паверхнямi, яго магутнай сiлай, выццём яго цылiндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой блiскучыя дыскi, якiя рэзалi зямлю вострымi лёзамi - не ворыва, а хiрургiчная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другi рад дыскаў крышыў яго i валiў налева. Вострыя лёзы ззялi, адпалiраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызалiся. А за дыскамi iшлi бароны, жалезнымi зубамi прачэсвалi зямлю - разбiвалi дробныя камякi i пакiдалi за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волi механiзмаў вывяргалi семя, метадычна i бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзеннi i ганарыўся прамымi барознамi, пракладзенымi мiма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любовi i якi яму не належаў, ганарыўся сiлай, над якой не меў улады. А калi ўраджай выспяваў i яго збiралi, нiхто не размiнаў гарачых камякоў зямлi пальцамi, не прасейваў яе мiж iмi. Нiчые рукi не дакраналiся да насення, нiхто з замiраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзi елi тое, што яны не вырошчвалi, памiж iмi i хлебам знiкла сувязное звяно. Зямля радзiла пад жалезам i пад жалезам паволi памiрала; яе нi любiлi, нi ненавiдзелi, да яе не звярталiся нi з малiтвай, нi з праклёнамi.

Апоўднi трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка i даставаў сняданак сандвiчы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой i торцiк з кляймом, як на дэталi машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзiлi да яго з дамоў, з цiкавасцю пазiралi, як ён знiмае акуляры i гумавую маску, пад якiмi засталiся белыя кружкi вакол вачэй i вялiкi белы круг вакол носа i рота. Выхлапная труба цiха пафырквала, бо гаручае каштавала танна i не было нiякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цiкаўныя дзецi абступалi яго чародкай, абарваныя дзецi з аладкамi ў руках. Яны адкусвалi па кавалачку i прагнымi вачамi сачылi, як трактарыст раскручвае з паперы сандвiчы, завостранымi ад голаду насамi ўдыхалi пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалi з трактарыстам, толькi ўважлiва сачылi за рукой, што падносiла ежу да рота. Яны не глядзелi, як ён жуе, - iх вочы не адрывалiся ад рукi, у якой ён трымаў сандвiч. А неўзабаве падыходзiў арандатар, якi адмаўляўся пакiдаць свой участак, прысаджваўся на кукiшкi ў цянi трактара.

- Цi не сын ты Джона Дэвiса?

- Ён самы, - адказваў трактарыст.

- Навошта ж ты пайшоў на такую работу - супраць сваiх?

- Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка i дзецi. Трэба ж нешта есцi. Тры даляры ў дзень i пастаянная праца.

- Усё так, - гаварыў арандатар. - Але праз твае тры даляры пятнаццаць цi дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотнi людзей давялося зняцца з месца, i цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Цi ж гэта справядлiва?

Трактарыст адказваў:

- Я пра ўсiх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваiх дзяцей. Тры даляры ў дзень i пастаянна. Цяпер зусiм iншы час, мiстэр, хiба не ведаеце? Калi ў цябе няма двух, пяцi, дзесяцi тысяч акраў зямлi i трактара, на жыццё не заробiш. Такой драбязе, як мы з вамi, няма чаго i думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандалiць з тае прычыны, што не можаце выпускаць 'форды' альбо кiраваць тэлефоннай кампанiяй? Тое самае i з зямлёй. Нiчога не зробiш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзiнае выйсце.

Арандатар пачынаў разважаць:

- Дзiўная справа: калi ў чалавека ёсць маленькi ўчастак, ён з зямлёю гэтай як бы адно цэлае, яна - частка яго самога, усё роўна - што ён, што яна. Ён ходзiць па сваёй зямлi, прыкладае да яе свае рукi, бядуе, калi яна дрэнна родзiць, калi яе залiвае дажджом, бо ён i зямля - адно цэлае, толькi ён адчувае сябе мацнейшым за яе, таму што ён - гаспадар. Нават калi ўдача яго абмiнае, ён усё роўна, калi мае зямлю, адчувае над ёю сваю сiлу. Вось яно як.

Арандатар працягваў думаць уголас:

- А калi ў цябе вялiкi зямельны ўчастак, ты яго не можаш нават вокам акiнуць, не маеш часу памацаць зямлю сваiмi пальцамi, адчуць яе пад нагамi, i гаспадаром робiцца не чалавек, а зямля. Чалавек не вольны рабiць тое, што хоча, не вольны думаць, як хоча. Зямля мацнейшая за яго, яна - гаспадар. А чалавек робiцца маленькiм. Уладаннi яго вялiкiя, але ён толькi прыслугоўвае iм. I гэта таксама праўда.

Трактарыст дажоўваў аштампаваны торт i кiдаў скарынку ўбок.

