Сент-Экзюпери Антуан

Планета людзей (на белорусском языке)

Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры

Планета людзей

Пераклала Нiна Мацяш

Вялiкая прэмiя Французскай Акадэмii за лепшы раман

Анры Гiёмэ, таварыш мой, табе прысвячаю я гэтую кнiгу

Зямля памагае нам разумець самiх сябе, як не памогуць нiякiя кнiгi. Бо зямля не паддаецца нам. Чалавек спазнае сябе толькi ў змаганнi з перашкодамi. Але для гэтага змагання яму патрэбны прылады. Яму патрэбны гэблiк цi плуг. Селянiн сваёй нялёгкай працай паступова вырывае ў прыроды яе таямнiцы, i iсцiна, якую ён здабывае, - усеагульная iсцiна. Гэтак i самалёт - прылада для пракладвання паветраных лiнiй - сутыкае чалавека з усiмi адвечнымi праблемамi.

Нiколi не забуду майго першага начнога палёту ў Аргенцiне, той апраметнай цемрадзi, у якой, быццам рассыпаныя па раўнiне зоркi, мiгцелi рэдкiя агеньчыкi.

Кожны з iх азначаў у гэтым акiяне цемрыва цуд чалавечага духу. Пры святле вось гэтай лямпы нехта чытае, цi летуценiць, цi спавядаецца. А тут, магчыма, нехта марыць пра касмiчныя палёты, нехта карпее над вылiчэннем туманнасцi Андрамеды. А там - кахаюцца. Яны нястомна пераклiкаюцца, гэтыя агнi ўнiзе, i кожнаму патрэбна сiлкаванне. Усiм без выключэння, нават сама сцiплым - агням паэта, настаўнiка, цеслi. Але мiж гэтых жывых зор - колькi зачыненых аканiц, колькi пагаслых зорак, колькi заснулых людзей...

Далучыцца б да iх. Пагаманiць бы з вамi, зiхоткiя агеньчыкi, раскiданыя ў палях.

I. ПАВЕТРАНАЯ ЛIНIЯ

Гэта было ў 1926 годзе. Я паступiў тады пiлотам на авiялiнiю кампанii 'Латэкаэр', якая яшчэ да 'Аэрапасталi' i 'Эр-Франс' наладзiла сувязь памiж Тулузай i Дакарам. Там я асвойваў сваё рамяство. Разам з iншымi таварышамi я праходзiў падрыхтоўчы курс, абавязковы для ўсiх навiчкоў, перш чым мець гонар вадзiць паштовы самалёт. Пробныя палёты, перагоны Тулуза - Пэрпiньян, нудлiвыя ўрокi навiгацыi ў кутку ледзянога ангара. Мы жылi ў боязi прад невядомымi нам гарамi Гiшпанii i ў глыбокай павазе да 'старых'.

Мы сустракалiся з iмi, 'старымi', у рэстаране, - засяроджаныя, нейкiя недаступныя, яны даволi звысоку давалi нам свае парады. I калi нехта з iх, па вяртаннi з Алiкантэ цi Касабланкi, у скуранцы, мокрай ад дажджу, са спазненнем далучаўся да нас, а нехта з нас нясмела цiкавiўся, як прайшоў палёт, яго скупыя адказы i слота на дварэ стваралi ў нашым ўяўленнi цэлы казачны свет, поўны пастак, сiлоў, неспадзяваных скал i завiхрэнняў такой сiлы, што маглi б вырваць з коранем кедры. Чорныя драконы сцераглi доступ на ўзвышшы, вогненныя кароны ўвенчвалi кратэры. Яны, 'старыя', умела падтрымлiвалi нашу пашаноту. Але потым нехта з iх не вяртаўся, i жывым заставалася вечна шанаваць iх памяць.

