12

Калі гадзіннік адбівае час нам,

А дзень вясёлы нікне ў шэры змрок,

Ці сівізну на чорных бачу пасмах,

Фіялкі кволае паніклы зрок,

Калі пабачу дрэвы пры дарозе —

Ўсе без лістоў, без засені густой,

Або пласты сухой травы на возе,

Нядаўна што была жывой травой, -

Тады цябе міжвольна я згадаю:

Тваёй красы не вечны такжа цвет.

Адно жыве, другое памірае,

А трэцяе ў жыццё цярэбіць след.

Як стане смерць па-над табой з касой, -

Змагацца з ёй пачне нашчадак твой.

13

Каб мог ты вечна быць самім сабою!

Але жывеш на свеце да пары.

Пакуль це стане смерць перад табою,

Сабе падобны вобраз ты ствары.

Краса табе аддадзена на раты,

Але і вечнай можа стаць, калі

Твой вобраз будзе новым пераняты

І будзе красаваць з ім на зямлі.

Хто дасць, каб дом цудоўны быў зруйнован

Ці сцюжай смерці, ці ліхой зімой?

Гаспадаром руплівым апільнован,

Устоіць ён перад навалай злой.

Ты бацьку меў. Дазволь другому, мілы,

Сказаць такое ж ля тваёй магілы.

14

Ніколі я не варажыў на зорках,

Хоць разумею іх спрадвечны шлях.

Не папярэджу аб часінах горкіх,

Што нам прыносяць голад, войны, жах;

Не ведаю, ці навальніца будзе,

Ці будзе неба яснае без хмар,

Ці будуць жыць шчасліва ў свеце людзі,

Ці шчаслівейшым будзе уладар, -

Але ў тваіх вачах чытаю ясна,

У гэтых зорках вечнай чысціні, -

Што праўда з хараством тады не згасне,

Калі потомкі ўдоўжаць твае дні.

Калі ж стварыць ты гэтага не ў сіле,

Краса і праўда згінуць у магіле.

15

Калі падумаю, што ўсё жывое

Красуе на зямлі кароткі міг,

Што свет — тэатр, а мы, яго героі,

Ад зор залежым на шляхах сваіх,

Калі падумаю, што людзі, як расліны,

Жывуць і гінуць з ласкі неба ўсе,

Што поўны сіл юнацкія часіны,

А сталасць адцвітанне нам нясе, -

Тады згадаю я аб тым міжвольна,

Як бродзіць нашай маладосці сок

І як знішчальны час ідзе павольна,

Каб дзень змяніць на шэры, хмуры змрок.

Я за цябе іду на час вайною,

Каб аднавіць прышчэпкаю сваёю.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату