А цяпер, калі шукаю Праўды, шчасця для людцоў, Ці не тое ж дзіцяня я, Што лавіла матылёў?

1920

«Мы любім даўнія паданні…»

Мы любім даўнія паданні, Быліцы сівых песняроў. Няхітры іх апавяданні Аб справах мінулых часоў. Нам даспадобы чэрпаць веду Гісторыі з пажоўклых кніг; З рукопісаў пра быт прадзедаў Даведацца, што сведчыць мніх. Прыемна нам дзядоў надзеі, Іх тайны думы адзначаць, Вялікія ў мінулым дзеі, Дзе й як змагалась наша раць. Шануем мы бацькоў імёны: Навука й прыклад нам яны; І помнім мы і веча звоны, І вольнасць роднай стараны; І нат мамэнты заняпаду — Ў далёкім сумныя лісты — Распазнаваць нас вучаць здраду І родзяць помсты гнеў святы. Але нам будуць ўсё ж мілейшы Часы, калі з нізін, балот З надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых Устане ўзбуджаны народ. Не відна йшчэ у завірусе, Куды ляжыць ягоны шлях, Але дух творчы ў Беларусі Жыве й змагае долі жах. І, можа, толькі той збаіцца Падзей вялікіх нашых дзён, У кім жыцця не б'е крыніца, Хто спіць і здолець недуж сон.

1921

Замчышча

Наўкола роў, травой паросшы і шырокі, За ім астача сцен зруйнованых замковых… Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы, І слава-чутка йшла аб ім у свет далёкі. Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі, Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы, Ўначы стагнаннямі і плачам страшаць совы, І кажаны лятуць на дзень ў цвілыя лёхі. А ў вёсцы блізкай дзед старэнькі бае, сівы, Пра страхі розныя, што там таяцца, й дзівы Начніц, што пацеркі нанізваюць з расы І на шляху снуюць і сеюць спеў жуды; Ды аб княжне дзіўной, нябачанай красы, Ў замковай вежы век згубіўшай малады.

1921

Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×