Памолiмся, тры 'багародзiцы' скажам, - як рукою здыме!

I сапраўды, Разалiю палажылi на сасновай дошцы (Антэк глядзеў на гэта з кутка) i ўсадзiлi, нагамi наперад, у печ.

Дзяўчынка, калi яе ахапiла гарачынёй, апрытомнела.

- Матуля, - крыкнула яна, - што вы са мною робiце?

- Маўчы, дурнiца, табе ж палепшае.

Бабы ўсадзiлi яе ўжо да палавiны: малая пачала кiдацца, як рыба ў сетцы. Ударыла знахарку, хапiла матку аберуч за шыю i загалёкала:

- Матуля, вы ж мяне спалiце!..

Яе ўсадзiлi ў печ усю, закрылi чалеснiкi засланкай, i бабы пачалi свае тры 'багародзiцы':

- Багародзiца, дзева, радуйся...

- Матуля! Матуленька! - енчыла няшчаснае дзяўчо. - Ой, матуля!..

- Прысна блажэнная i пранепарочная...

Антэк падбег да печы i схапiў мацi за падол.

- Матуля! - крычаў ён, плачучы. - Яе ж там насмерць забалiць!..

Аднак ён дамогся толькi таго, што яго кашканулi, каб не перашкаджаў малiцца. Ужо i хворая перастала стукаць у засланку, кiдацца i крычаць. Тры 'багародзiцы' прачыталi, засланку прынялi.

У печы ляжаў труп, скура на iм была чырвоная, сям-там аблезлая.

- Божа! - крыкнула мацi, убачыўшы не падобную да людзей дачку.

I такi ж яе жаль узяў па дзiцяцi, што ледзь памагла знахарцы перанесцi мёртвую на тапчан. Потым упала сярод хаты на каленi i, таўкучы галавою ў ток, крычала:

- Ой, Гжэгожыха!.. Што ж вы нам нарабiлi!..

Знахарка была маркотная.

- Ат... Маўчалi б вы лепш. Можа, думаеце, што дзяўчо гэта ад гарачынi так пачырванела? Так гэта хвароба з яе вылезла, толькi што трохi захутка, дык i замарыла бедную. На ўсё божая воля.

У вёсцы нiхто не ведаў, ад чаго Разалiя памерла. От, памерла - i ўсё. Вiдаць, так ёй было наканавана. Цi ж адно дзiця за год у вёсцы памiрае, а ўсё роўна iх такое мноства!

На трэцi дзень Разалiю палажылi ў толькi што адгабляваную трунку з чорным крыжам, труну паставiлi на возе, на якiм возяць гной, i на двух валах павезлi за вёску, туды, дзе над аселымi магiламi нясуць сваю варту спарахнелыя крыжы i белакорыя бярозы. На няроўнай дарозе трунка трохi скрывiлася набок, i Антэк, што iшоў за возам, трымаючыся за мамiну спаднiцу, думаў:

'Вiдаць, Разальцы там дрэнна, калi яна так варочаецца на бакi!..'

Потым ксёндз пакрапiў труну святою вадой, чатыры дзецюкi спусцiлi яе на вяроўках у магiлу, завалiлi зямлёй - i па ўсiм.

Узгоркi, пакрытыя шумлiвым лесам, i тыя, што зараслi кустамi, - усе засталiся на сваiм месцы. Пастухi па-ранейшаму iгралi на жалейках у далiне, жыццё iшло ды iшло сваiм ладам, хоць у вёсцы i паменшала на адну дзяўчынку.

Тыдзень успамiналi яе, потым забылiся, закiнулi свежую магiлу, над якою ўздыхаў толькi вецер ды сакаталi конiкi.

А потым снег пайшоў i нават конiкаў распалохаў.

Зiмой сялянскiя дзецi хадзiлi ў школу. Мацi не чакала ад Антэка нiякай дапамогi ў гаспадарцы, хутчэй нашкодзiць яшчэ, i таму яна, параiўшыся з кумам Анджэем, вырашыла паслаць хлопца вучыцца.

- А ў школе мяне навучаць ветракi рабiць? - спытаўся Антэк.

- Ого, навучаць нават пiсаць у канцылярыi, абы табе хацелася!

Узяла ўдава сорак грошаў у вузельчыку, хлопца за руку i са страхам пайшла да настаўнiка. Зайшоўшы ў хату, застала яго за работай - латаў свой стары кажух. Нiзенька схiлiлася, аддала прынесеныя грошы i сказала:

- Кланяюся пану прафесару i ласкi вашай вяльможнай прашу, каб узялi майго свавольнiка ў навуку ды не шкадавалi на яго сваёй рукi, як родны бацька...

Вяльможны пан, у якога з падзёртых ботаў павылазiла салома, узяў Антэка за падбародак, паглядзеў яму ў вочы, палапаў яго.

