кінуліся з калодзежа. Чапляючыся за драўляны каркас, яны пераскоквалі праз яго і сотнямі асядалі на маім целе. Вывераны рух ківача ім зусім не замінаў. Унікаючы яго хістанняў, яны ўсаджвалі зубы ў пахкую ад спецый папругу. Я трымаў на сабе іх цяжар, а яны кішэлі на мне ўсё новымі і новымі хеўрамі. Пацукі спляталіся разам ля самага майго горла, іх халодныя лапы бегалі па мне, і я ледзь не задыхаўся пад цяжарам гэтай жывой шэрай масы. Агіда, апісаць якую мне не хопіць словаў, напінала мне грудзі і жудасным холадам напаўняла сэрца. Але я ведаў: яшчэ хвіліна – і палону майму канец. Я выразна адчуў, як аслаблі мае папругі. І прынамсі ў адным месцы пацукі ўжо зрабілі сваю справу. У звышчалавечай рашучасці я працягваў ляжаць абсалютна нерухома.

Як выявілася, ні мае падлікі, ні мае пакуты не былі дарэмнымі. І нарэшце я адчуў сябе вольным. Папругі шмаццём звісалі з майго цела. Але ўдар ківача ўжо апусціўся на мае грудзі і разрэзаў тканіну балахона. Прарваў сподняе. Ён хіснуўся яшчэ двойчы, і востры боль працяў кожны куточак майго цела. Але момант збавення ўжо прыйшоў. Ад узмаху рукі мае выратавальнікі раптам мітусліва кінуліся ва ўсе бакі. Адным упэўненым рухам, асцярожна, наўскос, павольна сцяўшыся, я выслізнуў з небяспечных абдоймаў папругі, падалей ад смяротнага ляза ківача. І хоць на імгненне стаў вольным.

Вольным – у тугіх абцугах Інквізіцыі! Як толькі я ступіў з жахлівага ложа на каменную падлогу вязніцы, рух пякельнай машыны спыніўся, і я ўбачыў, як яе пацягнулі наверх і прыбралі праз шчыліну ў столі. Гэта было мне ўрокам, які я ў роспачы прыняў блізка да сэрца. Несумненна, за кожным маім рухам сочаць. Вольны! Я пазбег усяго адной формы жудаснай смерці, каб зрабіцца ахвярай смерці, мабыць, яшчэ страшнейшай. З гэтай думкай я ўсхвалявана абвёў вачыма жалезныя пліты, што акалялі і трымалі мяне тут. Нешта было не так, і хоць я не мог адчуць гэтага адразу, было ясна – у склепе нешта змянілася. Цягам доўгіх хвілінаў сонных і трапяткіх развагаў, я марна перабіраў зусім не звязаныя між сабой гіпотэзы. Менавіта тады я заўважыў, прычым упершыню, крыніцу таго зялёна-жоўтага святла, што разлівалася па маім склепе. Ён ліўся са шчыліны прыкладна ў паўдзюйма шырынёй, што цягнулася колам пад сценамі вязніцы, – як выявілася, яны былі цалкам аддзеленыя ад падлогі. Я паспрабаваў глянуць праз шчыліну, але безвынікова.

Калі ж я падняўся, то загадка раптоўных зменаў у склепе нечакана мне раскрылася. Раней я заўважыў, што хоць абрысы фігураў на сценах былі дастаткова выразнымі, іх колеры падаваліся бляклымі і прыглушанымі. Цяпер жа колеры нібы праявіліся, умомант сталі нашмат ярчэйшымі, азарыліся страшным асляпляльным бляскам, што надаў прывідным д’ябальскім выявам такі выгляд, што ледзяніў бы нервы і нашмат мацнейшыя за мае. Дэманічныя пагляды ажыўленых дзікім пякельным полымем вачэй упіваліся ў мяне з усіх бакоў, адтуль, дзе раней і знаку іх не было, іскрыліся агністымі водбліскамі пажараў, і я ніяк не мог прымусіць сябе паверыць, што гэта толькі гульні майго ўяўлення, што яны несапраўдныя.

