Нейкi вобраз зрабiў бледным гэтага бледнага чалавека. Ён быў нароўнi з учынкам сваiм, учыняючы яго; але ўчынiўшы, не вынес вобраза ўчынку свайго.

З гэтага часу толькi злачынцу, якi ўчынiў злачынства, пачаў ён бачыць у сабе. Шаленствам я называю гэта: выключэнне зрабiлася ў яго сутнасцю.

Праведзеная рыса зачароўвае курыцу; удар, якi ён нанёс, зачараваў яго бедны розум. Шаленствам пасля ўчынку я называю гэта.

Слухайце, суддзi! Ёсць яшчэ й iншае шаленства - гэта шаленства перад учынкам. Не, зусiм не дастаткова глыбока ўпаўзлi вы ў гэтую душу!

Так кажа акрываўлены суддзя: 'Навошта забiў гэты злачынец? Ён хацеў абрабаваць!' А я вам кажу: душа ягоная прагнула крывi, а не рабунку: ён прагнуў шчасця нажа!

Але слабы розум не ўмясцiў у сабе гэтага шаленства i пераканаў яго. 'Ах, няма ладу што - кроў! - казаў ягоны розум, - прынамсi, можна шчэ i абабраць! Адпомсцiць!'

I паслухаўся ён свайго слабога розуму i яго развагаў, свiнцом яны леглi на плечы ягоныя, i вось, забiваючы, ён яшчэ й абабраў. Бо яму не хацелася, каб было брыдка за сваё шаленства.

Цяпер свiнцовым цяжарам ляжыць на iм вiна, а яго розум зноў нерухомы, спаралiзаваны i цяжкi.

Калi б толькi ён мог страсянуць галавой, скiнуў бы той цяжар; бо хто яшчэ можа страсянуць галавой?

Што ж такое гэты чалавек? Куча хваробаў, якiя праз ягоны дух лезуць у свет, - там яны хочуць знайсцi сваю здабычу.

Што ж такое гэты чалавек? Клубок ядавiтых гадзюк, якiя заўсёды ў разладзе памiж сабою, i вось яны распаўзаюцца па свеце, шукаючы спажывы.

Зiрнiце на гэта гаротнае цела! Тое, па чым яно ныла i ад таго пакутавала, гэтая нiкчэмная душа спрабавала растлумачыць; i яна тлумачыла гэта як радасць забойства, як жаданне зведаць шчасце нажа.

На тых, хто сёння нядужы, нападае лiха, слушней, - тое, што сёння лiчыцца лiхам: i вось - гэтыя спрагненыя самi спрабуюць зрабiць, каб балела, i пры гэтым праз тое самае, ад чаго iм якраз i балiць. Але былi i iншыя часы, i iншае дабро й лiха.

Калiсьцi лiхам былi паняверка i воля да Самасцi. Ерэтыкамi i чарадзеямi рабiлiся нямоглыя, як чарадзеi i ерэтыкi, цярпелi яны i хацелi iншых увесцi ў цярпеннi.

Але гэта не на вашыя вушы, бо супярэчыць таму, чаму вучаць вас 'добрыя', кажаце вы мне. Але што мне да вашых 'добрых'!

Шмат што ў iх гiдзiць мяне, i, што праўда, не iхняе лiха. Алё мне хацелася б, каб шал захапiў iх i каб загiнулi яны, як гэты бледны злачынец!

Праўда, хацеў бы я, каб iх шаленства называлася iсцiнай, альбо вернасцю, альбо справядлiвасцю; але ў iх ёсць 'цнота', каб жыць доўга ў жалю вартай самазадаволенасцi.

Я - парэнча моста над бурлiвым патокам: трымайся за мяне, хто можа трымацца! А за кульбаку я вам не буду.

Так сказаў Заратустра.

Пра чытанне i пiсанне

З усяго напiсанага я люблю толькi тое, што напiсана сваёй крывёю. Пiшы крывёю, i ты будзеш ведаць, што кроў - гэта дух.

Нялёгка зразумець чужую кроў; я ненавiджу тых, хто чытае з нуды.

Хто ведае чытача, той ужо не працуе дзеля яго. Яшчэ адно стагоддзе чытачоў - i сам дух прасмердне.

Тое, што кожны бярэцца вучыцца чытаць, надоўга псуе не толькi напiсанае, але i самую думку.

Калiсьцi дух быў Богам, потым зрабiўся чалавекам, а сёння - увогуле робiцца чэрняю.

Хто пiша крывёю i прыпавесцямi, той хоча, каб яго не чыталi, а вучылi на памяць.

У гарах сама кароткая дарога з вяршынi на вяршыню, але на гэта патрэбны доўгiя ногi. Прыпавесцi - тыя самыя вяршынi; а тыя, каму яны напiсаны, павiнны быць высокiя i вынёслыя.

Рэдкае i чыстае паветра, блiзкая небяспека, дух, поўны радаснай лютасцi, усё гэта добра стасуецца.

Хай мяне атачаюць горныя духi - я адважны. Мужнасць разганяе прывiды i сама сабе стварае горных духаў, - мужнасць хоча смяяцца.

