• 1
  • 2

Давидович Сергей

Мядовае знаёмства (на белорусском языке)

Сяргей Давiдовiч

Мядовае знаёмства

Антось служыў у войску апошнi год. Нават не служыў - даслужваў, бо заставалiся лiчаныя днi. Што i казаць: дэмбель - на носе, салдат - на чамадане. Той, хто служыў, - ведае, што гэта за апошнiя днi i ночы. Здаецца, што час спынiўся i стаiць як укопаны. Душа - ужо дома, i толькi цела працягвае насiць салдацкую форму - даслужвае.

Калi сказаць, што Антося чакала дома штосьцi незвычайнае, - дык не! Бацькi, канешне, справа святая, але да бацькоў паспеецца - не маленькi, дзякуй Богу. Дзяўчыны, якая б сохла па iм, - да войска не займеў. Але сядзела ў салдацкай душы стрэмка, якая парола i калола i не давала яму спакою. Гэта стрэмка - незнаёмая дзяўчына, сястра яго аднапалчанiна Мiхася, якi i звёў праз пошту Антося з Алесяй. Антось паслаў ёй сваю фотакартку, яна яму - сваю, вось i ўся немудрагелiстая камбiнацыя. Але з такой немудрагелiстасцi часцяком вырастае такая закавыка, што i не прыснiш часам.

Мястэчка, дзе жыла тая знаёмая-незнаёмая Алеся, знаходзiлася ад Антосевай вёскi не дужа далёка - вёрстаў з дзесяць, таму Антось, нарэшце вярнуўшыся дамоў, прагнуў хутчэй дапяць туды i асабiста пазнаёмiцца. Адна справа фотакартка, на якой толькi галава вiдаць, другая - жывы чалавек. Можа, у яе, не дай Бог, ногi крывыя або зусiм толькi адна нага. Не-е! Трэба праверыць! Твар-то ў яе вельмi прыгожы, прыемны, а вось што там нiжэй?..

Антось не вытрымаў i расказаў мацi, што заўтра хоча махнуць на аўтобусе да той загадкавай Алесi. Мацi захвалявалася, замiтусiлася i 'прышпiлiла' да гэтай хвалюючай весткi бацьку.

Бацька па-мужчынску ўзважыў сiтуацыю i кажа:

- Нягодна, сынок, першы раз ехаць да чужых людзей з пустымi рукамi. Вазьмi хоць нашага мёду, няхай ведаюць, што мы не гультаi - пчол маем!

Антось пачаў аднеквацца:

- Я ж не ў сваты еду! Толькi гляну на яе, пагутару крыху i - дамоў... Падумаюць яшчэ, што падкупляю...

Мацi заступiлася за бацьку:

- Вазьмi, сынок, мёд! Добрая гэта прыкмета - знаёмства пры мёдзе! Дасць Бог - жыццё будзе салодкiм!..

Антось не ўстаяў перад нацiскам бацькоў i згадзiўся:

- Добра! Рыхтуйце на ранiцу мёд!

Ноч прайшла марудна - не спалася хлопцу. Стрэмка ў душы напамiнала пра сябе.

'Няўжо я завочна закахаўся?!' - думаў Антось.

Пад ранiцу ўдалося прыдрамнуць, але з першымi сонечнымi промнямi Антось быў на нагах, як штык. Бацькi ўжо не спалi.

Хуценька паснедаўшы, Антось падняўся з-за стала:

- Давайце ваш мёд - пакачу да сваiх прыгод!

- Кацi! Кацi! - у адзiн голас сказалi бацькi.

- А вось i мядок! - i бацька паказаў на лаву, дзе стаяла эмалiраванае вядро, акуратна абвязанае прыгожым ручнiком.

- Вядро-о? - не ўтрымаўся Антось. - Цэлае вядро?.. Вы што?!.

- Нiчога! Нiчога! - спакойна сказала мацi. - Няхай не думаюць, што мы скнары!

Бацька дадаў:

- Не везцi ж табе паўлiтровы слоiк...

Антось падняў вядро:

- Ого! Яно ж мне рукi адарве!..

- Нiчога! Нiчога! - у той жа танальнасцi працягвала мацi. - Малады! Дужы! Аўтобус давязе да мястэчка, а там - з рукi ў руку - i данясеш.

