Што й казаць: крыўдныя былi словы. Але Яўхiм i брывом не павёў. У душы нават падзячыў Агату, бо настаўнiца неўзабаве разьвiталася й зьбегла з хаты. Выступаць перад школьнiкамi ён зусiм ня ўмеў, ды i пра што мог расказаць? Як цягаў адубелых нябожчыкаў? Бо менавiта гэтым i давялося займацца на вайне зь белафiнамi.

Праўда, была адна падзея на векапомнай фiнскай вайне, пра якую ён зрэдзьчасу апавядаў: цi то зяцю, калi прыяжджаў у горад, цi то суседу Андросаву, кульнуўшы зь iм па чарцы. Гэта была нават не падзея, а так - дробны эпiзод. Аднак Яўхiм казаў пра тое з хваляваньнем у голасе, а на добрым падпiтку дык i са сьлязою на вачах. I апавядаў ён пра сустрэчу з камандармам Сямёнам Канстантынавiчам Цiмашэнкам.

- Выйшаў з машыны... высокi такi... у кажуху - i побач ардынарац...

Глухаваты Андросаў слухаў аповед, не да месца кiваў галавой, а ўпiхнуўшы ў рот жменю кiслай капусты, таропка, нiбыта той заяц, варушыў скiвiцамi.

Пiлi звычайна ў суседавай хаце й кожнага разу, пачуўшы Яўхiмавы байкi, на кухнi ўсхлiпвала старая Андросiха. У старой на фiнскай ваяваў родны брат, якому пасьля першага бою ампутавалi абедзьве нагi, i хаця брат застаўся жывым i дагэтуль смуродзiў сьвет недзе на Ўрале, суседка бедавала па iм як па нябожчыку.

- Казаў... выкiнулi, бедненькiх, на лёд... Мароз сорак градусаў, а яны ў бацiначках. Так i памерзьлi ўсе.

Плаксiвы бабскi голас псаваў настрой. Яўхiм хiтаў галавой, тушыў у кансэрвовай бляшанцы недакурак i панура цягнуўся за бутэлькай.

Камандарма Цiмашэнку - хаця й здалёк - Яўхiму лёсiла ўбачыць у студзенi 1940 года, на ўскраiне Сестрарэцку. У той дзень iх санiтарная каманда дарэшты стамлёная й зьлёгку вашывая, - рушыла, а дакладней кажучы - бегла, бо мароз працiнаў да касьцей - у лазьню й нечакана хтосьцi зь пярэднiх шыхтоў улякнута прамовiў:

- Камандуючы фронтам!

Усе разам замёрлi, стаiлi дыханьне й Яўхiм пачуў, як недзе наперадзе загула, а потым суцiхла легкавушка. Ён iшоў апошнiм, таму нiчога ня бачыў, а калi стаў на дыбачкi ды выцягнуў шыю, дык згледзеў фарбаваную ў белае 'эмку', што буксавала наўскрай дарогi, па самы бампэр панурыўшыся ў сьнежную кашу. Ля легкавушкi стаялi двое - перацягнуты рамянямi маладзён у блiскучых ботах i яшчэ нехта - мажны, шыракаплечы, якi, раскiнуўшы крысьсё кажуха, палiваў сьнежны бруствэр узбочыны.

На марозе чуваць далёка, таму да вушэй Яўхiмавых даляцеў пошум струменя, якi сьвiдраваў зьляжалы сьнег, два кароткiя выхлапы, якiя, зрэшты, прыглушыў рыплiвы тупат маладзёна й ягоны нецярплiвы воклiч:

- Давай сюды!

Першым ачуўся старшына Дабiжа. Выгукнуўшы прозьвiшчы трох чырвонаармейцаў, што стаялi ў першым шыхту, Дабiжа пабег, па-бабску раскiдваючы цыбатыя ногi, а сьледам, рупячыся iсьцi нага ў нагу, рушыла паклiканая iм тройца. На статутнай адлегласьцi старшына прыклаў далонь да скронi, пайшоў парадным крокам, але той, у кажуху, незадаволена таргануў галавой i, зашпiлiўшы прарэх, нацягнуў на рукi пальчаткi.

