- Я згодны заплацiць за карцiну да дзесяцi тысяч франкаў, самае большае пятнаццаць, - кажа калекцыянер.

Гандляру карцiць сказаць: 'Вы здурэлi, яе можна купiць куды танней'. Але ён кажа:

- Добра, я вам пазваню.

Дзесяць разоў паўтараецца такая самая цi амаль такая сцэна.

Дзесяць гандляроў звоняць калекцыянерам, што прыходзiлi напярэдаднi, i кажуць:

- У мяне ёсць пакупнiк на вашага Дуаена, вязiце яго як мага хутчэй.

- Добра, але я тут пацiкавiўся. Ён каштуе значна болей. Вы дазнайцеся. Я прывязу вам яго на наступным тыднi.

Дробныя гандляры адразу пачынаюць званiць адзiн аднаму. Праз два днi, нiхто не ведае чаму, але пра Дуаена пачынаюць шмат гаварыць у галерэях.

На сёмы дзень да аднаго з гандляроў прыходзiць калекцыянер i за вялiкiя грошы купляе тое, што яго супольнiк прынёс ранiцай. Ён кажа збянтэжанаму гандляру:

- Пастарайцеся дастаць мне за такую цану яшчэ.

Тое самае робiцца i ў iншых галерэях. Махляры няшмат на гэтым трацяць.

Праз восем дзён Дуаен пачынае карыстацца вялiкiм попытам. На жаль, у Парыжы ўжо зусiм нiчога няма з яго карцiн. Тэлефон Дуаена раптам пачынае званiць цэлы дзень. Муаўр, Жуж i Партэн заяўляюць, што iм прапаноўваюць неверагодныя сумы за яго карцiны. З галерэi, дзе рыхтуецца выстаўка, звоняць без перапынку. Адзiн з калекцыянераў, якi мае яго карцiны, сустракаецца з iм.

- Нарэшце, - кажа ён, - гэтая тупая крытыка зразумела. Я думаю, што гэта толькi пачатак. Але нельга пускаць справу на самацёк. У вас ёсць хто-небудзь, хто займаецца?.. Усiмi гэтымi справамi? Вы трохi адарваны ад гэтага свету. Я вас разумею. Але хоць вы i абыякавы да ўсяго гэтага, трэба каваць жалеза, пакуль гарачае...

Ён прапаноўвае свае паслугi: 'Вельмi рады дапамагчы. Не трэба дзякаваць. Зрэшты, я сам у гэтым зацiкаўлены, бо маю цi мала вашых карцiн, вы ж ведаеце'.

Праз шэсць месяцаў замежныя музеi займаюць чаргу. Iм абяцаюць карцiну Дуаена, мажлiва, у наступным годзе... Карцiны Дуаена iдуць па вялiзнай цане. Адну з iх ацанiлi на распродажы ў восем мiльёнаў. Вялiкую? Не, невялiкую. Праўда, напачатку мафiя (так iх употай называюць у некаторых сакрэтных колах, дзе iх ведаюць), дык вось, мафiя выставiла на продаж дзве цi тры карцiны, паказала iх i сама скупiла. Але потым у гэтым больш не было патрэбы. Гэта ўсё дабром не скончыцца, пабачыце! Шабрые (займаецца продажам карцiн вядомых мастакоў, i цяпер у яго кантракт з Дуаенам) не дастаткова моцная фiгура, i такiх цэн ён не вытрымае. Калi калекцыянеры пачнуць збываць карцiны Дуаена, ён не зможа скупiць iх за трыццаць мiльёнаў, няма чаго i казаць. Усё развалiцца, як картачны домiк.

А пакуль яны грабуць грошы.

У Дуаена ўсё таксама змянiлася. Яго выстаўка прайшла ў Н-скай зале, што яшчэ не ўдавалася нiкому. Тут не абышлося без дапамогi высокапастаўленага Правiдана, якi быў у захапленнi ад таго, што яго прагнозы спраўдзiлiся. Да таго ж гарадскiя ўлады набылi шэсць яго карцiн вялiкага фармату за цану, якую музеi звычайна не плацяць. Яму выдзелiлi залу на выстаўцы ў X..., што праходзiла раз на тры гады, i дзве залы на У... выстаўцы, якую арганiзоўвалi раз на чатыры гады, а дзесяць яго вялiкiх палотнаў адправiлi на штогадовую выстаўку ў ... На ўсiх трох ён атрымаў гран-пры. Шабрые трацiў увесь свой час на тэлефонныя перагаворы з Нью-Йоркам. Прадмова Муаўра, якой папярэднiчала бiяграфiя, была перакладзена на семнаццаць моў.

У каталогах была таксама зроблена невялiчкая прыгожанькая ўстаўка з iнфармацыяй пра аўтара прадмовы, дзе наўмысна згадвалася пра Абраама дэ Муаўра, яго продка, i яго ўяўныя лiкi. Жуж i Партэн засталiся ў баку ад гэтай валтузнi, калi не лiчыць, што ў бiяграфiях абодвух пiсьменнiкаў было адзначана, што яны з самага пачатку разгледзелi ў Дуаене аднаго з найвялiкшых мастакоў свайго часу. Такiм чынам, яны мiжволi атрымалi падставы ганарыцца. У абодвух было па некалькi палотнаў Дуаена, i яны з горыччу ўсмiхалiся ад думкi, што з-за людскога капрызу ў iх на сценах цяпер вiсiць цэлы скарб. Яны адчувалi сябе амаль прынiжанымi, калi рынак i прэса на вачах адбiралi ў iх выключна iхняга абраннiка.

