Прадмова ад імя фундацыі Архэ

Рэканструкцыя нацыянальнай традыцыi немагчымая без усьведамленьня таго, якую ролю ў гісторыі Беларусі адыгрыла традыцыя супраціву. Таму выбар назвы для кніжнай сэрыі нашай фундацыі — архіў нацыянальнага супраціву — не выпадковы: ён пакліканы быць беспамылковым індыкатарам таго, для чаго яна задумвалася і была прызначана. А прызначэньне яе можна ў агульных рысах акрэсьліць наступным чынам: быць рэзэрвуарам нацыянальна арыентаванай веды перадусім для сьцьвярджэньня нацыянальна беларускіх вартасьцяў.

Рашэньне выдрукаваць кнігу вядомага дасьледніка беларускай эміграцыі зь Ню Ёрку Лявона Юрэвіча першай у нашай кніжнай сэрыі таксама, безумоўна, было не выпадковым. Пільная ўвага да мінуўшчыны ўвогуле зьяўляецца характэрнай адзнакай беларускай рэчаіснасьці канца XX ст. Асэнсаваньне нярэдка трагічных пэрыпэтый сталеньня нацыянальнага руху дапамагае нам у каламутным віры сёньняшніх дзён ня страціць тыя адвечныя арыентыры, якімі зьяўляюцца такія прагандаваныя нашымі папярэднікамі — беларускімі адраджэнцамі першай паловы стагодзьдзя — вартасьці, як незалежнасьць, бацькаўшчына, вернасьць роднай мове.

Вялікай перавагай дадзенага выданьня зьяўляецца тое, што яго ўкладальнік не імкнецца прыхарошваць рэальныя падзеі, дадаваць ім саладжавасьці і непраўдападобнасьці. Сапраўды, беларускія патрыёты падчас крывавага сутыкненьня дзьвюх таталітарных сыстэм у нашай частцы Эўропы апыналіся часам перад няпростым этыка-маральным выбарам — і кожны непрадуманы крок у гэткіх варунках мог аказацца апошнім… Сытуацыя знаходжаньня «паміж молатам і кавадлам» дыктавала сваю адзіна магчымую лінію паводзін, свае нікім ня пісаныя законы, адэкватна расчытаць якія якраз і належыцца нам — людзям, якія зьвязваюць сваю будучыню толькі зь Беларусяй.

Часавая мяжа, праведзеная аўтарам у першай частцы «Згадкі», у пэўнай ступені сымбалічная: яна, з аднаго боку, уцэнтравана на галоўны катаклізм XX ст. — Другую Сусьветную Вайну, і, з другога, зьмяшчае ў сабе напамін аб нечым большым: што такія чалавечыя якасьці й пачуцьці, як дабрыня, спагада, узаемавыручка, зычлівасьць не падуладныя нават самым жудасным выпрабаваньням. Дзейсным сродкам індывідуалізацыі апісваных падзеяў, што надае ім непаўторны калярыт асабістага перажываньня, выступае і абраная ў «Згадках» форма нарацыі ад першай асобы. Дзякуючы ёй мы трапляем у своеасаблівы аўтарскі сьвет, які вымалёўвае чалавечая памяць пры дапамозе свайго адмысловага інструмэнтару: паўтлустых мазкоў, амаль нябачных штрыхоў, выяўленьня падзеі буйным плянам або яе майстэрскага замоўчваньня, перасоўваньня на задні плян ці проста затушоўваньня.

З такім прынцыпам падачы матар’ялу рэзка кантрастуе другая частка выданьня «Дакумэнты», якая прэтэндуе на навуковасьць ці, прынамсі, на большы аб’ектывізм. Гэта па сутнасьці збор раней не даступных беларускаму чытачу на Бацькаўшчыне дакумэнтальных сьведчаньняў, якія глыбей разьвіваюць тэму беларускага нацыянальнага супраціву, надаючы ёй часам нават нечаканае гучаньне (напрыклад, упершыню друкуюцца захавалыя дагэтуль толькі ў рукапісе песьні Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу). Разам з тым, і прадстаўленыя гэтта матар'ялы тысяччу ніцяў зьвязаныя з галоўнай постацьцю кнігі — беларускім военачальнікам і палітычным дзеячом Барысом Рагулем.

