Сымона, марыла жыць з ім, а ён, пакінуты, адзінокі, пайшоў прасвятляць людзей, і вешчуны сустрэлі яго і зарэзалі, як некалі кметы Ўладзіміра зарэзалі яе бацькоў. Тады нож адабраў бацьку і маці, цяпер - мужа. Яна спяшалася сюды ўжо да нежывога. Няма айца Сымона, памёр яе сябра і абраннік, не будзе чацвёртага жыцця. Таму і сказаў Уладзімір, што выканае. Яму няма чаго выконваць, усё споўніцца без яго клопату і загаду... Пустата і маўчанне. Чорная пустка, па якой няма куды ісці. Курган у Полацку, магіла тут - і між імі пакрытая попелам дарога. Яна рухалася па ёй дваццаць год, паўзком, па гразі, у крыві, паміраючы, мяняючы душу і імёны. А лёс сачыў за ёю, і толькі падымалася яна на ўвесь рост, каб уздыхнуць, дакрануцца да радасці, - ён біў яе ў спіну і дзівіўся, што не насмерць, што ахвяра зноў ачомалася, паўзе, хрыпіць і верыць, што дасягне свайго шчасця. І вось яна ў конавай мяжы - ля магілы, а далей бясконцая пустэча, зацягнутая мёртвымі туманамі. Цяпер любое слова, любая думка пазбаўлены сэнсу. Айца Сымона няма, няма жыцця, а скруха, памяць, галашэнне - гэта і ёсць пустата. Ён там, яна тут. Нашто ён там, нашто яна тут?..

Раптоўна ў келлю прасачыўся скрозь слюдзяное акенца родны трапяткі голас: «Маці Анастасся! Ты не спішь, маці Анастасся?»

- Не! - выгукнула яна і кінулася да дзвярэй. І за тыя некалькі імгненняў, пакуль адкідвала яна зачэпку, маці Анастасся паспела зноўку ажыць, ажывіць любоў і мару аб дзецях... Яна расчыніла дзверы і працягнула рукі насустрач... сырая пустата дыхнула на яе; яна ступіла на парог - ні шолаху, ні цені, чорная празрыстасць ночы абкружала келлю. Усё ажылае спапялілася, і сэрца скурчылася ў халодны камок. Маці Анастасся зняможана прыхінулася да сцяны. Потым ёй стала цяжка стаяць, яна апусцілася на парожак.

Яна бачыла постаць айца Сымона, іх вячэрнія спрэчкі ў келлі, чытанне з Бібліі, бачыла яго вочы, чула суцяшальны шэпт, а са Свіслачы напаўзаў туман і зацягваў будовы дзядзінца, гусцеў, абвалакваў яе, і сівыя яго пласты пачалі падымаць яе, аддаляючы ад зямлі... Яна ўбачыла сябе над келляй, над хатай Сымона, над царквой у непрагляднасці начнога туману: яна ляцела ў гэтым тумане сівой птушкай лунь, адшуквала свой памятны знак апошняга прыстанку - пясчаную магілу паблізу крыжа, распазнала яго і пачала апускацца, каб зведаць спакой. Апусцілася, закрыла вочы... Кароткі ўскрык прарэзаў цішыню і загас у тумане...

Эпілог

Рагнеда сканала ў 1000 годзе.

Праз год памёр князь Ізяслаў.

Яшчэ праз год памёр старэйшы ўнук Рагнеды Ўсяслаў. Полацкім князем стаў сямігадовы Брачыслаў Ізяславіч.

Князь Уладзімір перажыў Рагнеду на пятнаццаць гадоў. Яго змяніў Святаполк, які атрымаў ад манахаў-летапісцаў прозвішча Акаянны за вернасць дзедаўскай веры. Супроць Святаполка выступіў з Ноўгарада Яраслаў, другі сын Рагнеды, вядомы з гісторыі як Яраслаў Мудры.

У 1020 годзе ўзмацнелы Брачыслаў напаў на Ноўгарад. Яраславу давялося ваяваць з родным пляменнікам.

Сынам Брачыслава быў Усяслаў Чарадзей. Ён пражыў доўгі век, пяцьдзесят сем гадоў займаў княжацкі пасад, нарадзіў сем сыноў і скончыў свае дні адрадзіцелем незалежнага Полацкага княства. У 1067 годзе войска Ўсяслава «адчыніла вароты» Ноўгарада. У памяць пра перамогу Ўсяслаў перавёз званы ноўгарадскай Сафійскай царквы на Сафію полацкую. Помсціць сваяку прыйшлі сыны Яраслава. І здарылася знакамітая бітва на Нямізе. Аб ёй напісана ў «Слове пра паход Ігаравы». Засеялі тады касцьмі берагі Нямігі і Свіслачы...

Не вучыць унукаў дзедаўскі вопыт.

Не памятаюць яны крыві, ахвяр і пакутаў, якіх каштавала іхнае жыццё.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×