назіраў за ім некалькі хвілінаў са страхам, але ў большай ступені з цікаўнасцю. Стомлены нарэшце яго нудным рухам, я пачаў аглядаць іншыя прадметы ў маёй вязніцы.

Слабы шум даляцеў да маіх вушэй і, глянуўшы на падлогу, я заўважыў некалькі вялізных пацукоў. Яны вылезлі са студні, што была ў полі майго зроку справа. І нават пакуль я назіраў за імі, цэлае пацучынае войска з прагнымі вачыма паспешліва наблізіліся да мяне, учуўшы пах мяса. Каб адпужаць іх, я мусіў прыкладаць даволі шмат руплівых высілкаў.

Мінула, мабыць, паўгадзіны ці нават гадзіна (звязаны, я толькі прыблізна мог меркаваць пра час), калі я зноў глянуў наверх. Што я пабачыў там, збянтэжыла мяне і ў той жа час здзівіла. Амплітуда руху ківача павялічылася прыкладна на ярд. І натуральным чынам узрасла яго хуткасць. Але што ўсхвалявала мяне яшчэ больш, дык гэта тое, што ён прыкметна зніжаўся. Цяпер я пабачыў – з жахам, які і апісваць не варта, – што на самым канцы яго быў серпападобны наканечнік з бліскучай сталі прыкладна ў фут шырынёй ад краю да краю, канцы якога былі загнутыя ўверх, а знізу ён быў востры, як лязо. І, як лязо, вялікі і цяжкі, а ўверсе масіўны і шырокі. Ён быў прымацаваны да трывалага медзянога прута, што, гайдаючыся, са свістам разразаў паветра.

Я больш не сумняваўся ў тым страшным сконе, што быў прыгатаваны для мяне манахамі, вялікімі спецыялістамі ў справе катавання. Тое, што я дазнаўся пра калодзеж, заўважылі агенты Інквізіцыі – пра калодзеж, чые жахі былі наканаваныя такому адступніку, як я, калодзеж – звычная з’ява для пекла, што, па чутках, лічыцца Ultima Thule * ўсіх іхных караў. Падзення ў калодзеж я пазбег абсалютна выпадкова. Я добра ведаў, што нечаканасць ці нават пастка, за якой хаваліся пакуты, былі неад’емным складнікам тых страшных вынаходак, праз якія людзі сустракалі сваю смерць у цёмных склепах. І калі я сам не рухнуў у бездань, у іх д’ябальскія планы не ўваходзіла скінуць мяне сілком, таму мяне чакала (альтэрнатывы быць не магло) зусім іншая, больш міласэрная пагібель. Міласэрная! Я злёгку ўсміхнуўся, халадзеючы ад жаху, калі адчуў усю іронію гэтага слова.

* Скрайняя Фула (лац.) – апошняя мяжа. Фула – напаўлегендарная краіна на скрайняй поўначы Еўропы.

Не трэба і казаць, што доўгімі, доўгімі гадзінамі вусцішы, якую і ўявіць сабе немагчыма, я лічыў хуткія хістанні сталі! Дзюйм за дзюймам – лінію за лініяй. Ківач апускаўся толькі праз пэўныя інтэрвалы, што падаваліся вечнасцю, але імкліва, усё ніжэй і ніжэй! Праходзілі дні – а, магчыма, дзён прайшло вельмі шмат, пакуль ён не пачаў лётаць нада мною так нізка, што я ўжо лавіў едкае паветра яго дыхання. Пах навостранай сталі біў у ноздры. Я маліў, настойліва ўпрошваў нябёсы, каб ён апускаўся хутчэй. Утрапёны, я вар’яцеў, спрабуючы падняцца вышэй і зрабіцца ахвярай гайданняў страшэннага сярпа. А потым я раптам супакоіўся, і ляжаў з усмешкай на вуснах, гледзячы на сваю бліскучую смерць, нібы дзіця на дзівосную цацку.

