Рэкс Стаўт

Крылаты рэвальвер

Маладая жанчына вынула з рыдыкюля паперчыну ружовага колеру, устала з чырвонага скуранога крэсла, паклала яе на стол Ніра Вулфа і зноў села. Паколькі я лічыў сваім абавязкам быць у курсе спраў, ды і каб Вулф не нагінаўся, бо да паперкі не так лёгка было дацягнуцца, я ўстаў, падышоў да стала і перадаў яе Вулфу, папярэдне прачытаўшы, што там было напісана.

Гэта быў чэк на пяць тысяч даляраў, выпісаны таго ж дня, чатырнаццатага жніўня, на яго прозвішча і падпісаны Маргарэт Міён. Вулф зірнуў на чэк і кінуў яго на стол.

— Я падумала, — сказала жанчына, — што, можа, гэта будзе найбольш зручны шлях пачаць размову.

Разглядаючы жанчыну з-за свайго стала, я пачаў паволі мяняць свае адносіны да яе. Калі яна патэлефанавала раней, у нядзелю адразу папалудні, і папрасіла аб сустрэчы, я адшукаў у памяці цьмяны ўспамін пра яе фота, надрукаванае ў газеце некалькі тыдняў таму, і падумаў, што сустрэча з ёй не будзе ў радасць, але цяпер уяўленне аб ёй пачынала паступова мяняцца.

Знешнія дадзеныя былі не самае галоўнае з таго, што яна мела, бо яны былі так сабе, важна — як яна імі карысталася. Я не маю на ўвазе розныя там выкрутасы і хітрыкі. Вусны не былі прывабныя, нават калі яна ўсміхалася, а вось усмешка была прыгожая. Карычневыя вочы як вочы, нічога незвычайнага, але я з асалодаю пазіраў, як яна пераводзіла іх з Вулфа на мяне, потым на мужчыну, што прыйшоў з ёю і цяпер сядзеў злева. На маю думку, трыццаць ёй будзе недзе гады праз тры.

— Ці не думаеш, — спытаўся ў яе мужчына, — што мы спачатку павінны атрымаць адказ на некаторыя пытанні?

Мужчына сказаў гэта напружаным і крыху суровым тонам, з адпаведным выразам твару. Ён быў устрывожаны і не хаваў гэтага. Глыбока пасаджаныя шэрыя вочы, моцны падбародак — у лепшы час яго можна было б прыняць за якога-небудзь лідэра, але толькі не цяпер. Нешта яго мучыла. Калі місіс Міён прадставіла яго як містэра Фрэдэрыка Ўэплера, я ўспомніў, што гэта прозвішча музычнага крытыка «Гэзэт», але не мог прыпомніць, ці ішла аб ім гаворка ў інфармацыі пра падзею, у сувязі з якой у газеце з'явілася фатаграфія місіс Міён.

У адказ жанчына пакруціла галавой, зрабіўшы гэта невыпадкова.

— Гэта не дапаможа, Фрэд, праўда. Нам трэба будзе ўсё расказаць і паслухаць, што ён скажа. — Яна ўсміхнулася, зірнуўшы на Вулфа, — ці, можа, на самай справе гэта была не ўсмешка, а звычайны для яе рух вуснаў. — Містэр Уэплер быў не зусім упэўнены ў неабходнасці звяртацца да вас, і мне прыйшлося яго ўгаворваць. Мужчыны асцеражнейшыя за жанчын, ці не так?

— Так, — пагадзіўся Вулф і дадаў: — Дзякуй Богу.

Яна кіўнула галавой, выказваючы згоду.

— Я думаю, што так, — і прадоўжыла гаворку, дапаўняючы яе жэстамі. — Я прынесла чэк у доказ таго, што ставімся да гэтага сур'ёзна. Мы трапілі ў непрыемнае становішча і хацелі б, каб вы дапамаглі з яго выбрацца. Мы хочам уступіць у шлюб, але не можам гэтага зрабіць. Прынамсі, калі гаварыць толькі за сябе, я хачу выйсці за яго замуж. — Яна зірнула на Ўэплера, і цяпер на яе твары сапраўды была ўсмешка. — Ты хочаш жаніцца са мной, Фрэд?

— Ага, — прамармытаў той. Потым нечакана крутануў падбародкам і задзірліва глянуў на Вулфа. — Вы разумееце — справа далікатная. І не хацелася б, каб у яе лезлі чужыя, але мы ўсё-такі прыйшлі да вас па дапамогу. Мне трыццаць чатыры гады, і першы раз у жыцці я… — Ён змоўк. І праз хвіліну зноў загаварыў здаўленым голасам: — Я закаханы ў місіс Міён і больш за ўсё на свеце хачу, каб яна была маёй жонкай. — Ён перавёў вочы на аб'ект кахання і прамармытаў нешта падобнае на заклік: — Пегі!

— Лічу гэта даказаным, — прабурчаў Вулф. — Вы абое хочаце ўступіць у шлюб. Ну, дык у чым справа?

