спякоты, нi то ад чагосьцi iншага. У вачах то пацямнее, зробiцца чорна, як уночы, то раптам пачынае скакаць, як у вясёлым карагодзе, усё - людзi, немцы, дрэвы, падводы... А карнiкаў бы хто падмянiў. Яны раптам падымаюць галовы, нешта крычаць адзiн аднаму i iдуць з аўтаматамi на людзей.

- Шнэль! Шнэль! Шнэль! - чуваць з усiх бакоў.

Ага, гэта яны баяцца вечара i спяшаюцца, каб да змярку быць на станцыi. Iначай можа здарыцца неспадзяванка: нападуць партызаны i людзi разбягуцца па лесе - злавi тады...

Ад стомы я ледзьве перастаўляю ногi i iду, мусiць, абы-куды, бо з усiх бакоў мяне штурхаюць - на момант мне нават здаецца, што я трапiў у чараду кароў i кожная так i цаляе, каб баднуць мяне рогам. Я падаюся ўбок i бачу дзедаў воз. Адна драбiнка з'ехала з ручкi на кола, i яно, павольна круцячыся, шоргаецца аб дрэва. 'Шорх-шорх, шорх-шорх!..' З нацёртай да бляску шыны мукою сыплецца сыпкi пясок...

Круцiцца, круцiцца кола...

I вось мне пачынае ўжо здавацца, нiбыта я ў млыне: стаю, гляджу, як круцяцца, мелючы зерне, вялiзныя камянi, i па збажыне сунуся сам у жолаб. Жолаб проста ўвачавiдкi расшыраецца, расце, i вось ужо ён зрабiўся такi вялiкi, што ў iм месцяцца i людзi, i конi, i ўся гэтая пыльная, бясконцая дарога, што цягнецца немаведама куды. Людзi раптам падаюць на збожжа i засынаюць. Спяць усе. Не сплю толькi чамусьцi адзiн я, хаця ад дрымоты i ў мяне злiпаюцца павекi. Я заплюшчваю вочы i падаю таксама на зерне - мяккае, цёплае...

...Ачынаюся я на дзедавым возе. Ля мяне сядзiць Саўка, нейкiя чужыя босыя мурзатыя дзецi. Чые яны, я не пазнаю. Азiраюся - тая ж вiлястая пыльная дарога, той жа бясконцы вiрлiвы паток: людзi, валы, конi, падводы, немцы... Дзед iдзе побач, трымаючы ў руках лейцы, i ў яго аж скача з рота пена - такi ён злосны. Я пытаюся ў Саўкi, што здарылася. I ён расказвае мне, што я ўпаў на дарогу, i канвойны немец, якi iшоў пры нас, раскрычаўся, сцялежыў воз, паскiдаў з яго ў раўчук усе дзедавы мяшкi, а ўсiх нас, дзяцей, хто прыстаў, падбiўся ў дарозе, загадаў пасадзiць на воз...

У Нямеччыне дзед трапiў да баўэра кiламетраў за сто ад нас, i ўсю вайну, аж да вызвалення, мы з iм не сустракалiся. Калi ж вярнулiся з чужыны, дзед быў ужо дома - ён прыехаў раней i пасялiўся ў пограбе на старым сваiм селiшчы. Ставiць хату зноў разам з намi ён не захацеў, дый не вельмi напрошвалася на гэта наша мацi. Пад сваю новую хату мы знайшлi i новы пляц. У пограбе дзед пажыў да глыбокай восенi, пакуль не захаладала, а тады раптам кiнуў-рынуў сваё селiшча i перабраўся жыць да Тоцi - старэйшай Серадольшанкавай дачкi. Муж яе, гэтак жа, як i наш бацька, не вярнуўся з вайны, аднак у яе была ўжо хоць i маленькая, ды свая хата: яе, гэтую хату, казалi, зрабiлi салдаты з ваенведа...

Дзед быў яшчэ дужы i някепска зарабляў, па начах пасвячы 'лястрангасаўскiх' коней, а ўдзень кладучы людзям печы цi стаўляючы зрубы. Да таго ж ён прывёз сёе-тое з адзежы з Нямеччыны. I жанчына, мусiць, спадзявалася пакуль што пажыць за шырокай дзедавай спiнай.

