ужо вальней. Стала ясна – лёс мой яшчэ не з самых страшных.

І цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы – ці быў прыгатаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру – вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.

Выцягнутыя наперад рукі нарэшце натыкнуліся на нешта цвёрдае. Гэта была сцяна, хутчэй за ўсё каменнай кладкі – вельмі гладкая, слізкая і халодная. Я пайшоў уздоўж яе, ступаючы з тым абачлівым недаверам, якія ўнушылі мне старажытныя хронікі. Але ўсё ж, рухаючыся такім чынам, я абсалютна не ўяўляў памераў свайго склепу, бо я мог бы папросту абысці яго вакол і вярнуцца ў тую ж кропку, адкуль пачаў, нават не здагадваючыся пра гэта, – такой роўнай і аднароднай падавалася сцяна. Таму я пачаў шукаць нож, які ляжаў у кішэні, калі мяне ўводзілі ў залю Інквізіцыі. Але яго не было. Маё адзенне замянілі на зрэбны балахон. Я хацеў усадзіць лязо ў шчыліну між кладкай і такім чынам пазначыць месца, з якога пачаў свой шлях. Цяжкасці ў гэтым не было ніякай, хаця майму хвораму ўяўленню такая задача спачатку падалася невырашальнай. Я адарваў кавалак крыса ад сваёй адзежыны і прымацаваў яго да сцяны. Абыходзячы па коле сваю вязніцу навобмацак, я б, натуральна, не прапусціў гэты баваўняны абрэзак, што знаходзіўся ў самым пачатку майго шляху. Прынамсі, я так меркаваў, але не ўзяў пад увагу ні памеры склепа, ні маю фізічную аслабленасць. Падлога была вільготная і слізкая. Я захістаўся, падаючыся наперад, потым раптам спатыкнуўся і ўпаў. Празмерная стома вымусіла мяне апусціцца долу, і ў хуткім часе мной авалодаў сон.

Прачнуўшыся і працягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў надзвычай стомлены, каб неяк абдумаць іх з’яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і, хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзесят два крокі, а пасля таго, як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі – гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзесят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.

Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па- здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.

Праз тую збянтэжанасць ад падзення я не адразу заўважыў адну дзіўную акалічнасць, якая ўжо праз некалькі секунд, хоць я ўсё яшчэ працягваў ляжаць на зямлі, прыцягнула маю ўвагу. А гэта было вось што: шчакой я ляжаў на падлозе вязніцы, а мае вусны і верхняя частка галавы ўжо ні да чаго не дакраналіся. У той жа час мой лоб быў нібы ахутаны халоднай ліпучай парай, і ноздры лавілі спецыфічны пах гнілля і цвілі. Я працягнуў руку і здрыгануўся ад думкі, што ўпаў ля самага краю круглага калодзежа, але яго глыбіню я не мог натуральным чынам вымераць зараз жа. Абмацваючы каменную кладку ніжэй за край калодзежа, я здолеў адбіць невялікі кавалачак каменю і кінуў яго ў бездань. Доўгія секунды прыслухоўваўся я да водгулля, што пакідаў каменьчык, грукаючыся аб сцены прадоння, пакуль нарэшце злавеснае гучнае рэха не адзначыла яго падзенне ў ваду. І ў той жа момант я пачуў, як недзе ўверсе хутка адчыніліся і зачыніліся дзверы, слабы прамень святла нечакана працяў імглу і тут жа знік.

Я выразна ўразумеў пагібель, прыгатаваную для мяне, і павіншаваў самога сябе са своечасовым здарэннем, дзякуючы якому выратаваўся. Яшчэ адзін крок – і не ўбачыць бы мне больш белага свету. А смерць, якой я толькі што пазбег, была з ліку тых, якія ў гісторыях пра норавы інквізыцыі я лічыў неабгрунтаванымі і надуманымі. Ахвяры іх лютасці маглі пасці ад смерці, спрычыненай або цяжкімі фізічнымі мукамі, або невыносным цяжарам жуды душэўнай. Мне было наканавана апошняе. Працяглыя пакуты расхісталі мае нервы настолькі, што мяне палохаў нават гук уласнага голасу, і найлепшым чынам падрыхтавалі да таго страшнага катавання, якое чакала мяне.

Дрыжучы ўсім целам, я адпоўз назад да сцяны, вырашыўшы лепш загінуць там, чым зведаць жахі калодзежаў, – маё ўяўленне малявала іх мноства ў самых розных кутках склепу. Калі б я быў у іншым душэўным стане, то, мабыць, наважыўся б імгненна скончыць сваё нікчэмнае існаванне, кінуўшыся ў самае прадонне, але цяпер я быў найбольшым у свеце баязліўцам. Таксама я не мог забыцца на тое, што чытаў пра гэтыя калодзежы – іх жудасная планіроўка не перадугледжвала хуткай смерці.

