пакоi нейкага расейца.

- А цi можна мне так проста пайсцi з табой? - спытаў я.

- Тут? - у адказ спытала Пат.

- Тут шмат што можна, чаго звычайна нельга, - са смехам адказаў Антонiа.

Расеец быў пажылы i смуглявы. Ён жыў у двух пакоях, засланых дыванамi. На куфры стаялi бутэлькi з гарэлкай. У пакоях панаваў паўзмрок. Гарэлi толькi свечкi. Сярод гасцей была вельмi прыгожая маладая гiшпанка. У яе быў дзень нараджэння. Яго i сабралiся святкаваць.

У гэтых пакоях, якiя сваiм мiгатлiвым святлом i дзiўным брацтвам прысутных, пародненых агульным лёсам, напамiналi блiндаж, панаваў вельмi своеасаблiвы настрой.

- Што будзеце пiць? - спытаў мяне расеец. У яго быў вельмi цёплы нiзкi голас.

- Што ёсць.

Ён прынёс бутэльку каньяку i графiн гарэлкi.

- Вы здаровы? - спытаў ён.

- Так, - адказаў я сарамлiва.

Ён прапанаваў мне папяросы. Мы выпiлi.

- Пэўна, вам тое-сёе тут здаецца дзiўным, праўда?

- Не вельмi, - адказаў я. - Я не прывык да нармальнага жыцця.

- Так, - сказаў ён i змрочным позiркам глянуў на гiшпанку. - Тут наверсе своеасаблiвы свет. Ён мяняе людзей. Незвычайная хвароба, - задумлiва дадаў ён. - Яна робiць людзей больш ажыўленымi. А часам лепшымi. Мiстычная хвароба. Яна выганяе шлакi. - Ён устаў, кiўнуў мне i пайшоў да гiшпанкi, якая ўсмiхалася яму.

- Пусты балбатун, праўда? - спытаў нехта за маёй спiной.

Твар без падбародка. Гузаваты лоб. Неспакойныя, лiхаманкавыя вочы.

- Я тут у гасцях, - сказаў я. - А вы?

- Так ён i ловiць жанчын, - працягваў той, не слухаючы. - Так ён iх i ловiць. Вось i гэтую дзяўчынку...

Я не адказаў.

- Хто гэта? - спытаў я Пат, калi той адышоўся.

- Музыкант. Скрыпач. Ён закахаўся ў гiшпанку. Так, як кахаюць тут наверсе. А яна i слухаць пра яго не хоча. Яна кахае расейца.

- I я на яе месцы зрабiў бы тое ж самае.

Пат засмяялася.

- Мне здаецца, што такога мужчыну толькi i кахаць, - сказаў я. - А ты таксама?

- Не, - адказала яна.

- Ты тут нi разу не закахалася?

- Моцна - не.

- Мне гэта было б усё роўна, -сказаў я.

- Цудоўныя прызнаннi. - Пат выпрасталася. - Але табе павiнна было б быць зусiм не ўсё роўна.

- Я не тое хацеў сказаць. Я нават не магу табе растлумачыць, што я меў на ўвазе. Не магу, таму што i цяпер яшчэ не ведаю, што ты ўва мне знаходзiш.

- Пакiнь гэта мне, - сказала яна.

- А ты ведаеш?

- Не дакладна, - адказала яна са смехам. - Iнакш не было б кахання.

Бутэлькi, прынесеныя расейцам, стаялi перада мной. Я налiў некалькi чарак i выпiў. Настрой, якi панаваў тут, прыгнятаў мяне. Мне не хацелася бачыць Пат сярод гэтых хворых.

- Табе тут не падабаецца? - спытала яна.

- Не вельмi. Мне трэба спачатку прывыкнуць.

- Мой бедны каханы... - яна пагладзiла мне руку.

- Калi ты побач, я не бедны, - сказаў я.

- А Рыта вельмi прыгожая?

- Не, - сказаў я. - Ты прыгажэйшая.

У маладой гiшпанкi на каленях ляжала гiтара. Потым яна пачала спяваць, i здавалася, што чорная птушка залунала ў пакоi. Яна напаўголаса спявала гiшпанскiя песнi. У яе быў нiзкi, ломкi голас хворага чалавека. Я не ведаю, што на мяне падзейнiчала - чужыя меланхалiчныя мелодыi, жахлiвы вечаровы голас дзяўчыны, ценi хворых, якiя сядзелi ў крэслах i на падлозе, буйны нахiлены цёмны твар расейца, - але мне раптам здалося, што ўсё гэта - рыдаючае цiхае закляцце лёсу, якi хаваўся за завешанымi вокнамi, чакаючы свайго, просьба, крык i страх, страх застацца адзiн на адзiн з небыццём, якое цiха паядае цябе.

