справядлiвая. I што з табой - мне незразумела.

Яна, усё яшчэ засмучаная, пайшла да сваёй кафедры. Усе сядзелi нерухома i маўчалi. Толькi дзяўчынка Жэня павярнулася назад так хутка, што ледзь не звiхнула сваю тоўстую шыю.

- Таня проста закахалася ў яго, - сказала яна шэптам Фiльку.

Ён пiхнуў яе нагой.

Ну што рабiць, калi гэтая балбатуха была такая дурная, што ў яе галаве з кучаравымi валасамi не было анiякай фантазii!

А Таня ўсё стаяла, трымаючыся рукамi за парту. Пальцы яе знясiлена дрыжалi. Яна магла б упасцi, калi б воля яе маўчала, як маўчаў яе скаваны язык.

- Чаго ж ты стаiш? - сказала Аляксандра Iванаўна.

- Дазвольце мне сесцi за iншую парту.

- Навошта? Хiба з Жэняй табе нязручна сядзець?

- Не, зручна, - сказала Таня, - але гэтае дрэва за акном адцягвае маю ўвагу.

- Садзiся. Якая ты аднак дзiўная!

I Таня села за апошнюю парту, дзе нiкога не было, апроч яе.

- Сядай i ты, Коля, - сказала настаўнiца.

Яна зусiм забылася на яго, занятая думкамi пра Таню. Але i цяпер, калi яна ўспомнiла, ён не крануўся з месца.

Ён стаяў, крыху падаўшыся наперад, нiбыта перад iм была не гладкая падлога, а крутая сцежка на гару; твар яго быў чырвоны, а позiрк прыжмураны.

- Добра, Коля, - сказала настаўнiца, - сядай. Я стаўлю табе 'выдатна'.

- Дазвольце мне сесцi на месца Сабанеевай Танi?

- Ды што гэта з вамi?

Але дазволiла.

Ён сеў на лаўку побач з дзяўчынкай Жэняй з-за адной толькi ўпартасцi.

Таня засталася адна. Яна глядзела ў акно, сапраўды спадзеючыся не бачыць дрэва.

Але i адсюль яно было вiдно. Першы снег накрыў яго галiны. Ён больш не раставаў. Першы снег кружыўся над яго галавой, што знiкала ў туманным небе.

XI

'Калi чалавек застаецца адзiн, ён рызыкуе трапiць на дрэнную дарогу', падумаў Фiлька, застаўшыся ў адзiноце на пустыннай вулiцы, па якой звычайна вяртаўся разам з Таняй са школы.

Цэлую гадзiну чакаў ён яе, стоячы на рагу каля латка кiтайца. Цi лiпучкi з салодкага цеста, што кучай ляжалi на латку, цi сам кiтаец у драўляных чаравiках заняў увагу Фiлькi, але толькi цяпер ён быў адзiн, i Таня пайшла адна, i гэта было аднолькава дрэнна для абаiх.

У тайзе Фiлька б ведаў, што рабiць. А тут, у горадзе, яго могуць прыняць за паляўнiчага сабаку i пасмяюцца з яго.

I, падумаўшы пра гэта, Фiлька прыйшоў да горкага вываду, што ён ведаў шмат чаго, што ў горадзе было яму не патрэбна.

Ён ведаў, напрыклад, як каля ручая ў лесе высачыць собаля па парошы, ведаў, што калi да ранiцы хлеб змерзне ў клецi, то можна ехаць у госцi на сабаках - лёд вытрымае нарту, i што калi вецер дзьме з Чорнай касы, а месяц стаiць круглы, то будзе буран.

Але тут, у горадзе, нiхто не глядзеў на месяц; цi моцны лёд на рацэ, даведвалiся проста з газеты, а перад буранам вывешвалi сцяг на каланчы альбо стралялi з гарматы.

Што датычыць самога Фiлькi, то яго прымушалi тут не высочваць звера па снезе, а рашаць задачы i знаходзiць у кнiзе дзейнiк i выказнiк, чыiх слядоў не знайшоў бы самы лепшы паляўнiчы ў стойбiшчы.

Але няхай Фiльку лiчаць сабакам, каму гэтага хочацца, i няхай смяюцца з яго, але ў гэты раз ён зробiць па-свойму.

I Фiлька сеў на кукiшкi пасярод вулiцы i праверыў усе сляды, якiя былi на снезе.

Добра, што гэта быў першы снег, i выпаў ён нядаўна, i што па гэтай вулiцы амаль нiхто не хадзiў.

Фiлька падняўся i пайшоў, не адрываючы вачэй ад зямлi. Ён пазнаў iх усiх, хто тут быў, нiбыта прайшлi яны ў яго перад вачыма. Вось адзiнокiя Танiны сляды ля самага плота - яна iшла адна паперадзе, ступаючы асцярожна, каб не вельмi таптаць нагамi гэты слабы снег. Вось сляды Жэнi ў галёшах i Колi - яго крок нешырокi, але ўпартасць надае яму адзнаку цвёрдасцi.

