клюб? - небарака страсянуў ускудлачанай галавой. Ад абеду пляменьнiк напачатку адмовiўся, а паблукаўшы па двары, убiўся ў кухню i сiплым голасам паведамiў:

- Чаго-небудзь гарачага, можа, i зьем.

Матруна налiла пляменьнiку мiску гарачай капусты, накроiла хлеба i, зiрнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпiну, падумала: 'Кастрамская парода'.

Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькi раз i прыяжджаў на пагасьцiны - гадоў дзесяць таму. Хадзiў па двары, зазiраў у кожную шчылiну, штосьцi мармытаў сабе пад нос, а калi раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзiўнай мовай: 'А яблоки у вас быва-ат?' I за абедзеным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы - калi яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось i Лёшка такi: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.

Пляменьнiк мiж тым агораў адну мiску, потым другую, умалоў яечню з патэльнi, запiў усё конаўкай сырадою i падаўся на падворак.

- Вось каму жыцьцё, - аднымi вуснамi прашаптала Матруна, таксама вышла з хаты i слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукiшках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары i кожнай вясны Матруна кармiла зь яе маладых гусей.

- I навошта яна табе? Насiць будзеш, цi што? - запыталася Матруна, узяўшы рукi ў бокi.

- Ну так, насуну i пайду па Лiгаўцы, - з усьмешкаю прамовiў пляменьнiк, i ўжо сур'ёзна дадаў: - На Ленфiльме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.

Матруна таму не дала веры. 'Вiдаць, жартуе, - падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабацiны, - цi ж можа гэта быць, каб за жалезiну давалi два чырвонцы?'

Пляменьнiк iзноўку ўзяўся шараваць каску i шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.

- А што, немцы ў вас былi? - выдыхнуў Лёха, падхапiўшы ў далонь жменю вiльготнай жарствы.

- Былi, каб на iх немач.

- I што, лютавалi?

- Ды ўсякае было, - Матруна цяжка ўздыхнула, - i немцы лютавалi, i партызаны. Ужо ж нацярпелiся мы з тваёй мамай страху - ня дай Бог... Але i немцы розныя былi, - голас Матрунiн мiжволi здрыгануўся, - адзiн нават лекi прынёс, калi твая мама нагу прабiла.

- Што ж вы, з акупантамi зналiся? - запытаўся пляменьнiк, не перапыняючы шараваньня.

- Ды хто зь iмi знаўся... - выдыхнула Матруна, - прыйшоў чалавек ды прынёс лекi... Яго потым партызаны застрэлiлi. Вунь там, на суседзкiм агародзе.

Лёшка пакiнуў шараваць i задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынiлася сэрца.

- А дзе яго пахавалi?

Напачатку яна прамармытала штосьцi няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:

- У калодзеж укiнулi.

Словы зьляцелi з вуснаў, i душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзiне. Пляменьнiк кiнуў шараваць каску, падхапiўся на ногi, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньнi: дзе месьцiўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, цi вiселi на мундуры мэдалi? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьцi бубнела ў адказ i толькi калi Лёшка пабег са двара i крыкнуў, убiўшыся ў быльнiк: - Цi тут? ачулася i моўчкi махнула рукой.

Увесь дзень Матруна хадзiла прыгаломшаная; у грудзях пасялiўся лёгкi халадок, сэрца парывiста бiлася, усё валiлася з рук i адно пытаньне не давала пакою: 'Цi варта было казаць Лёшку пра магiлу?' Увечары, падаiўшы Зьвяздоху, яна выправiлася да Карпачыхi - хацелася пагаманiць з якой жывой душой, - ды мусiла вярнуцца: сьвятла ў карпачысiнай хаце не было i на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкiх лужынах, на кроне старой лiпы, на высокiм быльнiку, трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабiць i, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхi касу i шпарка, амаль подбегам, рушыла ў бок канавальчыкавай хаты.

Кусьцiсты быльнiк лёг пад ногi, паветра напоўнiлася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, i барвовая палымнiца рухавымi блiскамi адбiлася ўваччу. Абапёршыся на касiльна, Матруна ўтрапёна зiрнула пад ногi i ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьцi цяжка i змучана ўздыхнуў. Яна мiжволi азiрнулася i ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпiнаю, з крывой усмешкай на твары разьдзьмухваў прыгаслую цыгарку.