Пасля мяне зноў апанавала забыццё, але цягнулася яно нядоўга, бо, калі я зноў апрытомнеў, то не заўважыў, каб ківач прыкметна апусціўся ніжэй. Аднак яно, мусіць, заняло шмат часу, бо я ведаў, што ліхадзеі такі заўважылі, што я сплю і, магчыма, пажадалі часова прыпыніць рух ківача ўніз. Калі ж я прыйшоў у сябе, то адчуў таксама невымоўную слабасць і знясіленасць, нібыта праз працяглую змардаванасць. Нават нягледзячы на мой тагачасны стан і ўсе пакуты, маё чалавечае цела прагла ежы. Пераадольваючы боль, я працягнуў левую руку, наколькі мне дазвалялі путы, і завалодаў маленькім кавалкам, што застаўся мне пасля пацукоў. І калі я наблізіў яго да вуснаў, у галаве раптам заіскрылася ледзь акрэсленая думка, што несла радасць і надзею. Але што агульнага магло быць у мяне з надзеяй? Думка тая, як я ўжо сказаў, была ледзь акрэсленаю – такія думкі часта наведваюцца да людзей, але ніколі не спраўджваюцца. Я ведаў, што ёсць у ёй радасць і надзея, але адчуваў, што яна нібы загадзя была мёртваю яшчэ ў самым зародку. Дарэмна я імкнуўся зноў абудзіць яе, зноў авалодаць ёю. Працяглыя пакуты амаль не пакінулі ўва мне разумовых сілаў. Я быў дурнем, быў ідыётам.

Ківач хістаўся пад простым вуглом да майго цела. Я бачыў, што серп наканечніка мусіў прайсці ля самага майго сэрца. Ён кранецца тканіны балахона, вернецца і зноў паўторыць свае рухі, зноў і зноў. Але нягледзячы на шырачэзны да жудасці размах ківача (каля трыццаці футаў) і моцны свіст яго ляза, якое магло б адным рухам разрэзаць гэтыя жалезныя сцены, тканіна на маіх грудзях будзе працірацца вельмі павольна, некалькі хвілінаў, а потым усё будзе скончана. І на гэтай думцы я спыніўся. Я не наважваўся ўявіць, што будзе далей. Я засяроджана затрымаўся на ёй, быццам бы перастаўшы думаць, я мог бы спыніць набліжэнне сталі. Я прымушаў сябе ўяўляць гук металічнага сярпа, калі ён закране мае апранахі, і тое асаблівае пачуццё ўсхваляванасці, што робіць пераціранне тканіны на нервы. Я ўяўляў сабе гэткае глупства, аж пакуль зубы не заскрыгаталі.

Ніжэй, ніжэй ён апускаўся. Я атрымліваў вар’яцкае задавальненне, супастаўляючы яго вертыкальны рух уніз і хуткасць руху па гарызанталі. Направа – налева – далей, шырэй – з пранізлівым енкам праклятага духу, проста да майго сэрца таемным поступам тыгра! Я і смяяўся, і выў, калі то адна, то другая з гэтых ідэяў атрымлівала нада мною ўладу.

Ніжэй – няўмольна, няспынна – ніжэй! Ён здрыгаўся ў трох дзюймах ад маіх грудзей! Шалёна і люта я спрабаваў вызваліць левую руку. Яна была вольнай толькі ад локця да далоні. З вялікай цяжкасцю я мог дацягнуцца да талеркі побач са мной, а потым да рота, але ніяк не далей. Калі б мне ўдалося разарваць путы, што трымалі локаць і плечы, я б вызваліўся і паспрабаваў затрымаць ківач. Аднак з такім жа поспехам я б мог наважыцца спыніць лавіну!

Ніжэй – няўхільна, непазбежна ніжэй! Я ўздыхаў і намагаўся вызваліцца пры кожным яго хістанні. Я сутаргава адхінаўся пры кожным яго ўзмаху. З заўзятасцю бязглуздай роспачы сачыў я вачыма за яго рухамі то да мяне, то ад мяне. І рыўком завяршаўся іх цыкл унізе. Толькі смерць была б збавеннем, якім жа невымоўна жаданым збавеннем! І ўсё ж мяне трэсла ад думкі, як лёгка, заглыбіўшыся, гэта прылада ўвап’ецца сваім вострым бліскучым лязом мне ў грудзіну. І менавіта надзея прымушала мяне скаланацца ад гэтай думкі і ўхіляцца целам. Гэта была надзея – надзея, што трыюмфуе ў катавальнях, што шэпча нават асуджанаму на смерць у цёмных склепах Інквізіцыі.

