ўважлiвыя вочкi нiчога не прапускаюць.

Зiрнi на твар той вунь жанчыны. Калi жонцы спадабаецца, старога мы абломiм. Пачнi з 'кадзiлака'. Урэшце навяжы iм 'б'юiк'. Калi пачаць адразу з 'б'юiка', яны яшчэ запатрабуюць 'форд'. Трэба спяшацца, доўга так не працягнецца. Пакажы iм вунь той 'нэш', а я пакуль што падпампую дзiравую камеру 'доджа- 25'. Як будзе гатова, клiкну.

Машына вам для язды патрэбная, цi ж не так? Не ў цацкi гуляць. Што ж, абiўка працерлася. Ды хiба колы круцяць падушкi?

Шэрагi машын стаяць насамi наперад - капоты ржавыя, шыны спушчаныя. Стаяць упрытык адна да адной.

Жадаеце паглядзець вунь тую? Ну якая ж гэта турбота. Зараз я яе выведу.

Няхай адчуваюць сябе абавязанымi. Няхай забiраюць твой час. Не давай iм забыцца пра гэта. Пакупнiкi - народ большасцю далiкатны. Iм непрыемна турбаваць людзей. А ты прымусь iх турбаваць цябе, потым прыцiснеш iх.

Шэрагi машын мадэлi 'Т' - высокiя, тупарылыя, руль, як павернеш, скрыпiць, тармазныя пракладкi сцерлiся. 'Б'юiкi', 'нэшы', 'дэ-соты'.

Так, сэр, 'додж' 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калi выпускаў. Зносу не мае. Нiзкая кампрэсiя. З высокай кампрэсiяй першы час рэзвасцi многа, але метал нядоўга вытрымлiвае. 'Плiмуты', 'рокнесы', 'стары'...

Госпадзi! Адкуль узяўся гэты 'аперсан' - з Ноевага каўчэга, цi што! А 'чалмерс', а 'чандлер'? Iх ужо ж колькi гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабiлi прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такiх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць цi трыццаць мне не трэба. Iдуць па пяцьдзесят, а то i па семдзесят пяць. Навар неблагi. Бог ты мой, цi шмат настрыжэш на новай машыне? Каб больш такiх драндулетаў. Не паспееш купiць, ужо iх хапаюць. Усё, што хочаш, абы не за дзвесце пяцьдзесят. Заганi ты, Джым, сюды таго старычыну, што на бакавой дарожцы. Ён не адрознiць асла ад калдобiны. Паспрабуй уцiснуць яму 'аперсан'. А куды ён дзеўся, гэты 'аперсан'? Прадаўся? Калi мы не займеем яшчэ такiх драндулетаў, дык хоць кантору зачыняй.

Сцяжкi - бела-чырвоныя, бела-сiнiя - па абочыне пляцоўкi. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце - машына, на якую сёння знiжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна - прыманка для публiкi. Калi прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык i цэнта лiшняга не пакладзеш у кiшэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасi машыну, знiмi з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзi, што iм яшчэ трэба за iхнiя медзякi? Закасай рукавы наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такiх драндулетаў, i праз паўгода можна было б i на спачын.

Слухай сюды, Джым. У гэтага 'шаўрале' шум у заднiм мосце. Быццам там бутэлькi трушчаць. Засып туды кварты са дзве пiлавiння. I ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнiлы лiмончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукiн кот, iнструмент увесь ухiтрыўся забраць. Божа лiтасцiвы! Каб нам штук пяцьсот такiх развалiн! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч мiль, i скiнь паперкi паўтары.

Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднiм канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокi матораў, скрозь цылiндры прарасла трава. Тармазныя цягi, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы - як клубкi змеяў. Разлiтая змазка, бензiн.

Схадзi пашукай, цi няма дзе цэлай запальнай свечкi, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандалiць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе пiхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не пiхаем! Галаву кладу, можна i ў гумарыстычным часопiсе 'Манслi' надрукаваць. Думаеш, ён так нiчога i не купiць? Дык ганi яго ў шыю. У нас тут i так спраў шмат, няма часу важдацца з такiмi, што самi не ведаюць, чаго хочуць.

Знiмi пярэднюю правую пакрышку з 'грэхема', павярнi яе латай усярэдзiну. Астатняе - проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.

Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч мiль прабяжыць. Толькi больш масла залiвайце. Бывайце. Шчаслiва.

Падбiраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлi што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусцiць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзiць на гэты 'ласаль'. Вы 'ласаль' не хочаце? Так, падшыпнiкi знасiлiся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць 'лiнкольн' 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробiце ў грузавiк.

Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзi азадачана расхаджваюць, iм патрэбна машына.

Вытры ногi. Не прыхiнайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькi наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмi. Цiкава, колькi яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць нi на адзiн пяцiцэнтавiк даць не магу, а то да Калiфорнii не дабяромся.

Госпадзi, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавiн на колах! На хаду цi не на хаду - мне няважна.

Пакрышкi, старыя сцёртыя пакрышкi, наваленыя высокiмi штабелямi; камеры чорныя, шэрыя - вiсяць, як кiлбасы.

Латкi на камеры? Парашок для чысткi радыятараў? Iскравы кандэнсатар? Укiньце вось гэту пiлюльку ў бензабак i атрымаеце лiшнiх дзесяць мiль з кожнага галона. Вось палiтура - усяго пяцьдзесят цэнтаў, i кузаў будзе як новенькi. 'Дворнiкi', рэмень вентылятара, пракладкi? Ну што для вас значыць адзiн пяцiцэнтавiк?

Выдатна, Джо. Ты iх яшчэ крыху апрацуй i вядзi да мяне. А я ўжо iх абламаю - уламлю або зламлю. Толькi балбатуноў не прыводзь. Хачу бiзнес рабiць.

Калi ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.

- Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў - пяцьдзесят.

Пяцьдзесят... Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплацiў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусцiць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцiдзесяцi? Вось што, мiстэр, дзень кароткi. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што- небудзь узамен грошай?

Ёсць пара мулаў, я даплацiў бы iмi.

Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплацiцца муламi. А вы хiба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер iдуць толькi на сталярскi клей.

Добрыя, дарослыя мулы - аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў iншым месцы.

У iншым месцы? Прыходзiце да занятых людзей, час забiраеце i iдзяце з пустымi рукамi. Джо, хiба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жмiндам?

Я не жмiнда. Мне патрэбна машына. Мы ў Калiфорнiю едзем. Мне машына патрэбна.

Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лiчыць мяне прасцячком. Калi будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробiм: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.

Не, навошта ж на корм.

Ну, я мог бы раскашэлiцца i даць па сем цi дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробiм. Я бяру вашых мулаў за дваццаць i яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоцiце наяўнымi, а на астатнiя дасце вэксаль i будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.

Вы ж сказалi - восемдзесят.

А хiба вы нiколi не чулi пра накладныя выдаткi i пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якiх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплацiце. Распiшыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцiмся.

Проста не ведаю...

Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькi часу ў мяне аднялi. Я ўжо трох пакупнiкоў адпусцiў бы за той час, што на вас патрацiў. Проста прыкра. Ага, так, распiсвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзi залi бак гэтаму джэнтльмену. Дадзiм яму яшчэ i бензiну.

Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькi я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькiх... а не трыццаць пяць? Не я буду, калi не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то якi ж я дзялок? Ды яшчэ

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×