Помню, як вярнуўся Бюры, якi пазней разбiўся ў Карб'ерах. Бывалы лётчык сеў памiж нас i моўчкi, усё яшчэ стомлена горбячыся, стаў нетаропка есцi. Быў вечар аднаго з тых слотных дзён, калi неба гнiе па ўсiм маршруце авiялiнii i лётчыку мроiцца, што ўсе горы куляюцца ў тванi, як гарматы на палубе колiшнiх паруснiкаў, калi лопнуць прымацаваннi. Я паглядзеў на Бюры, пракаўтнуў камяк у горле i нарэшце асмелiўся запытацца, цi цяжкi быў палёт. Бюры не азваўся, засяроджаны, схiлены над талеркай. На борце адкрытых самалётаў у кепскае надвор'е лётчыкi, каб лепей бачыць, высоўваюцца па-за ветравое шкло, i поўхi ветру яшчэ доўга потым свiшчуць у вушах. Але вось, здаецца, Бюры пачуў мяне, падняў галаву, схамянуўся i нечакана хораша засмяяўся. I гэты смех, гэты кароткi смех, якi азарыў ягоную стому, прывёў мяне ў захапленне. Ён нi слова не сказаў пра сваю перамогу, апусцiў галаву i моўчкi зноў запрацаваў скiвiцамi. Але ў прыцемку рэстарана, сярод дробных службоўцаў, якiя аднаўлялi тут свае сiлы пасля нiкчэмных дзённых турбот, гэты таварыш з цяжкiмi плячыма падаўся мне дзiвосна годным: з-пад тоўстай кары праглянуў анёл, якi перамог дракона.

I вось, нарэшце, настаў вечар, калi мяне паклiкалi да дырэктара. Ён коратка сказаў:

- Заўтра вы ляцiце.

Я стаяў i чакаў, калi ён дазволiць мне выйсцi. Але, памаўчаўшы, ён дадаў:

- Iнструкцыi добра ведаеце?

У той час маторы былi далёка не такiя надзейныя, як цяперашнiя. Часта яны знянацку, без усялякага папярэджання аглушалi нас страшэнным грукатам раструшчанага посуду. I тады даеш штурвал ад сябе, каб скiраваць самалёт унiз, да скалiстай гары Гiшпанii, якая зусiм не абяцае прытулку. 'Калi матор сапсуецца ў гэтых мясцiнах, - разважалi мы, - то самалёта, як бы ты нi намагаўся, ужо не ўратуеш'. Але самалёт можна замянiць. Сама галоўнае было не ўрэзацца ў скалу. I нам пад пагрозай сама суровага пакарання забаранялася ляцець у гарыстых зонах вышэй хмар. У выпадку аварыi лётчык, ныраючы ў бялёсую кудзелю, саслепу можа натаўкнуцца на якую-небудзь горную вяршыню.

Вось чаму ў той вечар нетаропкi голас яшчэ раз нагадаў мне прадпiсанне:

- Гэта вельмi шыкоўна - ляцець па компасу ў Гiшпанii па-над суцэльнай воблачнасцю, гэта так элегантна, але...

I яшчэ павольней:

- Але памятайце: пад суцэльнай воблачнасцю - вечнасць...

I раптоўна гэты знiтаваны, такi свойскi, спакойны свет, якi разгортваецца перад табою, калi вырываешся з хмар, набывае для мяне невядомую раней якасць. Прыязнасць абарочваецца пасткай. Там, унiзе, не тлум, не мiтусня людзей, не шумны гарадскi транспарт, як можна было меркаваць, а бязмежная цiша, непарушны спакой. Гэтая белая смала стае для мяне мяжой памiж быццём i нябытам, вядомым i неспасiцгальным. I я пачынаю разумець, што любая з'ява выяўляе сваю сутнасць толькi праз веды, праз духоўную культуру, праз рамяство. Горцам таксама знаёмая суцэльная воблачнасць. Аднак яны не бачаць у ёй гэтай фантастычнай заслоны.

