- Куды ты пабег, нягоднiк? - i Йван, якому зусiм не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такiм нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.

Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, i, вiдаць, так i не заўважыла б Iвана, калi б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбiваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.

- А-а... гэта вы... - пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Iванаву постаць, сарамлiва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спаднiцай за альховыя галiны, а Iван, вылезшы з мурашнiку, шчыра пашкадаваў, што ня можа правалiцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.

Ён выцягнуў з кустоў валiзу, страсянуў, спраўджваючы, цi не пабiлiся купленыя ў Вiцебску чатыры пляшкi вiна, i ў той самы мiг адчуў, як штосьцi цёплае i мяккае кранулася пяткi. Гэта кот Маркiз, наставiўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравiк, прымусiўшы Iвана спачатку пудлiва падскочыць, потым аддзьмуцца i, нарэшце, падхапiць ката пад пахi i зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.

Дзiўныя рэчы чынiлiся з Iванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кiлямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калi прыгажуня выйдзе з кустоў, i, не зьмiргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлiвага ўлюбёнца.

Дзяўчына ўзяла ката, кiўком галавы падзякавала Iвану, а хлопец, якому праглася новых подзьвiгаў, скiраваў хаду да таўшчэзнай сумкi, што стаяла пры дарозе.

- Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамi на вёску пайшла... - пралепятала дзяўчына, але Iван быў няўмольным.

Ён падышоў да сумкi, ухапiўся за ручкi i, адарваўшы сумку ад зямлi, пашкадаваў аб сваiм учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьцi, важыла ня меней, як два пуды.

- А вы што... у Гатаве жывяце? - запыталася дзяўчына, калi Iван, хiстаючыся i керхаючы, зрабiў колькi крокаў.

Крыўднейшае пытаньне цяжка было i прыдумаць. Iван панурыў вочы, выпусьцiў з рук сваю пашарпаную валiзу, потым сумку i з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:

- У Баранавiчах, Берасьцейскай вобласьцi. - Пасьля чаго абабiў нагавiцы i акрыялым голасам дадаў: - Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блiзка.

Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавiчах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула i паказала пальцам на валiзу. У паветры запахла сьпiртным, а жоўты пясок пад валiзаю набрыняў чырвоным вiном.

- Усё з-за мяне, - прамовiла дзяўчына, азiрнулася i голас ейны набыў адценьне адчаю: - Зьбег, зьбег, нягоднiк.

Iван схамянуўся, кiнуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, i доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклiкала яго радасным воклiчам:

- Вярнуўся!

- Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, - паведамiла спадарожнiца, калi Iван вылез з альховых нетраў, - вераб'ёў толькi праз акно бачыў, а тут... - ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася i, кiўнуўшы ў бок Гатава, прамовiла: - Дзядзька Коля едзе.

Дзесьцi на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзiра Баркоўскага.

'Абавязкова пра шапiк спытае, цi яшчэ пра якую халеру', - падумаў Iван i праз iмгненьне, не разьвiтаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбiтай бутэлькi.

Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркi гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкiнуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Iван выцер далоньню тлустыя вусны, зiрнуў у столь.

- Гэта ж трэба. I трусы, i майку заплямiў. Паскудствам гэтам. I з парашком не адмыеш, - стоячы ля печы, мацi выцягвала з валiзы брудныя сынавы мэтлахi i кiдала ў выварку.

- Налi яшчэ, - папрасiў Iван, адчуўшы перамену ў матчыным настроi.

Мацi ўзяла талерку, вылiла з чыгунка рэшткi капусты.

- Схуднеў як. У западнiкаў. Адныя вочы блiскаюць, - выдыхнула мацi, усьпiраючы выварку на гарачую чарэнь.

Жыхароў Баранавiчаў Ларыса Пятроўна недалюблiвала i называла не iначай як 'западнiкамi'. I хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусi, а тым больш у Баранавiчах, не даводзiлася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзiхi, якая езьдзiла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялi на крупы, у яе склалася наконт 'западнiкаў' пэўная думка.

- Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцiлi, - прамовiла мацi, памешваючы палкай у выварцы. - Па амнiстыi. Страшны стаў - з нажом ходзiць.

Iван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на лiпучку, што вiсела пад стольлю. Лiпучка была чорная ад мух i вагалася ад гарачага паветра, якое струменiла ад печы.

- Ты ж глядзi, зь iм не вадзiся.

- З кiм? - не зразумеў Iван.

- 'З кiм, з кiм...' Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, - мацi так iмпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралiлася вада i хата напоўнiлася злавесным сыканьнем.

