забурэннi, даходзiла нават да пагромаў, але ўрад, у якiм да таго часу былi адны жанчыны, уцiхамiрыў бунтаўнiкоў.

Прачнуўся Джамшыд i захныкаў. Я ўзяла яго на рукi, павярнулася да Лiелаш, аднак яе ўжо не было.

Дзень прайшоў хутка, а ўвечары, калi, уклаўшы сына спаць, я сядзела побач з iм i думала пра iншапланецянку, за спiнай пачуўся голас:

— Не перашкоджу?

— Не, — прашаптала я, хоць па целе ў мяне пабеглi мурашкi.

— Супакойцеся… Я не закончыла свой расказ…

Грамадства Астры перажыло сур'ёзны крызiс. Рэзка павялiчылася колькасць самагубстваў сярод мужчын, узрасла злачыннасць. Групы экстрэмiстаў, сярод iх былi i жанчыны, захоплiвалi iнкубаторыi i знiшчалi жаночыя зародышы, выгукваючы пры гэтым: «Смерць жанчынам!»

Урад не мог раўнадушна пазiраць на гэтыя беспарадкi, што пагражалi спакою быцця i падрывалi асновы. Частка самых актыўных мужчын была змешчана ў рэзервацыю, астатнiх пакiнулi на волi, але ўсталявалi сталы кантроль. Адначасна з гэтымi мерамi ўрад выдзелiў вялiкiя сродкi для сацыялагiчных даследаванняў. Вучоныя павiнны былi знайсцi прычыну бядотнага становiшча на планеце. I яны пастаралiся апраўдаць давер — гiпотэз было высунута вялiзная колькасць. Многiя з iх выявiлiся пад час праверкi суцэльнай лухтой, а некаторыя заслугоўвалi пiльнай увагi. Сярод гэтых вельмi кемных гiпотэз была i тая, што высунула астрапсiхолаг Лiелаш. Дзейнасць Лiелаш вымагала ад яе шмат гадоў назiраць за планетай Зямля i яе жыхарамi. Вынiкам назiрання з'явiлася кнiга «Пра ўплыў эмацыянальна-псiхалагiчнага атавiзму (т. зв. кахання) на лад жыцця жыхароў Зямлi». Выкарыстоўваючы вынiкi практычна, Лiелаш прапанавала накiраваць на Зямлю экспедыцыю для вывучэння зямных жанчын, каб выдзелiць з iхняй крывi «вакцыну жаноцкасцi», у iснаваннi якой яна не сумнявалася. Лiелаш даказала, што менавiта страта жаноцкасцi жыхаркамi Астры прывяла грамадства да яго цяперашняга стану. Планавалася, што вакцына будзе ўведзена добраахвотнiкам, тым самым стане магчымым праверыць, як дзейнiчае здатнасць кахаць i шкадаваць на жанчыну-астрыянку.

Iдэя Лiелаш атрымала нечаканую падтрымку. Ёю загарэлiся i мужчыны i жанчыны. Урад ухвалiў план. Спецыялiсты па зямной культуры выбралi найбольш зручнае для кантакту месца — горны раён Узбекiстана. Яны прыйшлi да высновы, што ўсходнiя жанчыны найбольш жаноцкiя. Iхняе каханне i пашана да мужа, пяшчотная прывязанасць да дзяцей былi вартыя павагi. Акрамя таго, чыстае горнае паветра было неабходна для нармальнага самаадчування сяброў экспедыцыi, бо агульная забруджанасць зямной атмасферы перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Лiелаш даверылi кiраваць невялiкай групай вучоных, якая накiроўвалася па сродак, якi, цалкам магчыма, дапаможа цывiлiзацыi Астры.

— Цяпер разумееш, навошта я тут? — закончыла Лiелаш свой расказ, памаўчала, паглядзела пiльна. — Я даўно за табой назiрала. Запiсы, зробленыя мною ў бальнiцы, унiкальныя. Ты вельмi востра адчуваеш, Шахноза… Я не хацела ўваходзiць з табой у кантакт, але прыйшлося адкрыцца…

Я адно кiўнула, бо не ведала, што ёй сказаць.

— Мне пара, — вымавiла Лiелаш i знiкла.

Наступнага дня, вярнуўшыся з двара, я зайшла ў пакой i непрыемна здзiвiлася. У крэсле сядзела Лiелаш i назiрала, як Джамшыд забаўляецца нейкай рознакаляровай скрыначкай. Убачыўшы мяне, Лiелаш забрала яе ў малога:

— Прыбор не зробiць яму шкоды. Я запiсвала некаторыя параметры псiхаполя дзiцяцi.

— Мне трэба пакармiць сына, — суха сказала я.

— Вядома, вядома… Я зайду пазней… Не пярэчыш?

Калi б я магла пярэчыць!

З той пары кожны вечар мы праводзiлi разам. Спачатку я баялася, што Джамшыд заўважыць няпрошаную госцю, але пераканалася, што Лiелаш можа стаць нябачнай у любы момант. Неяк яна паспрабавала растлумачыць мне механiзм нябачнасцi, але я нiчога не зразумела.

