— А «мусікійская» ж ёсць? То ж бо… «Цытрыны» і падобных яму.

Мы разрагаталіся. Але ўсё адно я адчуваў, што на дне ягоных вачэй трывога.

…Ён пайшоў, а трывога засталася. Я падышоў да акна і глядзеў, як ён ідзе цераз вуліцу ў касых, імклівых струменях снегу, змешанага з дажджом.

РАЗДЗЕЛ II ПАД'ЕЗД КАВАЛЕРАЎ

Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.

— Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце! Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату.

Прыемна гэта сказаць: мая хата, мой пад'езд, мой двор. Асабліва ўспамінаючы вайну, і як пасля намучыліся з бацькам па чужых кутах, і як пасля жылі ў адным пакоі камунальнай кватэры з калідорнай сістэмай. А пасля адзін. І вось два. І тут бацьку пацягнула дажываць у свой гарадок да сваёй сястры, маёй цёткі.

— Не магу. Як нібы зрабіў сваю справу. А тут яшчэ кожную нядзелю пеўні, каровы, коні — ну кліча нешта, і ўсё. Каб яшчэ не раён гэты кляты. А тут бачу — парсючок, пярэсценькі. Я ж, здавалася б, гараджанін, я ж араць не ўмею. А тут — ну хоць бы рыдлёўку ў рукі… Бэз зазелянеў, зямля пахне, тлустая такая. На агрэсце зялёнае воблака… Паеду да Марыны. Там сад, будзем двох корпацца. А ты — толькі цяпер, глядзі, жаніся.

Ён меў рацыю. Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр'ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.

Да таго як агарадзілі квартал — дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.

Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю- продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з'ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.

Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад «вёскі», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.

З таго часу як я не хаджу на работу і блытаю дні — крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне, як дадатковы каляндар.

Увосень я абараняю доктарскую. Два месяцы законнага водпуску ды тры нескарыстаных за мінулыя гады. Я дужа рабіў, дужа-дужа многа рабіў, каб вось так, адзін раз, уволю палайдачыць і рабіць тое, што мне хочацца. Кніга выйшла. Амаль да верасня я вольны. Бог мой, ніякіх бібліятэк, ніякіх архіваў, калі толькі сам гэтага не захачу!!!

Я лічу, што кароткі адпачынак — глупства. Не паспееш прыехаць, раскруціць вуды, падыхаць — на табе, збірайся назад. Не варта і пэцкацца.

І вось цяпер я адпачну. Упершыню, можа, за дванаццаць год. Добра скінуць з тахты ногі, адчыніць у холад акно, прамерзнуць, зрабіўшы два-тры нядбалыя практыкаванні, памахаць рукамі і нагамі (замяняць сапраўдную працу, ад якой звіняць мускулы, гімнастыкай — лухта зялёная і трызненне сівой кабылы). Добра, калі струмені вады сякуць па плячах і спіне! Добра, калі скура чырванее ад суровага ручніка! Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!

Добра адчыніць дзверы на пляцоўку свайго трэцяга пад'езда, «пад'езда старых кавалераў».

А, усё адно. Калі абрыдаць, то абрыдаць! Калі апісваць людзей, то апісваць. Бо амаль кожны з нашага пад'езда граў сякую-такую ролю ў нашай гісторыі.

У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад'езды. Мой пад'езд трэці. Завуць яго «пад'ездам старых кавалераў» нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гісторыя, і пра яе не трэба ў такую раніцу, калі снег растаў, калі паветра бадзёрае, а неба па-вясенняму нясмела і пранізліва блакітнае.

На кожным паверсе ў нас па дзве кватэры. Пачну, вядома ж, з майго паверха. Ён самы важлівы не толькі ў гэтай аповесці, але і наогул. Зямны шар круціцца вакол эгацэнтрызму.

Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку. Мянушка ягоная — «палкоўнік у цывільным» (мая чамусьці «Тоха», так называюць нас усе фраеры двара).

Хто ён? Не ведаю. І ведаю гэта лепей за іншых, бо ён некалькі разоў, ведаючы пра мае «гістарычныя дэтэктывы» і, магчыма, чытаючы іх, расказваў мне розныя выпадкі з мэтаю, што вось бы мне тое і напісаць ды зрабіць, бо пішуць і робяць нецікава і мала. А я не мастак на такія справы, то я адмоўчваўся.

Я гляджу на яго не так, як суседзі. Мне ён здаецца гэткім «Абелем у адстаўцы».

Можа, яно так ёсць на самай справе? Хто ведае? Я яго не пытаю.

І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату — на горшую недзе выменяў: «Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі».

Гэта адзіны мой друг на пад'езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну — і зноў няма.

Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.

Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.

Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.

Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.

Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі — такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш. Англіец? Нарвежац? Але падобен на дужа выцягнуты трохкутнік — плечы шырокія, а клубоў амаль зусім няма, і ногі пры хадзе, каб не парушыць гэтага трохкутніка, заўсёды ставіць блізка адну да адной.

Апрануты заўсёды бездакорна, ды яшчэ й з доўгай люлькай у зубах: «Містэр Сміт на Бобкін-стрыт». І толькі на паляванні, ці рыбалцы (ездзілі некалькі разоў), або ў кватэры, дзе няма старонніх, усё гэта замяняецца тыпова славянскай, мала таго, беларускай разбоўтанасцю. Сон дзе папала: куцавейкаю ля вогнішчаў, пяцьсот разоў «лісіцу» спаймаў»; стаптаныя чобаты — лата на лаце. І ўсё адно, нават у лахманах, — фацэт, нічога не скажаш. І азартны, зараза. Аднойчы, калі бесталковы сабака шукаў у другім баку, проста сам, ва ўсёй амуніцыі, з чаўна ў ваду скочыў. Па качку.

Знаёмства наша пачалося з балбатні ў двары. Гаварылі ўсе нешта пра чалавечыя захапленні. Ён маўчаў, ну я і вырашыў спытаць яго, а якое ў яго хобі.

— Бабачкі, — адказаў ён не толькі сур'ёзна, але й змрочна.

— Матылі?

— Я з вамі па-беларуску гавару. Жанчыны.

Нічога сабе манера жартаваць. На самай справе хобі ягонае — гравюры і кнігі. Частка знікла ў той час, калі гаспадарку вяла адна сястра, але нават тое, што засталося, здзіўляе. Багацюшчы кнігазбор: гісторыя права, філасофія, біялогія асабліва. Хрыбта гэтага падбору я, шчыра кажучы, так і не здолеў намацаць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×