што жыў я тады ў танным пакоi дрэннай гасцiнiцы. Антыкварная мэбля, некалькi гiпсавых злепкаў з шэдэўраў Луўра, удалая копiя з карцiны Гольбейна, палiцы, застаўленыя кнiгамi ў цiснёных вокладках, рысунак Фраганара ў арыгiнале - усё сведчыла аб вытанчаным мастацкiм гусце.

Ён пачаставаў мяне ангельскай цыгарэтай выдатнага смаку i колеру. Я папрасiў яго паказаць мне пачатак 'Новай чалавечай камедыi', але нават першая старонка i тая не была закончана. Для п'есы была падрыхтавана пакуль што адна назва, а для 'Фiласофii духу' - некалькi картак з нататкамi. Затое ён мне доўга паказваў маленькага 'Дон-Кiхота' - выданне пары рамантызму, з цудоўнымi малюнкамi, толькi што iм купленае ў суседняга букiнiста, аўтографы Верлена, каталогi гандляроў карцiнамi. Я з цiкавасцю правёў у яго вечар - вельмi мiлы таварыш.

* * *

Такiм чынам, 'Саюз пяцi' аднавiў сваё iснаванне i наша дружба стала нават мацнейшай.

Шалон, якому не было чаго рабiць, наладжваў сувязь мiж намi. Часта ён цэлыя днi праседжваў у майстэрнi Бельтара. З таго часу як быў створаны партрэт мiсiс Джэрвiс, жонкi амерыканскага пасла, Бельтара ўвайшоў у моду. Шмат прыгожых жанчын з'яўлялася да яго, каб ён iх маляваў, i прыводзiла сваiх сябровак прысутнiчаць на сеансе альбо хвалiць гатовую работу. Майстэрня напаўнялася чарнавокiмi аргенцiнкамi, бялявымi амерыканкамi, ангелькамi-эстэткамi, якiя параўноўвалi нашага таварыша з Уiстлерам. Многiя з гэтых дам прыходзiлi знарок, каб пабачыць Шалона, якi iх забаўляў i быў iм даспадобы. Бельтара, ацанiўшы адразу прыцягальную сiлу агульнага нашага друга, з вялiкiм спрытам карыстаўся iм як прынадай. У Шалона было там сваё крэсла, направа ад крэсла - скрынка з цыгарамi, налева - пакунак з цукеркамi. Ён упрыгожваў сабой майстэрню i на сеансах не дазваляў дамам нудзiцца. Ён умеў нутром угадваць выйгрышную жывапiсную кампазiцыю i ў гэтым быў проста незаменны. Нiхто лепш за яго не мог выбраць убрання i позы найбольш адпаведных той альбо iншай натуры. Надзелены рэдкiм дарам адчуваць хараство i ўзаемасувязь колераў, ён без памылкi паказваў майстру якi-небудзь жоўты альбо блакiтны тон, якi трэба было неадкладна ўхапiць. 'Дружа мой, ты мог бы стаць мастацкiм крытыкам', - гаварыў Бельтара ў захапленнi ад яго здольнасцей.

- Так, я гэта ведаю, але не хачу разменьвацца, - мякка адказваў Шалон.

У гэтай майстэрнi ён пазнаёмiўся з мадам дэ Тыянж, з герцагiняй дэ Капры, з Селiяй Доўсан, з мiсiс Джэрвiс, i яны ахвотна запрашалi яго на абед. Для iх ён быў 'лiтаратар', друг Бельтара, i гасцям яго рэкамендавалi так: 'Пан Шалон, вядомы пiсьменнiк'. Ён стаў дамашнiм кансультантам па пытаннях мастацкiх навiнак. Дамы вадзiлi яго ў кнiгарнi, пыталiся, што чытаць, i прасiлi быць iхнiм лiтаратурным настаўнiкам. Кожнай ён абяцаў прысвяцiць адзiн са сваiх раманаў, якi будзе ўключаны ў 'Новую чалавечую камедыю'.

Многiя з iх яму расказвалi сваю бiяграфiю. 'Мне больш падабаецца, калi вы гаворыце пра сябе, - падахвочваў ён дам, - бо ў маёй шматтомнай эпапеi я закрану ўсе спружыны складанай жаночай душы'. Яго лiчылi стрыманым i хутка зрабiлi сховiшчам самых пiкантных парыжскiх сакрэтаў. З'явiўшыся ў гасцiнай, ён адразу пападаў пад абстрэл некалькiх пар зацiкаўленых вачэй. Жанчыны знаходзiлi, што ён добры псiхолаг, i ахвотна перад iм спавядалiся. Шырока ўжывалася такое азначэнне: 'Шалон - увасабленне чуласцi i здагадкi'.

Аднойчы я сказаў яму:

- Ты павiнен пiсаць псiхалагiчныя раманы. Нiхто лепш за цябе не выявiў бы сучаснага Дамiнiка* ў жаночым вобразе.

* Дамiнiк - герой аднайменнага рамана Эжэна Фрамантэна.

- Ну так, я гэта ведаю, - адказаў ён з выглядам чалавека, якi, па горла завалены справамi, вымушаны адхiлiць тое, што ён рабiў бы з прыемнасцю. - Ну так, назiранняў хапае, але ў мяне ёсць пэўная мэта, i я не магу раскiдацца.

