У свой час Муск-о-гi быў паляўнiчай тэрыторыяй iндзейскага племенi Аджыбуэяў. Гэта яны назвалi так недаследаваную прастору, якая раскiнулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Пiянеры выжылi адтуль iндзейцаў, i на працягу двухсот гадоў заказнiк Муск-о-гi добра служыў паляўнiчым i дробным фермерам. Ён i зараз кармiў iх, асаблiва тых трынаццаць трапераў, якiя мелi там паляўнiчыя ўчасткi; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гi хутка паляўнiчым не будзе чаго рабiць.

- Праўда, Джэк, - сказаў ён, - вось i дапалявалiся.

- Дык што ж цябе тут трымае? - спытаўся Бэртан. - Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнiчыя Муск-о-гi разявяць рот на новыя ўчасткi на поўначы, i на будучы год ты застанешся са сваiм iнтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? - Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлiвае Роя. Рой любiў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач i адрэзаць сябе ад сваiх, стаць бяздомнай лясной скацiнай. Але, з iншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было iншага жыцця.

- Але калi ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. - Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, i пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.

- Раней ты станеш прэм'ер-мiнiстрам, чым я фермерам, - прамовiў Рой i ўсмiхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. - Эх ты, фермер Джэк! сказаў ён. - Фермер Джэк!

- Ну i што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?

- Нядрэнна для хворага i для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлiвасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. - Рой ведаў, што гэта не зусiм так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння i па добрай волi, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён i адмовiўся ад палявання, але адзiн раз у год выпраўляўся ў лес, - каб назапасiць аленiны, як ён сам казаў, але на самай справе - i Рой гэта ведаў, каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. - Ну як, збiраешся сёлета? спытаўся Рой.

- Мажлiва i выберуся ў лес да Каляд на аленя, - адказаў Бэртан.

- Слядоў многа, - прамовiў Рой, - а самога аленя не бачыў.

- А ласi?

- Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткi, рыхтуюцца да зiмовага палявання.

- А iнспектар рыхтуе iм па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калi iнспектар зловiць яго, а Зел - той адразу трапiць у Форт-Уэнтварт. Iнспектар папярэдзiў, што ў горадзе, яго не зачэпiць, але калi сустрэне ў лесе, дык пасадзiць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён нi трапiўся.

- Няхай толькi не спрабуе лавiць iх у лесе. А то калi сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел - будзе лiха.

- Глядзi, не давай iм дазволу на карыстанне тваiмi хiбарамi, - хутка сказаў Бэртан.

- Але хiба iх упiльнуеш? Яны як снег, выпаў - i няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.

- А Зел толькi што заявiўся ў горад, - паведамiў Джэк.

Рой недачуў, i яму стала вельмi прыкра.

- Хто прыйшоў у горад? - спытаўся ён.

- Зел Сен-Клэр, - адказаў Джэк.

- А, Зел! - Рой зiрнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, цi не вярнуўся Эндзi Эндрус; але спытаць пра Эндзi было для яго вялiкай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога iхняга супольнiка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.

- А дзе Зел? - спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзi, пераконваючы сябе, што i сёлета, як i раней, Эндзi не з'явiўся i не з'явiцца нiколi. Пайшоў i не вернецца. - Хiба Зел працуе на дарозе? - спытаўся ён у Джэка.

- Не. Я пусцiў яго ў закiнуты будан у канцы маёй лесасекi. У яго жонкi яшчэ адно немаўля.

- I навошта ты пускаеш яго ў будан? Ты ж дарожны ўпаўнаважаны? Ты мусiш сачыць за парадкам! - Рою падабаўся тытул 'дарожны ўпаўнаважаны' не толькi за гучнасць, але яшчэ i за тое, што яго насiў сябар Джэк Бэртан, хоць i быў ён толькi дзесятнiкам у час летнiх дарожна-рамонтных клопатаў. - А Зел плацiць табе?

- Гэта за маю развалюху? Я пусцiў яго, каб ён ачысцiў i ўзараў лесасеку.

- Хочаш зрабiць з яго фермера?

- Не. Але зараз, калi ён страцiў свой участак у лесе, яму нельга грэбаваць нiчым.

- З Зела, як бы нi стараўся ён пракармiць сям'ю, акрамя валацугi нiколi нiчога не атрымаецца. Ты нiколi не зробiш з яго фермера, - сказаў Рой.

- Тым горай для яго, - заўважыў Джэк.