— Справа ў тым, што мы не можам, — сказала Пегі. — Проста не можам гэтага зрабіць. І толькі таму, што… Вы, можа, памятаеце, што здарылася ў красавіку, чатыры месяцы назад, калі чыталі пра смерць Альберта Міёна, опернага спевака?

— Нешта такое чытаў. Але вы лепш мне напомніце.

— Ну, ён скончыў самагубствам. — Гэты раз на яе твары не было нават падабенства на ўсмешку. — Мы знайшлі яго з Фрэдам — містэрам Уэплерам. У сем гадзін вечара, у адзін з аўторкаў красавіка, у нашай кватэры на Іст-Энд-авеню. Якраз таго ж дня высветлілася, што мы з Фрэдам кахаем адно аднаго, і…

— Пегі! — раптам звярнуўся да яе Ўэплер.

Тая зірнула на яго, потым зноў перавяла вочы на Вулфа.

— Відаць, я павінна параіцца з вамі, містэр Вулф. Як лічыць Фрэд, мы павінны расказаць вам толькі тое, без чаго нельга зразумець праблему, а я лічу, што вы не зразумееце сітуацыі, калі мы не раскажам вам усяго. Як вы думаеце?

— Не магу нічога сказаць, пакуль не раскажаце. Працягвайце. Калі з'явяцца пытанні, тады пабачым.

Місіс Міён кіўнула галавой.

— Думаю, што ў вас з'явіцца шмат пытанняў. Ці здаралася з вамі такое, што вы закахаліся, але хутчэй згадзіліся б памерці, чым паказаць іншым вашыя пачуцці?

— Ніколі, — з імпэтам адказаў Вулф.

Мой твар застаўся нерухомы.

— Ну што ж, а са мною такое здарылася, і я ў гэтым прызнаюся. Ніхто пра гэта не ведаў, нават ён. Праўда, Фрэд?

— Так, гэта праўда, — таксама з імпэтам адказаў Уэплер.

— Не ведаў да таго самага дня, — працягвала Пегі. — Ён прыйшоў да нас на абед, а гэта здарылася якраз пасля абеду. Госці разышліся, і раптам нашы позіркі сустрэліся, потым ён нешта сказаў, а можа, я загаварыла, дакладна не помню, хто першы пачаў гаворку. — Яна ўмольна паглядзела на Ўэплера. — Я ведаю, ты лічыш, што гэта няёмка, Фрэд, але калі ён не будзе ведаць, як гэта ўсё адбывалася, то не зразумее, чаму ты пайшоў наверх да Альберта.

— А яму гэта трэба ведаць? — спытаўся Ўэплер.

— Ну, канечне, — місіс Міён зноў звярнулася да Вулфа. — Думаю, што не здолею растлумачыць так, каб вы ўявілі, як усё было на самай справе. Мы былі канчаткова, ну, як бы сказаць, закаханыя адно ў аднаго, вось і ўсё, і я думаю, што дагэтуль мы ўсведамлялі ўсё моўчкі, таму пачуцці захлынулі нас яшчэ больш. Фрэд вырашыў неадкладна сустрэцца з маім мужам, каб расказаць яму пра ўсё і вырашыць, што нам рабіць далей, я сказала — ну што ж! — і ён пайшоў уверх па лесвіцы.

— Уверх па лесвіцы?

— Наша кватэра на двух паверхах, і ўверсе студыя з гукаізаляцыяй для мужавых рэпетыцый. І вось Фрэд пайшоў…

— Калі ласка, Пегі, — перапыніў яе Ўэплер і паглядзеў у бок Вулфа. — Вы павінны гэта ведаць з першых рук. Я пайшоў туды, каб расказаць Міёну, што кахаю ягоную жонку і яна кахае мяне, а не яго, і папрасіць, каб ён успрыняў гэта як цывілізаваны чалавек. Да скасавання шлюбу цяпер ставяцца як да звычайнай у нашай цывілізацыі з'явы, але ён гэтага так не ўспрыняў. Яго рэакцыю можна было назваць па- ўсякаму, але толькі не цывілізаванай. Ён не буяніў, але паводзіў сябе вельмі нізка. Праз нейкі час я спалохаўся, што зраблю з ім што-небудзь за прыкладам Джыфа Джэймса, і таму павярнуўся і пайшоў прэч. Мне не хацелася ў такім стане вяртацца да місіс Міён, таму я выйшаў са студыі праз дзверы ў калідор на другім паверсе і адтуль выклікаў ліфт.

Уэплер змоўк.

— І? — націскаў на яго Вулф.

— Я выйшаў з будынка. Пакрочыў па парку і праз некаторы час, супакоіўшыся, патэлефанаваў місіс Міён, і яна сустрэлася са мной у парку. Я расказаў ёй пра рэакцыю Міёна і папрасіў пакінуць яго і паехаць куды-небудзь разам са мной. Яна не згадзілася. — Уэплер змоўк на некалькі хвілін, а потым працягваў: —

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×