- I Мандрычыха не адстае. Кожны дзень п'яная, - мацi выцерла рукi, падхапiла зь цьвiка цыратавы хвартух i, мармычучы яшчэ нешта пра Мандрычыху, пайшла даiць карову.

Iван даеў трэцюю талерку i зноў утаропiўся на лiпучку. Вось ужо цэлую гадзiну ён спрабаваў узнавiць у памяцi аблiчча бялявай дзяўчыны, зь якою ехаў у аўтобусе, але ўяўленьне не спрацоўвала.

- Маша! - прамовiў ён нарэшце, заплюшчыў вочы i замест мiлага дзявочага тварыка ўявiў перапэцканую крывёю фiзiяномiю Лёшкi Мандрыка.

- Эх, Маша, Маша, - ужо з адчаем у голасе прашаптаў Iван, устаў з-за стала i пасунуўся ў прысенак шараваць гуталiнам выхадныя 'коры'.

Да пачатку кiнасэансу заставалiся лiчаныя хвiлiны, а глядзельная заля была амаль пустая. Толькi на першых радах тырчэла некалькi хлапечых галоў ды колькi дзяўчынёшак сядзелi ля ўваходу, слухаючы бязглуздыя Мандрычышыны аповеды. Мандрычыха, як заўсёды, была на падпiтку. На ёй быў той самы пакамечаны пiльчак, на пiльчаку вiсела тая самая мэдалька, i вярзла яна ўсё тую ж самую нiсянецiцу.

- Таварышы! Не паверыце! Такi быльнiк! Такi быльнiк! Вышэй галавы! прамаўляла загадчыца клюбу, зьвяртаючыся да дзяўчынёшак. Летась Мандрычысе, як работнiку культуры, давялi плян - выбраць тры соткi палеглага льну. Выбрала яна яго цi не - невядома, але пра свае пакуты i пра быльнiк, якi рос з iльном, яна распавядала кожнаму стрэчнаму.

Адвёўшы вочы ад амбразуры, Iван ускудлацiў непаслухмяную чупрыну, iзноў зiрнуў у залю. Апрача яго ў кiнабудцы былi яшчэ трое: кiнамэханiк Лябёдка, якi спаў на перамотачным стале, i браты Бадуновы - Пецька i Юрка. Старэйшы, Пецька, наладжваў кiнапраектар, а маладзейшы, Юрка, той самы, што некалi ледзь не ўтапiўся ў сажалцы, перамотваў стужку.

- Дзе гэта ён? - запытаўся Iван, мяльком кiўнуўшы на Лябёдку.

- Карпачысе ячмень малацiлi. Траян на камбайне, а ён снапы кiдаў, растлумачыў Пецька, запраўляючы стужку ў праектар. - Траян п'яны з камбайну звалiўся...

- I жняярку пагнуў, - уставiў слова Юрка, але брат незадаволена махнуў на яго рукою:

- Круцi хутчэй! Яшчэ тры часткi перамотваць!

Юрка налёг на корбу, барабан загуў на высокай ноце, але нечакана гудзеньне абарвалася i стужка зь вясёлым шапаценьнем зазьмяiлася па падлозе: гэта кiнамэханiк Лябёдка закiнуў спрасоньня нагу на барабан i абарваў стужку.

- Колькi разоў казаць - адразу спыняй! - крыкнуў Пецька, а Iван, адарваўшыся ад амбразуры, параiў:

- Вы яго стрыножце, каб ня брыкаўся.

Заля мiж тым напаўнялася людам. Мандрычыха, адной рукой адрываючы ад пачка бiлеты, а другою трымаючы загаслую папяроску, вiталася з кожным i п'янаватым голасам прамаўляла:

- Таварышы! Такi быльнiк!

Iван пацёр намуляны аб цаглiны лоб, уздыхнуў i з горыччу падумаў: 'Ня прыйдзе!' Ён зiрнуў на Пецьку Бадунова, i Пецька, па-свойму зразумеўшы такi позiрк, завёў кiнапраектар.

'Вiзыт савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыi ў Народную Рэспублiку Баўгарыю', - ударылi ў вочы зыркiя тытры, Iван заплюшчыў вочы, а калi зноў расплюшчыў i ўбачыў, як Брэжнеў цалуецца зь нейкiм лысым, гiдлiва скрывiўся i выйшаў з кiнабудкi.

Надвор'е было што трэба. Павяваў цёплы ветрык, у гародах натхнёна цвыркалi конiкi, а паветра

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×