Калi я выйшаў з кабiнета, мяне ахапiла нейкая дзiцячая гордасць. Нарэшце i я прыму на золку адказнасць за пасажыраў, за афрыканскую пошту. Але адначасна я быў i прыгнечаны. Мне здавалася, што я кепска падрыхтаваны. Гiшпанiя была небагатая на прытулкi; я баяўся, што, калi мяне спасцiгне аварыя, я не знайду выратавальнай пляцоўкi. Я дастаў карту, доўга разглядваў яе, але яна, абыякавая, не давала мне тых парад, у якiх я меў патрэбу; тады я, перапоўнены бояззю i гонарам, вырашыў правесцi гэтую ноч напярэдаднi бою ў майго таварыша Гiёмэ. Гiёмэ ўжо лятаў па гэтых маршрутах. Гiёмэ ведаў хiтрыкi, з дапамогай якiх можна было падабраць ключы да Гiшпанii. Хай Гiёмэ навучыць i мяне.

Убачыўшы мяне, ён усмiхнуўся:

- Ведаю, ведаю. Ты задаволены?

Ён дастаў з тумбачкi бутальку вiна i шклянкi, падышоў да мяне, не перастаючы ўсмiхацца:

- Такую падзею трэба адзначыць. Усё будзе добра, вось пабачыш!

Ён выпраменьваў давер, як лямпа выпраменьвае святло, гэты таварыш, якому пазней выпадзе зрабiць рэкордныя пералёты з поштай над Кардыльерамi i Паўднёвай Атлантыкай. Але гэта адбудзецца праз некалькi гадоў, а ў той вечар, седзячы ў адной кашулi пад лямпай, скрыжаваўшы рукi на грудзях i ўсмiхаючыся сама лагоднай сваёй усмешкай, ён проста сказаў мне:

- Навальнiцы, туман, снег часам будуць чынiць табе непрыемнасцi. Але ты думай тады пра тых, хто ўжо прайшоў праз усё гэта, i проста скажы сабе: 'Тое, што ўдалося iншым, удасца i мне'.

Аднак я разгарнуў карту i папрасiў яго разам прагледзець мой маршрут. I, схiлiўшыся пад лямпай, абапёршыся на плячо старэйшага таварыша, я зноў набыў спакой i ўпэўненасць, як у далёкiя школьныя гады.

Але якi дзiўны ўрок геаграфii быў у мяне! Гiёмэ не расказваў мне пра Гiшпанiю; ён ператвараў Гiшпанiю ў маю прыяцельку. Ён не гаварыў нi пра водныя басейны, нi пра колькаедь насельнiцтва, нi пра пагалоўе статка. Ён апавядаў не пра Гуадыс, а пра тры апельсiнавыя дрэвы, якiя раслi на ўскрайку поля паблiзу Гуадыса: 'Асцерагайся iх, адзнач iх на сваёй карце...' I з гэтай хвiлiны тры апельсiнавыя дрэвы набывалi для мяне большае значэнне, чым Сьера-Невада. Ён казаў не пра Лорку, а пра небагатую ферму паблiзу Лоркi. Пра жыццё гэтай фермы. Пра яе гаспадара. Пра яе гаспадыню. I гэтыя муж i жонка, загубленыя ў пространi, за сто пяцьдзесят кiламетраў ад нас, набывалi невераемную важнасць. Прылепленыя да схiлу гары, яны, быццам бакеншчыкi, былi гатовы сваiмi зоркамi прыйсцi на дапамогу людзям.

З недаступнага розуму занябыту мы вывудзiлi дэталi, невядомыя нiводнаму географу ў свеце. Бо географаў цiкавiць толькi рака Эбра, якая поiць шматлiкiя гарады. Але не прытоеная ў траве ручаiнка заходней Матрыля, кармiлiца трох дзесяткаў красак: 'Асцерагайся ручайка, ён размякчае дол... Пазнач i яго на карце'. О, я не забудуся пра змейку каля Матрыля! Такая бяскрыўдная, усяго некалькi жабак цешыць сваiм лагодным мармытаннем, але заплюшчана ў яе толькi адно вока. У раi выратавальнага поля, залёгшы ў зеленатраўi, яна цiкуе за мной за дзве тысячы кiламетраў адсюль. Пры першым жа зручным выпадку яна

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×