Антось уздыхнуў, узяў вядро i пакрочыў да аўтобуса...

Быў цудоўны восеньскi дзень. Сонца прыгравала па-летняму. Настрой у Антося быў вясновы.

Аўтобус прабег дзесяць кiламетраў хутка, i Антось апынуўся на аўтавакзале, дзе сэрца яго затахкала мацней i часцей.

Спытаўшыся ў нейкага мужчыны, дзе патрэбная яму вулiца, Антось паджгаў у той бок, перакiдваючы з рукi ў руку цяжкое вядро.

Раптам праз вулiцу нехта крыкнуў:

- Антось? Ты?!

Антось зiрнуў у той бок. Да яго радасна бег Толiк, з якiм разам служылi ў адной роце.

- Толiк! Вось дык радасць! - усклiкнуў Антось.

Салдацкае сяброўства i братэрства яшчэ моцна жыло ў душы нядаўнiх аднапалчан.

- Ты адкуль?!.

- А ты як?!.

- А я тут жыву! - адказаў Толiк. - Пакуль нiдзе не працую, балдзею пасля дэмбелю!

- I я балдзею! - выпалiў Антось.

- А што ты з вядром? - запытаўся ў Антося сябар.

Антось збянтэжыўся, шукаў, што адказаць...

- Ды што мы пра пустое?! Гэта ж трэба адзначыць! Дэмбель! Свабода! - не ўнiмаўся Толiк.

Антось яшчэ больш збянтэжыўся: як бы адкруцiцца? Ён жа едзе да дзяўчыны... А з другога боку - такая сустрэча! Дэмбель! Свабода!

Антось адкiнуў сумненнi, запалiўся ўвесь:

- Давай! Грэх не адзначыць! Толькi дзе возьмем 'палiва'?

- Ты што! - усклiкнуў Толiк. - Сёння гэта прадаецца на кожным вуглу! Вунь i крама!

Сябры зайшлi ў краму. Там, акрамя спiртнога, нiчога не было. Узяўшы кожны па бутэльцы гарэлкi, хлопцы выйшлi на вулiцу.

- А чым загрызём? - спытаўся Антось.

Толiк падумаў i кажа:

- За тым паваротам - хлебная крама... Да гастранома - далекавата...

Антось схамянуўся:

- Дык вось жа мёд! Цэлае вядро! Хлеб i мёд - закусь, трымайся за неба!

Купiўшы бохан хлеба i батон, сябры накiравалiся на зялёны, парослы кустамi выган.

- Вось тут, на зялёным дыване, - нi табе камандзiраў, нi табе начальнiкаў! Свабода! - радавалiся сябры.

Уладкаваўшыся, усеўшыся, пачалi пакрысе адпiваць з рыльца гарэлку, мачаць хлеб i батон у мёд.

- Вось гэта жыццё!..

- Гэта табе не казарма!..

- Вольныя, як тыя птушкi!..

- Яшчэ вальней!..

- Глынём?

- А як жа!..

'Банкет' працягваўся, але аднекуль пачалi злятацца пчолы. Восенню, перад зiмоўкай, яны асаблiва ласыя да мёду, здольны нават на крадзеж... А тут гатовенькi! Цэлае вядро!

Спачатку сябры не звярталi на iх увагi, але пчолы ўсё прыбывалi i прыбывалi. Яны лiплi да вядра, садзiлiся на рукi, лезлi ў вочы - iм не падабаўся смурод гарэлкi. Тады хлопцы пачалi iх адганяць, нават бiць i душыць. То на шчацэ прыдушаць, то на лбе прыцiснуць. А прыцiснутая пчала, перад тым як загiнуць, паспявае ткнуць джала.

Вось п'яныя хлопцы i не заўважылi, як нахапалiся пчалiных укусаў. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю, калi ён нешта гаварыў, i паспела куснуць яго за язык. Гэта перапоўнiла чашу сябравага цярпення, i яны пачалi збiрацца.

- Добра, што мы паспелi апусташыць тару! - сказаў, махаючы рукамi, Антось.

- Хутчэй завяжы вядро! Можа, адчэпяцца! - амаль закрычаў Толiк.

Сябры сабралiся, выцерлi травой лiпкiя ад мёду рукi i пакрочылi прэч ад гэтага месца. Але пчолы ад iх не

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×