Цягам доўгіх гадзінаў мой стрывожаны розум не даваў мне заплюшчыць вочы, але нарэшце я зноўку задрамаў. Прачнуўшыся, я і гэтым разам знайшоў побач лусту хлеба і збанок вады. Моцная смага апанавала мяне, і я адным глытком асушыў увесь збан. Але туды, мабыць, нечага падсыпалі, бо як толькі я папіў, на мяне тут жа зноў навалілася дрымота. І глыбокі сон ахапіў мяне – сон, так падобны да смерці. Як доўга я спаў, я, канечне, не магу меркаваць, але калі зноў расплюшчыў вочы, усё, што акаляла мяне ў вязніцы, стала бачна. У нейкім жоўта-зялёным ззянні, крыніцу якога я спачатку не прыкмеціў, мне ўдалося заўважыць памеры і будову маёй вязніцы.

Я моцна памыліўся наконт яе памераў. Агулам дыяметр яе сценаў не перавышаў дваццаці пяці ярдаў. Некалькі хвілінаў я адчуваў пустую ўсхваляванасць, напраўду пустую, бо ў той сітуацыі, у якой я апынуўся, што можа мець меншае значэнне, чым памеры склепу? Але мой розум чамусьці дужа цікавілі гэтыя дробязі, і я заглыбіўся ў роздумы, шукаючы, дзе ж у сваіх падліках я мог памыліцца. Нарэшце я дайшоў да ісціны. Падчас першай спробы даследаваць склеп я налічыў пяцьдзесят два крокі, а потым упаў. Мабыць, тады я быў у двух кроках ад лапіка бавоўны, сапраўды, я амаль абышоў вязніцу па перыметры. Потым заснуў, а калі прачнуўся, то вярнуўся назад і палічыў дыяметр вязніцы ў два разы большым, чым ён быў насамрэч. Заблытаўшыся, я не заўважыў, што пачынаў свой шлях, калі сцяна была злева, а скончыў яго, калі сцяна была ўжо справа.

Таксама я памыліўся наконт формы памяшкання. Намацваючы шлях паўз сцяну, я заўважыў шмат кутоў, і менавіта яны навялі мяне на думку пра няправільную форму склепа. Так моцна ўплывае апраметная цемра на таго, хто раптам прачынаецца ад летаргіі або сну! Кутамі мне падаліся ўсяго толькі лёгкія западзіны ці нішы праз няроўныя адрэзкі. Сама па сабе вязніца была збольшага квадратная. Тое, што я прыняў за каменную кладку, апынулася вялізнымі плітамі з жалеза ці нейкага іншага металу, швы ці стыкі якіх якраз і ўтваралі западзіны. Паверхня металічных плітаў была груба размаляваная тымі жахлівымі і агіднымі сімваламі, якія маглі быць спароджаныя адно злавеснымі забабонамі манахаў. Пагрозлівыя выявы нячысцікаў, увасобленыя ў шкілеты і іншыя жудасныя вобразы, пакрывалі сцены. Я звярнуў увагу, што абрысы гэтых хімераў былі дастаткова выразнымі, а вось колеры падаваліся бляклымі і цьмянымі, нібы ад уздзеяння вільготнага паветра. Таксама я заўважыў, што падлога была з каменю. А ў самым цэнтры зеўраў вялізны калодзеж, прорвы якога мне такі ўдалося пазбегнуць. Але ў вязніцы ён быў усяго адзін.

Усё гэта я бачыў дужа невыразна і праз вялізныя высілкі, бо становішча маё моцна змянілася пасля сну. Цяпер я ляжаў, выцягнуўшыся на спіне на нейкім драўляным каркасе. Да яго я быў прывязаны чымсьці падобным да доўгай папругі. Яна была шмат разоў аперазаная вакол майго цела, рук і ног, вольнаю заставаліся толькі галава і мая левая рука, але ўсяго настолькі, каб я з цяжкасцю здолеў дацягнуцца да талеркі з ежай, што стаяла побач са мной на падлозе. Я жахнуўся, заўважыўшы, што збана з вадою не было. Кажу “жахнуўся”, бо мяне даймала невыносная смага. Гэтую смагу, па ўсім відаць, наўмысна справакавалі мае прыгнятальнікі, бо ежа ў талерцы апынулася вострым, моцна прыпраўленым мясам.

Падняўшы вочы ўгару, я агледзеў столь маёй вязніцы. Яна была ў трыццаць ці сорак футаў вышынёй і, таксама як і сцены, абабітая металічнымі плітамі. На адной з яе панэляў была змешчаная самотная фігура, якая цалкам забрала маю ўвагу. Гэта была алегарычная выява Часу, якім яго зазвычай рысуюць, толькі замест касы ён трымаў намаляваны, як мне падалося спачатку, ківач, што бывае ў старым гадзінніку. Але нешта дзіўнае ў гэтай прыладзе прымусіла мяне прыгледзецца больш пільна. Пакуль я глядзеў на яго пад простым вуглом (а ён быў практычна нада мною), мне падалося, што я заўважыў, як ён рухаецца. Праз імгненне мае падазрэнні апраўдаліся. Амплітуда яго гайдання была кароткай і рух, натуральна, павольным. Я

Вы читаете Калодзеж і ківач
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×