куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты… Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі… Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты… Пакуль у сілачку не ўваб'ешся, — маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе… А там — не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма… I не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы — пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну…

Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:

— Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.

— Нават слоў маіх баіцёся, — жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. — Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.

- Ішлі б вы лепей спаць, капітан.

— А вы што?

— Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.

— Псу пад хвост, — сказаў Леановiч.

Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:

— Прашчур — малайчына. Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе.

Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.

Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.

Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.

Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.

Гораў угледзеўся ў цемру:

— Нехта прыехаў.

Ён накінуў плашч і выйшаў.

Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.

Завеска брычкі адшморгнулася: з'явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.

— Сюды, пані, - спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.

Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага — пасля цемры — агеньчыка свечкі.

Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма.

Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча.

Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай і жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.

'Адкуль гэта, — падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць — як гэта я не здагадаўся? — проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.

I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, — ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.

На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.

Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.

— На той бераг, калi ласка, — сказала жанчына.

Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.

— Сядайце, піце чай, — спакойна сказаў Пора-Леановіч. — Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней — выцерці.

— Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, — сказала яна.

— Падпарадкуйцеся, калі ласка, — ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.

Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, села

Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.

Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.

Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.

— Дык у чым справа, пані?

— На той бераг. Я вельмі спяшаюся, — усхвалявана сказала яна. — За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.

— Давядзецца чакаць да раніцы, — спакойна сказаў Леановіч.

— Чаму?

— Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных… Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.

— Мне нельга.

— Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…

— Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.

— Захварэла дзіця? — пацікавіўся Пора-Леановіч.

— Не. Я спяшаюся да мужа.

— Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд — непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, — як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.

— У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.

Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно 'сіяцельства', падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.

— Так, загад Мураўёва, — сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.

Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.

— Ого, — з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, — дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?

— Так, — сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, — вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.

Твар яе аж ззяў.

— Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…

Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.

— Мужу варта было б думаць раней, — суха сказаў Леановіч. — Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.

Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:

— Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок — і праз гадзіну я там… I ён жывы.

Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×