Чакаць помачы нам не было адкуль, i мы самi пачалi ставiць сабе хату. З чужыны мы вярнулiся ўлетку, у самае жнiво. Пасеяць што-небудзь цi пасадзiць было позна, i цэлы год нам давялося жыць чым бог пашле. Восень i зiму яшчэ сяк-так гiбелi, прадаючы астатняе з адзежы i купляючы бульбу, хлеб. А вясною селi на крапiву i шчаўе.

Бачачы, што мы з Саўкам зусiм далiся i ад недаядання пасiнелi, мацi папрасiла Саўку схадзiць да дзеда, каб ён хоць чым-небудзь памог нам, калi не бульбай i хлебам, то хай бы хоць дзень парабiў ля хаты. Iсцi да дзеда Саўка адмовiўся, сказаўшы, што ён лепей пойдзе ў кускi, чым да дзеда.

- Усё роўна ён нiчога не дасць i да хаты нашай не пойдзе. Навошта ж хадзiць ды клянчыць...

- То што ж мне рабiць з вамi? - пачала ламаць рукi мацi. - Сядзець ды глядзець, як вы марнееце ды чэзнеце? - I яна заплакала.

Я накiнуў на плечы свiтку i выйшаў з хаты: надумаўся сам схадзiць да дзеда - не можа быць, каб ён астаўся абыякавы, раўнадушны да нашага гора.

Калi я ўвайшоў у Тоцiну хату, дзед якраз снедаў. На стале перад самым яго носам ляжаў цэлы стос пульхных пшанiчных аладак, на дашчэчцы стаяла патэльня, поўная туку i тоўстых ружовых скварак. Але аладкi i сала дзед пакiдаў на пасля, бо цяпер, нагнуўшыся над глiнянаю мiскаю, ён упарта сёрбаў булён. Тоцi дома не было - няйнакш некуды выбегла, i гэта мяне ўзрадавала: пры ёй я бянтэжыўся б, мусiць, няёмка сябе пачуваў бы i дзед.

Я паздароўкаўся i адразу ж, не прайшоўшы нават на хату, сказаў, чаго прыйшоў.

Дзед павярнуў да мяне сiвы, валасаты твар, блiснуў вачыма i, не перастаючы жаваць, загаварыў доўга i разважлiва:

- Яно, канечне, на добры лад памагчы трэба было б. Што нi кажы, а ўсё ж свае... Сiроты... Ды гэта каб на добры лад, каб нявестка была не пустадомак, а чалавек, якi дбае пра сям'ю, каб i не галодныя былi, i не голыя... - памаўчаў, зачэрпнуў з мiскi лыжку булёну, упiхнуў у рот добры кус хлеба i, павольна варушачы скiвiцамi, казаў: - Усе людзi як людзi. Хто ў лястрангас пайшоў, а хто ў ляснiцтва ўладкаваўся, хто яшчэ куды, дзе капейку даюць, - рыбка шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. А яна ў калгас...

- Але ж i ў калгасе трэба некаму рабiць, - не згадзiўся я з дзедам, - бо калi ўсе па заробках розных пойдуць, хто ж зямлю ўрабляць будзе, хлеб сеяць?..

- Кхе-кхе... - усмiхнуўся дзед, паказаўшы рэдкiя жоўтыя зубы. - Ты слухай, стары вол баразны не псуе, а стары чалавек абы-чаго не плявузгае. Ведай, што калi бог спарадзiў чалавека, дык даў яму i розум. А нашто чалавеку розум? Я свой век пражыў i сяму-таму навучыўся. Чалавек павiнен адзiн быць, сам сабе гаспадар на сваёй зямельцы, тады ў яго будзе ўсё - i хлеб, i сала, i грошы. Пакуль гэтага не будзе, зямлi цурацца трэба...

Гаварыць далей з дзедам не было нiякага толку, i я, бразнуўшы дзвярыма, што аж затрымцелi ў вокнах шыбы, выйшаў. Мне было прыкра i горка, ад крыўды я ледзь не плакаў.