- Цiмашэнка! Без аховы... - шапталiся зьлева i справа й Яўхiм стаяў, зьбянтэжаны i ачараваны, i рой бязладных думак гарачымi iголкамi калоў патылiцу. 'Няўжо гэта той Цiмашэнка? Той славуты камандарм першага рангу, пра якога пiшуць у газэтах i якi прыехаў даць дыхту нахабным белафiнам...'

I вось ужо 'эмка', пiханая санiтарамi, выехала на сярэдзiну дарогi, перацягнуты рамянямi маладзён адчынiў дзьверцы, а камандарм, сказаўшы штосьцi Дабiжу, падышоў да легкавушкi. Аднак, што было потым, Яўхiм ня бачыў. Нехта зь першых шыхтоў зварухнуўся, захiнуў вiдасяг i як ён нi цягнуў шыю, выглядаючы Цiмашэнку, анiчога болей ня ўбачыў. Пачуў толькi, як легкавушка, стрэльнуўшы выхлапнымi газамi, скранулася зь месца, а потым загула дзесьцi праваруч, завярнуўшы, вiдаць, у завулак.

Да лазьнi маршыравалi, ня чуючы пад сабою ног, з паходнай песьняю на вуснах, а датупаўшы да камянiцы, на фасадзе якой вiсеў кавалак дыхты з надпiсам 'санобработка', пачалi, перабiваючы адно другога, дзялiцца ўражаньнямi ад сустрэчы з камандармам.

'Што, што ён вам сказаў?' - пыталiся ўсе чырвонаармейца Сiвалапа, якому пашчасьцiла пiхаць 'эмку', i Сiвалап, вытрымаўшы паўзу, прамаўляў:

- Спасiба, хлопцы.

'Спасiба, хлопцы', - бязгучна паўтараў Яўхiм, i прытоена-шчасьлiвая ўсьмешка кранала ягоныя вусны. Ён паўтарыў гэтыя два словы шматкроць: калi здымаў брудныя споднiкi, калi, па загаду нейкага акулярыстага здыхлi, змазваў лiпучым квачом пэўныя мясьцiны на сваiм целе, i потым, калi вадзiў пляскатым змылкам па ўпалай грудзiне. Змылак той, спавiты валасьнёй, дрэнна мылiўся, але ён не заўважаў гэтага, i з твару ягонага не зьнiкала анёльская ўсьмешка.

'Гэта ж трэба - самога Цiмашэнку пабачыў', - думаў Яўхiм, i сьвет брынiў уваччу й зыкi, што даляталi з парыльнi: ляскат венiкаў, сыканьне распаленых камянёў, лямант чырвонаармейца Сiвалапа, якi расьцiраўся прынесеным знадворку сьнегам, - паволi аддалялiся, ператваралiся ў няўцямны гул, i сэрца ягонае таяла, не раўнуючы, як сьнежны камяк на сiвалапавым азадку ад невыказнай любовi да камандарма.

Ён i сам ня мог зразумець - чым так ачараваў яго камандарм, але пачуцьцё, якое нарадзiлася ў той мiг, не мiнала, набываючы рысы цiхага шаленства. Праз паўгадзiны, iдучы бадзёрым крокам на станцыю, Яўхiм спрабаваў угледзець тое месца, дзе стаяў Цiмашэнка, але было ўжо прыцемна, ды i ўзбочыну тую замiлаваў ня толькi камандуючы. А яшчэ праз пару тыдняў, патрапiўшы ў шпiталь, ён кожнага дня прасiў медсястру прынесьцi яму 'Красноармейскую правду' i ў змроку зiмовага дня мядзьведзявата гартаў забiнтаванымi рукамi газэцiну, шукаючы на старонках прозьвiшча камандарма. Ну а ў траўнi таго ж саракавога году, вяртаючыся пасьля шпiталя дахаты, Яўхiм пачуў па радыё паведамленьне аб прызначэньнi Цiмашэнкi Сямёна Канстантынавiча наркамам абароны й цёплая хваля пачуцьця iзноў падкацiлася да сэрца. Было гэта на станцыi Дно.