Што тычыцца Дуаена, то ён нiчога не памяняў у сваiм жыццi, калi не лiчыць, што суботнiя вячэры сталi больш iнтымнымi. З шасцi гадзiн вечара ён прымае крытыкаў, захавальнiкаў музеяў, калекцыянераў, некаторых замежных гандляроў карцiнамi. Арганiзацыйныя пытаннi ён пакiнуў на антыквара. Сам жа ён займаецца тым, што кiдаецца ў вочы. Напрыклад, падоўгу размаўляе па тэлефоне з Шабрые, якi трымае яго ў курсе ўсяго, i з Муаўрам, якi аказаўся надзiва дзелавым чалавека i прадмовы да выставак Дуаена ўжо пачынаюць гадаваць яго сям'ю. Дуаен апранаецца так, як i раней. Эла таксама. У iх няма нi машыны, нi загараднага дома. Свае грошы ён кладзе ў банкаўскi сейф, каб не плацiць падаткаў. Ён вядзе надзвычай сцiплае жыццё, мала выходзiць, па суботах гатуе кус-кус, або гусь.

Часам у суботу да яго заязджае, у перапынку памiж дзвюма афiцыйнымi сустрэчамi, высокапастаўлены Правiдан.

Дуаен стаў кумiрам свайго кола. Усё, што ён кажа, здаецца глыбокiм або выклiкае нястрымны смех, усё самабытнае. На ўсiм, што ён робiць, адчуваецца адбiтак яго асобы. Калi раптам нехта пачынаў лаяць якога- небудзь мастака, то ён з вялiкай паблажлiвасцю iмкнуўся давесцi, што не зусiм ёмка нападаць на нябожчыка. Калi здаралася, што хто-небудзь з новых гасцей хвалiў каторага з жывых мастакоў, то Дуаен рабiў выгляд, што не чуе, а прысутныя глядзелi на таго з нейкiм жалем. Калi iшлося пра мастака, чыя карцiна шмат пацягнула на распродажы, выстаўка якога мела сенсацыйны поспех, якому была прысуджана прэмiя, то пра яго распавядалi так, нiбы ён належаў да iншага свету. Казалi: 'Дуаен вышэй за гэта'.

Тыя, хто не належаў да блiзкiх сяброў Дуаена, здзiўлялiся. Такi хуткi ўзлёт? Цi не махiнацыi гэта гандляроў карцiнамi? Гэта проста немагчыма. Доўга гэта не пратрывае. Але пакуль што гэта давала прыбытак.

Мастакi пацiскалi плячыма. Казалi, што ўсё гэта падстроена дзякуючы падтрымцы Правiдана. Доказам таго, што гэты жывапiс нiчога не варты, казалi яны, з'яўляецца тое, што моладзь i слухаць пра яго не хоча. Да таго ж пра гэта днямi гаварылi ў адной карцiннай галерэi i казалi, што ўсё гэта вельмi ненадзейна, няхай толькi iх выкiнуць на продаж пяць цi шэсць адразу i гэтак далей...

Зрэшты, гэта не мастак, а рамеснiк.

А тое, што ён вывешвае карцiны без рам i размалёўвае краi палатна... Чаму не сцяну вакол?.. Чаму не саму сцяну, без нiякага палатна?..

А Эла? Эла сядзiць у сваiм кутку майстэрнi з тэлефоннай трубкай у руцэ i нясмела пытаецца:

- Гэта захавальнiк X... Гэлеры. Ты будзеш з iм гаварыць?.. Не, алё, мсье, мне вельмi шкада, але цяпер ён адпачывае. Пазванiце, калi ласка, у шэсць гадзiн вечара. Йес, сэр.

Сябры кажуць, што Эла такая ж цудоўная ў перыяд поспеху, якой была да таго, як яны яго спазналi.

Што да самога Дуаена, то пранiкнуць у яго думкi надзiва цяжка. Нядобразычлiўцы кажуць, што яму да смерцi сумна, калi ён выпякае свае карцiны. Але Дуаен па-ранейшаму няспешна сур'ёзны за мальбертам. Ён аналiзуе тое, што робiць, заглыблены ў сваю работу, аддаецца ёй увесь. Тыя, хто прыходзiць i глядзiць, бяруцца потым вызначаць сэнс яго твораў. I ён будзе рабiць тое самае. I так без канца. Да яго прыйшла натуральная салiднасць. Ён салiдны i ў сябе дома, i па-за домам. Той, каму пашанцуе сустрэць яго ў галерэi Шабрые, кiдаецца хутчэй яго прывiтаць.

Сямёрка лiчыць, што iх выбар быў цудоўны i што лепшага iм i не знайсцi было. Дуаен, сам таго не ведаючы, быў выдатнай асобай.

Праз два гады пасля той невялiчкай нарады, пра якую распавядалася, сямёрка сабралася зноў. Галоўны скарбнiк зрабiў справаздачу. Вынiкi больш чым задавальняючыя. Дуаен прынёс iм больш, чым яны маглi спадзявацца. Сваю ролю ён сыграў генiяльна. Проста залаты прыiск.

- Ён зусiм не iграў, - сказаў адзiн.

- Так, - кажа другi, - ва ўсякiм разе, мы ўжо нiколi не знойдзем такога прасцяка. Мы сапраўды паставiлi на добрага каня. Я думаю, а што можа даць Мажары?

- Мажары? А чаму Мажары? У мяне ёсць лепшая кандыдатура, - сказаў трэцi, Кервэн. У яго, бедалагi, нервы ўжо не вытрымлiваюць. Цяпер або нiколi. Колькi ў нас яго карцiн? Ён вельмi хворы.

- Трыццаць дзевяць, - сказаў скарбнiк.

- Трэба прыкупiць у яго. Яму патрэбны грошы. I потым, у мяне iдэя. Нельга кожны раз цягнуць Дуаена.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×