павеяла ветрам, гарачым, як подыхi сонца. Вецер паказытаў прысадзiстыя копы, пасвiстаў у дуплах спарахнелых вербаў, што дарэмна старалiся адпалохаць яго памахваннем галiнак, працадзiўся цераз пляцень i павалокся па кавалёвым агародзе. Зялёнае бацвiнне буракоў з чырвонай аблямоўкай, танклявы кроп i пёрыстая пятрушка пачалi трэсцiся, як ад лiхаманкi, вiдаць, са злосцi, бо гэта гультаi - не любяць, каб iх зачапалi. А раскудлачаны бульбоўнiк, яркiя сланечнiкi i бледна-ружовыя макаўкi пачалi кiвацца, як жыды ў сваёй школе-бажнiцы, абураныя, вiдаць, легкадумнасцю ветру, якi адганяў пчол ад вулляў, а самой кавалiсе перакруцiў на галаве чапец, нягледзячы на тое, што хоць ёй i дваццаць адзiн год, а ўсё ж Стасева мацi i гаспадыня ўсяго, што ёсць у агародзе, у хаце, у хляве i на полi!..

- Ах, свавольнiк, свавольнiк!.. Ах, што ён тут вырабляе! - наракалi чырвонагаловыя макаўкi, загледжаныя ў неба сланечнiкi i буйны бульбоўнiк.

А круглыя лiсточкi грушы, пад якою мацi палажыла Стася, як старанныя нянькi, шапталi:

- Цiха, цiха, цiха!.. Вы ж мне дзiця разбудзiце!..

Курце, якi любiў дзейнiчаць, i, калi чаго лепшага не было, дык хоць парасят пацягаць за адвiслыя вушы, цяпер было нудна.

'Што гэта за парадак у свеце, - думаў ён. - Дзецi толькi спяць, гаспадыня забаўляецца зрываннем лiсця, дрэвы, замест сумленна працаваць, кiваюцца ды шалясцяць, бусел надрываецца клёкатам, а гаспадар з хлопцамi не робяць у кузнi нiчога, толькi мехам дзьмуць ды куюць?.. Ён малым малатком па кавадле: дзiнь, дзiнь, дзiнь, дзiнь!.. а хлопцы вялiкiмi малатамi па жалезе: бум, бум, бум, бум!.. Ажно iскры ляцяць. Я стаяў перад кузняй, дык бачыў...'

I, смуткуючы ад усеагульнай ляноты, працавiты Курта павалiўся на бок, аж зямля застагнала, распластаўся i ногi выцягнуў, а каб лепш выказаць сваю пагарду да ўсяго свету, прыплюшчыў вочы, толькi б нiчога не бачыць...

Тады перад позiркам яго нястомнай душы распасцерлася поле гаспадаровай капусты, дзе жыравала мноства зайцоў, якiя перабiралi лапкамi i настаўлялi вушы, як пальцы...

- Ох, i дам жа я вам дыхту, нягоднiкi! - гаўкнуў Курта i давай ганяць шкоднiкаў на ўсе бакi!..

Ганяўся, ганяўся, а поле распасцiралася бясконца, зайцы размнажалiся, як кроплi навальнiчнага дажджу, а гаспадар, гаспадыня i хлопцы, гледзячы на яго беганiну, крычалi: 'Ай, Курта, якi працавiты сабака, нi хвiлiны не адпачыне!..'

А Курта выпрастаўся i так ужо бег, што ажно хвост, не паспяваючы за iм, застаўся недзе далёка ззаду. Ледзь дыхаў Курта, але пёр.

Раптам над галавой разаспанага сабакi пачала кружыцца муха i лаяцца тоненькiм галасочкам:

- Ах ты, кудлач, абiбочына!.. Наеўся парасячага цеста, увесь свет варушыцца на сонцы, а ты ляжыш, як калода, дрэмлеш!..

Сабака прачнуўся i ляснуў зубамi на муху:

- Бачылi дармаедку!.. Вякае, што ляжу, а я тут зайцоў з капусты ганяю!..

Не хочучы трацiць час на абарону сваёй годнасцi, ён выцягнуўся яшчэ выгадней i - вярнуўся да карыснай дзейнасцi. А муха ўсё кружылася над iм, хоць ён i моршчыўся, i кiпцюры настаўляў.

- Ах ты, кудлач, гультаiна!.. - пiшчала яна. - Сказалi табе дзiця даглядаць, а ты тут адсыпаешся, завала!..

З гэтага моманту кроп i пятрушка, бульбоўнiк, мак i сланечнiк, вецер у небе, дыханне соннага Стася, буслы на адрыне i малаты ў кузнi - усё паўтарала ў такт:

- Курта гультай!.. Курта гультай!.. Курта гультай!..

Аднак працавiты Курта выцягнуўся пад грушай i ўсё ганяў ды ганяў тых зайцоў!

* * *

Пакуль Стась i Курта хораша спалi сабе пад подыхi цёплага ветру, кавалiха абабрала вусеняў з капусты, прапалола буракi i пачала рваць у рэшата салату на полудзень. Зелейка гэтае жыло сабе ў кутку агарода, каля пляценнiка ад дарогi. Гаспадыня асцярожна прыкленчыла i, выбiраючы маладыя лiсты, думала, як гэты салат усцешыцца, калi яго адмыюць у гарачай вадзе ад пылу, пальюць воцатам i акрасяць салам...