Яўхiм сядзеў на мулкай энкапээсаўскай лаве, глядзеў на чорны квадрат рэпрадуктара й з сардэчным клёкатам у горле казаў бязногаму кавалерысту, што сядзеў на другiм канцы лавы:

- Бачыў яго як цябе зараз.

I кавалерыст, якi таксама вяртаўся з фiнскай кампанii, ледзь чутна мацюкнуўся ў адказ.

Потым была яшчэ адна вайна, на якую яго не ўзялi па прычыне адсутнасьцi трох пальцаў, потым iзноў прыйшлi Саветы i была страшэнная галадуха i акурат у той час, як у Бычках скончылася апошняя бульба, Яўхiм надумаў напiсаць Сямёну Канстантынавiчу лiста. Дзеля гэтай мэты сьцягнуў нават аркуш паперы ў сельсавеце. Але, сеўшы пры стале й тыцнуўшы ручкаю ў каламар, зразумеў: пiсаць, уласна кажучы, няма пра што.

У сорак дзевятым маршала Цiмашэнку перавялi з Паўднёвага Ўралу на Беларусь - камандаваць акругай. Пачуўшы пра гэта, Яўхiм iзноў сеў пiсаць лiста, а крыху пазьней стаў садзiць за стол i дачку Анюту. Пыхкаючы цыгаркаю, ён звычайна дыктаваў толькi адну фразу: - Здравствуйте Сямён Канстантинович, - потым змаўкаў, мружыўся на заседжаную мухамi лямпу i зрэшты рэшт асуджана махаў рукою.

А гадоў дзесяць таму, убачыўшы ў 'Известиях' маршальскi партрэт у жалобнай асадзе, Яўхiм абамлеў i, не апрануты, - а быў самы пачатак красавiка, - пабег у бычкоўскую краму. Гарэлкi ў продажы, вядома ж, не было, але магазыншчыца, пабачыўшы неапранутага наведнiка, выдала пляшку з уласнага запасу, а цёткi, што стаялi ля прылаўка, пры гэтым наструнена зашморгалi насамi.

Увесь той день ён адседзеў на кухнi, невiдушча глядзеў у вакно, за якiм мiльгалi жаночыя галовы й чулася адно i тое ж пытаньне: - Цi памёр хто? - i напаўголасу сьпяваў 'Красноармейскую походную'. Увечары, дапiўшы рэшту гарэлкi, Яўхiм выцяў з газэты маршальскi партрэт i з дапамогаю мыла прыляпiў над рукамыйнiкам.

- Зусiм зьдзiцянеў... Чорта лысага лепiць... - прамовiла той хвiляй Агата й ён так зыркнуў на жонку, што старая выпусьцiла з рук абярэмак дроў i сьпехам выкулiлася з хаты.

I цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носiк рукамыйнiка, Яўхiм касiў вока на пажоўклы здымак i толькi пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.

На вайсковую службу Яўхiма павiнны былi ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялi па здароўi. Тры гады хаваўся недалуга Яўхiм ад грэблiвых дзявочых позiркаў, а ў трыццаць сёмым убiўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку - мыў там талеркi, калоў дровы ды насiў ваду з калодзежа, - ад'еўся на дармавых харчах i неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскiм палку, якi стаяў у мястэчку Iдрыца. Да гаўбiц яго, аднак, не падпускалi - тры гады завiхаўся ля коней на палкавой стайнi. Ну а ўвосень трыццаць дзевятага, адслужыўшы прызначаны тэрмiн,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×