І яшчэ адна рэч, якую немагчыма абысьці ўвагай. Гэта тая мясьціна, дзе пераважна адбываецца дзеяньне — Наваградчына, сэрца зямлі беларускай, калыска нашай дзяржаўнасьці, якая дала нашай радзіме і ўсяму сьвету гэтулькі славутых сыноў. Кніга ажно поўніцца маляўнічымі драбніцамі наваградзкіх краявідаў — во руіны наваградзкага замчышча, а во пекныя акалічныя вёсачкі з сваімі грудамі і ўзгоркамі.

Называючы спробы нацыянальнага будаўніцтва ў часе Другой Сусьветнай Вайны нягледзячы і, больш таго, нават насуперак самым неспрыяльным варункам калябарацыяй зь нямецкімі нацыстамі, цяперашнія нашчадкі сталінскіх катаў, далакопы беларускай дзяржаўнасьці бачаць шанец знайсьці апраўданьне сваёй антыбеларускай дзейнасьці. За ўсімі гэтымі спэкуляцыямі і рыторыкай бачыцца ненажэрнае мурло расійскага шавінізму, яго амбіцыя і надалей сілкаваць беларускую гістарычную навуку сваімі імпэрскімі стэрэатыпамі і ідэалягемамі. Пакласьці гэтаму канец можна толькі выявіўшы ўсю праўду пра тую ці іншую гістарычную эпоху. Дык усё ж такі што дзеялася ў Беларусі падчас Другой Сусьветнай Вайны? — на гэтае і іншыя пытаньні чытачы кнігі знойдуць адказы на яе старонках.

Валерка Булгакаў

Прадмова

Гэтая кніга не зьяўляецца біяграфіяй чалавека, хоць ён — тая постаць, вакол якой разгортваюцца падзеі і, што найбольш важна, залежаць ад яе. Гэтая кніга — не гістарычнае дасьледаваньне, хоць гаворка пойдзе пра гістарычныя падзеі, да таго ж малавядомыя ці, хутчэй, вядомыя з аднаго боку. І разам з тым — кніга і чалавека, і пра гісторыю. З тых часоў, пра якія пойдзе аповед, не захавалася дакумэнтаў, прынамсі, для дасьледнікаў без пагонаў: цалкам магчыма, што яны па-ранейшаму схаваныя ў архівах КДБ і, некалі выдрукаваныя, адкарэктуюць напісанае на бачынах гэтай кнігі. Тым часам адзіная крыніца інфармацыі — сам чалавек, імя якога Барыс Рагуля.

У 1994 - 1995 гадах падчас сумеснай працы над кнігай мэмуараў пра беларускае студэнцтва на эміграцыі (Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на эміграцыі. Лёндан (Канада) - Ню Ёрк, 1996) мы ня раз у гутарках закраналі пытаньні падзей ранейшых, асабліва жыцьцё ў часы Другой Сусьветнай Вайны. Так і складаўся, зьбіраўся матар'ял для гэтай кнігі — з размоў, успамінаў, разважаньняў Барыса Рагулі.

Лявон Юрэвіч

ЧАСТКА 1. ЗГАДКІ

Разьдзел 1. Сталеньне

Мой бацька памёр, калі мне было паўтара годзіка, і маці засталася з двума дзецьмі на руках бяз гроша ў кішэні, бяз дому і безь нічога. Праз два тыдні памёр і мой брацік. Маці прыйшлося вярнуцца ў Любчу да бацькоў. Ёй прыходзілася шчыраваць у полі з раньняга раньня да позьняга вечару — хоць яна й была настаўніцай па адукацыі, але яе, як праваслаўную, на працу ня прымалі, бо палякі разглядалі праваслаўных як людзей другога гатунку. Кожную нядзельку яна брала мяне за ручку й вяла на бацькаву магілу. Па дарозе дахаты мы заходзілі да адной сяброўкі маці. Я страшэнна не любіў хадзіць туды, бо гаваркая каляжанка займала маці размовамі не на адну гадзіну, тым самым адрываючы яе ў мяне. Дык аднойчы, каб адпомсьціць, я ўзяў нажніцы і неўпрыкмет парэзаў ёй хвартушок. Але маці не ўкарала за гэта — яна ніколі

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×