Нарвала ўжо з палавiну рэшата, амаль столькi ўжо, колькi трэба, i тут на дарозе пачулася шалясценне дробнай, павалочыстай хады i пастукванне кiя ў зямлю. Разам з гэтым кавалiха пачула як быццам гутарку.

- Супакоiшся ты ў мяне калi-небудзь цi не? - пытаўся стомлены жаночы голас.

Кавалiсе здалося, што ў адказ на гэтыя словы пачуўся невыразны шэлест, як быццам хтосьцi цягнуў кiй па пяску. Пасля зноў некалькi крокаў i пастукванне, спалучанае з тым асаблiвым шэлестам.

- Сукiн сын! - гаварыў злосны голас. - Так ты мне дзякуеш, што я табе столькi свету паказала!.. Згнiў бы недзе пад плотам або згарэў, як грэшная душа, каб не я... Дурань!..

Зноў зашалясцела.

- I дурны, вядома ж. З пастухамi табе найлепш кампанаваць, а не са мной... Вось тады ўжо ты быў бы разумны, каб цябе сабакi пагрызлi або хто-небудзь на свiных касцях паламаў. Клышаногi!..

Кавалiха выпрасталася i за некалькi крокаў ад плота ўбачыла на дарозе згорбленую бабулiну з кiем у руцэ. На плячах у старое была поўная чагосьцi дзяруга, а з-пад хусткi вылезла некалькi сiвых касмылёў, якiя трэслiся разам з галавой.

- Каго гэта вы, матуля, так лаеце?.. Гжыбiна!.. - гукнула, смеючыся, Шарачыха.

Старая павярнулася да яе.

- Гэта вы, кавалiха? - спыталася, падыходзячы да плота. - Пахвалёны вам!.. А я якраз хацела i да вас зайсцi. Ад бацькi слова. Зусiм забылася б з-за гэтага юды!..

Кажучы гэта, яна ўзняла свой кiй i страсянула iм.

- А што ж там тата мне наказвалi? - хутка спыталася Шарачыха.

- Ды вось... блытаецца ў маiх нагах i не толькi не памагае, але ж яшчэ перашкаджае хадзiць. За тое, што я яго з гною падняла!..

- А што татка наказваў вамi? - нецярплiва паўтарыла кавалiха. - Былi вы сёння ў млыне?..

- Ды была, была... Лажыся, падлюга! - злосна сказала яна свайму кiю, кiнуўшы яго на край пляценнiка. - Замаўляла Салтысiку лiхаманку, што калоцiць яго ўжо другi тыдзень, а па дарозе ўчора зайшла ў млын.

- Татка здаровыя?..

- Уга!.. Толькi казаў, каб Малгося заўтра прыехала да яго са Стасiкам, а ваш - каб таксама быў у нядзелю ў млыне...

Бабуля, вiдаць, забыўшыся пра свой кiй, абаперлася на плот i гаварыла далей:

- Яно, бачыце, так: гэты ваш арганiст, Завада, зямлю купляе i хоча ў Ставiньскага, ну, у таты вашага, пазычыць пяцьсот злотых. Быў у сераду ў млыне i прасiў, але Ставiньскi кажа: 'А чаму гэта я вам буду грошы пазычаць, калi васпан пакрыўдзiў каваля i ў злосцi з iм?..'

- Добра татка сказалi яму! - перапынiла Шарачыха.

- Тады арганiст кажа яму: 'Я з кавалём памiруся i буду сына яго вучыць'. А стары яму: 'Ну дык памiрыся, васпан'. А той на гэта: 'Калi ж баюся я ў кузню зайсцi, бо ён мяне аддубасiць. У вас я быў бы смялейшы, яшчэ б i пару бутэлек мёду паставiў, каб памiрыцца...'

- Круцель! - перапынiла кавалiха. - А цi даўно ён казаў, што ў святой бiблii напiсана: кавалi i камiнарнiкi ад Каiна i ад Хама паходзяць, з iх нараджаюцца братазабойцы?.. Каб ён удушыўся!..

- Ну, а калi ў святой бiблii так напiсана, дык арганiст не вiнават, сказала старая.

- Брэша! - усхадзiлася кавалiха. - Мы i самi ведаем, дзе што стаiць... Ад Хама паходзяць мужыкi, а мой жа не мужык, а ад Каiна - туркi, а мой жа не турак. Нiкога не забiў!..

Гжыбiна любiла пахвалiцца сваiмi ведамi пра 'патомкаў Хама', але цяпер яна далiкатна маўчала, памятаючы, што справу мае з асобай пiсьменнай, а да таго ж - з дачкой млынароў Ставiньскiх!

- Зайдзiце ў хату, адпачнiце, - сказала раптам гасцiнная Шарачыха, гледзячы на стомленую старую.

- Не магу, - адказала бабуля i схапiла свой кiй. - Трэба iсцi да Матэвушыхi, карову абкурыць, бо апушыла... Ну, - дадала яна, страсянуўшы кiй, - а ты мне добра спраўляйся рэшту дарогi, а то я цябе...

- Што вы гаворыце? - спынiла яе кавалiха.

- А як мне не гаварыць?.. Няхай, зладзюга, проста падскаквае, а не валачэцца, як п'яны...

- Гэта вашы ногi, бабуля, не спраўляюцца, кiй не паможа!

- Ат! - нецярплiва махнула бабуля рукой. - Хадзiлi ж яны восемдзесят гадоў, чаго ж iм цяпер

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×