Разьвітаўшыся з муламі й мулаводамі, пасьля кароткай канфэрэнцыі з камандзерам батальёну, я прылёг пад скалой, дзе можна курыць. Гэтага месца не маглі бачыць з Монтэ Кайро. Праўда, тут была магчымасьць прыпадкова атрымаць нямецкую зялезную цыгару з Цыфалько, але праклятая звычка курэньня перамагла.

Ноч была ціхая, цёплая. Стралялі рэдка, маўляў, для фасону. Найгорш дакучалі салаўі. Салаўіныя падсьвісты й цмоканьні ня толькі чароўныя, але й дэпрымуючыя. Залежна ад абставінаў. Бо інакш слухаеш салаўя, калі, аблапіўшы дзяўчыну, сядзіш пад духмяным бэзам, а інакш — калі ляжыш у сьмярдзючым яры перад сьмяротнай атакай.

— Панэ, а, панэ…

— Што хочаш, Грыцю, — на вэчэрныцю?

Грыць, праўда, быў Міколам, але чамусьці яго называлі Грыцям. Гэта быў украінец, селянін спад Каламыі й любіў хваліцца, што

Коломия не помия, Коломия-місто, В Коломиї дівки кращі, Чим пшенишне тісто…

— Можна з Вамі пабалакаць?

— Ну што-ж, балакай, Грыцю, — без энтузіязму адказаў я, бо згары ведаў, што пачнецца ад праклятага пытаньня, якое й мне іржавым цьвіком сядзела ў галаве: «за што?»

І я не памыліўся: пачалося ад гэтага.

— Дарагі Грыць, з гэтым пытаньнем зьвяртайся да Рузвэльта, Чэрчыля, ці да іншых моцных і разумных.

— Ой, панэ, мне здаецца, што яны ня толькі не разумныя, але й божэвільныя.

— Можа… Але біцца пойдзем, каб выканаць жаўнерскі абавязак, за гонар, за славу, а, перадусім — што мусім.

— А скажэце, панэ, ці як мы спусьцім штаны зь Гітлера, пойдзем абразаць вусы Сталіну?

— Што ты, Грыць, Сталін-жа наш саюзьнік…

— Чорта яму ў жывот такому саюзьніку. Дай яго сэрпягова сьмерць! А ці вы чулі нешта пра Віньніцу?

— Чуў што ёсьць такі горад на Ўкраіне й што там бальшавікі зьнішчылі шмат украінцаў.

— Што значыць шмат? Дзесяткі тысяч! (перасаліў). Там і майго брата шлёпнулі. Я чуў, што Вы пішаце, таму хацеў-бы Вам расказаць, як гэта было…

У гэты мамэнт прыбег дыжурны:

— Паны афіцэры, да камандзера батальёну!

— Ну што-ж, Грыцю, пра Віньніцу раскажаш мне хіба пасьля бою.

— Калі яшчэ будзем гаварыць…

— Што ты, Грыць? Дзяржы хвост кручком і памятай, што мы чыталі па дарозе, калі йшлі сюды: «Ня будзь дурны й ня дайся, каб цябе забілі». (Nie badz glupi, nie daj zabic!).

Усё-ж такі мне давялося слухаць макабрычную гісторыю пра Віньніцу, якую мне расказаў Грыць.

Палкоўнік паведаміў нам, што атака адкладаецца на пару гадзін, бо «Клімэк» яшчэ не дашпіліў пляну на апошні гузік. «Клімэк» — так папулярна называны тады яшчэ палкоўнік, Клемэнс Рудніцкі — заступнік камандзера нашай дывізіі, адзін з найбольш здольных і пры тым адважных афіцэраў штабу. Яму генэрал Андэрс даручыў змантаваньне другой атакі. Ён мітусіцца: лічыць, мерыць, камбінуе, як расставіць пешкі на шахматнай дошцы. Пешкі, бо фігуры амаль выбітыя. Як гэтымі пешкамі даць мат партнэру? У канчальным падліку, маўляў, ня выходзіць на Хвядору два бліны. Перад намі — гара-Здань, бункеры, міны, пасткі, шпандаўы, шмайсэры, гранаты. За Зданьню — малое Сан Анджэлё, далей — вялікае Сан Анджэлё — такая самая дэкарацыя. А тут сілы — што кот наплакаў. «Клімэк» сынхранізуе, адкладае, яшчэ пералічвае, спраўджае.

У гэтым часе мы чакаем.

Вяртаюся злосны. Ня люблю доўга чакаць ні на сьмерць, ні на рандэву з каханай. Загад палкоўніка: падтрымоўваць на духу жаўнераў. А чым іх падтрымоўваць і павошта? Кажны з панурай дэтэрмінацыяй гатовы ўстаць і яшчэ раз ісьці на гэтую праклятую гару.

Аднак запраўды трэба апаноўваць жаўнераў, бо ў міжчасе пашыраюцца трывожныя весткі. Нехта бачыў пасланца з 16-га батальёну, які бег да брыгады і той яму сказаў, што 14-ты й 16-ты батальёны разьбітыя й сплываюць з гары. Іншы ад кагось даведаўся, што Карпацкая дывізія зьнішчаная і што праціўнік пачаў контратаку. Гэтай другой вестцы нельга верыць, бо мы бачым адрэзак, які займае Карпацкая дывізія — там нармальная артылерыйская перастрэлка. Больш трывожыць лёс нашых двух батальёнаў, што ляжаць у першай лініі, празь якія мы маем ісьці ў атаку. Урэшце прыходзіць паведамленьне, што ўсё няпраўда, а 16 -ты батальён навет пасоўваецца наперад і разьбівае бункеры.

Памагай ім, Божа! Нам будзе менш. «Дэспот» (крыптонім камандзера 16-га батальёну Станьчыка) ня траціць фантазіі. «Хлопцы, будзе добра, бо я ў г… утаптаўся» — яшчэ раз прыгадваем mot de Cambronne Станьчыка.

Павукі арміі — тэлефаністы бязупынна пад абстрэлам снуюць павуціньне тэлефоннай сувязі, а яна, як павуціньне, рвецца пад гураганам артылерыйскага й мінамётнага агню. Патрулі, якія маюць выкрываць міны й трасаваць сьцежкі, пайшлі наперад.

Нам пакуль-што застаецца чакаць на сыгнал. Кладуся пад скалой, дзе можна курыць. Гэтае месца мы назвалі «клюбам курцоў».

Страляюць даволі рэдка, а падчас бывае некалькі хвілін камплетнай цішыні. Тады чалавек чуецца, як той мельнік, калі раптам млын стане. Праўда, гэтую пустэчу адразу запаўняюць салаўі, якія ўпарта не здаюцца.

У гэтым чаканьні ствараецца кантэмпляцыйны настрой. Хацелася-б падумаць, навет — мроіць… Але куды — Грыць тут, як тут.

— Панэ, а, панэ. Што там у штабе? Можа ня пойдзем на гэтую праклятую гару?

— Ня бойся, Грыць, пойдзем, яшчэ як пойдзем. Але чаму ты ня сьпіш? Перад атакай варта праспацца. Можа прыгожы сон прысьніцца…

— Прыгожыя сны мне ўжо ня сьняцца. А спаць ня хочацца. Некалькі дзён ляжым у гэтым сьмярдзючым яры й ні то сьпім, ні то дрэмем. Але ўсё-ж я хацеў-бы расказаць Вам пра Віньніцу. Калі выжывеце, можа аб гэтым напішаце.

Бачу, што ад гэтага ўпорыстага каламыйца ня выкручуся. Ды, зрэштай, што мне шкодзіць пачуць крымінальную аповесьць, чымся дарэмна думаць і мэдытаваць? Заўсёды паміж перапынкамі ў акцыі мы чыталі крымінальныя раманы.

— Ну што-ж, балакай, Грыць.

— Сумны гэта балак. Мелі мы з братам хутар каля Віньніцы. У разгар раскулачваньня й штучнага голаду я ўцёк у Заходнюю Ўкраіну. Быў нежанаты, дык было лягчэй. У Каламыі я знайшоў працу й шчасьліва ажаніўся. Брат зь сямьёй засталіся на месцы. Неяк жылі.

Пачалося ў 37-м годзе, калі бальшавікі пастанавілі зьліквідаваць няпрыхільны ім нацыянальны элемэнт. І ў ваколіцах Віньніцы пачаліся масавыя арышты. Арыштаваных звозілі ў Віньніцкую турму, якая хутка перапоўнілася па берагі. А каб разладаваць турму, што лепшае, як «пусьціць контру ў расход»?

Аблюбавалі вялікі пляц, абгарадзілі яго высокім тынам з дошчак так шчыльным, што ня толькі нічога ня можна пабачыць, але й камар носа паміж дошчак ня ўткне. Навокал ходзяць патрулі гэпістых. Пачалі туды ўяжджаць грузавікі. Нешта робяць.

«Таварыш, што там робіцца за гэтай загарожай?» — пытаюць людзі.

«Парк культуры й адпачынку. Праходзіць хутчэй!» — адказвае патруль.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×