- Час цяпер iншы, хiба не ведаеш? З такiмi думкамi ў галаве дзяцей не пракормiш. Зарабляй свае тры даляры ў дзень, кармi сям'ю. Трывожыцца за чужых дзяцей не твая справа. А то пойдзе пра цябе дрэнная пагалоска, i тады не бачыць табе i гэтых трох даляраў. Думай толькi пра свае тры даляры, нi пра што iншае, а не, дык заправiлы не дадуць табе i iх.

- Праз твае тры даляры мо сотня людзей блукае па дарогах. Куды нам дзецца?

- Добра, што нагадаў, - ажыўляўся трактарыст. - Выбiрайцеся хутчэй. Пасля абеду я заару ваш двор.

- Калодзеж ты яшчэ ранiцай завалiў.

- Ага. Баразну трэба весцi роўна. Вось пад'ем i заару двор. Барозны павiнны быць прамыя. I яшчэ... раз ты ўжо ведаеш майго старога, Джо Дэвiса, дык я, няхай сабе, скажу. На выпадак, калi арандатарская сям'я яшчэ не выехала, у мяне ёсць загад... Ну, усякае бывае... сам разумееш: пад'ехаў крыху заблiзка да дома, лёгенька крануў яго трактарам... i за гэта мне якiя два лiшнiя даляры. Малодшанькi мой яшчэ нiколi не насiў чаравiкаў.

- Я сваiмi рукамi будаваў гэты дом. Выраўноўваў старыя цвiкi на абшыўку. Дротам прыкручваў кроквы да бэлек. Дом мой. Я сам яго будаваў. Пасмей толькi яго павалiць! Я стану ў акне са стрэльбай. Толькi паспрабуй пад'ехаць блiзка, i я падстрэлю цябе, як труса.

- А я тут пры чым? Ад мяне нiчога не залежыць. Калi я не выканаю загаду, мяне з работы прагоняць. А цяпер падумай... Ну, дапусцiм, ты заб'еш мяне. Цябе павесяць, але яшчэ задоўга да таго, як на шыю табе накiнуць пятлю, сюды з'явiцца другi трактарыст i павалiць твой дом. Не таго ты збiраешся забiваць, каго трэба.

- Усё так, - гаварыў арандатар. - А хто даў табе такi загад? Я да яго дабяруся. Вось з кiм трэба канчаць.

- Зноў памыляешся. Ён сам атрымаў такi загад ад банка. Банк сказаў яму: 'Усiх прагнаць, а не, дык вас з работы прагонiм'.

- Значыць, дырэктар банка... Цi праўленне. Наб'ю магазiн патронамi i пайду са стрэльбай у банк.

Трактарыст гаварыў:

- Ад аднаго чалавека я чуў, што банк атрымлiвае загады з усходу краiны. Апошнi загад быў такi: 'Дамажыцеся, каб зямля давала прыбытак, iнакш мы вас закрыем'.

- Дзе ж канец? У каго страляць? Перш чым памерцi з голаду, я заб'ю таго, хто давёў мяне да галоднай смерцi.

- Не ведаю. Можа, страляць i няма ў каго. Можа, людзi тут не вiнаватыя. Можа, ты праўду кажаш: зямля сама iмi распараджаецца. Ва ўсякiм разе, я папярэдзiў цябе.

- Трэба падумаць, - гаварыў арандатар. - Усiм нам трэба добра падумаць. Не навальнiца ж гэта i не землетрасенне. Зло ўчынена людзьмi, i людзi павiнны яго выправiць.

Арандатар адыходзiў ад трактара i садзiўся на ганак, а трактарыст запускаў грымлiвы матор i кранаўся з месца. Гусенiцы апускалiся i, выгiнаючыся, падымалiся, барана прачэсвала зямлю, сеялкi гвалцiлi зямлю. Трактар перасякаў двор, i цвёрдая, утаптаная зямля ператваралася ў засеянае поле; трактар паварочваў, i неўзараная паласа звужалася да дзесяцi футаў. Трактар рабiў новы заход, жалезны буфер угрызаўся ў вугал, крышыў сцяну, зрываў дамок з фундамента, i той валiўся набок, расцiснуты, як казюлька. Трактарыст быў у аўтамабiльных акулярах, гумавая маска закрывала яму нос i рот. Трактар iшоў напрасткi, зямля i паветра дрыжалi ад грукату матора. Арандатар пазiраў яму ўслед са стрэльбай у руцэ. Поплеч стаяла жонка, ззаду - прыцiхлыя дзецi. I ўсе пазiралi ўслед трактару.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

З вяршынi ўзгорка прапаведнiк Кейсi i Том Джоўд пазiралi ўнiз, на сядзiбу Джоўдаў. Маленькi нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, i сляпымi пярэднiмi вокнамi глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, i бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свiран. Прыбiральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колiсь утаптаны босымi нагамi дзяцей, конскiмi капытамi i шырокiмi коламi фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнiкам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×