— Бяры яшчэ адну. Болей ня дам, — строга абвясьціў ён.

Што ж, і за тое дзякуй, падумаў салдат, маючы, аднак, надзею, што рыбу яны ўсё ж падзеляць пароўну. Але рыбак і сам зьеў толькі дзьве і раздумна памарудзіў, штось вырашаючы.

— А ладна! Яшчэ па адной. Астатняе ўраньні.

Зьелі й яшчэ па адной і зноў не наеліся. У прысаку засталіся тры апошнія, і рыбак прыняў непазьбежнае рашэньне:

— А чорт зь ёй! Што пакідаць… Яшчэ да ранку не дажывеш — радыяцыя!

Менавіта такога рашэньня й чакаў салдат. Хіба што недарэчны напамінак пра радыяцыю непрыемна шкрабануў ягоныя адчуваньні, але ён хутка на тое забыўся. Не ўстаючы ад цяпельца, яны зьелі ўсе рыбіны; рыбак дбайна загарнуў вугалькі, пакідаў у іх недагаркі.

— Ты паначуеш ці пойдзеш? Хаця куды табе йсьці, праўда? — папытаўся ён проста, нібы даўні знаёмы. І салдат нечакана для сябе гэтак жа проста адказаў:

— Праўда.

— Ну і хай! Тут такая справа — трымаць агонь. Згасьне — будзем сырую рыбу жраць. Паняў?

— Ды ўжо ж, — болей бадзёра адказаў хлопец, адразу прыпамятаўшы зьмест адной кнігі, якую чытаў у школе. Кніга называлася «Барацьба за агонь». Тады яго надта ўразілі падзеі, што адбываліся ў першабытным племені, як у таго згас агонь. Цяпер ім двум пагражала нешта падобнае.

— Цябе як зваць? — крыху падабрэлым голасам запытаўся рыбак.

— Ды салдат проста, — падумаўшы, адказаў хлопец. Яму зусім не хацелася называць сябе, а хлусіць таксама ён ня меў вялікай ахвоты.

— А я бамж проста, — у тон яму адказаў рыбак і засьмяяўся.

Што ж, хай будзе так, падумаў салдат. Адзін дэзэрцір, другі бамж, — сышлася салодкая парачка, зьедліва падумаў ён.

— Такія справы, — няпэўна закругліў кароткую гутарку бамж і выцягся на траве. З-пад расшпіленай ватоўкі зь дзіравым подкладам агаліўся ягоны запалы жывот увесь у нейкіх сіняках і больках, і салдат зважліва адвёў позірк. Падумаў, аднак, што цяпер і ў яго ня лепшы. Паляжаўшы крыху, бамж зноў падняўся, сеў на траве.

— Не паелі — толькі жывот разгнявілі. Знаеш, салдат, бяры вуду і закідвай. Можа, і яшчэ возьмецца…

Салдат паслухмяна ўзяў з долу ня надта зграбнае вудзільна з накручанай на яго жылкай і пайшоў на ранейшае месца, дзе нядаўна клявала.

— І глядзі мне кручок! — гукнуў ззаду бамж. — Адарвеш — галаву скручу!

Ды ўжо як-небудзь, адказаў яму ў думках салдат.

Увесь надвячорак ён кідаў у невялічкую затоку выразаны з хваёвай карыны паплавок і ўсё марна — клёву не было. Тады ён перайшоў у іншае месца — далей за трысьнёг, ніжэй па цячэньні. Але й там ў яго ні разу ня клюнула. Надвор'е тым часам усё лепшала, зрабілася зусім цёпла, над вадой таўкліся клубкі машкары. Вецер суняўся, круглявая рачная затока, бы цьмянае люстэрка, адбівала нязыркае хараство лесавога берагу, за які паволі заварочвала рака. Нізка навіслае над вадой кустоўе лазьняку на тым беразе клала на ваду глыбокі люстраны прыцемак, дзе, напэўна, вадзілася рыба. Можа, нават ляшчы, калі ў яміне, падумаў салдат. Але як перабрацца туды, каб не разьдзяваючыся, разважаў ён, губляючы цікавасьць да вуды. Было ціха й лагодна, і ўжо ня верылася ў тую пагрозу, якая гадамі навісала над краем, якой гэтак баяліся. Але, можа, дарма? Можа, той страх перабольшаны? Неяк жа жыве каля ракі бамж і нават фанабэрыцца — загартаваны! А можа, ён гэтак, каб ня думаць пра горшае й падбадзёрыць сябе? А заадно й яго таксама.

Як сонца схавалася за вершаліны хвояў, салдат выкінуў з вады невялічкага акунька — і ўсё. Болей да самага зьмярканьня нічога ў яго не ўзялося. На вадзе ўжо цяжка было ўгледзець нерухомы паплавок, і хлопец зматаў вуду.

— Ну-у… А я думаў! — расчаравана сустрэў яго бамж, лежачы ля цяпельца. — Значыцца, такое тваё шчасьце…

— Не клявала зусім.

— Гэта яна як калі. Неяк за раньне я вывудзіў шэсьць штук. А пасьля два дні ніводнай. Проста злосьць бярэ. Але й жраць хочацца…

— А болей тут — нічога? — папытаўся салдат.

— А што ж тут яшчэ? Грыбоў, ягад няма — яшчэ рана. Зьверына ўся сышла прэч. Людзей адсялілі. Што беглым бамжам застаецца?

