Можа будзеце ў Маскве, рад буду пазнаёміцца.

Г.А. Каханоўскаму

Дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Вітаю Вас з кнігаю. Думаў, што гэта пра музейную справу, але з прыемнасцю даведаўся, што другая. Спадзяюся, што будзе скора і першая. Сабраць такі матэрыял — аб людзях, якія ў свой час распачыналі справу, рабілі, не спадзяючыся на заробкі і славу, гэта азначае асвятліць такую важную старонку нашай гісторыі. Тым больш важна, што гэту справу з усіх бакоў стараюцца апаскудзіць. Карнейчык у свой час напісаў, што «Наша Ніва» была органам аграрыяў. Да такога яшчэ ніхто не даходзіў. А кніга Лойкі! Але ж і зараз ёсць людзі, малавядомыя ці зусім невядомыя апрача як блізкім, асабліва сярод настаўнікаў, пра якіх трэба было б збіраць звесткі.

Дзякуй Вам за кнігу, яшчэ большы дзякуй, што Вы яе напісалі. У нумары 12 «Вопросов истории» павінен выйсці мой артыкул аб беларускім летапісанні. Учора падпісаў тэкст, хоць можа што-небудзь здарыцца і тут, але майце на ўвазе, што прызначана ў гэты нумар.

Заўтра ў Мінску ў універсітэце пачынаюцца Пічэтаўскія чытанні. Мельцар з Аргкамітэту паведаміў, што мяне запрашаць ня будуць, і наогул, што я на гэтым свяце нежаданы. Папрасіў перадаць там, што Пічэта пакінуў рукапіс: «Першы Заходні камітэт», і што ун-ту варта было б выдаць гэтую манаграфію, бо пакуль што ўстанова для свайго першага рэктара зрабіла толькі партрэт. Варта было б сказаць і тое, што мяне, хто такі выдаў два тамы твораў Пічэты, на чытанні не пускаюць. Праўда, можа каб і запрашалі, то ня мог бы паехаць, бо дома складана, але …

23.Х.1984.

Г.А. Каханоўскаму

Дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Атрымаў Вашу кнігу. Покуль перагартаў, пазней трэба будзе прачытаць грунтоўна. Трагічная кніга! Амаль усіх, хто працаваў на нас, урад знявечыў, яшчэ страшней з музейнымі і бібліятэчнымі зборамі: столькі было сабрана, і што засталося! Усё расцягалі, паламалі і проста раскралі, а зараз мы нібы без мінулага. Такія бібліятэкі, такія мастакі з цэхавых працавалі, а дзе яно ўсё. Нават імён не засталося. Прасочваючы гісторыю Супрасльскага летапісу, я пісаў, што, згодна з інвентарамі Супрасльскага манастыра XVI ст., там было столькі мастацкіх рэчаў, што па-сутнасці гэта быў музей, а дзе яно што? А Вы ж даяце звесткі пра дзесяткі такіх збораў, якія зніклі ці раскіданы па розных сховішчах.

У нас доўгі час гісторыкі пісалі толькі (ці галоўным чынам) пра сялянства, пра сялянскі рух, культурная частка была зусім закінутая. Спрабую ўзняць цікавасць да гэтай тэмы, а мне кажуць, што гэта сфера Галенчанкі, а Галенчанка піша, што мы ўсе «дзякуючы». Пра Слуцак, Нясвіж, Капыль даўно піша Грыцкевіч, але пра іх як пра культурныя цэнтры ён не гаворыць, а гэтая тэма наспела даўно. Дарэчы, і цікавасць чытачоў да гэтай тэмы надта ўзрасла. Таму дзякуй Вам за абедзьве кнігі.

Па-другое. Ваша кніга навуковая, гэта значыцца, што Вы трымаецеся тых правілаў, якія належыць выконваць пры напісанні навуковых прац. На фоне тых кніг, якія выпусцілі ў апошнія гады Абэцэд, Чапко, Жучкевіч, Вашы можна ставіць як узорныя. Асабліва ўзрушыла мяне кніга Лойкі, які знайшоў мажлівым даследаваць, чыёй сапраўды дачкой была Ластаўскене. I такое паскудзтва надрукавана тыражом у 170 тыс. Спрабую надрукаваць рэцэнзію на кнігу, але аўтар абгарадзіўся такім тынам, што пэўна нічога ня выйдзе. [12]

Цяпер некалькі заўвагаў да Вашай кнігі. Ня ведаю, чаму Вы не кранулі прац Баброўскага аб Гарадзеншчыне. У яго такія ж ёсць. Наогул, як генерал Баброўскі, так і яго дзядзька М.К.Баброўскі вартыя спецыяльнай манаграфіі.

