бухгальтарскiя кнiгi i папрасiлi адразу-ж распачаць працу. У нейкiм напоўразбураным будынку адвялi мне кватэру, вялiкi пусты пакой, накшталт нейкай салi, бяз кухнi, вады, ложкаў i ўсяго iншага, патрэбнага для жыцьця. Паставiлi толькi стол, з канапай побач. На гэтым стале я й пачаў разглядаць бухгальтарскiя кнiгi. Гартаў iх, углядаўся ў запiсы. зробленыя папярэднiм бухгальтарам, гартаў i нiчога не разумеў - дзе дэбiт, дзе крэдыт. Дырэктар маслазаводу - падазроны для мяне чалавек - у першыя днi на коратка заходзiў да мяне паглядзець што я за бухгальтар. Як ён паяўляўся ў дзьвярох, я пачынаў ляскаць на сваiм лiчыльнiку косткамi, ганяючы iх направа i налева, каб паказаць, што я нешта раблю, але па тым, як я гэта раблю, дырэктар, бязумоўна, здагадваўся, што я нiколi ня трымаў у сваiх руках гэтай прылады. Запытаецца ў мяне пра што-небудзь, коратка i суха, i пойдзе, а я застаюся сядзець над кнiгамi, спрабуючы разабрацца ў iх. Дырэктар папрасiў мяне зрабiць нешта накшталт рэвiзii, праверыць па кнiгах, што там i як. Колькi я нi бiўся, у мяне нiчога ня выходзiла. Нiяк ня мог праверыць балансу: кожны раз на лiчыльнiку ў мяне атрымлiвалася розная, ня тая самая лiчба. Падлiчваю адзiн i той-жа слупок па некалькi разоў, а вынiковая лiчба ўсякi раз не сыходзiцца. Стамляюся. Кiдаю. Пачынаю зноў. Нарэшце, пераконваюся, што гэта праца мне не па плячы. Асаблiва занепакоiўся, калi пачуў, што мой дырэктар маслазаводу быў у супалцы з сваiм папярэднiм - што ўцёк - бухгальтарам i што ён узяў мяне, недасьведчанага чалавека, у надзеi што iхнай афэры я не раскрыю, а яшчэ больш заблытаю i такiм парадкам магу яшчэ сам улезьцi ў гэта нячыстае дзела. Кляну сябе, што прыняў гэтую працу, хоць нiякiх iншых магчымасьцяў у мяне i ня было. Балазе, што мне паабяцалi кватэру, пiльна патрэбную мне. Удзень я б'юся над кнiгамi, а ўвечары - хоць задавiся. Сяджу адзiн у сваёй кватэры- пустэльнi. Ня ведаю, дзе дзецца. Баюся тут спаць. А лягу - сплю трывожна, мармычу, крычу, у сьне шукаю пры сабе Дусю, грабаю рукамi, а яе няма. Пуста. Яна мусiла-б ужо й быць. Але, вiдаць, нейкая затрымка, ды й не так лёгка выбрацца адтуль. Шкадую, што ня прыйшоў сюды разам з ёю. Як яна можа з дзiцем дабрацца сюды? Не дадумаў. Ня ўлiчыў усiх абставiнаў. Сапраўды, пакiнуў на 'страд'. Безадказна. Нясур'ёзна. Не памужчынску. У часе абеду забягаю на рынак - можа прыпадкам пабачу каго з Мокрага. Прыходзяць-жа сюды, каб здабыць што, з самых далёкiх куткоў, пераважна за сольлю. Ды нiкога з сваiх на рынку ня бачу i, занепакоены, iду назад, у сваю багадзельню. Саджуся за мае кнiгi. Гляджу ў iх, а думаю пра iншае, пра тых, каго са мною няма, а мусiлi-б ужо быць. Прачынаюся рана. Бягу на дарогу, што йдзе з Сьцюдзянца, паглядзець - можа йдуць яны, усе разам, з Дусяй. Нi па якой iншай дарозе яны ня могуць iсьцi. Ад Сьцюдзянца сюды толькi дзьве вярсты i гэта ўжо самы бясьпечны адцiнак дарогi. Пабачыў-бы iх, каб iшлi, але ня йдуць. Няма. Пануры, вяртаюся назад. За сваю бухгальтэрыю не бяруся ўжо. Знайшоў тры ложкi i матрацы да iх - прыйдуць, будзе на чым легчы. Але ня прыходзяць. Настае дзень, бягу зноў на дарогу i зноў - няма. Мокрае патанула ў нейкiм мроiве, хачу ўявiць яго, а яно - як па-за сьветам, як няма яго. А то наадварот - зырка бачу ў сваёй уяве то Дусю, як яна iдзе з дзiцем сюды, то бацькоў i сястру з клумкамi за сьпiною. Але гэта толькi ўява. Iх няма. А тут, у мястэчку, усё болей i болей нарастае трывога - чуцён фронт. Вязуць параненых, здаецца толькi што падабраных з поля бiтвы. Мой дырэктар маслазаводу патайна рыхтуецца да адступу, зафрахтаваў сабе цэлы вагон, каб калi надыйдзе той час, пакiнуць Касьцюковiчы з усiм сваiм скарбам. Ходзяць самыя розныя чуткi: немцы ўжо пакiдаюць Фэльдкамэндатуру, раённае начальства гатова змыцца ў кожную хвiлiну, палiцыя перабегла да партызанаў, на цягнiк бяруць толькi тых, хто гэтага даможыцца. А я? Я нiкога тут ня ведаю i мяне нiхто. У мяне нiякiх сувязяў. Я чуюся тут чужым i ўсё тут для мяне чужое.