Джамшыд мяне радаваў. Ён прыкметна пасвяжэў, паправiўся, хоць i быў яшчэ вельмi слабы. Лiелаш назiрала за нашым няхiтрым iснаваннем. Я не магла зразумець выраз яе вачэй, калi яна пазiрала на дзiця. Часам здавалася, што яна грэбуе iм, як нейкiм жабянём, стараецца не дакранацца да яго. Аднойчы я спыталася яе пра гэта. Ад адказу яна ўхiлiлася.

Некалькi разоў Лiелаш брала ў мяне кроў — гэта рабiлася зусiм бязбольна, яна запiсвала мае адчуваннi — адчуваннi маладой маткi. Мы многа размаўлялi з ёю. Жанчыны Астры сталiся мне больш зразумелыя i блiжэйшыя, хоць шмат з чым у iх поглядах на жыццё я не магла згадзiцца. Лiелаш таксама прывыкла да нас — не адхоплiвала руку, калi да яе дакранаўся Джамшыд. А ён, на маё здзiўленне, зусiм не баяўся яе. Знiк i мой страх перад ёю. Побач з Лiелаш я чулася больш бяспечна, упэўнена.

Паводле супольнай маўклiвай згоды мы сталi разам гуляць. На яе гэтыя шпацыры ўплывалi жыватворна. Палагоднеў выраз вачэй, твар страцiў халодную адчужанасць. Яна ўсё болей была падобная на звычайную зямную жанчыну. Аднойчы Лiелаш прыйшла да месца нашай сустрэчы абсалютна непазнавальная. Я нават спалохалася, цi не здарылася з ёю што-кольвек?! Такi змучаны быў яе твар, такiя жалобныя былi вочы… Пытанне было гатовае сарвацца з майго языка, але Лiелаш загаварыла першая:

— Шахноза… Нам пара вяртацца дадому. Я не ўпэўненая, што мае даследаваннi прынясуць карысць Астры, магчыма, я нават абавязана знiшчыць запiсы, зробленыя з цябе…

— Але чаму?! — шчыра здзiвiлася я.

— Даць жанчынам Астры пачуццi — значыцца ўцягнуць цывiлiзацыю ў дзiкiя часы! Цi варта дурманiць светлы розум цёмнымi iнстынктамi? — пракрычала Лiелаш, i твар яе скрывiўся.

Джамшыд, пакiнуты мною без нагляду, зрабiў колькi няўпэўненых крокаў, спатыкнуўся i ўпаў. Я кiнулася да яго, аднак Лiелаш апярэдзiла мяне. Яна падхапiла малога i стала асыпаць пацалункамi яго твар, вочы, рукi.

Я застыла, назiраючы за ёю.

Яна ж, зусiм не адчуваючы навакольнага, лашчыла дзiця.

Нарэшце яна апамяталася. Стараючыся не глядзець мне ў вочы, аддала Джамшыда, адышла ў засень густой чынары. Я хацела сказаць ёй, што гэта нармальнае пачуццё — любоў да дзiцяцi, але яна знiкла.

З'явiлася яна ўвечары, у пакоi. Падышла да ложка, доўга пазiрала на Джамшыда, якi соладка спаў.

— Хварэць ён больш не будзе, — павярнуўшыся да мяне, сказала Лiелаш. — Я знiшчыла ачаг хваробы. Не мела права ўмешвацца ў ваша жыццё, а ўмяшалася… Джамшыд будзе жыць доўга.

Я маўчала, баючыся паверыць у цуд. А Лiелаш спыталася з роспаччу на твары:

— Як вы можаце жыць, не ведаючы, што будзе з вашым дзiцём заўтра?! Ваша цывiлiзацыя ўбогая, усюды небяспека, няшчасцi, хваробы! А вы працягваеце раджаць дзяцей, якiм прызначана жыццё, поўнае бед i нягод, i сцвярджаеце, што любiце iх.

Гэтая ваша любоў… яна невыносна цяжкая… Навошта яна?

— Без любовi не бывае шчасця, — цiха адгукнулася я. — Без любовi да мужа, дзiцяцi… Без гэтага я не ўяўляю сваё жыцця. Гэта i ёсць шчасце. Шчасце любiць i быць любiмай.

Лiелаш авалодала сабой.

— Я не ведаю, што такое шчасце. Такога пачуцця ў нашай навуцы няма. Я яшчэ не вырашыла, што мне рабiць з вынiкамi маiх даследаванняў.

— Абнародаваць iх, — не стрымалася я.

— Шахноза, — з дакорам глянула яна, — я не вырашыла лёс гэтых вынiкаў, але табе, Шахноза, я ўдзячная… Бывай!

Насуперак свайму звычаю Лiелаш не знiкла. Яна выйшла з пакоя, перасекла двор, пакрочыла па дарозе.

У акно я бачыла, што адыходзiць ёй не хочацца i таму крок яе павольны, а спiна напружаная. Але нi я, нi яна не мелi магчымасцi змянiць што-небудзь у гэтай сiтуацыi.

Яна марудна ўзнiмалася па дарозе, а я глядзела ёй услед.

Трэба жыць… Нельга не любiць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×