азiрнуўся i ўбачыў, як падымаюць на дзiдах Руклю. Сын яшчэ быў жывы i клiкаў 'Тата! Татка!' Мiндоўг кiнуўся да сына, знёс галаву аднаму з забойцаў, адсек руку другому, але тут яго спасцiг першы ўдар Даўмонта. Сякера нальшанскага князя рассекла яму ключыцу, i Мiндоўг выпусцiў меч. Сiла пакiдала яго, Даўмонтаў тапор адцiнаў яму ногi, прабiваў кальчугу, наблiжаўся да твару. Князь упаў, i пакуль не памёр, ачуваў, што Даўмонт сячэ яго на кавалкi...

Агна, закалажоная звярынай лютасцю, што панавала на двары, бязлiтасным забойствам, крывёю, рыкамi кметаў, стаяла ля сцяны стайнi. Толькi крык Руклi i ягоны твар, якi раптам узняўся над бiтвай, вырвалi яе са здранцвення. Яна ўбачыла дзiды, нацэленыя на Рэпiка i закрыла яго сабой. 'Даўмонт! Не трэба! крычала яна. - Злiтуйся...' Але сказаць 'над дзецьмi' яна ўжо не паспела. Цяжкi ўдар дзiды прыбiў яе да сцяны. Яна ўбачыла дрэўка, што выходзiла з яе грудзей, ваяра, якi гэтае дрэўка трымаў. Яна пазнала маладога кмета, год назад ён скакаў побач яе ў Наваградак. Яна прыгадала ягонае iмя - Вiцень, i ўспомнiла, як яго збiвалi пасярод замкавага двара. Цяпер ён стаяў перад ёю без шлема, яго левае вока закрывала скураное навечча, у правым палала лютая нянавiсць. 'Ты здрадзiла!' - чула яна ягоны голас. 'Здрадзiла!', 'Здрадзiла!', 'Здрадзiла!' - паўтараў ён i бiў яе шырокiм нажом...

Туман наплываў на Агнiны вочы, скрозь ружовую заслону яна ўбачыла джала сулiцы ў Рэпiкавым горле, пунсовую паласу неба, Астапа з мечам, Даўмонта з сякерай. Даўмонт крочыў да яе, яна ўбачыла бляск ягонага тапара, i Вiцень перастаў крычаць 'Здраднiца!', галава яго некуды знiкла, цела павалiлася на зямлю, i для Агны сцiхлi ўсе гукi, сцiх яе боль, i ўсе кметы, усе знаёмыя, Скурка, Астап, князь Даўмонт сталiся невядомымi, чужымi, непатрэбнымi, i яна адступiла ад iх ў выратавальную цемру...

Праз гадзiну забiтых пазносiлi ў хату, пакрылi саломай, абклалi хату галлём i паднеслi жарынку.

Стаяла бабiна лета, дзень быў ясны, цёплы, i высока ўзнiмаўся ў блакiтнае неба чорны развiтальны слуп дыму...

Князi не мелiся чакаць, калi загасне гэтае вогнiшча. Даўмонт, Трайнат, Астап селi на коней, ваяводы i сотнiкi пракрычалi кметам 'У сядло!'. Жамойцкi i нальшчанскi палкi расцягнулiся ў паходныя гуфы i зарысiлi лясной дарогай браць Наваградак. Цокалi аб камянi падковы, калыхалiся скрываўленыя сулiцы, трапяталi пад лёгкiм ветрам чырвоныя сцяжкi аддзелаў i рэзкiя ўскрыкi 'Хо!', 'Хо!' перакочвалiся па шэрагах, калi кметы прыспешвалi коней астрогамi.

Эпiлог

Таго ж дня Даўмонт стаяў пасярод замкавага двара. Усё споўнiлася i адбылося, як ён ўяўляў. Седзячы ў сядле, ён аглядаў гароднi, мураваную вежу, князскi дом, хацiны, ля якiх нема стаяла перапужаная мiндоўгава чэлядзь. Ён нiчога не казаў, бо словы былi непатрэбныя: калi нальшанскi князь увайшоў у Наваградак, значыць, Мiндоўг забiты, i тут будзе новы валадар. Год таму на гэтым двары князь Мiндоўг паклiкаў сваю смерць. Яна яго знайшла. Людзi, якiм Даўмонт паказаў, што выканаў закон помсты i ачышчаны, яго ўжо не цiкавiлi. Ён павярнуў каня i выехаў з замка.

Войшалк, якога прыхiльнiкi паспелi апавясцiць пра забойствы, уратаваўся ўцёкамi ў Пiнск.

Вялiкiм князем стаў Трайнат. Ягоны дваюродны брат Таўцiвiл лiчыў за сабой больш правоў наступаць Мiндоўгу, чым удзельнiк змовы. Ён прыехаў з Полацка ў Наваградак, каб забiць Трайната. Сустрэча двух братоў у каменнай вежы скончылася сечай, у якой Трайнат перамог.

Праз год былыя канюшыя Мiндоўга, падкупленыя Войшалкам, зарэзалi Трайната нажамi, калi ён парыўся ў лазнi.

Войшалк змянiў расу на браню, прывёў пiнскi полк i вярнуў бацькаў сталец. Ваявода Астап быў схоплены пагоняй, i Войшалк пасек разанскага князя ў капусту. Затым наваградскiя палкi вырушылi помсцiць Нальшчы. Даўмонт разам з дружынай уцёк у Пскоў, дзе яго прынялi князем з ўмоваю хрышчэння ў праваслаўную веру. Ён ахрысцiўся, узяў iмя Цiмафей i атрымаў у жонкi князёўну Марыю, унучку Аляксандра Неўскага. Неаднойчы вадзiў Даўмонт пскавiчоў у наезды на Лiтву i Нальшчу, аддаючы агню i мечу сваю былую зямлю. Век яго скончыўся ў 1299 годзе.

Войшалк валадарыў тры гады. З прынёманскага кастрышча прывёз ён попел бацькi i паблiзу Наваградскага замка насыпаў курган для вечнай памяцi пра вялiкага князя Мiндоўга. Змораны ўладай i крывёй, ён вярнуўся ў манастыр, перадаўшы княжы сталец ў 1267 годзе Шварну Данiлавiчу. Старэйшы брат Шварна князь Леў пакрыўдзiўся i забiў Войшалка мечам у манастырскай трапезнай. Так загас род Мiндоўгавiчаў...

А цi было б з усiмi гэтымi людзьмi iнакш, калi б князь Мiндоўг не пакiнуў Агну пры сабе?

Хто ведае? Магчыма, адшукалiся б iншыя падставы, каб спраўдзiўся наканаваны кожнаму лёс.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×