назiраў некаторы час за спячай жанчынай, а потым крадком, так i не пабудзiўшы яе, выходзiў з кватэры.
- Няўжо вы не баiцёся, што вас могуць злавiць? - спытаў я яго.
- Я нiчога не баюся, - пахвалiўся Джэкi.
Часцей за ўсё ён не тоячыся, з пагардай, ставiўся да астатнiх людзей, асаблiва да тых, хто належаў да органаў улады, напрыклад, да палiцэйскiх - цi да мяне, якога ён таксама лiчыў прадстаўнiком улады. Аднак Джэкi часам перажываў перыяды, калi ён сапраўды саромеўся сваiх паводзiн i прыдумваў сабе ўрачыстыя 'запаведзi' для прыстойнага жыцця, якiя ён хутка парушаў цi нават не збiраўся выконваць.
Я пачаў сачыць за газетамi, шукаючы ў iх спасылкi на яго магчымыя подзвiгi. Iх я не знайшоў, разумеючы, аднак, што гэта неабавязкова можна лiчыць дастатковым доказам.
Разбiтае шкло ў вокнах цi збiтая з ног дзяўчынка на пустой вулiцы, такiя здарэннi, за якiя, па яго словах, ён быў адказны, былi, вiдаць, вельмi нязначныя, каб iмi зацiкавiлiся газеты.
Аднойчы я знайшоў паведамленне, ад якога праняў холад. Разведзеная жанчына, вяртаючыся позна вечарам дадому, заспела ў спальнi злодзея. Памiж iмi адбылася бойка, i жанчына была паранена ў плячо, вiдаць, пешняй для лёду. Незнаёмец знiк.
Я адчуў цвёрдую ўпэўненасць, што на жанчыну напаў Джэкi. Як ён i асцерагаўся з самага пачатку, нязначныя адхiленнi пачалi паступова пераходзiць у больш жахлiвыя дзеяннi. I мяне ўвесь час непакоiла думка, што я не магу знайсцi шлях да яго душы i даведацца аб iм праўду.
Вядома ж, Джэкi ў наступны чацвер, у час чарговай кансультацыi расказаў у дэталях пра нападзенне. Ён быў збялелы i напалоханы тым, што здарылася. Рука яго калацiлася, калi ён падаваў мне пешню для лёду, якая, па яго словах, i была ўжытая iм зброя. Потым я сутыкнуўся з жахлiвай дылемай, несумненна, самай пакутлiвай праблемай у маёй лячэбнай практыцы. З аднаго боку, вiдавочна, што Джэкi Н'юман з'яўляўся небяспечным для грамадства i маiм абавязкам было перадаць яго справу палiцыi. З другога боку, перада мной сядзеў пацыент, якога мучыла хвароба, а метады, што ўжывае палiцыя, не змогуць нi вылечыць яго, нi аказаць дапамогi. Акрамя таго, над усiм, нiбы туман, павiсла складанае пытанне: што, калi Джэкi мог гэтак жа проста прачытаць тое ж паведамленне ў газеце, што i я, i прыстасаваць яго да ўласнага жыццяпiсу? Таму, дзе б нi была схавана праўда, у мяне быў свой абавязак.
Лiнда заўважыла маю надзвычайную дэпрэсiю.
- Доктар, вы занадта многа працуеце. Чаму б вам крыху не адпачыць? Пасля вакацый вы адчулi б сябе лепш.
- Я не супраць, Лiнда, але, баюся, на гэта няма часу. Мне б увесь час думалася, што я бежанец. У мяне пад наглядам хворы, i я павiнен давесцi яго лячэнне да канца.
- Ну, на тыдзень вы б маглi адлучыцца.
- Толькi не з гэтым пацыентам. Спадзяюся, што змагу ўрэшце зрабiць вывад, што гэта iстэрычная фантазiя i што працяглы эмацыянальны канфлiкт вымушае яго адыходзiць ад свайго сапраўднага я. Дагэтуль не змог вызначыць гэтае я, якое яно на самай справе.
Я прыняў рашэнне. На мне ляжала адказнасць за Джэкi. Я разумеў, што павiнен пазбегнуць прафесiйнай пасткi, зацiкавiўшыся пацыентам звыш меры, бо iнакш схiлюся на яго бок замест таго, каб заставацца ўбаку. Я i так пачаў ужо адчуваць, што праяўляю недарэчны бацькоўскi клопат. Разам з тым заўважыў прыкметы i iншых небяспек як для меня, так i для iншых. Джэкi дэманстраваў класiчныя сiмптомы манii вялiкасцi, канчатковым выяўленнем якой з'яўляецца, як вядома, забойства. Цяпер ён гаварыў, што ўзбройваецца, 'таму што маё жыццё ў небяспецы' - хоць, наколькi я мог меркаваць, ён нiчога дзеля гэтага не рабiў. Ён нарэшце прызнаўся, што начамi марыць - уяўляе сябе асам - злачынцам, кiраўнiком злачынных змоў, шалёна носiцца ў вялiкiм чорным аўтамабiлi.
Перыяды шчырага пакаяння здаралiся ўсё радзей, i Джэкi з усё больш адкрытай падазронасцю ставiўся да мяне i маiх метадаў, па iронii лёсу, якраз у той час, калi я быў яму патрэбны больш, чым калi-небудзь. Калi я прапанаваў скарыстаць пентатол у якасцi дапамогi, каб дабрацца да каранёў яго псiхозу, Джэкi наадрэз адмовiўся. Ён са злосцю зыркнуў у мой бок, калi я спытаў аб прычынах адмовы.
- Вы ведаеце чаму.