Я ўжо не адчуваю так, як адчуваеце вы: на гэтыя цяжкiя, змрочныя хмары пада мною, з якiх я смяюся, - на гэтыя навальнiчныя хмары якраз i падобныя вы.

Вы гледзiце ўгору, калi прагнеце вышынi. А я гляджу ўнiз, бо я ўзвысiўся.

Хто з вас можа i смяяцца i быць узвышаным?

Хто падняўся на сама высокiя горы, той смяецца, з усякай трагедыi - i на сцэне, i наяве.

Мужнымi, бестурботнымi, пакеплiвымi, уладнымi - такiмi хоча нас бачыць Мудрасць: яна - жанчына i заўсёды любiць толькi воiна.

Вы кажаце мне: 'цяжка несцi жыццё'. Навошта ж вам тады ваш гонар ранiцай i слухмянасць увечары?

Цяжка несцi жыццё: не стройце з сябе такiх здалiкатненых! Усе мы - мiлыя, цягавiтыя аслы i аслiхi.

Што супольнага ў нас з ружыным бутонам, якi трапеча, калi на яго ападзе кропля расы?

Праўда: мы любiм жыць, але не таму, што прывыклi жыць, а таму, што прывыклi любiць.

У любовi заўсёды ёсць нешта шалёнае. Але ж заўсёды ёсць i нешта разумнае ў шаленстве.

I нават мне, хто дабром прымае жыццё, здаецца, што матылькi i мыльныя пузыры, альбо на iх падобныя людзi, найбольш ведаюць шчасце.

Гэтыя лёгкiя, дурныя, далiкатныя i рухавыя душы, i тое, як яны пырхаюць, даводзяць Заратустру да слёз i песняў.

Я паверыў бы толькi ў такога бога, якi ўмее скакаць.

I калi я глядзеў на свайго д'ябла, я знайшоў у iм сур'ёзнасць, грунтоўнасць, глыбiню i ўрачыстасць; гэта быў Дух Цяжару, праз яго ўсё падае.

Забiваюць не гневам, а смехам. Устаньце, давайце заб'ём Дух Цяжару!

Я навучыўся хадзiць: з таго часу я дазваляю сабе бегаць. Я навучыўся лётаць: з таго часу не трэба, каб мяне штуршком зрушвалi з месца.

Цяпер я лёгкi, цяпер я лётаю, цяпер сябе бачу пад сабою, цяпер нейкi бог скача ўва мне.

Так сказаў Заратустра.

Пра дрэва на гары

Заратустрава вока змецiла, што адзiн хлопец пазбягае яго. I вось ён, калi аднаго разу ўвечары iшоў гарамi вакол горада, якi называўся Пярэстая Карова, раптам убачыў гэтага хлопца; той сядзеў, прыхiлiўшыся да дрэва, i стомленымi вачыма глядзеў у далiну. Заратустра дакрануўся да дрэва, каля якога сядзеў хлопец, i сказаў:

'Калi б я захацеў страсянуць гэтае дрэва рукамi, я не змог бы.

А вось вецер, якi мы нават не бачым, тузае яго i гне, куды хоча. Найгорш нас гнуць i тузаюць нябачныя рукi'.

Хлопец устаў i сказаў, сумеўшыся: 'Я чую Заратустру, а якраз я толькi што думаў пра яго'.

Заратустра спытаўся: 'Чаго ж ты палохаешся? З чалавекам адбываецца тое самае, што i з дрэвам.

Чым больш ён iмкнецца ўгору, да святла, тым мацней каранi яго iмкнуцца ў глыбiню зямлi, унiз, у змрок - у зло'.

'Так, у зло! - усклiкнуў хлопец. - Як жа ты здолеў зяглянуць мне ў душу?'

Заратустра засмяяўся i сказаў: 'Некаторыя душы нельга адамкнуць: на тое iх трэба спачатку выдумаць'.

'Так, у зло! - зноў усклiкнуў хлопец. - Ты сказаў праўду, Заратустра. Я перастаў верыць самому сабе з таго часу, як памкнуўся ўгору, i нiхто ўжо цяпер не верыць мне. Як жа такое сталася?

Я мяняюся занадта хутка: маё 'сёння' абвяргае маё 'ўчора'. Падымаючыся, я часта пераскокваю прыступкi, i гэтага не даруе мне нiводная прыступка.

Калi я ўгары, я заўсёды адчуваю сябе самотна. Нiхто не гаворыць са мною, холад адзiноты кiдае мяне ў дрыжыкi. Чаго ж мне трэба на вышынi?

Мая пагарда расце разам з запалам; чым вышэй я падымаюся, тым больш пагарджаю тым, якi падымаецца. Чаго ж мне трэба ўгары?

Мне брыдка за тое, што я падымаюся i што спатыкаюся! Я смяюся са сваёй задышкi! Як ненавiджу тых, якiя лётаюць! Як я стамiўся на вышынi!'

Тут хлопец змоўк. А Заратустра зiрнуў на дрэва, каля якога яны стаялi, i сказаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×