Ці вядома Вам, што ў 1863 г. у друкарні Завадзкага знаходзіўся рукапіс Міхала Борха пад назваю «Легендарная история русско-нормандского периода Белорусских стран». Рукапіс гэты быў адпраўлены ў Публічную бібліятэку, але да яе не дайшоў. Найболып пэўна, што нехта паспеў схапіць яго і схаваць, але хто, і ці захаваўся ён.

Пра музей у Нароўлі Горвата. У верасні 1929 г. дырэктар Бібліятэкі Сіманоўскі даручыў мне паехаць у Нароўлю і забраць там рэшткі бібліятэкі Горвата, нават далі мяшок тары, каб пакаваць кнігі. Калі я прыехаў, то палац Горвата быў цэлы (надта прыгожы, над Прыпяццю). Там даведаўся, што ўвесь палац уяўляў сабою музей прыроды Палесся, а ў бібліятэцы было сабрана ўсё (так у прынцыпе), што было надрукавана пра Палессе. Але ў той час, калі я прыехаў, там засталося некалькі чучалаў звяроў, і больш нічога. Тубыльцы сказалі такое: да першага пашырэння Беларусі Нароўля належыла да Гомельскай губерні, і калі ў Гомелі даведаліся, што Нароўля адыходзіць за «граніцу», то адтуль прыйшоў параход, каб забраць ўсё, што засталося (а было нямала). Музейныя экспанаты кідалі з вокан на зямлю, і адтуль кідалі ўніз (бераг там стромкі), а там на параход. Пра гэта я казаў людзям, але (здаецца так) ніколі нідзе не пісаў. Таму майце на ўвазе, як было.

Мая кніга пра летапісы пэўна ў гэтым годзе будзе гатова на машынку, а можа будзе і надрукаваная, выйсці павінна ў другім квартале наступнага году. Пасля здарэння з вёскаю, гаварыў пра гэта асцярожна. У плане выпуску на другі квартал выдавецтва «Наука» кніга лічыцца пад нумарам 19. Цана паказана незразумела высокая — 3.50, але гэта залежыць ад тыражу.

Вітаю Вас з вельмі цікаваю і патрэбнаю кнігаю.

7.ХІІ.1984

В.У. Скалабану

Шаноўны Віталь Уладзіміравіч!

Здарыўся нібы цуд: Вы прыслалі нататку з газеты, якая была надрукавана амаль дакладна 60 гадоў назад. Я толькі што паступіў ва універсітэт, адкуль добрыя людзі так стараліся мяне выжыць, і адразу ўхапіўся за ідэю стварыць краязнаўчую арганізацыю. Я быў неяк трохі ашалеўшы з гэтай ідэяй, мне здавалася, што ці ня ўсе людзі павінны займацца краязнаўствам. Дарэчы, гэта дало, хаця і на кароткі час, вынікі: летам 1926 г. мы, як члены краязнаўчага гуртка (я і Сяргей Шутаў), хадзілі ў першую ў гісторыі універсітэту даследчую экспедыцыю, расшукалі і апісалі археалагічныя помнікі на Ніжняй Свіслачы (ад Асіповіч да вусця). У наступны год гурток вырас у таварыства, старшынём якога стаў Пічэта. Між іншага, у кастрычніку гэтага году універсітэт наладзіў Пічэтаўскія чытанні, на якіх я меўся зрабіць паведамленне пра Пічэту як настаўніка, педагога, але ўніверсітэт у асобе Мельцара перадаў, што я ня проста не пажаданы, але што загадана мяне не пускаць на чытанні. Ня ведаю, у якой форме ун-т не пускаў бы мяне (хіба б стаў пры дзвярах і ня пусціў сілком, калі б я-такі прыехаў).

Скандракоў сакратаром быў нядоўга; яго замяніў Каспяровіч (інструктарам ЦБК быў Крапіва). Спатыкаўся з ім я толькі некалькі разоў, і прытым толькі на паседжаннях. На нас, у той час паўвясковых, надта

Вы читаете Эпісталярыя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×