Ня спаў усю ноч. А настала ранiца - усхапiўся. Ня ўмыўшыся, бягу на Сьцюдзянецкую дарогу. Яшчэ рана - нiхто ня едзе i ня йдзе. Толькi я на гэтай дарозе - iду, наблiжаюся да Сьцюдзянца. З вёскi выходзяць i выяжджаюць. I сярод тых, хто выходзiць - бачу бацьку з каровай на повадзе, а за iм - мацi i сястру. Убачыўшы iх, ня столькi ад радасьцi, колькi ад жалю хлынулi сьлёзы. За iх, пакутных.

Прывёў на сваю 'кватэру'. На агародзе навязалi карову. Увайшлi. Сястра азiрнулася - i ня вытрымала. Бацька моўчкi зьнiмае з сваiх плячэй хатулi. Мацi, паставiўшы свае клумкi на падлозе, выйшла нарваць на агародзе травы для каровы.

На стол сястра кладзе хлеб, некалькi вараных яек, агурэц, памiдор. Вярнулася з агароду й мацi. Селi за стол. I ня можам дакрануцца да яды - рукi не бяруцца за яе: сьцiснулася, закамянела душа. Пры кожным глытку - глытаюцца i сьлёзы. Калi ацiхлi, сястра першая парушыла маўклiню. Расказвае, як яны йшлi. Гаворыць - пакiнулi хату, калi ўжо сьцямнела. Iшлi ўсю ноч. Мусiлi часта спыняцца, каб даць адпачынак карове. Ранiца застала на паўдарозе. З паўдарогi iшлi ўжо пры сьветлым. Баялiся, што дзе-небудзь нагоняць цi перастрэнуць. Пра Дусю сястра не гаворыць нiчога, хоць i бачыць, што я з нецярпеньнем жду слова i пра яе. Нарэшце, сястра пачала i пра Дусю. Кажа:

- Дуся да нас не заходзiла, нiчога ня пыталася, нiчога нам не перадавала. Але пра што я табе зараз скажу, пра гэта мы дачулiся пасьля. Дуся, не дачакаўшыся ад цябе нiякай весьцi, выправiлася ў дарогу з дзiцем сама. Днём. Куды-ж ёй ноччу? Думала, можа яе з дзiцем хто падвязе. Езьдзяць-жа людзi. Не баяцца. Выправiлася яна, а за ёю - пагоня. Дуся аж да Дзяражнi дабралася. Вот там яе нагналi i павярнулi назад. Цi яна йшла назад на пяхоту, цi яе падкiнулi дахаты - пра ета мы ня знаем, а толькi пасьля етага пайшоў ейны бацька шукаць свайго каня. Партызаны забралi, павезьлi на iм нейкую сваю паклажу i Дусiн бацька думаў, што, завёзшы, дзесьцi кiнуць каня, як гэта яны часта i робяць. Па Мокрым пабегла чутка - Пiлiпа знайшлi ў лесе няжывым пад хворастам. Шукаючы каня, ён найшоў на партызанскi лягер у лесе, i тыя партызаны, угледзеўшы яго, пабаялiся, што ён можа перадаць каму план месцазнаходжаньня лягеру, узялi i забiлi. Днямi й пахавалi яго. Так што ў Дусi - гора i я ня думаю, што яе можна цяпер выручыць. А табе-ж туды i патыкацца нельга.

