- У нас не крануты ўвесь навагоднi запас вiна. Што ты будзеш пiць?

- Усё адно.

- Шампанскае?

- Не. Лепш каньяк.

- Можа, паклiкаць Кiрылу?

- Як хочаш.

- Не. Я хачу быць з табой. Каб нiхто не перашкаджаў. Дзецi пайшлi на каток. Яны не паверылi, што ты так рана прыйдзеш.

- На ноч бярэцца мароз.

- Але... Пятнаццаць ужо.

- У полi, напэўна, больш.

- Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзiцца.

- Наташа не прастудзiцца.

- Прашу вас, доктар, да стала.

Ён здзiвiўся, што за такi кароткi час - некалькi хвiлiн - яна так хораша i прыгожа сервiравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая мацi i гаспадыня.

Антон Кузьмiч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пiльна, з замiлаваннем i пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замiлаванне неяк дзiўна збянтэжыла яго. Зрабiлася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамi. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю - не залiць бы абрус! шампанскае.

Галiна любавалася яго вялiкiмi i прыгожымi рукамi, павольнымi рухамi.

Ён налiў шампанскае ў высокiя келiхi. Стралялi пахучымi пырскамi бурбалачкi, лопаючыся.

- За нашых дзяцей! - першая прапанавала тост Галiна Адамаўна, па-мацярынску шчыра.

- За нашых дзяцей.

Наташа цiха адчынiла дзверы (у кожнага з iх свой ключ, бо выходзiлi з дому i прыходзiлi яны ў розны час), цiха палажыла канькi, ведаючы, што мацi не любiць, калi стукаюць, а ў апошнi час мацi вельмi нервовая. I раптам паверх занавескi на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што мацi i бацька сядзяць за сталом i... чокаюцца келiхамi. Памiрылiся!

Ёй гэта найлепшы навагоднi падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзiцячай непасрэднасцi. Ускочыла ў пакой, калi яны толькi прыгубiлi келiхi, здзiвiўшы iх - адкуль узялася? - падбегла да бацькi, абняла, моцна пацалавала.

- Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны! - Потым, як вавёрка, пераскочыла да мацi, пацалавала яе. - I цябе люблю, мама! - I закружыла па пакоi, як на катку, грацыёзная ў сваiх блакiтных штонiках, чырвоным свiтэры i такой жа чырвонай шапачцы. - Я люблю вас! Я ўсiх люблю! Усiх добрых людзей!

Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з'явiлася дачка. Прапанаваў жонцы:

- Вып'ем за добрых дзяцей. I за добрых людзей!

Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такi час?

1960-1963 гг.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×