Так, мусіць, няшмат застаецца беглым бамжам-дэзэрцірам, згодна падумаў салдат. Але што можна было зрабіць, каб здабыць харчу, ён ня ведаў, як ня ведаў таго й бамж. Зрэшты, той, мабыць, і ня надта клапаціўся пра ежу.

— Тут, знаеш, такое дзела: менш будзеш есьці — даўжэй пражывеш, — не зразумець, жартам ці насур'ёз зазначыў ён. — Менш радыяцыі спажывеш. Так што нам голад карысны.

Не, з тым салдат ня мог пагадзіцца, — ён і так згаладнеў дарэшты, а сілы ад таго не паболела, — паменшала, гэта пэўна. І ён усё думаў, дзе каб што зьесьці. Але цяпер ля рэчкі зьявілася надзея, і ён не хацеў нікуды адсюль ісьці.

Як стала цямнець, бамж падняў з долу вудзільна і адвязаў ад жылкі кручок, які акуратна зачапіў за падклад кухвайкі.

— Трэба берагчы, а то… Спаць хочаш?

— Ня дужа, — адказаў хлопец.

— Дык пільнуй агонь. А я кімарну пару гадзін.

Бамж на кукішках палез у цесны лаз свае зямлянкі ў абрыве, а салдат застаўся ля касьцярка.

Ён патроху падкладваў ў вагонь сухія хваёвыя палкі, санлява сачыў, як паволі, але настойліва між дрэваў тачыліся, большалі, убіраліся ў сілу, каб затым пачаць мізарнець, лянівыя языкі полымя. Тады зноў трэба было падкласьці. Часам на хлопца шугала дымам — ад подыху ветру з рэчкі. Наўкола панавала цемра; чорнай рачной затокі адсюль было ўжо й ня згледзець. Адно няроўна сьвіціўся — то ярчэў, то цямнеў — невысокі пяшчаны абрыў з нарой побач. Бор уначы амаль перастаў шумець, і навакол зрабілася аж занадта ціхмана.

На хлопца зноў абвалілася звыклае адчуваньне адзіноты, і ён пачаў думаць-меркаваць пра сваё незайздроснае становішча. Зрэшты, думаў ён пра яго заўсёды, быццам намагаўся штось вырашыць. Ці што зразумець. Але ні таго, ні гэтага ніколі да канца не ўдавалася, ён ня мог выкараскацца зь нейкага разумовага тупіку, куды яго загнала жыцьцё. Ці, можа, загнаў сябе сам. Шмат было незразумелага ў ягоным недаўгім жыцьці, але адно было пэўна, — яму не пашчасьлівіла нарадзіцца дужым. Нельга сказаць, што слабаком, але й ня дужым, — такім, каб уласнай сілай абараніць сябе. Як гэта рабілі іншыя — у двары. Калі тае сілы бракуе, тады над табой будуць знушчацца іншыя, а табе толькі й спадзявацца на іхную літасьць ці абстрактную справядлівасьць. Сіле ж ня трэба справядлівасьці, яна сама сабе гаспадыня й кіруе сабой як хоча. У дзяцінстве салдата так сталася, што хлопцы з падворка былі старэйшыя за яго і ўжо таму дужэйшыя, якія ня грэбавалі тым, каб пазьдзеквацца зь яго. Калі трэба было куды па што зьбегаць, пасылалі яго, калі ў яго паяўляўся ножык, можна было яго адабраць. Ці папрасіць паглядзець і не аддаць. Ашукаць таксама можна было. Бо, апроч таго, што ён слабейшы за іншых, ён яшчэ скардзіцца не пабяжыць, бо яму не было на каго скардзіцца — ён ня меў бацькі. А пасьля ў яго ня стала й маці.

Дзяцінства для яго выдарылася мала шчасьлівае, нават пакутнае; асабліва, як ён страціў бацькоў і застаўся адзін з старой, нямоглай бабуляй. Пасьля, у інстытуце, што-нішто для яго зьмянілася да лепшага, ён шчыра памкнуўся да ведаў, набыў самастойнасьць і па магчымасьці адасобіўся ад калектыву, які яго ніколі ня вабіў. Але пасьля прызыву ў войска ўсё горшае да яго вярнулася: і гаманкі, мітусьлівы калектыў у казарме, і абсалютная залежнасьць ад нахабных, самазваных салдацкіх лідэраў. Апынуўшыся пасьля «вучэбкі» ў палку, ён думаў, што тут будзе інакш, што тут яны ўсе роўныя, і афіцэры будуць ставіцца да іх справядліва. Афіцэры, можа, і ставіліся да ўсіх справядліва, але афіцэраў было няшмат, і тыя былі занятыя ўласнымі афіцэрскімі справамі. Салдатамі ж верхаводзілі свае, тыя, што вылучыліся з салдацкай масы й кіравалі паводле свайго крымінальнага разуменьня. Самымі аўтарытэтнымі сярод іх былі тыя, што ўжо пасядзелі ў турме, адкуль яны прынесьлі ўласную мараль і турэмныя звычаі. Неяк перад вячэрняй паверкай сяржант Дробышаў упусьціў пад ложак свой футарал ад зубной шчоткі і, як заўжды, па-хамску загадаў

Вы читаете Ваўчыная яма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×