- А я думаю, можна яе яшчэ як выручыць. Трэба-ж яшчэ йсьцi туды, дык можна забраць яе i скрозь ноч прывесьцi сюды.

- Ды што ты, мама, туды ўжо нельга цяпер хадзiць, - гаворыць сястра.

- Ну дык а як-жа - усё там так i пакiнуць? Нашто-ж мы тады закапвалi? Хоць-бы забраць трубкi палатна. Згалеем-жа.

Бацька й думаць не хацеў пра хадзьбу туды. Няхай яно там пропадам прападае. Прапала кароўка, няхай прападзе й вяроўка. Дзе там ужо. Скранулiся, дык няма чаго ўжо поўзаць туды. Што табе так тое палатно? Будзе душа жыва нажывець. У сiло кiдацца - пашто?

У душы я хачу, каб мацi схадзiла ў Мокрае па палатно i заадно прывяла i Дусю. Але пра гэта я маўчу. Грэх пасылаць мацi туды. Я гэта ўсьведамляю, але i не адгаварваю яе ня йсьцi. Мне хочацца, каб са мною была Дуся. Што ў Дусi няма ўжо бацькi - гэта не даходзiць да мяне. Страшная навiна ня выклiкала ў мяне нi болю, нi нават спагады. Я - па-за гэтым. Я ўвесь у хаценьнi - мець Дусю. Я паглынуты адным: каго я найбольш хачу, каб ён быў тут, таго няма. Мая ўява намалявала Дусю ў часе, калi яна знаходзiлася на дарозе да мяне: на руках Васiлёк у блакiтнай шапачцы, пруткi, як стручок, сама яна жвавая, ня сумная не, засяроджаная, iмкне, радая хуткай сустрэчай са мною. Ад гэтай уявы сьветла на душы, я нават ганаруся ейнай адвагай, а адначасна боль i роспач, што не дайшла, што схапiлi яе, не даюць мне супакою. Магу з некаторай доляй пэўнасьцi меркаваць, хто яе нагнаў i вярнуў i хто, нарэшце, замардаваў ейнага бацьку чалавека добрага i нi ў чым ня вiнаватага.

Дзень прайшоў у клопатах - з дошак i бляхi бацька зьбiў нешта накшталт стойла для каровы. Ну нашто мы яе прывялi? Чаму не пакiнулi сястры цi цётцы? Ну так. Але-ж у iх ёсьць свае каровы. Мацi з сястрой схадзiлi на рынак, купiлi там солi (калi мацi пойдзе, яна занясе соль дачцы ў Красны Вугал). Я наводзiў спраўкi ў раённай Управе, цi будуць браць на цягнiк цывiльных i цi можна ўмясьцiць у якiм таварным вагоне карову. Мне адказалi, што iм пра гэта яшчэ нiчога не вядома, а што тычыцца каровы, дык ня можа быць i гаворкi.

Пахадзiўшы i паглядзеўшы на тутэйшае жыцьцё, на нэрвовы тэмп руху на галоўнай вулiцы, мацi з сястрой былi рады вярнуцца да нашага спынку. Бацька ня выходзiў - замка няма, дык баiмся пакiдаць клумкi без нагляду.

Увечары селi за стол, змораныя, прыгнечаныя. Елi тое, што прынесьлi з хаты. Мацi-б зварыла што, дык няма дзе i на чым. Бацька спытаўся, што мне сказалi ў Управе? Яснага нiчога не дабiўся, гавару. I наўрад цi можна будзе ўзяць карову. Такая няпэўнасьць, бачу, засмуцiла бацьку. Ён хацеў-бы выбрацца адсюль як найхутчэй. Я сказаў яму: схаджу яшчэ, запытаюся, цi ходзяць цягнiкi на Воршу. Мацi з сястрой слухалi нашу з бацькам гаворку. Маўчалi. I бацька запытаўся ў iх: ну, i што вы думаеце? Заўважыў бацькаву няўпэўнасьць. Ягоная цьвёрдая воля як-бы пахiснулася. I мацi падмецiла гэта. Сказала:

- Што-ж думаць? Бачыш, як яно ўсё тут? Думалася адно, а выходзiць другое. Зроду ня была тут, а прыйшла - назад хочацца. Цi не пасьпяшалiся мы, бацька? Разарылi хазяйства, кiнулi хату i во прыйшлi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×