Паварачваю з шашы ў вёску, i абрываецца сэрца. Прыгожы, магутны волат-ясень, якi першым заўсёды сустракаў мяне перад Карпiлаўкай, якi i сто, i дзвесце гадоў назад ветлiва сустракаў i нашых продкаў - сёння бездапаможна ляжаў на зямлi, з якой, здавалася, зросся навекi.

Выскокваю з машыны i - бягом, спатыкаючыся, да яго, быццам здолею нешта паправiць, падняць, паставiць на месца прыгажуна.

Нядобрая рука расклала вогнiшча ля ствала дрэва, якое i раней некалькi разоў спрабавалi падпалiць.

На гэты раз агонь 'уеўся' ў векавое цела ясеня, ператварыў магутны ствол у чорнае вуголле. Шыкоўная, раскiдзiстая крона, падпарадкоўваючыся зямному прыцягненню i злой волi чалавека, рухнула на кармiцельку-зямлю.

Я стаяў ля свайго загiнуўшага сябра, у чыiм ценю не адзiн раз марыў маленькiм хлапчуком, i адчуваў, як шчымяць ад горкай вiльгацi вочы, быццам перада мной ляжаў забiты, блiзкi мне чалавек.

Яшчэ нядаўна ясень выклiкаў захапленне сваёй велiччу i магутнасцю, а цяпер здаваўся бездапаможным, убогiм, нэнзлым.

Вось i яшчэ адной прыгажосцю зрабiлася меней на нашай гаротнай зямлi.

БЯССОННIЦА ДУШЫ I СОН СУМЛЕННЯ

Жывуць на нашай зямлi бяссоннiца душы i сон сумлення. Нясцерпна балюча жыць бяссоннiцы душы. Лёгка i лагодна адчувае сябе сон сумлення.

Усе намаганнi бяссоннiцы душы разбудзiць сон сумлення, расштурхаць, разагнаць яго натыкаюцца на сцяну раўнадушша, абыякавасцi, непаразумення.

Аднойчы заснуўшы, сумленне рэдка прачынаецца i не заўважае цi робiць выгляд, што не заўважае, здратаваных падзеямi душаў, а прачнуўшыся, зноў заплюшчвае вочы, бо ў такiм стане больш спакойна i прывычна iснаваць.

Але ж гэта - iснаванне. Няхай сабе спакойнае, млявае, бесклапотнае, але iснаванне, а не жыццё.

Не падпускае да сябе сон сумлення бяссоннiцу душы. Не падпускае таму, што знаходзяцца яны ў розных людзях. Цi ж маглi б яны iснаваць у адным чалавеку? Не! Адно выключае другое.

Вось чаму бяссоннiца нечай душы iмкнецца да сну нечага сумлення, каб ажывiць яго, але нiчога пакуль не атрымлiваецца...

Кажуць, што некалi заганарылiся берагi тым, што яны вышэй ракi, што ўтрымлiваюць яе, i не пусцiлi на сябе дрэвы, не далi магчымасцi iм расцi блiзка ля вады, глядзецца ў яе. Цiхая плынь, хоць яна i нiжэй берагоў, пачала непрыкметна падточваць iх, падмываць, i сон голых берагоў пачаў ператварацца ў iх гiбель.

Сон сумлення - страшней плынi, якая разбурае берагi.

Сон сумлення паглынае жыццё чалавека, робiцца небяспечным i час ад часу ўцягвае чалавецтва ў катастрофы i трагедыi сусветнага маштабу.

Прачнiцеся, хто спiць!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×