Бернар перапынiў яе:
- Гэта ўсё пустыя высокiя словы! Паспрабуйце нарэшце ясна сказаць, чаго вы хацелi? Паспрабуйце!
- Чаго я хацела! О, лягчэй было б сказаць, чаго я не хацела. Я не хацела разыгрываць ролю шаноўнай дамы, не хацела быць падобнай да вашай мацi, не хацела слухацца вашых турэмных сямейных парадкаў, не хацела гаварыць збiтымi фразамi, адным словам, не хацела на кожным кроку забiваць у сабе тую Тэрэзу, якая... Вось бачыце, Бернар, хачу быць праўдзiвай, а словы чамусьцi гучаць так фальшыва!..
- Гаварыце цiшэй, вунь той месьё, што сядзiць перад намi, ужо азiрнуўся.
Цяпер Бернару хацелася толькi аднаго: хутчэй скончыць з усiм гэтым. Але ён добра ведаў гэтую маньячку: пакуль не нацешыцца сваiм дурным самааналiзам, не змоўкне. I Тэрэза таксама разумела, што гэты чалавек, якi на хвiлiну наблiзiўся да яе, ужо зноў стаў далёкiм i чужым. Тым не менш яна вырашыла дагаварыць, нават спрабавала прыцягальную сiлу сваёй непаўторнай усмешкi i надавала голасу нiзкае хрыплаватае адценне, якое яму гэтак раней падабалася.
- Дык вось, Бернар, ёсць Тэрэза, якая па прывычцы тушыць акурак, каб не загарэўся верас; Тэрэза, якая любiла сама лiчыць свае сосны i даходы; Тэрэза, якая ганарылася, што выйшла замуж за аднаго з Дэскейру i заняла вартае яе месца ў адной з найбольш шаноўных сем'яў у ландах; Тэрэза, якая была задаволена, што добра ўладкавалася ў жыццi... На самай справе, такая Тэрэза ёсць, яна жывая, сапраўдная. Але ёсць яшчэ i другая Тэрэза - такая ж сапраўдная i жывая! I я не магла ахвяраваць ёю дзеля першай.
- Якая 'другая'?
Яна не ведала, што адказаць... Ён паглядзеў на гадзiннiк. Яна сказала:
- Час ад часу мне давядзецца прыязджаць да вас. Будуць справы i Мары паглядзець...
- Якiя справы? Кiраваць гаспадаркай буду я сам. Не будзем вяртацца да гэтага. Мы ж пра ўсё дамовiлiся з вамi. Вы будзеце займаць сваё месца на ўсiх афiцыйных цырымонiях, на сямейных урачыстасцях, калi гонар нашага роду i iнтарэсы Мары будуць патрабаваць, каб нас з вамi бачылi разам. А ў такой вялiкай сям'i, як наша, будуць, дзякуй Богу, i вяселлi i пахаваннi... Вунь дзядзька Мартэн... я здзiўлюся, калi ён дацягне да восенi. Дык вось вам i нагода прыехаць i паглядзець Мары...
Конны палiцэйскi паднёс да губ свiсток, i нiбы адкрылiся нябачныя шлюзы: цэлая армiя пешаходаў перасякала вулiцу. А потым на чорны асфальт хлынулi таксi. 'Трэба было мне тады ўцячы ў ланды, як гэта зрабiў Дагэр. Iсцi сярод кволых чэзлых дрэўцаў, што растуць на той беднай зямлi... Iсцi i iсцi... Да поўнай знямогi... Не хапiла б, мусiць, мне адвагi ўтапiцца ў глыбокай лагуне, як той пастух з Аржалузы, якому нявестка не давала есцi. Але я змагла б легчы на пясок, заплюшчыць вочы... Праўда, вароны, мурашкi... Тыя чакаць не будуць...'
Тэрэза глядзела на жывую чалавечую раку. Зараз яна кiнецца туды. I рака прыме яе i панясе па сваiх бясконцых перакатах... Цяпер ужо няма куды падзецца... Бернар дастаў гадзiннiк:
- Без чвэрцi адзiнаццаць. Пара вяртацца ў атэль.
- Вам не будзе горача ў дарозе?
- Дзе там! Вечарам у машыне яшчэ i холадна можа быць.
Тэрэза добра ведала тую дарогу, па якой сёння вечарам паедзе Бернар насустрач халоднаму ветру, якi данясе да яго пах балота, смалы, травы, мяты, туману... Яна глядзiць на Бернара з той усмешкай, якая некалi вымушала жыхароў ландаў гаварыць: 'Прыгажуняй мадмуазэль Тэрэзу не назавеш, але яна - сама абаяльнасць!..'
Бернар... Калi б ты мог сказаць: 'Я дараваў табе. Паедзем дадому...', i яна ўстала б i пайшла за табой...