Несапраўдныя! Нават уцягваючы ноздрамі паветра, я адчуваў пах гарачага жалеза! Задушлівы смурод запаўняў цямніцу. Усё мацней разгараліся вочы, што неадрыўна сачылі за маімі пакутамі. Усё ярчэйшай рабілася барва, што залівала выявы крывёй жуды! Я задыхаўся! Хапаў ротам паветра! Сумневаў у прыдумцы маіх катаў быць не магло – што за жорсткія, што за бязлітасныя людзі! Ад гарачага металу сценаў я падаўся бліжэй да сярэдзіны вязніцы. Пры думцы аб пажары, што мусіў спаліць усё наўкола, прахалода калодзежа падалася мне бальзамам для стомленай душы. Я кінуўся быў да яго смертаноснага ўскрайку і стрывожана глянуў уніз. Зарыва палаючага даху асвятліла шматлікія западзіны і нішы. І ўсё ж нейкую секунду мой розум не хацеў успрымаць тое, што я пабачыў на свае вочы. Але нарэшце разуменне навалілася на мяне, дасягнула самых апошніх куточкаў маёй душы – агнём выпаліла сабе шлях да ўтрапёнага ўсведамлення. Як вымавіць усё гэта! Жах, які жах! Што заўгодна, але толькі не гэта! З крыкам адскочыў я ад калодзежа і, абхапіўшы галаву рукамі, горка зарыдаў.

А гарачыня ўсё нарастала, і зноў я падняў вочы, скаланаючыся, нібы ў ліхаманцы. Змены ў маёй вязніцы адбыліся ўжо ў другі раз, і цяпер было выразна відаць – змянілася яе форма. Як і раней, я спачатку беспаспяхова намагаўся адчуць ці зразумець, што адбываецца. Але ў хуткім часе сумневаў у мяне не засталося. Тыя два разы, калі мне ўдалося пазбегнуць смерці, прыспешылі помслівую Інквізіцыю – яны не збіраліся адкладаць маю сустрэчу са Смерцю. Памяшканне склепу было квадратным. Але цяпер я заўважыў, што два яго жалезныя куты сталі вострымі, а два астатнія, адпаведна, тупымі. Гэтая страшная розніца між імі пачала толькі павялічвацца з моцным грукатам і шумам. Умомант памяшканне ператварылася ў ромб. Але яго форма пры гэтым працягвала змяняцца і далей, праўда, я не жадаў, і нават не спадзяваўся, што гэта спыніцца. Я б мог кінуцца грудзьмі на чырвоныя сцены маёй турмы і знайсці вечны спакой. “Смерць! – думаў я, – любая смерць, толькі не ў калодзеж!” Дурань! Няўжо я не разумеў, што менавіта ў калодзеж хацелі загнаць мяне гарачым жалезам?! Як мог бы я вытрымаць яго асляпляльнае святло?! А калі б мог, то ці хапіла б сілаў стрымаць яго націск?! А ромб вязніцы рабіўся тым часам усё больш пляскатым з такой хуткасцю, што часу на развагі ў мяне папросту не было. У яго цэнтры, там, дзе ромб быў найшырэйшым, зіяла чорная бездань. Я падаўся наперад, але сцены, што няўмольна насоўваліся, адціскалі мяне назад. Урэшце майму скурчанаму болем і абпаленаму агнём целу не засталося і лапіка зямлі, каб зрабіць хоць крок па цвёрдай паверхні вязніцы. Я кінуў змаганне, але ўся жуда майго сэрца вырвалася адзіным гучным і працяглым, адзіным апошнім крыкам. Я адчуў, як упаў на цагліны, і адвёў пагляд.

І тут данёсся нястройны гам чалавечых галасоў! Зараўло мноства трубаў! І рэзкі скрыгат, нібы ад сотні громаў, напоўніў наваколле! Вогненныя сцены памкнулі назад! І выцягнутая рука схапіла маю, калі я, амаль непрытомны, падаў у калодзеж. Гэта была рука генерала Ласаля. Французскае войска ўвайшло ў Таледа. Інквізіцыя апынулася ў руках сваіх ворагаў.

Вы читаете Калодзеж і ківач
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×