...Назаўтра ранiцай Пат была вясёлая i гарэзлiвая. Яна займалася сваiмi сукенкамi.

- Занадта шырокiя сталi, зашмат, - мармытала яна, дапытлiва гледзячы на сябе ў люстэрка. Потым яна павярнулася да мяне.

- А ты ўзяў з сабой смокiнг, каханы?

- Не, - сказаў я. - Не ведаў, што ён тут спатрэбiцца.

- Тады схадзi да Антонiа. Ён пазычыць табе. У вас аднолькавыя фiгуры.

- Ён патрэбны яму самому.

- Ён апране фрак.

Яна зашпiлiла складку.

- А потым схадзi пакатайся на лыжах. Мне зараз трэба папрацаваць. А калi ты тут, я не магу.

- Я рабую гэтага Антонiа, - сказаў я. - Што б мы без яго рабiлi?

- Мне здаецца, ён добры хлопец.

- Згодны, - сказаў я. - Ты выбрала правiльнае слова. Добры хлопец.

- Не ведаю, што б я рабiла без яго, калi была адна.

- Давай пра гэта больш не думаць, - сказаў я. - Даўно мiнула.

- Добра. - Яна пацалавала мяне. - А цяпер iдзi катацца.

Антонiа ўжо чакаў мяне.

- Я ўжо падумаў, што ў вас, пэўна, няма смокiнга, - сказаў ён. - Памерце пiнжак.

Пiнжак быў вузкаваты, але сяк-так сядзеў. Антонiа свiснуў задаволена i дастаў увесь касцюм.

- Заўтра будзе весела, - заявiў ён. - На шчасце, заўтра вечарам у канторы дзяжурыць малая сакратарка. Старая Рэксрот не выпусцiла б нас. Афiцыйна ж усё забаронена. А неафiцыйна... мы, вядома, даўно не дзецi.

Мы пайшлi катацца. Я ўжо напрактыкаваўся, i вучэбная паляна нам больш не спатрэбiлася. Па дарозе нам сустрэўся мужчына з брыльянтавымi пярсцёнкамi на пальцах, у паласатых штанах. На шыi ў яго матляўся стракаты гальштук, якiя носяць артысты.

- Смешныя тыпы трапляюцца тут, - сказаў я.

- Гэта важны тып. Праважаты нябожчыкаў.

- Што? - спытаў я здзiўлена.

- Праважаты нябожчыкаў, - паўтарыў Антонiа. - Тут хворыя з усяго свету. Асаблiва шмат з Паўднёвай Амерыкi. Ну, а сем'ям, вядома, хочацца пахаваць сваiх блiзкiх на радзiме. Тады вось такi праважаты за добрую ўзнагароду едзе туды з цынкавай труной. Такiм чынам гэтыя людзi робяцца заможнымi i шмат вандруюць. Вось гэтага тыпа смерцi зрабiлi сапраўдным дэндзi, як бачыце.

Мы яшчэ нейкi час падымалiся ўгору, а потым прымацавалi лыжы i пакацiлiся. Белыя пагоркi гайдалi нас, а за намi з брэхам, нiбы рыжы мяч, раз за разам правальваючыся па грудзi ў снег, iмчаў Бiлi. Ён зноў прывык да мяне, хоць часта раптам вяртаўся з сярэдзiны дарогi i стралой iмчаў назад да санаторыя толькi вушы матлялiся.

Я практыкаваўся рабiць паварот 'Крысцiянiя' i кожны раз, калi з'язджаў з гары i рыхтаваўся да скачка i расслабляўся, то думаў: калi ўдасца i я не ўпаду, Пат паправiцца. Вецер свiстаў мне ў твар, снег быў цяжкi i вязкi, але я зноў i зноў адштурхоўваўся, я шукаў усё больш крутыя адхоны, усё больш цяжкую мясцовасць, i калi мне зноў i зноў шанцавала, я думаў: 'Выратавана!', хоць i ведаў, што гэта глупства, i ўсё ж радаваўся, як ужо даўно не радаваўся.

У суботу быў вялiкi тайны выхад. Антонiа падрыхтаваў санi, якiя чакалi ўнiзе ў баку ад санаторыя. Сам ён з вясёлай песняй з'язджаў з пагорка на лакiраваных туфлях, у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×