бялкоў.

Сваім ускрыкам я звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, і праз імгненне пра яе ўжо ведалі ўсе.

Не магу сказаць, што зява гэтая мяне ўстрывожыла, бо трывога ў маім выпадку не самае дакладнае слова. Цалкам мажліва, што калі б не чорны портар, я быў бы крыху ўсхваляваны. Што да рэшты нашае кампаніі, ніхто нават не спрабаваў схаваць жах, які яго апанаваў. На доктара Зубдамуса нават зірнуць без шкадавання было нельга. Містэр Глідан так спалохаўся, што нейкім адмысловым чынам увогуле зрабіўся нябачным. А ў містэра Сілка Бэкінгема, думаю, наўрад ці хопіць мужнасці адмаўляць, што ён кінуўся пад стол з усіх чатырох канцавінаў.

Аднак калі прайшло першае ўзрушэнне, мы, натуральна, тут жа вырашылі працягнуць эксперымент. Цяпер усе нашыя высілкі былі скіраваныя на вялікі палец правай нагі. Мы зрабілі надрэз з боку os sesamoideum pollicis pedis *, агаліўшы корань адводнае цягліцы. Прыладзіўшы батарэю, мы скіравалі ток на рассечаны нерв, і тут мумія, рухаючыся зусім як жывая, спачатку сагнула правую нагу, амаль прыціснуўшы калена да жывата, а пасля з неверагоднай сілай выпрастала канцавіну, узнагародзіўшы доктара Зубдамуса штурхалём, які меў досыць сурёзны вынік: гэты джэнтльмен вылецеў праз акно на вуліцу не раўнуючы камень з катапульты.

* Cесамападобная костка вялікага пальца нагі (лац.).

Мы ўсе разам кінуліся вонкі, каб прынесці разбітыя рэшткі ахвяры, аднак мелі шчасце спаткаць Зубдамуса на лесвіцы ён на ўсёй магчымай хуткасці імчаў назад, прасякнуты філасафічнай жарсцю і больш чым калі-небудзь яшчэ ўпэўнены ў неабходнасці з усёй сілай і ўсім запалам працягнуць наш дослед.

Згодна з яго парадай мы тут жа зрабілі глыбокі надрэз на кончыку носа абекта нашага эксперыменту, і доктар, схапіўшы гэты самы нос нецярплівымі рукамі, рэзкім штуршком падцягнуў мумію да дроту.

Атмасфера наэлектрызавалася як у фізічным, так і ў метафізічным, як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе. Па-першае, труп адкрыў вочы і некалькі хвілінаў вельмі хутка міргаў, акурат як містэр Барнс у пантаміме, па-другое, ён чхнуў, па-трэцяе, сеў, па-чацвертае, патрос кулаком перад тварам доктара Зубдамуса і па-пятае, павярнуўшыся да высакародных Глідана і Бэкінгема, на дасканалай егіпецкай звярнуўся да іх з наступнымі словамі:

Мушу сказаць, джэнтльмены, што вашыя паводзіны здзівілі мяне настолькі ж, наколькі пакрыўдзілі. Ад доктара Зубдамуса нічога лепшага і чакаць не варта, ён проста нікчэмны тоўсты дурань, іншага абыходжання ён і не ведае. Мне шкада яго, і яму я дарую. Але вы, містэр Глідан, вы, містэр Сілк, вы, што столькі падарожнічалі і столькі часу правялі ў Егіпце, што можна падумаць, там і нарадзіліся, вы, якія так доўга жылі сярод нас, што гаворыце цяпер па-егіпецку гэтаксама свабодна, як, мяркую, пішаце на сваёй роднай мове, вы, якіх я заўсёды ўважаў за блізкіх сяброў муміяў, ад вас я напраўду чакаў паводзінаў больш джэнтльменскіх. І што мне цяпер думаць пра вас, калі вы спакойна стаіце сабе і назіраеце, як непачціва са мной абыходзяцца? Як мне разумець тое, што вы дазваляеце любому сустрэчнаму здымаць з мяне саркафагі і адзежы ў такім агідна халодным клімаце? І самае галоўнае якога меркавання трымацца мне што да вашае дапамогі і вашага судзейнічання гэтаму жалю вартаму нягодніку, гэтаму доктару Зубдамусу, у цяганні мяне за нос?

Можна было чакаць, што, пачуўшы ў такой сітуацыі гэтую прамову, кожны з нас альбо кінецца да дзвярэй, альбо забецца ў істэрыцы, альбо ўвогуле страціць прытомнасць. Любое з гэтых трох дзеянняў выглядала б цалкам натуральна. Усе гэтыя спосабы рэагавання, безумоўна, маглі мець месца. І, слова гонару, я дагэтуль не магу зразумець, чаму нічога такога не адбылося ні з адным з нас. Магчыма, сапраўдная прычына гэтага палягае ў духу эпохі, які дзейнічае зусім адваротным спосабам і якім цяпер тлумачаць любую парадаксальную ці неверагодную зяву. Альбо, можа быць, уся справа ў тым, што мумія трымалася вельмі натуральна і нязмушана, і гэта пазбавіла яе словы жахлівага гучання. Як бы там ні было, факт ёсць фактам: ніводны з нашае кампаніі не адчуў ніякага адмысловага трымцення і нават не падаў выгляду, што нешта вакол нас адбываецца надта ўжо не так.

Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.

Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:

Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? І дастаньце палец з рота!

Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.

Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.

Містэр Глідан грунтоўна адказаў ёй на размоўнай егіпецкай, і калі б у нашых амерыканскіх друкарнях не было такога сурёзнага недахопу іерагліфічных шрыфтоў, я з вялікім задавальненнем змясціў бы гэтую выбітную прамову ў арыгінале.

Тут я скарыстаюся магчымасцю і ўдакладню, што ўся наступная размова з муміяй вялася на старажытнаегіпецкай мове пры пасярэдніцтве (калі справа датычыла мяне і іншых сябраў-дамаседаў нашае кампаніі), пры пасярэдніцтве, паўтаруся, перакладчыкаў містэра Глідана і містэра Бэкінгема. Гэтыя джэнтльмены гаварылі на матчынай мове ўсіх муміяў з непаўторнай хуткасцю і вытанчанасцю, але я не мог не звярнуць увагу на тое, што час ад часу (калі зяўлялася неабходнасць закрануць нейкія цалкам сучасныя і, натуральна, цалкам невядомыя нашаму госцю паняцці) два падарожнікі былі змушаныя тлумачыць нейкія адмысловыя значэнні ледзь не на мігах. Так, напрыклад, у адзін момант містэр Глідан не мог патлумачыць егіпцяніну паняцце палітыка да таго часу, пакуль не намаляваў вугольчыкам на сцяне карбункуланосага джэнтльмена з падранымі локцямі, які выступаў з прамовай, адставіўшы назад левую нагу, правую руку са сціснутым кулаком выцягнуўшы наперад, з вачыма, вырачанымі ў нябёсы, і з ротам, адкрытым пад вуглом у дзевяноста градусаў. А містэр Бэкінгем ніяк не мог патлумачыць вельмі сучаснае паняцце сухі закон, пакуль згодна з парадай доктара Зубдамуса не дастаў з-пад палы і, моцна пачырванеўшы, не паказаў чужаземцу пустую флягу.

Зразумела, прамова містэра Глідана круцілася ў асноўным вакол тае вялікае карысці, якую прыносіць навуцы раскручванне і ўскрыццё муміяў. З гэтай прычыны ён выбачыўся за ўсе нязручнасці, якія давялося сцярпець, у прыватнасці, муміі на імя Хібанахібіё, і скончыў лёгкім намёкам (бо іначай акрэсліць яго вагу наўрад ці магчыма), што калі з ўсімі гэтымі нязначнымі падрабязнасцямі скончана, надышоў самы час працягнуць запланаваныя даследаванні. На гэтых словах доктар Зубдамус падрыхтаваў свае інструменты.

Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.

Скончыўшы гэтую цырымонію, мы адразу ж заняліся выпраўленнем пашкоджанняў, нанесеных нашаму госцю скальпелем. Мы зашылі рану на скроні, забінтавалі нагу і наляпілі цэлы дзюйм чорнага пластыру на нос.

І тут мы заўважылі, што граф (здаецца, менавіта такі тытул меў Хібанахібіё) злёгку дрыжыць без сумневу, ад хо-ладу. Доктар адразу ж скіраваўся да свайго гардэробу і хутка вярнуўся з чорным фракам наймаднейшага крою, парай клятчастых нябесна-блакітных панталонаў са штрыпкамі, ружовай кашулькай у палоску, шырокай гафтаванай камізэлькай, белым плашчом, тросцю з гнутай ручкай для шпацыраў, капелюшом без палёў, ботамі з лакаванай скуры, саламянага колеру лайкавымі пальчаткамі, маноклем, накладнымі бакенбардамі і гальштукам, завязаным двайным гордыевым вузлом. Праз неадпаведнасць памераў графа і доктара (у прапорцыі два да аднаго) падчас адзявання егіпцяніна мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, але калі ўсе яны былі вырашаныя, сябра нашага можна было лічыць адзетым. Містэр Глідан падаў яму руку і правёў да зручнага фатэля каля каміна, а доктар тым часам пазваніў, каб прынеслі цыгары і віно.

Размова хутка ажывілася. Найбольшую цікавасць, натуральна, выклікала тое, што Хібанахібіё нейкім дзівосным чынам да гэтага часу застаўся жывы.

Мне падаецца, заўважыў містэр Бэкінгем, што вы даўно ўжо мусілі памерці.

З чаго б гэта? вельмі здзіўлена пацікавіўся граф. Мне ж не нашмат больш за семсот гадоў! Мой бацька пражыў тысячу і тым не менш памёр пры ясным розуме.

Вы читаете Размова з муміяй
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×