- Што гэта ты процi ночы касiць узялася?

Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьцiснулi касiльна i Матруне раптам да сьвербу ў пахвiне закарцела махнуць касой ды зьнесьцi з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступiла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася i сьцiжма халодных iголак кальнула патылiцу.

- Давай пастаiм, пагамонiм, - гукнуў Канавальчык, але Матруна, улякнута перавёўшы дых, ускiнула касу на плячук i цiха прамовiла: - Позна ўжо.

Можа таму, што была глухаватая, Матруна нiколi не магла дачуцца суседавых крокаў. I кожны раз, калi сусед нячутна падыходзiў i дыхаў у сьпiну, яе апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвiнела i, зайшоўшы ў хату, яна перш-наперш сёрбнула квасу, вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, i слухала, як гулка тахкала ў грудзiне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калi пад вокнамi заляскатаў матацыкал i Пецька Халiмонаў штосьцi крыкнуў пляменьнiку на адвiтаньне.

Ноччу Матруна кепска спала - сон толькi на золку змарыў вочы i быў ён замарачным, мулкiм, неадчэпным. Прысьнiлася, як яны зь сястрой цягалi мяхi зь пяском, сыпалi той пясок у калодзеж i дзесьцi зусiм непадалёку - так ёй здалося ў сьне - бязладна брахалi нямецкiя аўчаркi. Можа таму, што мяхi былi цяжкiмi, на ранiцу балелi рукi, ламiла паясьнiцу i яна доўга не магла ўсесьцiся на зэдлiку, каб падаiць Зьвяздоху.

Як нi дзiўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзiне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровiным вядры i падаўся ў вёску.

- Ты ж хоць малака папi, - гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнiк нават не азiрнуўся.

... У хаце мерна тахкалi ходзiкi, ля ног, скруцiўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвелiла павекi i Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзiнку, ды тут на вулцы залапатаў трактар i сон зьляцеў з павекаў. 'Каго там чэрцi прыгналi?' - падумала Матруна, зiрнуўшы ў вакно. Па вулiцы, уздымаючы пыл i матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы 'беларус'.

- Лётае як шалёны, паратунку няма, - выдыхнула Матруна, iзноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цiкаваць левым - чуйным вухам - куды паехаў трактар.

'Беларус' мiж тым лапатнуў наастачу i загуў лагодна i суцiшна, спынiўшыся дзесьцi ля канавальчыкавай хаты. Пачулiся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе i трактар iзноў завуркатаў натужна i перарывiста. Матруна скацiлася з ложку, абарвала ў сьпешцы фiранку, што вiсела на дзьвярах сьвятлiцы i так, з фiранкай на плячы, i выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапiў каўшом груд зямлi, падняў угору i з каўша ценькiм струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапiла паветра.

- А што ж... а што ж гэта робiцца? - выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, i сусед Канавальчык, якi стаяў на дарозе i дымiў цыгаркай, патлумачыў: - А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.

- Яшчэ тры каўшы - i хопiць... Далей рыдлёўкай, - крыкнуў пляменьнiк Пецьку Халiмонаву i гэта былi апошнiя словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвiнела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамi i душу Матрунiну спавiла зьнямоглая цiша.

2

Сакратарка Iя - элегантная саракагадовая кабета з выскубенымi брывамi i з моднай 'хiмiяй' на галаве - набрала нумар дарожнага ўчастку, прыцiснула да вуха слухаўку.

Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залiвiстым дзявочым голасам: Алё-о...

- Прымiце тэлефанаграму, - прамовiла сакратарка i, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопiць асадку, прадыктавала: - Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявiцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзiне.

- На закрытае? - перапыталiся на ўчастку, i змучаная такiмi пытаньнямi сакратарка па складах паўтарыла: - За-кры-та-е.

Iя выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправiла кудзеркi на лобе i ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлiзнуў старшыня спорткамiтэту Мурленя.

Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабiў, уздоўж сьцяны, спынiўся пад партрэтам правадыра, запытальна кiўнуў у бок абабiтых дэрмацiнавым матрацам дзьвярэй.

- Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасiў нiкога не пускаць, - паведамiла Iя, не адрываючы вачэй ад

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×