марку на правым верхнiм рагу жоўтага канверта; трохi ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз- пораз траплялiся карычневыя, фiялетавыя або жоўтыя «хойсы».

Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзiну; ён ставiў свой подпiс пад шматлiкiмi 'з глыбокай павагай…', пад ганарарнымi рахункамi. Калi ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзiну, Фэмель iх не прымаў. На гэты выпадак у бюро мелiся адбiтыя на гектографе карткi з тэкстам: 'У сувязi з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовiцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпiс Ф.'.

Нiводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь iншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або пiў; у яго нiколi не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш iнтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел i недапалак на дне папяльнiчкi давалi ёй пэўную ўцеху: прынамсi, гэта былi нейкiя адкiды; яны даводзiлi, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пiсьмовыя сталы iх нагадвалi камандзiрскiя масткi, аблiччы якiх будзiлi сполах; але нават гэтыя вялiкiя людзi калi-нiкалi выпiвалi кубак гарбаты або фiлiжанку кавы цi з'ядалi якi бутэрброд; яе моцна ўражвала, калi яна бачыла, што гэткiя магутныя людзi ядуць або п'юць: на стале заставалiся хлебныя крошкi, каўбасныя шкуркi цi рэшткi тлушчу ад з'едзенай вяндлiны; гэтыя вялiкiя людзi мусiлi мыць рукi, выцягваць з кiшэняў насоўкi. Штосьцi дэмакратычна-прымiрэнчае выглядала з-пад гранiтных iлбоў тых, што камандавалi цэлымi армiямi; яны выцiралi сабе губы, што былi часткай тых аблiччаў, якiя калi-небудзь, адлiтыя ў бронзе i ўстаноўленыя на п'едэсталах, будуць сведчыць пра iх велiч перад будучымi пакаленнямi. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, нiколi не даваў падстаў заўважыць, што ён толькi што паснедаў; ён нiводнага разу не быў нi занадта нервовы, нi занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такiх людзей; яго подпiс, нават калi ён саракавы раз ставiў яго пад словамi 'з глыбокай павагай…', быў аднолькава чытэльны i акуратны. Фэмель курыў, падпiсваў паперы, вельмi рэдка зазiраючы ў планы праектаў, i дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў 'ну, да заўтрага' i выходзiў. Памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю яго можна было знайсцi ў гатэлi 'Прынц Генрых', з адзiнаццацi да дванаццацi — у Цонавай кавярнi, iнфармацыя тычылася толькi яго 'маткi, бацькi, дачкi, сына i пана Шрэлы'; пасля дванаццацi ён выходзiў на шпацыр, а першай гадзiне ён прыходзiў у рэстаран 'Пад iльвом' — каб папалуднаваць разам з дачкой.

Яна не ведала, як ён праводзiў увесь астатнi час пасля абеду i ўвечары; ёй было вядома толькi, што кожнае ранiцы a сёмай ён ходзiць слухаць iмшу, ад паловы восьмай да васьмi сядзiць з дачкой, з васьмi да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вулiцу, узiраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўлялiся кветкi, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасцi ў яго чырванеў рубчык на пераноссi; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын- прыбiральшчыц, яны збiралi парожнiя пляшкi з-пад вiна i выстаўлялi iх у калiдоры — для гандляра старызнаю; бутэлек тых збiралася ўсё болей; спачатку iх ставiлi ў радкi па пяць, потым — па дзесяць штук, бо даўжынi калiдора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнiк, вяршынi якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цiкаўнасцi, пералiчыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня — больш як адна штодня.

Ад Фэмеля нiколi не пахла алкаголем, рукi ў яго анi не дрыжалi. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабiўся нерэальны… Цi яна сапраўды яго бачыла альбо ён iснаваў толькi ў яе снах? Яна нiколi на свае вочы не бачыла нi Шрыта, нi Гохбрэта, нi Кандэрса; усе яны жылi паасобку, далёка адзiн ад аднаго, у невялiкiх каморках. За ўвесь час толькi два разы здарылася, што адзiн з iх знайшоў памылку ў другога: калi Шрыт няправiльна разлiчыў падмурак гарадскога басейна i Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмi ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасiў яе вызначыць, якiя лiчбы з пазначаных на палях чырвоным алоўкам — былi напiсаныя Шрытавай рукой, а якiя — Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядомiла, што Фэмель — таксама добры спецыялiст у гэтай галiне: паўгадзiны ён праседзеў за сталом з лагарыфмiчнай лiнейкай i навостранымi алоўкамi, а пасля сказаў: 'Гохбрэт мае рацыю, басейн абвалiўся б самае позняе праз тры месяцы'. I — нi словам не папракнуў Шрыта, нi словам не пахвалiў Гохбрэта. Падпiсваючы ўласнаручна — гэты адзiн-адзiны раз — дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, i ад смеху гэтага ёй зрабiлася гэтаксама несамавiта, як i ад яго штодзённай ветлiвасцi.