Я заўважыў, што ўсяго праз нейкіх дзесяць ці дванаццаць хістанняў сталёвае лязо наблізіцца да майго балахона, і тады мой дух нечакана апанаваў глыбокі, стрыманы спакой безнадзейнасці. Упершыню за некалькі гадзінаў – ці, хутчэй, дзён – я задумаўся. Нечакана я зразумеў: путы, ці папругі, што трымалі мяне, не былі аднароднымі. Я быў абвязаны не адной адзінай вяроўкай. Першы ж удар металічнага сярпа наўскос любога ўчастку папругі пашкодзіць яе настолькі, што мне ўдасцца яе развязаць левай рукою. Але ж якой жахлівай робіцца блізкасць вострай сталі! І ці ж не можа скончыцца смерцю гэты мой маленькі супраціў! Да таго ж, прыслужнікі катаў маглі прадбачыць і паклапаціцца пра гэта загадзя. Якая верагоднасць, што путы на маіх грудзях апынуцца проста на шляху сталёвага ляза ківача? Ад страху страціць прытомнасць, калі, як мне падалося, апошняй надзеі ўжо няма, я падняў галаву, каб добра разгледзець грудзі. Папруга апярэзвала мае рукі, ногі і тулава вельмі шчыльна, а таму натуральным чынам была на шляху смяротнага ляза.

Не паспеў я апусціць галаву ва ўжо звычнае для яе становішча, як раптам напаўусвядомленая, па- іншаму не ведаю як яе назваць, ідэя вызвалення азарыла мяне. Ідэя, якая ўжо з’яўлялася раней, але адно няўрымслівыя абрыўкі яе закранулі мяне, калі я падносіў ежу да сваіх сухіх, апаленых вуснаў. Цяпер жа думка аформілася цалкам – такая кволая, ледзь ясная, ледзь выразная, але ўсё ж цэльная. І адразу ж, у нервовым прыступе адчаю, я наважыўся яе ажыццявіць.

Цягам доўгіх гадзінаў прастора вакол таго нізкага каркасу, на якім я ляжаў, літаральна кішэла пацукамі. Дзікія, дзёрзкія і прагныя, іх чырвоныя вочы зыркалі на мяне, нібы чакалі, пакуль знерухомею назаўжды і ім удасца нарэшце пажывіцца. “Чым жа, – задаваўся я пытаннем, – яны харчаваліся ў калодзежы?”

Якія б перашкоды я ім ні чыніў, яны ўсё роўна зжыралі ежу з маёй талеркі амаль цалкам, пакідаючы мне адно рэшткі. Увесь гэты час я разгойдваўся на сваім каркасе то ўверх, то ўніз ці памахваў рукой над талеркай, але ўрэшце безуважная аднастайнасць маіх рухаў звяла эфект да мінімуму – ненажэрныя паразіты пачалі часцяком упівацца сваімі вострымі зубамі мне ў пальцы. Рэшткамі тлустай і добра здобленай спецыямі ежы, што засталася ў талерцы, я грунтоўна абмазаў усе папругі, да якіх толькі змог дацягнуцца, а потым, падняўшы руку з зямлі, замёр нерухома.

Спачатку прагныя жывёлы са здзіўленнем і жахам успрынялі перамены, то бок поўную адсутнасць рухаў. Спалоханыя, яны падаліся назад, многія рушылі да калодзежа. Але толькі на імгненне. Не дарма я разлічваў на іх пражэрлівасць. Бачачы, што я ляжу абсалютна нерухома, адзін ці два самыя смелыя з іх ускочылі на каркас і пачалі нюхаць папругу. Гэта стала сігналам да дзеяння для астатніх. Цэлым войскам яны

Вы читаете Калодзеж і ківач
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×