I ўсё ж мы не памерлi з голаду: выжылi. I не толькi выжылi, але зусiм неспадзявана i запамаглiся. Як сям'i, што пацярпела ад вайны, нам далi бясплатную маладую, з малаком, карову, памаглi i насеннем, рацыёнамi. Само сабой, вядома, паставiлi мы i хату. I не абы-якую: з новага, смалiстага, як звон, дрэва, з пяццю шырачэзнымi - асаблiва пасля зямлянкi, у якой мы да гэтага жылi, - вокнамi, вялiкай, з лежаком, печчу.

Мы сталi жыць не горш ад людзей. I калi ўжо зусiм забылiся, што недзе побач дажывае свой век наш дзед, па вёсцы пранеслася чутка, што дзед наш застудзiў ногi, яны апухлi i ён не можа сам нават выйсцi на двор. Мо праз тыдзень пасля гэтага ў нашу хату ўбегла Каця, меншая Серадольшанкава дачка сам ён ужо даўно парыў косцi, памёр, небарака, у самую галадоўку - i, прысеўшы на ўслон, расказала, што дзеда нашага выгнала Тоця i што ён сядзiць на сваiх клунках на прызбе яе хаты i не ведае, дзе падзецца. Каця не любiла Тоцi, бо тая адцуралася свайго роднага бацькi, нават на пахаванне не прыйшла, а ўзяла да сябе ў хату зусiм чужога чалавека, маладая - старога. Цяпер Каця з апошнiх слоў лаяла сястру:

- Падумаць толькi, якая падкалодная гадзiна! - казала яна з гневам. Выцiснуць з чалавека апошнiя сокi, а тады, як тую непатрэбную анучу, выкiнуць. Гэтага трэба было ад яе чакаць. Яна ж, як жылi яшчэ з бацькам, пацiху ад усiх крала з кубла сала i прадавала, каб купiць сабе ўборы ды да хлопцаў збегаць...

Каця пакруцiлася яшчэ трохi ў нашай хаце i некуды пабегла - няйнакш панесла гэтую навiну ў другiя хаты: яна рада была выпадку збэсцiць сястру, бо тая ж надта зазналася.

Было ўсё гэта ў абед. Мацi толькi што прыйшла з фермы - даглядала ў калгасе свiней. Не скiдаючы ватоўкi, яна пасядзела на лаве, моўчкi выслухала Кацю, а калi тая выйшла з хаты, устала, нявесела абвяла вачыма нас з Саўкам i сказала зусiм спакойна да мяне:

- Я ведала, што гэтак будзе... Адзявайся, сынку, паедзем прывязём яго да сябе. Усё ж ён нам свой...

Пачуўшы матчыны словы, Саўка быў устаў з-за стала - ён рабiў урокi, хацеў нешта сказаць, але падумаў, махнуў рукою, сеў зноў на сваё месца i, узвалiўшыся ўсiмi грудзьмi на стол, пачаў нешта хутка-хутка пiсаць - аж зарыпела лава.

Я борзда злазiў на пясошнiк, дастаў саматужкi, i мы паехалi.

Тоця жыла поблiзу колiшняга нашага селiшча, i ехаць трэба было ледзь не праз усю вёску. Памятаю, што, хоць i стаяў яшчэ люты, той дзень выдаўся на дзiва цёплы, адлiжны, дзе-нiдзе нават капала са стрэх. У дварах зусiм па-вясноваму зычна i весела кукарэкалi пеўнi, склiкаючы да сябе курэй, а на вулiцы гулялi ў снежкi дзецi. Ля калодзежаў стаялi, падаткнуўшы пад фартухi рукi, купкамi бабы - абгаворвалi вясковыя навiны. Не-не дый, калi мы пад'язджалi блiжэй, паварочвала каторая твар да мацi i пыталася са шкадаваннем:

- Няўжо едзеш па яго? - i, бачачы, што гэта так, ушчувала мацi. - Ды я б на тваiм месцы, Насця, плюнула яму ў вочы. Хай бы падыхаў, як сабака, пад плотам. Ногi - гэта не галава, не шлунне. Ты ведаеш, колькi ён

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×