Але Бернар, якi на момант i разгубiўся, i расхваляваўся, i дакараў сябе за гэта, - Бернар ужо быў у сваiм звычайным настроi i баяўся ўсiх новых спраў i слоў, што выходзяць за межы штодзённай патрэбы. Ён ужо сумаваў па 'каляiне', у якую ён зможа ўвайсцi толькi сёння вечарам у Сэн-Клеры. Толькi там прыйдзе да яго душэўны спакой...
- Я хачу апошнi раз папрасiць у вас прабачэння, Бернар.
Тэрэза вымаўляе гэтыя словы залiшне ўрачыста i безнадзейна. Гэта была апошняя спроба аднавiць размову. Але Бернар пратэстуе:
- Не варта больш пра гэта...
- Вы будзеце адзiнокiм. Няхай сабе я буду тут, а ўсё ж нейкае месца ў вашым жыццi займаць буду... Лепш было б мне памерцi.
Ён пацiснуў плячыма i амаль весела папрасiў 'не бедаваць па iм'.
- У кожным пакаленнi Дэскейру быў свой стары халасцяк. На гэты раз iм суджана быць мне. Для такой ролi ў мяне ёсць усё неабходнае (вы ж не будзеце адмаўляць гэта?). Шкада толькi, што нарадзiлася дачка, а не сын: прападзе iмя. Але, калi б мы i жылi разам, мы не захацелi б мець другое дзiця... Так што ўсё ў парадку. Усё iдзе добра... Не трэба мяне праводзiць. Пасядзiце яшчэ тут.
Ён знакам паклiкаў таксi i вярнуўся сказаць, што з афiцыянтам ён разлiчыўся.
Доўга глядзела яна на Бернараў бакал, у якiм засталося крыху партвейну... Потым пачала разглядаць прахожых. Некаторыя, вiдаць, кагосьцi чакаючы, хадзiлi ўзад i ўперад. Адна жанчына двойчы азiрнулася, з усмешкай паглядзела на Тэрэзу (работнiца цi, можа, толькi апранута, як работнiца?). Быў час, калi зачынялiся на перапынак швейныя майстэрнi. Тэрэзе не хацелася iсцi з кавярнi. Тут было добра i ўтульна. Яна вырашыла сёння не шукаць Жана Азеведа i ўздыхнула з палёгкай, - ёй зусiм не хацелася бачыцца з iм: зноў гаварыць, тлумачыць, падбiраць словы, выразы... Яна ведала Жана, але тых людзей, да якiх iмкнулася яе душа, яна не ведала. Пра iх было вядома толькi тое, што яны захочуць паслухаць яе. I зноў словы...
Больш Тэрэза не баялася адзiноты: яна ўжо адчувала, што варта толькi пачакаць, нерухома пасядзець, i вакол яе з'явiцца нейкi рух, нейкае хваляванне. Так, мусiць, спаўзалiся б да яе мурашкi, збягалiся б сабакi, калi б яе мёртвае цела назаўсёды засталося ў ландах. Яна прагаладалася. Устала з месца i ўбачыла ў люстэрку свой адбiтак: што ж, гэтай маладой даме вельмi пасуе дарожны касцюм. Але твар яшчэ быў схуднелы, змучаны, скуласты. I нос нейкi зусiм кароценькi. Тэрэзе падумалася: 'Я жанчына без узросту...'
Яна паснедала на вулiцы Руаяль (менавiта там яна снедала калiсьцi ў сваiх марах). У атэль вяртацца не хацелася. Ад паўбутэлькi добрага вiна па ўсiм целе разлiлася прыемная цеплыня. Яна папрасiла цыгарэты. Нейкi малады чалавек за суседнiм столiкам дастаў запальнiчку i паднёс ёй агонь. Яна ўсмiхнулася. I падумаць толькi, што гадзiну назад ёй хацелася паехаць разам з Бернарам. Трэсцiся вечарам па цёмнай калдобiстай лясной дарозе... А хiба так важна любiць толькi тую цi iншую мясцiну, сосны цi клёны, акiян цi раўнiну? Нiчога яе цяпер не цiкавiць, акрамя людзей, iстот з крывi i плоцi. 'Мне дарагi не гэты каменны горад, не лекцыi, не музеi, а гэты ўзбуджаны лес, лес людзей, дзе нараджаюцца i бурляць такiя пачуццi, з якiмi не зраўняецца нiякая бура. Начныя стогны соснаў у Аржалузе краналi i трывожылi мяне толькi таму, што ў iх было нешта чалавечае'.
Тэрэза трохi выпiла i многа палiла. Яна свяцiлася шчаслiвай усмешкай. Старанна падмалявала вусны, выйшла на вулiцу i пайшла куды вочы глядзяць...