Другi раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калi ён рабiў разлiкi статычных нагрузак вiядука над чыгункай каля Вiльгельмавага рова, i памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другi раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схiлiўся над паперамi за пiсьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося iдэнтыфiкаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы i Кандэрсавы лiчбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву iдэя прызначыць кожнаму супрацоўнiку свой колер алоўка: Кандэрсу — чырвоны, Гохбрэту — зялёны, Шрыту — жоўты.

Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпiсвала: 'Дача кiнаактрысы', смокчучы другi кавалачак — 'Пераробка будынка грамадскага прызначэння 'Сас'етас'. Як бы там нi было, клiенты рознiлiся прозвiшчамi i адрасамi, а атрыманыя планы праектаў будзiлi ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнiчае ў чымсьцi сапраўдным: цэглу, плiты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькi, клiнкер, мяшкi з цэментам — гэта ўсё можна было сабе ўявiць, але аблiччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта — хоць яна штодня пiсала iх адрасы на канвертах заставалiся для яе нерэальныя. Яна нiколi не бачыла гэтых людзей у бюро, яны нiводнага разу не тэлефанавалi, не пiсалi. Пры разлiках i рысунках, што яны дасылалi ў бюро, не было нiякiх каментараў. 'Навошта нам лiсты? — сказаў неяк Фэмель. — Hе будзем жа мы тут займацца збiраннем споведзяў'.

Часам яна брала з палiцы энцыклапедыю i шукала назвы мясцовасцей, якiя кожны дзень пiсала на канвертах: 'Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым лiку 83 катол., парафiяльная царква XII ст. са знакамiтым алтаром'. У Шыльгенаўэлi жыў Кандэрс, звесткi пра яго асобу яна ведала з страхавой карткi: '37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.'. Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: '1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, мiсiянерская школа'. Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно — ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыi: ён кватараваў у прадмесцi Блесэнфэльд — адгэтуль усяго 35 хвiлiн аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзiла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўнiцца ў ягоным iснаваннi, пачуць голас, пацiснуць руку. Зрабiць гэткi нахабны ўчынак ёй не даваў толькi яго малады ўзрост — яму было толькi трыццаць два — i тая акалiчнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасцi, дзе жылi Кандэрс i Шрыт, былi апiсаныя ў энцыклапедыi гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткi пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, нягледзячы на гэта, нiводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькi-небудзь рэальна ўявiць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзiлася пераводзiць за iх страхавыя ўзносы, рабiць розныя паштовыя аперацыi, перасылаць iм часопiсы i таблiцы; яны заставалiся такiя самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвiшча якога стаяла на чырвонай картцы, i якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, i якi, аднак, за апошнiя чатыры гады не зрабiў нiякай спробы з iм сустрэцца.

Яна пакiнула на пiсьмовым стале чырвоную картку, што стала прычынай першай грубасцi з шэфавага боку. Як гэта было прозвiшча таго пана, якi каля дзесяцi прыйшоў у бюро i сказаў, што яму трэба бачыць Фэмеля ў вельмi, вельмi пiльнай справе? Ён быў высокi, меў светлаватыя валасы i трохi пачырванелы твар, ад яго iшоў пах самых дарагiх рэстарацыйных далiкатэсаў, а надчвычайна высокая якасць гарнiтура адчувалася проста носам; уладарнасць, годнасць, прыцягальнасць моцнага спалучалiся ў iм гэткiм чынам, што яму немагчыма было ў чым-небудзь адмовiць; тытул, якi госць з усмешкай прамармытаў, меў нешта агульнае з мiнiстрам — мiнiстэрскi радца, кiраўнiк спраў цi намеснiк мiнiстра; калi ж яна рашуча была адмовiлася гаварыць пра шэфава месца побыту, ён нечакана пайшоў проста на штурм, спытаўшыся адразу: 'Ну, цудоўная паненка, скажыце мне тады, калi ласка, дзе яго можна знайсцi', i яна… здрадзiла, сама не ведаючы, як гэта магло здарыцца, бо таямнiцу, што так прыцягвала яе цiкаўнасць, яна хавала глыбока на дне сваёй свядомасцi: 'Гатэль 'Прынц Генрых'. Тут госць прамармытаў нешта наконт 'былога школьнага таварыша', штосьцi пра 'пiльную, вельмi, вельмi пiльную справу', пра 'iнтарэсы абароны', пра зброю; а пасля таго як ён пайшоў, у прыёмнай застаўся пах дыму ад цыгары, да якога гадзiну пазней з захапленнем прынюхваўся Фэмелеў бацька.

— Божа ж мой, божа, якi гэта, вiдаць, быў гатунак!

Стары Фэмель абнюхаў сцены, амаль даткнуўся носам да стала, потым насунуў на галаву капялюш. Праз некалькi хвiлiн ён вярнуўся разам з кiраўнiком тытунёвай крамы, у якой вось ужо пяцьдзесят год ён

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×