Але як дзiўна яны сябе паводзiлi! Паварочвалi, падпiльноўвалi Таню i зноў даганялi яе. Было падобна на тое, што яны смяялiся з яе. А яна ўсё iшла, iшла наперад, i неспакойна было ў яе на сэрцы. Хiба такiя сляды пакiдае яна на Фiлькавым двары цi на пяску ля ракi, куды ўдваiх яны ходзяць на акунёў?

Але ж куды яна знiкла?

Танiны сляды канчалiся раптоўна на месцы, дзе не было нi ганка, нi брамкi ў плоце. Яна, як ластаўка, паднялася проста ў паветра. А можа, гэта само паветра, цёмнае ад першага снегу, падхапiла яе ўгору, як лiст, i круцiць цяпер у воблаках i калыша? Не магла ж яна, на самай справе, пераскочыць праз такi высокi плот!

Фiлька пастаяў секунду, потым рушыў далей па слядах Жэнi i Колi - яны iшлi спачатку побач, а на рагу разыходзiлiся ў розныя бакi, не вельмi задаволеныя адно адным.

'Яны пасварылiся', - падумаў Фiлька i павярнуў назад, смеючыся.

Ля плота ён зноў пастаяў у роздуме над слядамi Танi i падняў руку ўгору.

'Так, на краi плота ёсць выступ, за якi можна зачапiцца рукой. I ў Танi дужыя ногi, - сказаў сабе Фiлька. - Але ў мяне павiнны быць удвая дужэй. Iнакш няхай мяне фiзкультурнiк наш закапае ў зямлю жывым'.

I Фiлька, перакiнуўшы сумку з кнiгамi, падскочыў так высока, што старая, праходзячы мiма, назвала яго 'нячысцiкам'.

Але Фiлька ўжо не чуў таго. Ён быў за плотам i iшоў па чужым гародзе далей, побач са слядамi Танi.

У канцы гарода ён пераскочыў яшчэ праз адзiн плот, ужо не такi высокi, i выйшаў да гаю, якi быў блiзка ля дома. Тут абагнуў ён кусты невысокай калiны, што губляла ягады ў снег, i глянуў на гай. Увесь белы ад шаўковых каменных бярозак i маладога снегу, ён здаўся яму выдумкай, якая нiколi i не снiлася яму, выгадаванаму ў лесе. Кожная галiна бачылася рэзка, нiбы акрэсленая крэйдай, ствалы нiбы дымiлiся, светлыя iскры прабягалi па iх кары. I ў гэтым сярэбраным гаi, сярод нерухомых дрэў нерухома стаяла Таня i плакала. Яна не чула нi ягоных крокаў, нi шуму рассунутых галiн.

Фiлька адышоўся за кусты i пасядзеў нядоўга на снезе. Потым цiхенька адпоўз i нячутна пакрочыў назад.

'Калi чалавек застаецца адзiн, - зноў падумаў Фiлька, - то ён, вядома, можа трапiць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, i скакаць праз плот, i, як лiса, назiраць з-за кустоў за iншымi. Але калi чалавек плача ў адзiноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача'.

I Фiлька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак i падышоў да варот Танi. Ён адчынiў брамку i зайшоў у яе дом смела, як нiколi не заходзiў.

Старая спытала, што яму трэба.

Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць мацi Танi i сказаць ёй, што ў школе сёння гурток i Таня запознiцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела мацi. Ён прыадчынiў дзверы i зноў хутка зачынiў iх. У пакоi на чырвонай канапцы побач з мацi сядзела Аляксандра Iванаўна.

Абняўшы мацi Танi, яна гаварыла ёй нешта, i абедзве трымалi ў руках маленькiя белыя хусткi, якiя яны зрэдку падносiлi да вачэй.

Няўжо i яны гаравалi аб нечым?

Фiлька падаўся назад, не рыпнуўшы нiводнай палавiцай. Ён выйшаў на ганак i хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многiя рэчы, якiя ў горадзе яму не былi патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбiню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапацiць лямцам, таму што птушкi цягаюць яго на гнёзды. Але калi людзi не смяюцца, а плачуць удваiх, ён не ведаў, што ў такiм выпадку рабiць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваiмi сабакамi, таму што настала зiма, i хутка лёд падымецца над вадой i ад месяца стане зялёным, як медзь.

XII

Снег падаў амаль да самых вакацый; пераставаў i падаў зноў i засыпаў увесь гарадок. У дамах стала цяжка адчыняць аканiцы. На тратуарах капалi траншэi. Дарога ўзнялася высока. А снег усё падаў, авалодваючы i ракой, i гарамi, i толькi ў адным

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×