- Я думаю, што Мэрэй таксама пастараецца ўбачыць жонку i дзяцей.

- Яна паехала ў Марлоў, працуе на кансервавым заводзе, - прамовiў Джэк.

- Бедная Мэрэй! - уздыхнуў Рой. - Несправядлiва гэта з боку iнспектара так прыцясняць чалавека толькi за тое, што ён узяў некалькi скурак не ў сезон.

- Не ў сезон i не там, дзе дазволена! У хацiне Мэрэя ў пушным запаведнiку знайшлi скурак на дзве тысячы даляраў. Калi б ён не ўцёк, з iм расправiлiся б адразу.

- Ат, што тут казаць, абодва злодзеi i валацугi! - прамовiў Рой, папраўляючы лямкi заплечнага мяха.

- А калi ты не перастанеш мець з iмi справу, скончыш тым жа: станеш не паляўнiчым, а зверам. - Гэта быў выраз Роя, якi Джэк павярнуў супраць яго самога. Але Рою падабалася, што Джэк паўтарае яго словы.

- Пакуль мяне чакаюць дома, я не стану валацугам, - сказаў Рой, хаваючы сур'ёзнасць за жартаўлiвым тонам. - Я яшчэ зайду да цябе, Джэк. Абавязкова зайду, перш чым вярнуцца на возера.

- Ты нап'ешся, i я цябе не ўбачу, пакуль сам не збяруся на возера! гукнуў на развiтанне Джэк Бэртан, але Рой быў ужо далёка, i ў адказ Джэк пачуў са змроку вячэрняга лесу толькi яго смех.

Цемра апярэдзiла Роя, i калi ён адчынiў дзверы ў цёпла напаленую кухню, яго нявестка гатавала вячэру.

Яна спалохалася.

- Думала, што гэта мядзведзь, Руф? - спытаўся Рой.

- А як я магла даведацца, што гэта ты? - незадаволена прамовiла яна. - Сэм дома, а больш мы нiчога не чакаем. Хiба можна так перцiся просто з лесу?

Роя цешыў яе спалох i ён не звярнуў увагi на яе незадаволены тон. Сэм вярнуўся так рана? - спытаўся ён, паставiўшы мех ля сцяны i вывалiўшы рукi.

- Ён заўсёды вяртаецца рана, - з'едлiва адзначала Руф Мак-Нэйр. - Да зiмы далёка, а ён рэдка працуе цэлы дзень. Позна выходзiць, рана вяртаецца.

- Вiдаць, старэе, - сказаў Рой i пайшоў па лесвiцы ў свой пакой. Ён скiнуў на падлогу мех i дастаў запалкi, каб запалiць лямпу. Яна была брудная - i нi кроплi газы. Ён спусцiўся ў кухню i пачаў налiваць яе з невялiкага бiтона. Тут зайшоў брат.

- Ну, як справы? - спытаўся ён.

- Няблага, Сэм, няблага.

- Як сёлета бабёр?

- Скуркi добрыя, толькi мала. - Гаворачы з братам, Рой ветлiва выпрастаўся, але Сэм ужо выйшаў. Рой зноў сагнуўся i залiў лямпу. Ён выцер яе, запалiў i занёс у свой пакой.

Рой выцягнуў з мяшка тры звязкi скурак i паклаў iх пад матрац. Гэта не тое, каб ён iх хаваў. Ён клаў iх туды, каб разгладзiць: бо за цэлы дзень яны скамячылiся ў мяху. Больш у мяшку нiчога не было. Ён шпурнуў яго пад ложак i выцер брудныя рукi аб калашыну. У непрыбраным пакоi было пыльна i душна, таму ён адразу разнасцежыў акно.

Затым Рой пайшоў у кухню, памыўся ля ракавiны, пад пiльным позiркам худзенькай, з бяскроўным тварам дзяўчынкi гадоў васьмi.

- Добры дзень, Грэйс, - сказаў ён, але дзяўчынка моўчкi назiрала, як ён плюхаецца. Рой памыў за дзвярыма ногi i падняўся да сябе, каб да вячэры пераапрануцца ва ўсё чыстае. Калi палез па чыстую сарочку ў сасновую камоду, высветлiў, што добрая палова яго рэчаў знiкла: свiтэры, летняя бялiзна, нават порткi i боты. Бывала, раней таксама прападала сарочка-другая, але такога яшчэ не здаралася. Гэта яго

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×