

'Род нiмфаў, мая любая, вялiкi: мэлii, дрыяды, гэлеi, усе красунi, усе пявуннi. Адна з iх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькi, прыгожую, бо ад прыгожае маткi. Нiмфы яе ўзгадавалi, музы яе на сiрынзе, на дудцы iграць навучылi, пад лiру, пад кiфару ўсялякiя песнi спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з нiмфамi яна танцавала, з музамi спявала. Але ад усiх мужчын уцякала - i людзей, i багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак i коз. I гэтыя, як сабакi цi ваўкi, разрываюць i па ўсёй зямлi раскiдаюць яе часткi, якiя яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкi да нiмфаў пахавала ўсе гэтыя часткi. А ўмельства гучання зберагла i з волi муз падае голас i ўсё пераймае, як некалi дзяўчына: багоў, людзей, музычныя iнструменты, звяроў; нават iгру на сiрынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае i ганяецца па гарах, не так хочучы злавiць, як даведацца, хто ж гэта за таямнiчы вучань'.

Калi Дафнiс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безлiч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за iм паўтарала Эхо, нiбы сведчачы, што ён анi не салгаў.

24

З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, i зноў прыйшлi да iх новыя летнiя радасцi. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаiнах; ён iграў на сiрынзе наўзахапкi з пошумам хвойкi, яна ж спявала навыперадкi з салаўямi. Яны ганялiся за стракатлiвымi цвыркунамi, лавiлi звонкiх цыкад, збiралi кветкi, абтрасалi дрэвы, елi плады. Урэшце клалiся разам голыя, накрыўшыся адною казлiнаю шкураю. I Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калi б Дафнiса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страцiць калi-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоi раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзiвiла, але яна саромелася спытацца чаму.

25

У гэтае лета да Хлоi заляцалася шмат хлопцаў, i з розных месцаў прыходзiла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносiлi падарункi, другiя - вялiкiя абяцанкi. Напэ, падахвочаная спадзеўкамi, раiла яму выдаць Хлою i не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страцiць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькi яблыкаў цi ружаў; лепей жа зрабiць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялiкiя падарункi самiм узяць i зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у iх нарадзiўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымi гаворкамi, бо кожны залётнiк абяцаў большыя падарункi, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскiя хлопцы, i што калi б яна некалi знайшла сваiх сапраўдных бацькоў, то абагацiла б i ашчаслiвiла i яго i жонку; i марудзiў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збiраючы нiштавата падарункаў.

Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгi час не казала Дафнiсу, не хочучы яго засмучаць; калi ж ён пачаў прыставаць i распытваць, што здарылася, i яшчэ больш засмуцiўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнiкаў сватаецца да яе i якiя яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, якi не адмовiў нiкому, але адклаў усё да збору вiнаграду.

26

Сам не свой зрабiўся Дафнiс ад гэтага, i, сеўшы, заплакаў, i казаў, што памрэ, калi Хлоя не будзе з iм больш пасвiць; i не толькi ён адзiн, але разам з iм i авечкi без такое пастушкi. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохi суцешыўся i надумаў угаварыць яе бацьку, палiчыўшы i сябе сярод залётнiкаў i спадзеючыся, што возьме верх над iмi. Толькi адно турбавала - Ламан не быў багаты, i гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, i Хлоя згадзiлася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Мiртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне i пра шлюб слоўца ўкiнуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову i пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесцi хлопца, якому прыкметныя знакi абяцаюць багатую долю; бо, калi ён сваiх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробiць iх вольнымi i дасць iм куды большыя надзелы зямлi. Мiртала ж, баючыся, каб Дафнiс, зусiм страцiўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабiць чаго над сабою, падала яму зусiм iншыя прычыны адмовы. 'Мы, дзiцятка, бедныя людзi, i нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя i хочуць багатых зяцёў. Iдзi ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат i выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае i ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю'.

27

Мiртала, якая нiколi не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду - меў жа ён багацейшых залётнiкаў, - думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унiкнуць шлюбу; Дафнiс не мог адкiнуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваiх спадзяванняў, рабiў тое,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×