- Прыгожы хлопец, - сказаў. - А што ты ўмееш?

- Яно i праўда, што прыгожы, - падхапiла мацi, - але ж нiчога, вiдаць, не ўмее.

- А што ж гэта вы за мацi - не ведаеце, што ён умее, чаго навучыўся? спытаўся настаўнiк.

- Адкуль жа мне ведаць, што ён умее? Я ж баба, не мой гэта клопат. А што да тое вучобы, то ведаю, што вучыўся ён, мой гэты Антэк, каровы пасвiць, дровы калоць, вады з калодзежа выцягнуць i больш, здаецца, нiчога.

Такiм чынам хлопец быў прыняты ў школу. А таму, што мацi было шкада тое саракоўкi, яна, каб трохi супакоiцца, сабрала перад хатай чалавек некалькi суседзяў i пачала раiцца, цi добра гэта, што Антэк будзе хадзiць вучыцца i што яна такi выдатак на яго зрабiла.

- Ха! - азваўся адзiн з гаспадароў. - Настаўнiку ж гмiна плацiць, дык, калi ўперцiся, можна яму i не даваць нiчога. Але ж ён напамiнае, а такiх, што асобна не плацяць, горш вучыць.

- А цi ж добры з яго прафесар?

- Ды так сабе. Калi гаворыш з iм, дык ён нiбы дурнаваты, але вучыць як след. Мой хлопец ходзiць да яго вось толькi трэцi год, а ўжо ўсю азбуку ведае - зверху ўнiз i знiзу ўверх.

- Ды што там значыць твая азбука, - азваўся другi гаспадар.

- Як гэта што, - сказаў першы. - Як быццам вы самi не чулi, што войт наш не раз ужо казаў: 'Каб я хоць азбуку ведаў, дык з такое гмiны меў бы прыбытку больш за тысячу рублёў, як пiсар!'

Дзён праз некалькi пасля гэтага Антэк пайшоў першы раз у школу. Яна здалася яму прыгожай, як тая карчма, дзе стойка, а лаўкi былi ў ёй адна за адною, як у касцёле. Толькi што печка лопнула, i дзверы добра не зачынялiся, ад чаго было халаднавата. Твары ў дзяцей чырвоныя, а рукi - у рукавах. Настаўнiк хадзiў па класе ў кажусе i ў аўчыннай шапцы. А па кутках школы сядзеў белы мароз, вытрашчыўшы свае iскрыстыя вочы.

Антэка настаўнiк пасадзiў з тымi, хто яшчэ не ведае лiтар, i ўрок пачаўся.

Памятаючы матчын наказ, Антэк намерыўся вызначыцца як найлепш.

Настаўнiк узяў у акачанелыя рукi крэйду i на старой дошцы напiсаў нейкi знак.

- Глядзiце, дзецi! - пачаў ён. - Гэтую лiтару запомнiць лёгка, бо выглядае яна так, як быццам хтосьцi казачка танцуе, i чытаецца 'а'. Цiха вы там, аслы!.. Паўтарыце: а... а... а...

- А... а... а!.. - хорам загалёкалi дзецi першага аддзялення.

У iхнiм пiску асаблiва выдзяляўся Антэкаў голас, але настаўнiк пакуль што гэтага не заўважыў.

Хлопцу гэта не спадабалася, гонар яго закранула.

Настаўнiк напiсаў другi знак.

- Гэтую лiтару, - гаварыў ён, - запомнiць яшчэ лягчэй, бо яна нагадвае крэндзель. Вы бачылi крэндзель?

- Войтак бачыў, а мы дык, мусiць, не... - азваўся адзiн.

- Ну дык памятайце, што крэндзель падобны да гэтай лiтары, якая называецца 'б'. Паўтарыце: бэ! бэ!

Хор выгукнуў 'бэ!', 'бэ!', i тут ужо Антэк вызначыўся па-сапраўднаму. Згарнуў далонi трубкай i бэкнуў, як добры падцёлак.

У класе выбухнуў рогат, а настаўнiк ажно затросся са злосцi.

- Эгэ! - гукнуў ён на Антэка. - Вунь якi ты маладзец! Са школы робiш цялятнiк? Дайце яго сюды - пагрэцца!

Хлопец ажно аслупянеў ад здзiўлення, i пакуль ачомаўся, два найдужэйшыя хлопцы ўзялi яго пад пахi, выцягнулi на сярэдзiну класа i палажылi.

Антэк яшчэ ўсё не разумеў, што тут да чаго, але раптам адчуў, што яго лупцуюць з прыгаворам:

- А не равi, як цяля! А не равi, прыдурак!

Пусцiлi. Хлопец абтросся, як сабака, якога дасталi з халоднай вады, i пайшоў на месца.

Настаўнiк напiсаў трэцюю i чацвёртую лiтары, дзецi хорам называлi iх, а потым настаў экзамен.

Першы адказваў Антэк.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×