істопцы нічога не было чуваць — агонь усё болей убіраўся ў сілу, па кутках і па сценах трашчала, сквірчэла, гуло — палалі ўжо столь, сцены, дзежкі ў куце, кросны, засекі, дробнае гаспадарскае начынне — усё драўлянае, шматгадовае і сухое. На яе густа патыхала жарам і сыпаўся прысак, дужа пякло ў галаву і ногі, здаецца, ужо загараліся валасы на патыліцы, яна ўткнулася тварам у рукаў ватоўкі і марудна, але няўхільна пакутна задыхалася. Яна толькі думала, што з ёй будзе раней — згарыць ці задыхнецца ў дыме, — і не ведала, што цяпер лепей. На кароткі момант свядомасць яе млява зацьмелася, яна забылася, пасля ачнулася і адчула, што на спіне смыліць вата — гарыць ватоўка. Гэта ўжо быў канец, і яна не ў лад са сваім станам падумала: чаму ж яе там, у яміне, не ўбачыў хто з бомбай? Хоць бы хто-небудзь з тутэйшых — які пастушок, малец, жанчынка, каб запомнілі месца, пакінулі знак у памяці. Бо інакш, калі не адкапаюць гэтыя, задарма прападзе яе клопат і спрахне без толку сіла, на якую яна спадзявалася.

Між тым дыхаць ужо не было як, яна задыхалася, смылелі валасы на галаве і ўдушліва дыміла вата з ватоўкі.

Здаецца, загарэліся і рукавы на локцях, якімі яна затуляла твар і думала: а можа, і добра, што яе ніхто не пабачыў, ні добры, ні злы чалавек, і ніхто нічога не ўведае. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць — дзе? І не спяць ні ўдзень ні ўначы — баяцца да скону.

Гэтая думка прынесла маленькае супакаенне і была астатнім пробліскам яе спакутнелай свядомасці перад апошнім забыццём, з якога яна ўжо не ачнулася.

Яна ўжо не чула, як, дапятыя агнём, выскачылі з сяней паліцаі, не бачыла, як занялася полымем страха істопкі і вецер магутна раздзьмуваў яго, скіроўваючы ў бок хлява і пунькі, і як неўзабаве шырокае мора агню з трэскам, гулам і скрыгатам запанавала на ўсёй сядзібе, драпежна жаручы будынкі, дровы, бліжэйшыя да сцен дрэвы, платы, абсыпаючы падворак іскрамі і попелам.

Імклівыя раі іскраў і агнянае клочча саломы несліся ў начным задымленым небе над ровам да сасонніку і дарогі з ненавісным ёй мастком цераз дрыгвяністую рэчку Дзеравянку.

Пажар ніхто не тушыў, хутар гарэў грунтоўна і доўга — усю ноч, дагараў у наступны дзень, і паліцаі не падпускалі нікога блізка, самі трымаючыся воддаль, — баяліся выбуху бомбы.

А бомба на ўзроўку чакала свае пары.

1982

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×