- Не, калi гэта можа дапамагчы. Пентатол проста расслабляе падсвядомыя ахоўныя функцыi мозга. Таму яго часта называюць сывараткай праўды. - Я растлумачыў важнасць спавядання для тэрапii на аснове самааналiза. - Амаль усе мы карыстаемся той цi iншай формай спавядання ў якасцi прыроднага засцерагальнага клапана. Дзiця выкарыстоўвае для гэтага сваю мацi, муж - жонку цi наадварот... Так, калi была яшчэ жывая мая жонка, я часта рабiў яе сваiм спавядальнiкам, каб пазбавiцца любых дэпрэсiй, што мучылi мяне.
Гэты раз Джэкi ў якасцi ахоўнага панцыра паспрабаваў павярнуць супраць мяне мае ж словы.
- Людзi спавядаюцца таму, што баяцца, цi не так?
- Гэта вельмi грубае абагульненне.
- Чаму вы не прызнаяцеся, што былi вымушаны рабiць поўны даклад кожную ноч сваёй жонцы таму, што баялiся яе?
- Таму, што гэта была б няпраўда.
- Гэта гавораць ахоўныя функцыi мозга, - са здзекам ухмыльнуўся Джэкi. Якраз вам i патрэбна сываратка праўды, доктар. Можа, вы i спазнаяце iсцiну. Як i тое, што гэтыя перыяды медытацый, якiя я парушаў, на самай справе святкаванне з выпадку таго, што ваша жонка памерла, i вы цяпер вольны.
- Вольны рабiць што? - спытаў я стомлена. Апошнiм часам галава пачынала балець значна раней.
- Вольны ўзяць на працу гэтую грудастую брунетку, напрыклад. Ваша жонка ў свой час не дазволiла б гуляць у такiя гульнi, цi не так? - Мне прыйшло ў галаву, што нават ухмылкi i грымасы Джэкi рабiлiся з цягам часу ўсё больш распуснымi. - Я таксама вывучаю людзей, доктар. I ведаю, што адбываецца вакол.
Лiнда. Думкi Джэкi апошнiм часам усё больш круцiлiся вакол Лiнды. Яго цiкавасць да маладой рэгiстратаркi, якая ўвесь час паглыблялася, здавалася, мне злавеснай лiнiяй на тэмпературным графiку, што няўхiльна паўзла ўгору.
Перш былi толькi завуаляваныя заўвагi, якiя перайшлi ў больш адкрытыя абмеркаваннi, нягледзячы на ўсе мае спробы адвесцi размову ад гэтай тэмы. Потым пачалiся лiсты - доўгiя, накрэмзаныя алоўкам пасланнi на яе iмя, здавалася б, звычайныя любоўныя лiсты, але нават ад iх выгляду патыхала разбэшчанасцю, непрыстойнасць у iх паступова ператваралася ў бессаромнасць. Але нiводны лiст не быў адасланы па пошце або нейкiм iншым чынам дастаўлены ёй; ён перш аддаваўся мне, а потым трапляў у дасье Джэкi, якое паспела за гэты час стаць даволi аб'ёмiстым. Больш таго, Джэкi не рабiў нiякiх спроб асабiстага зблiжэння з Лiндай, можа, таму, што я сурова папярэдзiў яго супраць любых такiх спроб.
Я папярэдзiў таксама Лiнду, але больш ускосна. Як бы мiж iншым сказаў, што, здаецца, апошнiм часам з'явiлася шмат злачынцаў, што нападаюць на жанчын, дадаўшы крыху з гумарам:
- Але я не думаю, што Эд кiдае цябе адну на доўгi час, Лiнда.
Яна засмяялася ў адказ.
- Я б сказала, што не кiдае. Эд дома кожны вечар. Я ўвесь час гавару яму, што не дзеля таго выходзiла замуж, каб увесь час быць адной.
Гэта мяне супакоiла. Паколькi дома яна знаходзiлася пад аховай мужа, а на рабоце - пад маiм пiльным вокам, я не лiчыў, што Лiнда знаходзiлася ў якой-небудзь канкрэтнай небяспецы, нават калi выявiцца, што Джэкi шалёны вар'ят. Я ж па-ранейшаму быў упэўнены, што ён iстэроiдны фантазiйнiк, падвоеная асоба, якая жыве ў летуценным свеце юнацкiх iмкненняў i спантаннай маны.
Потым нейкi час здавалася, што адбылося сапраўднае паляпшэнне. Джэкi зноў адчуў жаданне, каб яму дапамаглi. Хоць ён сядзеў са збянтэжаным выглядам i неахвотна iшоў на размову, але тое, што я гаварыў, слухаў уважлiва. Ён, як i раней, хутка прымаў канчатковыя рашэннi палепшыць свае паводзiны, але цяпер, як мне здавалася, большасць iх выконваў. Прызнаўся, што бязмэтна блукае ноччу па вулiцах горада, але ўжо без актаў дробнага вандалiзму. А таксама, што па-ранейшаму адчуваў шалёныя позвы, але цяпер, як ён заявiў са змрочным гонарам, перамагаў iх. Але самым значным было тое, што ён не гаварыў так часта, як раней, пра Лiнду i больш не пiсаў ёй эратычныя лiсты.
Упершыню я пачаў верыць, што настаў паваротны момант i што Джэкi хутка будзе пры сваiм розуме.
У адзiн чацвер ён прыйшоў у вельмi ўзрушаным стане. Вiдаць, паўгадзiны ён моўчкi круцiўся ў вялiкiм скураным крэсле, нават не гледзячы ў мой бок. За ўвесь час ён толькi раз выкрыкнуў:
- Паскудная распуснiца - што б з ёй нi здарылася, яна гэта заслужыла!