У майстэрню часта заходзiў Фабер i браў яго з сабой на рэпетыцыi. З таго часу як з шумным поспехам пачаў iсцi 'Карнавал', Фабер стаў значнай фiгурай у тэатрах Вялiкiх Бульвараў. Ён прасiў Шалона падзялiцца свежым уражаннем, бо часам акцёры i рэжысёр да таго стамлялiся, што гатовы былi адмовiцца ад п'есы. Шалон блiскуча спраўляўся са сваёй задачай. Ён выяўляў фальшывыя iнтанацыi i расцягнутыя мясцiны. Спачатку абураныя паводзiнамi чужака, акцёры нарэшце прызналi яго. У процiлегласць аўтару, свайму вечнаму ворагу, яны палюбiлi гэтага чалавека, якi нiчога сабой не ўяўляў. Хутка ён стаў вядомым у тэатральных колах, спачатку як 'друг пана Фабера', потым пад сапраўдным прозвiшчам. Бiлецёры з паклонам выдзялялi яму крэсла ў абмен на ласкавую ўсмешку. Усё часцей i часцей яго пачалi заносiць у спiскi запрошаных на прэм'еры i 'генералкi'.

- Ты павiнен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзiць, - параiў яму Фабер.

- О, напэўна! - адказаў Шалон. - Але ў кожнага свая прафесiя.

У той год, калi кожнаму з 'пяцi' стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзiлi Ганкураўскую прэмiю за 'Блакiтнага мядзведзя', а Ламбер-Леклерка выбралi дэпутатам. Фабер i Бельтара яшчэ раней набылi шырокую вядомасць. 'Саюз пяцi' быў моцным, i без асаблiвай натугi мы маглi рэалiзоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намi ў лiцэi. Наш маленькi гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпiстыя шчупальцы. У Парыжы мы былi сапраўднай сiлай, тым больш эфектыўнай, што дзейнiчала яна неафiцыйна.

Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калi мастацкi гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносiцца публiкай на астатнiх, i назва гуртка, калi яна ўдала выбрана, абуджае агульную цiкавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмiнуць 'рамантыкаў'. Аднак ёсць i значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсiх гэтак жа, як i ўздым. Манiфесты i дактрыны - зручныя мiшэнi для масавай стральбы. Адзiночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.

Прафесii ў нас былi розныя, i зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалi цудоўны калектыў узаемнай падтрымкi. Як толькi хто-небудзь з нас прабiваўся ў новы цiкавы салон, ён так энергiчна расхвальваў чатырох сваiх сяброў, што яго прасiлi прывесцi iх туды. Паколькi людзi ў большасцi лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым i чужыя ацэнкi робяць сваiмi. Фабер вялiкi драматург, бо так гаварыў я, а я - 'найглыбейшы з раманiстаў', таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калi мы ў майстэрнi Бельтара наладзiлi вечарынку ў стылi венецыянскiх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усiх, хто заслугоўваў увагi ў Парыжы. Вiдовiшча было незвычайнае. Тры красунi выступалi ў невялiчкай камедыi Фабера, дэкарацыi да якой аформiў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром i душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння i, зусiм натуральна, стаў шэфам усiх нашых дамашнiх мерапрыемстваў. Калi нам гаварылi: 'Ваш цудоўны друг...', мы ведалi, што размова пойдзе аб iм.

Як i раней, ён нiчога не рабiў. Я нi разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, фiласофскi трактат, каб ён iх зрушыў з месца хаця б на адзiн радок. Ён не рабiў нiчога ў лiтаральным сэнсе. Ён не апублiкаваў нiводнай кнiгi, не напiсаў нiводнага артыкула ў часопiс, нiводнай заметкi ў газету, нiколi не выступаў з прамовай. I зусiм не таму, што яму цяжка было дабiцца, каб яго друкавалi. Ён быў знаёмы i нават сябраваў з лепшымi выдаўцамi, з адказнымi рэдактарамi часопiсаў. I не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю i свядома хацеў заставацца толькi гледачом. Наадварот, у iм развiвалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скiраваных у адно: нядбайства i бесклапотнасць, няўстойлiвасць iнтарэсаў, слабасць волi. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, i гэта 'беднасць' прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй i шырока расплюшчанымi вачамi глядзець на жыццё. Шалон вельмi ўтульна ўладкаваўся ў жыццi i быў iм цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.

Пiсьменнiкi называлi нашага друга 'дарагi калега' i дарылi яму кнiгi з аўтографам. Па меры таго як мы падымалiся па ступенях iерархiчнай лесвiцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязi разлiчана пры ўсiм паказным лiбералiзме, Шалон прасоўваўся гэтак жа i без вагання далучаўся да гонару, якi прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды старалiся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, i не ўпэўнены, што яго далi па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сiр.

Каля нас пачалi круцiцца маладыя людзi ў пошуках падтрымкi. Шалона, якi жыў памiж нас як роўны, яны называлi 'дарагi мэтр'. Разумныя былi хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, i распытвалi: 'А што ён такое напiсаў? Цi чытаў яго хто?' Часам якi-небудзь няспрытны падлiза расхвальваў перад iм 'Блакiтнага мядзведзя' альбо 'Караля Калiбана'. 'Прабачце, - са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускiнуўшы галаву, - гэта сапраўды добрая рэч, але не мая'. Аднак з усяго нашага 'Саюза пяцi' ён адзiн ахвотна браў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×